№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Ўільям Карлас Ўільямс

Прадмова да зборніка Алена Гінзберга “Сковыт і іншыя вершы”

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева

Калі маладзейшымі былі і ён, і я, я ведаў Алена Гінзберга, маладога паэта, жыхара Патэрсана, штат Нью-Джэрсі, дзе ён, сын добра вядомага паэта, нарадзіўся і вырас. Ён быў кволы фізічна і прыгнечаны маральна тым жыццём, з якім сутыкнуўся ў першыя пасляваенныя гады і якім яго ўбачыў у Нью-Ёрку ды ваколіцах. Ён заўжды збіраўся “ўцячы”, няважна куды; я непакоіўся за яго, я ніколі не думаў, што ён некалі пасталее і напіша кнігу. Яго здольнасць выжываць, вандраваць і працягваць пісаць мяне вельмі ўражвае. І тое, што ён працягвае развівацца і ўдасканальваць сваё майстэрства, дзівіць мяне яшчэ больш.

І вось праз пятнаццаць ці дваццаць гадоў ён раптам з’яўляецца з надзвычайным вершам. Мяркуючы па ўсім, паэт прайшоў літаральна праз пекла і на сваёй дарозе сустрэў чалавека па імені Карл Саламон, з якім, нягледзячы на ўсе ўкусы і экскрэменты гэтага жыцця, падзяліўся нечым, што апісаць іначай, чым словамі, ім ужытымі, немагчыма. Гэта сковыт паразы. Але гэта зусім не параза, бо ён перажыў яе быццам нешта звычайнае, нешта досыць банальнае. Кожны ў гэтым жыцці цярпіць паразу, ды толькі не той, хто застаецца чалавекам і паразы не цярпіць.

Такі паэт Ален Гінзберг, які на сваёй скуры адчуў усе жахі, перанесеныя з жыцця на гэтыя старонкі. І цуд не ў тым, што ён выжыў, а ў тым, што, падняўшыся з самага дна, ён знайшоў чалавека, якога змог пакахаць каханнем, якое без аглядкі славіць у гэтых вершах. Кажыце што хочаце, а ён даводзіць нам, што насуперак самым страшным выпрабаванням, якія часам падкідае нам лёс, дух любові застаецца, каб асвяціць нашыя жыцці, калі мы знаходзім у сабе мудрасць, адвагу і веру — і мастацтва! — каб ім супрацьстаяць.

Менавіта вера ў мастацтва паэзіі паднялася з гэтым чалавекам на яго Галгофу з могільніка, быццам габрэі ў мінулую вайну. Але ўсё гэта адбываецца ў нашай краіне, у нашай любай старонцы. Мы сляпыя і пражываем свае сляпыя жыцці ўсляпую. Паэты выклятыя, але не сляпыя: яны бачаць вачыма анёлаў. Гэты ж паэт бачыць наскрозь і наўкола ўсе жахі, з якімі ён звязаны, у кожнай інтымнай падрабязнасці свайго верша. Ён нічога не пазбягае — наадварот, перажывае ўсё напоўніцу. Ён трымае гэта ў сабе. Лічыць гэта сваім і, мы верым, смяецца з яго ды мае час і нахабства кахаць абранага чалавека і апісваць сваё каханне ў добрым вершы.

Трымайце падолы сукенак, паненкі. Мы спускаемся ў пекла.

Ўільям Карлас Ўільямс. Уводзіны. Сковыт і іншыя вершы. Ален Гінзберг. Сан-Францыска: City Lights, 1956.

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2013

Чытайце таксама

Італа Звева

Італа Звева

Італьянскі пісьменнік габрэйскага паходжання.

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Ангольскі партугальскамоўны пісьменнік, журналіст, выдавец

Роналд Нокс

Роналд Нокс

Ангельскі рэлігійны дзеяч і пісьменнік, аўтар дэтэктываў

Вірджынія Вулф

Вірджынія Вулф

Ангельская раманістка і эсэістка, адна з самых яркіх фігураў ангельскага мадэрнізму XX ст.

995