№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Роберт Энтан Ўілсан

Трынаццаць хораў для боскага маркіза (Thirteen Choruses For the Divine Marquis)

Пераклад з ангельскай Аляксей Знаткевіч


“Любая свобода не без урода, но все — уроды, когда её нет”. Чалавек, які спяваў гэтыя словы ў савецкія 1980-я, быў спадкаемцам калектыўнай відзежы, што здарылася на чвэрць стагоддзя раней у Амерыцы. Эсэ Роберта Энтана Ўілсана, пераклад якога публікуецца тут, можна назваць гэтай відзежай у мініяцюры. Упершыню яго надрукавалі ў “андэграўндным” часопісе The Realist, дзе сярод аўтараў былі, напрыклад, Джозэф Хелер і Кен Кізі. П'еса Петэра Вайса “Марат/Сад” стала нагодай для тэксту і дала эпіграфы палове яго раздзелаў, але наўрад ці можна назваць яго рэцэнзіяй, гэтаксама як няма сэнсу спрачацца з намаляваным у ім партрэтам дэ Сада-пацыфіста. Гэта хутчэй маніфест — хоць і насычаны поп-культурнымі знакамі свайго часу, але дагэтуль жывы.


Ад перакладчыка



Хор першы

 

Вы баіцеся людзей незацугляных — як гэта смеху варта!

Дэ Сад

Я прысніў, што тэлефаную Рыце Хейварт і пытаюся, ці чуе яна ўначы крыкі дзяцей Хірасімы.

— Не, — адказала тая. — Была ў мяне раней такая шыза, але мой псіхааналітык з усім разабраўся.

— Але, — настойваў я, — гэта ж твая выява была на Бомбе. Не Гары Трумэн, не Эйнштэйн, нават не Мэрылін Манро. Ты.

— Ну, можна і так на гэта паглядзець, калі хочаш. Але божачкі ж вы мае, тады мае фоткі ляпілі на што заўгодна.

— Але, але, — выкрыкнуў я, — няўжо ты не адчуваеш нейкай адказнасці?

— Падажджы, хлопча, ты што, шызік? Мяне ніхто пра гэта і не пытаўся. Яны проста ўзялі і скінулі яе.

— Але, але, але, — крычаў я, — усе гэтыя людзі... я недзе чытаў, што іх было 550 тысяч... разарваныя на шматочкі тваёй выявай...

— Слухай, пацан, — адказала яна ўпэўнена. — Мой аналітык мне сказаў, што няма толку праз такое парыцца.

І сувязь перарвалася пустым шчаўчком, як шчыльна закрываецца труна Дракулы, калі ранішняе сонца кідае белыя жудасныя промні радыяцыі ў прахалодную цемру сну.

                                                             

Хор другі

Чаму гэтыя дзеці крычаць

За якія гурбы яны б'юцца

Гурбы з вачыма і вуснамі

Марат/Сад

І вось мы, стваральнікі Хірасімы, нарэшце, праз 150 гадоў па ягонай смерці, няўпэўнена пачынаем разглядаць нецэнзураванага дэ Сада.

Я прысніў, што тэлефаную прэзідэнту Эйзенхаўэру і пытаюся, ці мусіць дэ Сад быць забаронены.

— Не ведаю, — адказаў той. — Трэба спытацца ў начальніка пошты Самэрфілда. Калі ён скажа, што гэта непрыстойная кніга, дык, вядома ж, яе трэба забараніць. Амерыка павінная захоўваць сваю чысціню і дадзеную Богам спадчыну.

І я прысніў, што тэлефаную яму праз дзве ночы, а ён ўжо пракансультаваўся. “Самэрфілд кажа, што дэ Сад быў ружовы збачэнец”.

І сувязь перарвалася раптоўным прыглушаным шчаўчком, як апошні гук, што пачуў Хэмінгуэй, калі прыставіў да галавы стрэльбу і сказаў сабе, усё, блядзь, цяпер, не пазней, не праз хвіліну, а цяпер.



Хор трэці

...і быццам бы я неслухмяны малы хлопчык, вы лічыце,

што можна мяне адлупцаваць да добрых паводзінаў?

Дэ Сад

Прафесар Б. Ф. Скінэр з Гарвардскага ўніверсітэта, багаты гадамі, розумам, навуковымі ступенямі і ўзнагародамі, кажа, што свет без пакаранняў аперацыйна магчымы. То бок з гледзішча навуковай псіхалогіі Скінэр не ведае паводзінаў, якія нельга было б заахвоціць ці знеахвоціць без пакарання.

Пажаданыя паводзіны (з вашага гледзішча, якое б яно ні было) — заахвоцьце іх праз сістэму ўзнагародаў. Такія паводзіны замацуюцца.

Непажаданыя паводзіны (зноў жа, з якога б там ні было вашага гледзішча) — няма патрэбы за іх караць; проста заахвоцьце несумяшчальныя з імі паводзіны, зноўку праз сістэму ўзнагародаў. Несумяшчальныя паводзіны замацуюцца, а “непажаданыя” зменшацца.

Проста, як доказ геаметрычнай тэарэмы.

Але ў чалавецтве ёсць нешта, што глыбока адпрэчвае прафесара Скінэра, ягоны рацыяналізм, ягоную тэхналогію і ягоны просты падыход. Імя гэтаму супадае з імем боскага маркіза, Данасьена Альфонса Франсуа дэ Сада.

Я прысніў, што тэлефаную дырэктару ФБР Эдгару Гуверу і пытаюся: слухай, дзядзька, што ты думаеш пра свет без пакаранняў?

— Пастаўце на запіс, — прамовіў ён некуды ўбок, — у мяне тут на лініі ружовы ёлупень-пацыфіст.

— Я вам так скажу, сэр. Мы ў нашай арганізацыі проста збіраем факты, мы не робім нейкіх высноваў. Але я. Вам. Вось. Што. Скажу. Ёсць. Толькі. Адна. Мова. Якую. Разумеюць. Бязбожныя. Камуністы. І. Гэтая. Мова. Перавагі. У. Сіле.

— Але, але — выгукнуў я — вы хіба можаце пакласці ўвесь свет на калена, каб даць яму плескача?

— Калі б у свету была адна срака, не сумнявайцеся, што змаглі б, — адказаў ён. — Але пакуль што давядзецца даваць плескача супольна і шматкроць.

І сувязь перарвалася парожнім шчаўчком, як гук бізуна, што знялі са сцяны і ляснулі, выпрабоўваючы, у паветры.



Хор чацверты

Марат

гэтыя клеткі ўнутры сябе

горшыя за найглыбейшыя каменныя падзямеллі

і пакуль яны замкнёныя

усе вашы рэвалюцыі застануцца

толькі турэмным бунтам

які здушаць

падкупленыя іншыя вязні

Марат/Сад

Паступова да нас пачынае даходзіць, што дэ Сада дагэтуль не зразумелі. Ён заклікаў да свабоды, а мы абвінавачваем яго ў тым, што ён папярэднік Гітлера. Ён марыў пра свет без пакаранняў, а мы прыпісваем яму брутальнасць. Ён казаў пра дух любові, а мы вешаем на яго ўсе магчымыя заганы.

Нам страшна, што ён нас спакусіць — нас, стваральнікаў Хірасімы.

Ён паказаў нам наш твар у люстэрку, а мы 150 гадоў крычым, што гэта ягоны твар.

Нішто не можа быць больш ясным за ягоныя ўласныя словы:

Законы павінныя быць “гнуткімі”, “мяккімі” і “нешматлікімі”.

Мы павінныя “назаўжды пазбавіцца ад зверства пакарання смерцю”.

Жанчыны мусяць быць роўнымі з мужчынамі: “Хіба бліжэйшую да боскай палову чалавецтва належыць абцяжарваць кайданамі ад іншай паловы? Разбіце гэтыя кайданы, так жадае Прырода”.

Маёмасць болей нельга манапалізаваць нешматлікай групе асобаў.

Цяперашняя сістэма ўласнасці і ўлады грунтуецца на “падпарадкаванні народу... праз... гвалт і частае выкарыстанне катаванняў”.

Ён адмовіўся ад сваёй пасады суддзі, каб не выносіць смяротнага пакарання. “Ад мяне патрабавалі бесчалавечнага дзеяння. Я такога ніколі не хацеў”.

Ягоныя прынцыпы, як ён слушна заўважыў, — гэта не тое, што вядзе да тыраніі, але “прынцыпы, супраць агучвання і ажыццяўлення якіх бясслаўны дэспатызм тыранаў выступаў незлічоныя стагоддзі”.

Нават у дачыненні да святароў ён захоўваў бясспрэчна лібертарыянскую пазіцыю: “Я, аднак, не прапаную масакраў ці дэпартацыяў. Такім жахам няма месца ў асветніцкім розуме. Не, ні ў якім разе не забівайце, не высылайце... Давайце скіруем выкарыстанне сілы на ідалаў; для тых, хто ім служыць, будзе дастаткова высмейвання”.

Але на гэтыя словы не зважаюць. Таму што ён зрабіў адно злачынства — дакладна паведаміў таемныя мары ды жаданні мужчынаў і жанчынаў нашай цывілізацыі, мужчынаў і жанчынаў, якія гадаваліся ў тыглі ўлады і падпарадкавання, дысцыпліны і пакарання — яго выстаўляюць прыхільнікам такіх крайнасцяў.

Больш праўдзіва, чым Флабэр сказаў “Я — мадам Бавары”, дэ Сад мог бы сказаць (і сказаў для тых, хто чытае паміж радкоў) “Я — Жустына”. Гэта ягоным голасам увесь час крычаць прамовы Жустыны: “О, пачвары, няўжо пакуты сумлення ў вас мёртвыя?” Гэтаксама бясспрэчна, што гэта ягоны голас гучыць у “Дыялогу паміж святаром і чалавекам, які памірае” і кажа проста: “Розум, шаноўны пане, — так, ужо адзін наш розум павінен папярэдзіць нас, што зло, прынесенае бліжняму, ніколі не прынясе шчасця... і не трэба ні бога, ні рэлігіі, каб так лічыць”.

Я прысніў, што тэлефаную Ісусу Хрысту і пытаюся: слухай, Дзядзька, ты сапраўды дараваў ім, бо не ведалі, што рабілі?

— Праўду, праўду кажу табе, — адказаў ён, — я выказаўся наконт улады і падпарадкавання так ясна, як толькі мог: “Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы валадараць над імі. Але не так хай будзе паміж вамі” (Мацв. 20:25). “Усякае царства, якое раздзялілася самое ў сабе, запусцее” (Мацв. 12:25). “Калі сляпы сляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць” (Мацв. 15:14). “Звязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі не хочуць і пальцам зрушыць іх” (Мацв. 23:4). Яны будуць сляпымі правадырамі сляпых, хлопча, і механічныя законы пакарання ды ўмоўных рэфлексаў прывядуць іх у плыткія каляіны жыцця-канвеера.

— Але, але, — пярэчыў я, — ці ёсць нешта па-за паводзінамі на ўмоўных рэфлексах? Ці ёсць сапраўдная свабода, Дзядзька? Ці ёсць?

— Знайдзі тое, у чым мы з дэ Садам пагаджаемся, — адказаў ён, — і тады ты знойдзеш пачатак вызначэнню свабоды.

І сувязь перарвалася нечаканым шчаўчком, як зачыняюцца дзверы ў спальню, калі маленькага хлопчыка выштурхнулі вонкі.



Хор пяты

Яны напышліва прамаўляюць супраць жарсцяў,

не турбуючыся, што якраз з гэтага полымя

філасофія запальвае сваю паходню.

Дэ Сад

Нехта сказаў, што “Замак” — гэта дэсадаўскі раман: Кафкава сцэна — тыповае логавішча Садавых пачвараў у чаканні наіўнага падарожніка. Я б сказаў, што “Працэс” яшчэ больш дэсадаўскі, бо два галаварэзы, якія цягнуць Ёзафа К. на пустку, каб перарэзаць яму горла “нібы сабаку”, — гэта, як і вобразы дэ Сада, праявы рэчаіснасці нашай цывілізацыі. Смяротнае пакаранне, паказанае як нават больш голы сняданак, чым той, якім здолеў нас накарміць Бероўз.

Тое, што здарылася з Ёзафам К., тое, што здарылася з Жустынай, — гэта толькі нязначныя перакрыўленні таго, што адбываецца з кожным мужчынам, з кожнай жанчынай у грамадстве, якое стаіць на ўладзе і падпарадкаванні.

Тое, што пабачыў дэ Сад — і чаго не пабачыў Марат, — схаваны сэнс па-сафоклаўску цыркавой п'есы Петэра Вайса: што Чалавек, якім мы яго ведаем, Чалавек у гістарычным часе, — гэта цалкам прадукт пакарання. Пакаранне вызначае ягоны характар, ягоныя абрысы і структуры, пакаранне і ёсць ягоным характарам. Садамазахізм — гэта не вычварэнне ці “лад жыцця”, але сэнс нашай цывілізацыі.

Імкненне дэ Сада да свабоды — то бок спроба зразумець сябе — прывяло яго да сцэны ў бардэлі, дзе ён пярдоліць іншых і яго пярдоляць, ён лупцуе і яго лупцуюць бізуном. Гэтая сцэна і сем гадоў зняволення, якіх яна яму каштавала, далі назву вычварэнню, але пры гэтым ёсць адчуванне, што нешта тут не так, дэсадаўства — гэта не садызм, гэтыя дзве сілы сутыкаюцца, але дэ Сад рухаўся ў адным кірунку, а сапраўдны садыст — у іншым.

Разгарніце любую жоўтую газетку і пачытайце прыватныя абвесткі, у якіх садамазахісты намацваюць адно аднаго: “Паслухмяны малады чалавек шукае жанчыну з досведам у дысцыпліне...” “Мужчына, які цікавіцца скураным адзеннем і ўніформамі, шукае мужчыну, які любіць дамінаваць...” “Цікаўлюся скуранымі аксэсуарамі на жанчынах...”

Але ж гэта не дэсадаўскі кірунак, Божа ж ты мой, гэта кірунак начальніка прызыўной службы генерала Гершы і прэзідэнта Джонсана; гэта кірунак нашай цывілізацыі; гэта сутнасць нашай цывілізацыі, выцягнутая на разгляд у сваім паскудстве. Уніформы і дысцыпліна. “Забі дзеля свабоды, забі дзеля міру, забі в’етнамца, забі, забі, забі!» Бацькоўскі голас у галюцынацыях, які кажа: “Ты гомасэксуаліст” і “Трэба забіць яго”. Уніформы і дысцыпліна. Сляпы сляпога вядзе.

Альберт Эліс нават больш вядомы, чым доктар Берн. Паводле лекцыі доктара Эліса перад Нью-ёркскім таварыствам агульнай семантыкі, большасць неўротыкаў — то бок большасць цывілізаваных людзей — існуюць з ціхім унутраным голасам, які кажа: “Ты нікчэмнае гаўно” (“Ты гомасэксуаліст”, “Ты баязьлівец” і “Ты бездапаможны неўротык» — гэта толькі тры варыяцыі на галоўную тэму. Галоўная тэма — заўсёды “Ты нікчэмнае гаўно”).

Пісьменнік-фантаст Эрык Фрэнк Расэл некалі вынес на абмеркаванне загадку: “Калі ўсе ненавідзяць вайну, чаму войны працягваюцца?” Памятаеце садамазахісцкія абвесткі: “шукае дысцыпліну”, “шукае ўніформы”, “шукае скуру і гуму”?

Улада і падпарадкаванне — галоўны структурны факт феадальнага, капіталістычнага і сацыялістычнага грамадства. Пакаранне і паслухмянасць — вызначальны жэст гэтых грамадстваў, як сказаў бы Станіслаўскі. Каб імгненна праілюстраваць гэта: оруэлаўскі “бот наступае на чалавечы твар — назаўсёды”. І гэта дэсадаўская тэма, назаўсёды.

Я прысніў, што тэлефаную кардыналу Фултану Шыну і пытаюся: я чытаў у тваім артыкуле, што “дзіцяці для заахвочвання трэба, каб яго пагладзілі па спіне, але рабіць гэта трэба дастаткова моцна, дастаткова нізка і дастаткова часта”. Ты што, верыш у гэтую лухту, дзядзька?

— Без дысцыпліны, — прамовіў ён нараспеў, — уся нашая цывілізацыя скоціцца да анархіі. “Я пакараю яго жазлом мужоў”, кажа Добрая Кніга.

— Але, але, дзядзька, — запярэчыў я, — ты ж нібыта супраць сэксу. Ты што, не ведаеш, што некаторыя во так і заводзяцца па поўнай? Ты што, не чытаў пра оргіі, дзе яны лупцуюць адно аднаго па сраках і ў штаны ад гэтага канчаюць? Ты ж, здаецца, супраць, каб нехта ўвогуле канчаў, няважна дзе, калі і як?

— Агыхххх, — выдыхнуў ён, як ліхадзей, што памірае ў коміксе, і я не здолеў разабрацца, аргазм у яго ці інфаркт.

Сувязь перарвалася дзіўным шчаўчком, як адчыняецца бомбавы люк, каб скінуць партрэт Рыты Хейварт (Гільда-блудадзейка са свайго залатога ложка дае знак... маленькім паганцам, якія не верылі ў Ісуса).



Хор шосты

 

Марат

забудзь астатняе

няма нічога іншага

па-за целам

Марат/Сад

І вось, праз 150 гадоў, мы гатовыя паглядзець дэ Саду ў твар, вочы ў вочы. Ён заўсёды наскоквае, як дзэн-майстар, і крычыць проста нам у вушы: “Тыранія ці Анархія — трэба выбіраць. Адказвай зараз жа!”

Ён быў першым, хто меў дастаткова шаленства і здаровага розуму, каб прыняць дадзенае, нязменнае, каб пачаць з чалавека ў гісторыі, а не з чалавека ў тэорыі. Вось што, кажа ён, я не веру ў “высакароднага дзікуна”. Я нават сумняваюся, што ён “ад прыроды добры”, але, прымаючы яго такім, якім ён ёсць, я ўсё роўна кажу: Свабода. Ён заслугоўвае свабоды, бо ніхто іншы не ёсць дастаткова добрым, каб забіраць яе ў яго.

Ён разглядаў анархію, ён глядзеў скрозь добраахвотную самаарганізацыю ў анархіі Прудона і Талстога, ён паглядзеў на самы сапраўдны хаос і сказаў: так, нават гэта, я прыму нават гэта, але не стану на калені перад Уладай, якая заяўляе, што я — яе маёмасць.

Я прысніў, што тэлефаную прэзідэнту Джонсану і кажу: слухай, дзядзька, ты не забярэш майго сына на нейкую са сваіх клятых дурных войнаў.

— Ты памыляешся, — адказаў той ўпэўнена. — Гэты хлопчык — не твой сын. Ён належыць грамадству і Дзяржаве, а я — гэта грамадства і Дзяржава. Я забяру яго, калі толькі мне зажадаецца, загадаю яму рабіць тое, што мне прыйдзе ў галаву, і прыстрэлю яго, калі ён парушыць загад.

— Але, але, дзядзька, — запярэчыў я, — ні храна сабе, ты што, думаеш, што мы — твая маёмасць?

— Пачытай законы, сынку, — хіхікнуў ён. — Уласнасць — гэта права ўжываць або злоўжываць.

І сувязь перарвалася халодным, амаль нячутным шчаўчком, як машына прабівае дзірку ў картачцы недзе ў агромністых і неабсяжных бюракратычных калідорах.



Хор сёмы

Хоць дзіўнае відовішча глупства,

з якім мы сутыкаемся,

можа быць жахлівым, яно заўсёды цікавае.

Дэ Сад

Я патэлефанаваў свету і пачаў маліць:

“Колькі з вас належаць Камбінату? Калі вашыя грошы забіраюць на падаткі, а вашых дзяцей — на вайну, дык чым вы адрозніваецеся ад каровы, якую дояць, ці ад свінні, якую ядуць? Вы плодзіцеся для іх, як коні на выгане? Няўжо яны маюць права выкідаць плод вашых сцёгнаў? Нават нікчэмнае гаўно, якое баіцца, што прыйдзе Бацька і адрэжа яму, усё ж мае нейкія правы, праўда? Ці не? Ці ёсць ахвяра, якой вы не прынесяце? Ці ёсць дысцыпліна, якой вы не прымеце? Ці ёсць загад, якога вы не выканаеце? Ці ёсць гаўно, якога вы не з’ясце?

Хто навёў на вас сурокі? Як гэта пачалося? Калі вам было 12 і вы баяліся, што Эдгар Гувер назірае праз свой вашынгтонскі тэлескоп, як вы дрочыце? Ці вас запалохалі шэрым ваўком? “Не рабі фу-фу ў штаны, інакш прыйдуць людажэры і з’ядуць цябе”? Абразанне, дзікі ў сваёй жорсткасці і нялюдскасці напад на геніталіі, прымаецца вашымі дактарамі; чаму? Кармленне па раскладзе, якое нахер перакруціла мазгі цэламу пакаленню; чаму? Гэта вось так яны атрымліваюць салдатаў для сваіх войнаў? Хлопчыкі бізуна і папругі, хлопчыкі ўніформаў і дысцыпліны, хлопчыкі Пентагона, усе ў адной вялікай шчаслівай оргіі з лупцоўкай па сраках?”

Але аператар адказаў: “Перапрашаю, сэр. Свет больш не адказвае на тэлефанаванні. Ён глядзіць тэлевізар”.

І сувязь перарвалася гучным і незвычайным шчаўчком, як хлопчык зашпільвае маланку ў нагавіцах, калі чуе Бацькавы крокі ў калідоры.



Хор восьмы

Шалёны звер

Чалавек гэта шалёны звер

Мне тысяча гадоў і ў свой час

Я дапамог зрабіць мільён забойстваў

Марат/Сад

Партрэт Рыты Хейварт на Бомбе.

Чаго мы сапраўды ад іх хочам? Што давяло Гарба да хованак, Манро — да самагубства, Ламар — да крадзяжоў у крамах, што знішчыла Харлаў і загнала Гарланд у пляшку з бухлом?

І што адбываецца ў Плэйбой-клубе? Ці стаялі вы там, як я, з кактэйлем ў руцэ, пазіраючы на дэкальтэ “дзяўчыны-зайчыка” і раптам думаючы пра Лона Чэйні ў ролі Ваўкалака: “Нават і той, хто чысты душой / І кажа малітвы ўначы, / Можа стацца ваўком, як мардоўнік цвіце / І яркая поўня крычыць...” Калі б паказаць на сцяне ў ЛСД-выявах фантазіі кожнага чалавека ў тым памяшканні, як бы яны выглядалі — сяброўская невялічкая оргія, “Выкраданне сабінянак” ці Масавае Забойства?

Я прысніў, што тэлефаную “зайчыку” і пытаюся: як табе дэ Сад?

— Самае тое, салодкі ты мой, — пяшчотна прамовіла яна.

— Але, але — спытаўся я, — што ты насамрэч думаеш пра мужыкоў?

— Але ж, сонейка, — сказала яна проста, — што быдла думае пра мяснікоў?

І сувязь перарвалася адрывістым шчаўчком, як дыяфрагма, што падае з жаночай торбачкі на халодную металічную падлогу.



Хор дзявяты

Жарсці майго бліжняга

палохаюць мяне бязмерна меней

за несправядлівасці закона,

бо жарсці майго бліжняга

стрымліваюцца маімі,

у той час як несправядлівасцяў закона

не абмяжоўвае нішто.

Дэ Сад

Цывілізацыя, заснаваная на ўладзе і падпарадкаванні, — гэта цывілізацыя без сродкаў самавыпраўлення. Эфектыўная камунікацыя скіраваная толькі ў адзін бок: ад кіроўнай да падпарадкаванай групы. Любы кібернетык ведае, што ў такім аднабаковым канале камунікацыі няма зваротнай сувязі, і такі канал не можа паводзіць сябе “разумна”.

Дасканалы ўзор улады-падпарадкавання — гэта войска. Сетка кантролю і камунікацыяў у войску мае ўсе заганы, якія толькі можа ўявіць у кашмарным сне кібернетык. Тыповыя мадэлі паводзінаў увекавечаныя ў фальклоры як СНУПС (сітуацыя нармальная — у поўнай срацы), ПСУБС (поўная срака — усё безнадзейна сапсавана) і СТАНС (срака такая, ажно няма словаў). У менш экстрэмальнай, але настолькі ж назалагічнай форме гэта тыповыя станы любой аўтарытарнай групы, такой як карпарацыя, нацыя, сям'я ці цэлая цывілізацыя.

Прудон быў вялікім аналітыкам камунікацыяў, які нарадзіўся на 100 гадоў раней, чым яго маглі зразумець. Ягоная сістэма добраахвотных асацыяцыяў (анархія) грунтуецца на тых простых камунікацыйных прынцыпах, што аўтарытарная сістэма перадугледжвае аднабаковую камунікацыю, альбо дурасць, а лібертарная сістэма перадугледжвае двухбаковую камунікацыю, альбо рацыянальнасць.

Сутнасць улады, як ён яе бачыў, — гэта Закон, то бок загад, то бок эфектыўная камунікацыя, скіраваная толькі ў адзін бок. Сутнасць лібертарнай сістэмы, як ён яе бачыў, — гэта Кантракт, то бок узаемная згода, то бок эфектыўная камунікацыя, скіраваная ў абодва бакі (“дастатак кантролю”, калі карыстацца тэхнічным кібернетычным выразам).

Дэ Сад пабачыў гэта раней за Прудона. “Верхавенства закона горшае за верхавенства анархіі. Найбольш відавочны доказ майго сцверджання ў тым факце, што любы ўрад вымушаны ўпасці ў анархію, калі ён намагаецца перарабіць канстытуцыю. Каб скасаваць свае ранейшыя законы, яму даводзіцца ўсталёўваць рэвалюцыйны рэжым, у якім няма закона. Гэты рэжым урэшце нараджае новыя законы, але другі стан абавязкова менш чысты, чым першы, бо паходзіць з першага”.

Канфлікт Марат/Сад (насамрэч мела б быць Маркс/Сад, але вынаходлівы спадар Вайс быў недастаткова вынаходлівы, каб зладзіць гістарычную сувязь паміж дзядзькам Карлам і Маркізам) — гэта канфлікт паміж анархіяй і тыраніяй. Дэ Сад, а не Марат ці Маркс, — сапраўдны рэвалюцыянер, бо ён імкнуўся да свету па-за тыглем пакарання і падпарадкавання, а яны імкнуліся да новага свету, які ўсё роўна застаецца ў гэтым тыглі.

Я прысніў, што тэлефаную Ігнацу Маўсу і пытаюся: чаму ты заўсёды кідаешся цэглай у Крэйзі Кэт?

Але замест яго адказала Крэйзі: “Мой малюпуся... ён заўсёды захоўвае вернасць”.

І сувязь перарвалася жахлівым шчаўчком, як ад шарыкаў у руцэ капітана Куіга.



Хор дзясяты

Гільятына ратуе іх ад бясконцай нуды

Яны весела падстаўляюць свае галовы, нібы на каранацыю

Хіба гэта не вяршыня вычварэнства?

Марат/Сад

Ральф Нэйдэр скептычна піша ў сваім даследаванні аўтамабільнай бяспекі “Небяспечныя на любой хуткасці”: “Калі б нехта спрабаваў вырабіць механізм для нанясення пашкоджанняў пешаходам, дык найбольш эфектыўны дызайн быў бы вельмі блізкі да пераду некаторых сучасных аўтамабіляў”. Спадар Нэйдэр ніколі не чытаў дэ Сада. Ён лічыць гэта простай няўважлівасцю з боку дэтройцкіх аўтамабілевытворцаў.

Я прысніў, што тэлефаную Бэтмэну і пытаюся: ці ёсць нейкая праўда ў гэтых чутках пра вас з Робінам?

— Нашыя адносіны на 100 працэнтаў платанічныя, — адказаў той суха. — Мы сублімуем. Чаму, па-твойму, мы заўсёды вышукваем “кепскіх хлапцоў”, якіх можна пакараць?

І сувязь перарвалася хуткім шчаўчком, як кайданкі, якія назаўжды змыкаюцца на тонкім запясці.



Хор адзінаццаты

Калі вы настолькі баязлівыя,

каб спыніцца на тым, што натуральна,

дык Прырода вечна будзе для вас недасяжнай.

Дэ Сад

У цяперашняй папулярнай культуры шмат садызму, але мала дэсадаўскага. Адзін з рэдкіх прыкладаў — стары фільм “Самая небяспечная гульня”, а другі — раман Кена Кізі “Палёт над гняздом зязюлі”.

Героі абодвух гэтых твораў трапляюць у пастку сітуацыяў, у якіх уладная сіла бязлітасна спрабуе іх знішчыць. Абодва героі, дэсадаўцы ў чыстым выглядзе, адразу ж прымаюць сітуацыю, не скардзячыся на яе “амаральнасць” ці “несправядлівасць”, — і пачынаюць сістэматычна і ўпэўнена біць праціўніка ягонай жа зброяй.

Гэта дактрына бандытаў у “Жустыне”: «Прырода зрабіла так, што мы нарадзіліся роўнымі, Тэрэза; калі лёс хоча парушыць першапачатковы расклад, мы ў сілах выправіць яго капрызы”, — і дактрына штырнераўскага анархізму. Пралетарскія героі дэ Сада, як славуты бандыт-анархіст Равашоль, інстынктыўна вераць, што “толькі злачынства адчыняе нам дзверы да жыцця”.

Кожнаму, каму не падабаецца гэтая дактрына, дэ Сад адказвае без цырымоніяў: “Чэрствасць Багатых легітымізуе кепскія паводзіны Бедных; хай яны адкрыюць свае кашалькі для нашых патрэбаў... Мы сапраўды былі б дурнямі, устрымліваючыся ад [злачынстваў], калі тыя могуць аслабіць ярмо, якім нас душыць іх жорсткасць”. Выглядае, што гэта гучыць жахліва толькі для тых, чыё свядомае ці несвядомае жаданне — быць прыгнятальнікамі. Чалавек дэ Сада папросту адмаўляецца быць прыгнечаным; ён можа быць забіты, але ніколі — заняволены.

Я прысніў, што тэлефаную Адольфу Гітлеру і пытаюся: у чым была твая фішка?

— Яны верылі, што будзе разумней падпарадкоўвацца каму заўгодна, нават мне, чым рызыкаваць, што наступіць анархія, — адказаў той з вурдалацкім смехам.

І сувязь перарвалася рэзкім шчаўчком, як абуты ў вайсковыя боты прыстаўляе нагу да нагі.



Хор дванаццаты

Я шалёны звер

Вязніцы бяссільныя

Ланцугі бяссільныя

Я ўцякаю

скрозь усе сцены

Марат/Сад

Б. Ф. Скінэр уяўляе свет без пакаранняў. Нікога гэта не цікавіць.

Цяпер ужо ёсць зброя — яе выкарыстоўваюць паляўнічыя інспектары ў Афрыцы, — каб аглушыць не забіваючы. З такой зброяй войска магло б захапіць горад, не праліўшы ні кроплі крыві. Ці чулі вы, каб нейкі ўрад планаваў весці свае будучыя войны такой зброяй?

Пакаранне, дысцыпліна, падпарадкаванне — гэта ключы да таямніцаў, да таямніцы самой вайны і да асаблівасцяў паводзінаў Чалавека ды іншай свойскай жывёлы. Дэ Сад пабачыў гэта і быў забаронены на 150 гадоў. Ён пабачыў генітальную ліхаманку, патрэбу ў абдымках, загачаную ў самым асяродку чалавека. Яшчэ адна прычына, чаму яго забаранілі.

Акторы вар'яцеюць, граючы ў п'есе “Марат/Сад”. “У нашай трупе няма ніводнага чалавека, які б не ненавідзеў лютай нянавісцю кожны раз, калі яму даводзіцца выступаць з гэтай п'есай”, — гаворыць Ен Кармайкл, які грае Марата. “Робіцца ўсё цяжэй і цяжэй”, — кажа Патрык Магі, які грае дэ Сада. Сярод актораў ужо быў выпадак вострай дэпрэсіі, прыпадак “ашалелага крыку і трызнення” пасля спектакля, а адзін актор амаль страціў кантроль над сабой на сцэне.

Я прысніў, што тэлефаную Д. А. Ф. дэ Саду і пытаюся: “Ісус сказаў мне, што вы з ім пагаджаецеся прынамсі наконт аднаго і што гэта тлумачыць свабоду. Што гэта?”

— Даволі проста, — адказаў той, — не бойся Крыжа. Страх смерці гэта пачатак рабства.

І сувязь перарвалася пераможным шчаўчком, як вывальваюцца зачыненыя на завалу дзверы.

Пераклад з ангельскай – Аляксей Знаткевіч © 2013

Чытайце таксама

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

Пэтра Дваржакава

Пэтра Дваржакава

Чэшская пісьменніца, публіцыст, медык

Ян Бжэхва

Ян Бжэхва

Польскі паэт габрэйскага паходжання, аўтар вершаў і казак для дзяцей, перакладчык.

Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

Чэшскі драматург, эсэіст, дысідэнт, першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі

719