№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Макс Бірбам

Энох Сомс: Успамін пра 1890-я (Enoch Soames. A Memory of the Eighteen-nineties)

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева

Калі ў свет выйшла кніга містэра Холбрука Джэксана, прысвечаная літаратуры 90-х гадоў ХІХ стагоддзя, у паказніку імёнаў я адразу ж кінўся шукаць “СОМС, ЭНОХ”. І мае падазрэнні спраўдзіліся: яго там не было. Але ж былі ўсе астатнія. Шматлікія аўтары, на якіх я амаль забыўся або памятаў толькі прыблізна, – іх імёны і творы зноў ажылі для мяне на старонках кнігі Холбрука Джэксана. Вычарпальнасць яго працы ні ў чым не саступала бліскучаму стылю, якім яна была напісаная. І таму гэты прабел, знойдзены мною, быў яшчэ адным страшным сведчаннем таго, як беднаму Сомсу ўсё ж не ўдалося пакінуць па сабе і знаку ў літаратуры свайго дзесяцігоддзя.

Да таго ж я наважуся назваць сябе адзіным, хто наагул заўважыў гэты прабел. Сомс пацярпеў поўную паразу! І мяне зусім не цешыла думка, што, калі б яму-такі крыху пашчасціла трапіць на старонкі кнігі, яго імя ўсё роўна б вылецела ў мяне з галавы разам з многімі іншымі. Напраўду, калі б яго талент прызналі пры жыцці, ён бы ніколі не пайшоў на тое дзікае пагадненне, наступствы якога і захаваліся назаўжды ў маёй памяці. Але менавіта з тых наступстваў і вынікае мая найвялікшая да яго шкадоба.

Толькі зусім не спагада да Сомса вымушае мяне пісаць гэтыя радкі. Наадварот, дзеля яго дабра мне не варта было б брацца за пяро. Кепска смяяцца з мёртвых. А як я магу пісаць пра Эноха Сомса, не высмейваючы яго? Як я магу замоўчаць той страшны факт, што ён і БЫЎ смешным? Мне гэта не ўдасцца. Раней ці пазней я мушу пра яго напісаць. І ў хуткім часе вы зразумееце, што выбару ў мяне напраўду няма. Дык чаму б не расказаць пра Эноха Сомса менавіта зараз?

Падчас летняга семестру 1893 году з неба на Оксфард упаў метэарыт. Ён урэзаўся ў глебу глыбока і гучна. Выкладчыкі і студэнты з бледнымі тварамі толькі і гаварылі, што пра гэтае дзіўнае здарэнне. Адкуль жа прыбыў ён, гэты метэарыт? З Парыжу. Імя? Ўіл Ротэнстайн. Мэта? Серыя з дваццаці чатырох літаграфічных партрэтаў. Іх мусіла надрукаваць лонданскае выдавецтва “Бодлі Хэд”. Справа найвялікшай важнасці. Рэктар А, магістр Б і прафесар В ужо слухмяна “селі” перад ім. Паважаныя старыя, з якіх ледзь пясок не сыпаўся і якія раней нікому не дазвалялі сябе маляваць, не маглі супрацьстаяць гэтаму маладому і жваваму незнаёмцу. Ён не ўпрошваў – ён запрашаў; ён не запрашаў – ён загадваў. Яму быў дваццаць адзін. Ён насіў акуляры, што блішчэлі як ніколі ні ў кога. Ён быў кемлівы і перапоўнены ідэямі. Ён ведаў Ўістлера. Ён ведаў Дадэ і Ганкураў. Ён ведаў кожнага ў Парыжы. Ён ведаў іх усіх на памяць. Ён быў Парыжам, што завітаў у Оксфард. Шэптам перадаваліся чуткі, што, як толькі ён скончыць адбор выкладчыкаў, то запросіць і некалькі студэнтаў. Для мяне гэта быў асаблівы дзень – дзень, калі ён запрасіў мяне. Мая сімпатыя да Ротэнстайна не саступала страху перад ім. Але неўзабаве паміж намі ўзнікла блізкае сяброўства, якое з кожным годам для мяне значыла ўсё больш.

Пры канцы семестру ён асеў, ці, хутчэй, ізноўку метэарытам прызямліўся ў Лондане. Менавіта дзякуючы яму я пазнаёміўся з тым чароўным маленькім сусветам у сабе пад назвай “квартал Чэлсі”, а таксама з Ўолтэрам Сікертам і іншымі высакароднымі старцамі, што жылі там. Гэта Ротэнстайн прывёў мяне на Кембрыдж-стрыт у раён Пімліка да маладога чалавека, чые малюнкі ўжо здабылі славу ў вузкім коле знаўцаў, – Обры Бёрдслі. І гэта з Ротэнстайнам я ўпершыню наведаўся ў выдавецтва “Бодлі Хэд”. Ён жа і ўвёў мяне ў новы палац розуму і адвагі – пакойчык Café Royal для гульні ў даміно.

У той самы кастрычніцкі вечар, там, у атачэнні пышнага залацістага і барвовага аксаміту, сярод узвышаных карыятыдаў і люстэркаў, у якіх адбівалася навакольная прыгажосць, у клубах тытунёвага дыму, што імкнуўся да распісанай антычнымі сюжэтамі столі, і прыглушаным шуме, хутчэй за ўсё, цынічных гутарак, што то там, то тут перарываліся ўдарамі касцяшак даміно аб мармуровыя сталы, я ўздыхнуў на поўныя грудзі і сказаў сабе: “Вось яно, сапраўднае жыццё!” (Выбачайце мне такія погляды, бо не варта забывацца: яшчэ нават ваенная кампанія ў Паўднёвай Афрыцы не распачалася.)

Быў перадабедзены час. Мы пілі вермут. Тыя, хто ведаў Ротэнстайна, паказвалі яго тым, каму было знаёмае толькі яго імя. Праз дзверы ўвесь час уваходзілі мужчыны і бадзяліся ўзад і ўперад, шукаючы вольныя столікі ці столікі, што ўжо занялі іх сябры. Адзін з гэтых “бадзягаў” зацікавіў мяне, я быў проста ўпэўнены: ён хоча прыцягнуць увагу Ротэнстайна. Двойчы ён прайшоў паўз наш столік, кінуўшы няўпэўнены позірк. Але Ротэнстайн, заглыблены ў абмеркаванне асобы і творчасці Пюві дэ Шавана, яго папросту не заўважаў. Пры хадзе мужчына шоргаў нагамі і горбіўся, ён быў даволі высокага росту, з бледным тварам, які аблямоўвалі даўгаватыя каштанавыя валасы, насіў рэдкую невыразную бародку, ці, хутчэй, яго падбароддзе пучкамі пакрывала мноства злёгку курчавых валасоў. Выгляд ён меў даволі дзіўны, але ж у дзевяностыя гады мінулага стагоддзя дзівацтвы сустракаліся нашмат часцей, чым, мяркую, цяпер. Маладыя пісьменнікі таго часу – а я быў упэўнены, ён займаецца менавіта пісьменствам – з усіх сілаў выбіваліся, каб сваім выглядам выдзеліцца з натоўпу. Спроба гэтага маладога чалавека выдзеліцца была не зусім удалай. Ён насіў мяккі чорны капялюш, святарскі паводле сутнасці, багемны паводле задумы ўладальніка, шэрую непрамакальную накідку, якая, магчыма, праз гэтую непрамакальнасць цалкам страчвала ўсялякі налёт рамантычнасці. Я вырашыў, што mot juste [1] для яго – “цьмяны”, яно характарызавала яго найлепш. Я ўжо рабіў спробы пісаць, і пошукі mot juste, своеасаблівага Святога Грааля нашай эпохі, моцна займалі мяне.

Цьмяны чалавек зноўку наблізіўся да нашага стала, але гэтым разам ён вырашыў ля яго прыпыніцца.

– Вы мяне не памятаеце, – прамовіў ён невыразным голасам.

Ротэнстайн ускінуў на яго свае кемлівыя вочы.

– Чаму ж, – адказаў ён праз імгненне, хутчэй ганарыста, чым радасна, гонару яму дадавала добрая памяць, – Эдвін Сомс.

– Энох Сомс, – паправіў Энох.

– Энох Сомс, – паўтарыў Ротэнстайн тонам, што даваў зразумець: добра, што хоць прозвішча ўспомніў. – Мы сустракаліся з вамі некалькі разоў, калі вы жылі ў Парыжы. У Café Groche.

– І аднойчы я наведаўся да вас у студыю.

– О так. Вельмі прыкра, што вы мяне не засталі.

– Якраз-такі застаў. Вы паказалі мне некалькі сваіх карцінаў. Я чуў, вы цяпер у Чэлсі.

– Так.

Я амаль здзівіўся, калі містэр Сомс пасля гэтага аднаскладовага адказу не рушыў далей. Ён працягваў спакойна стаяць, нібы бязглуздая жывёла, нібы асёл, што ўтаропіўся ў браму. Такой сумнай была яго постаць. Тут мне прыйшло да галавы, што, мабыць, mot juste для яго – “прагны”. Але што ж за прага валодала ім? Ён быў больш падобны да чалавека, што ні да чаго не меў схільнасці і апетыту. Мне было шкада яго. Ротэнстайн, хоць і не запрашаў яго ў Чэлсі, усё ж прапанаваў яму прысесці і выпіць.

За сталом той адчуў прыліў упэўненасці ў сабе. Ён адкінуў крысо накідкі такім жэстам, што калі б не яе непрамакальнасць, ён мог бы выглядаць як выклік сусвету. Ён замовіў абсэнту.

Je me tiens toujours fidèle, à la sorcière glauque [2], – сказаў ён Ротэнстайну.

– Вам жа горш, – суха адказаў Ротэнстайн.

– Нікому ні ад чаго не горш, – запярэчыў Сомс. – Dans ce monde il n'y a ni bien ni mal[3].

– Нічога добрага і нічога кепскага? Як гэта?

– Усё гэта я патлумачыў у прадмове да “Адмаўленняў”.

– Адмаўленняў?

– Так, я падарыў вам асобнік.

– Ну так, канечне. А вы патлумачылі, напрыклад, што няма ні добрай, ні кепскай граматыкі?

– Н-не, – адказаў Сомс. – Натуральна, у мастацтве заўжды прысутнічае добрае і дрэннае. Але ў жыцці – ніколі. – Ён скручваў сабе цыгарэту. У яго былі слабыя белыя рукі, не надта старанна вымытыя, са шматлікімі плямамі нікаціну на пальцах. – Бываюць у жыцці ілюзіі дабра і зла, але... – яго голас ператварыўся ў мармытанне, з якога можна было разабраць ледзь чутныя словы “vieux jeu” [4] і “rococo” [5]. Думаю, ён адчуваў, што выглядае не найлепшым чынам, і таму баяўся, што Ротэнстайн пакажа яму на памылкі.

Так ці іначай, ён пракашляўся і сказаў:

Parlons d'autre chose [6].

Вам падаецца, ён быў дурнем? Я так не думаў. Я быў малады і не валодаў той яснасцю меркаванняў, што была ўжо ўласцівая Ротэнстайну. Сомс быў гадоў на пяць-шэсць старэйшы за нас. Да таго ж ён ужо напісаў кнігу. Ужо напісаць кнігу – гэта ж так прыўкрасна!

Калі б не прыстунасць Ротэнстайна, я б выказаў Сомсу сваё шанаванне. Я ўжо і без таго адчуваў моцную павагу да яго. Але калі той сказаў, што ў хуткім часе з’явіцца яго другая кніга, я ледзь стрымаў захапленне. Я запытаўся, ці можна пацікавіцца, што гэта будзе за кніга.

– Мае вершы, – адказаў ён. Ротэнстайн спытаў, ці будзе гэта і назваю кнігі. Паэт задумаўся над пытаннем і ўрэшце выказаўся, што хацеў бы наагул не даваць кнізе назвы.

– Калі кніга сама па сабе добрая, – прамармытаў ён і строс з цыгарэты попел.

Ротэнстайн запярэчыў, што адсутнасць назвы можа адно нашкодзіць продажу кнігі.

– Калі, – настойваў ён, – я прыду ў кнігарню і проста скажу: “У вас ёсць?” ці “У вас ёсць зборнік?”, як яны здагадаюцца, па якую менавіта кнігу я прыйшоў?

– Канечне, на кнізе будзе маё імя, – запэўніў Сомс. – І таксама мне б вельмі хацелася, каб на вокладцы быў намаляваны мой партрэт, – з гэтымі словамі ён ва ўпор паглядзеў на Ротэнстайна.

Апошні адзначыў, што гэта выдатная ідэя, заўважыў, што спяшаецца за горад, што правядзе там колькі дзён, потым глянуў на гадзіннік, абурыўся на час, заплаціў афіцыянту і выйшаў разам са мной, каб недзе паабедаць. Сомс застаўся сядзець, верны сваёй палыновай чараўніцы.

– Чаму ты так не хочаш яго маляваць? – запытаўся я.

– Маляваць яго? Яго?! Як можна намаляваць чалавека, якога не існуе?

– Ну так, ён цьмяны... – заўважыў я. Але маё mot juste прагучала неяк плоска. Ротэнстайн жа паўтарыў, што Сомса папросту не існуе.

Але тым не менш Сомс напісаў кнігу. Я запытаўся, ці чытаў Ротэнстайн яго “Адмаўленні”. Ён адказаў, што заглядаў у яе.

– Але, – цвёрда дадаў ён, – не магу сказаць, што я нешта разумею ў паэзіі.

Вось меркаванне, што так добра характарызуе тую эпоху! Мастакі ніколі б не дазволілі чужому хоць нейкім чынам меркаваць пра мастацтва. І гэты закон (высечаны на скрыжалях, якія Ўістлер прынёс з вяршыні Фуджыямы) накладаў пэўныя абмежаванні. Калі іншыя віды мастацтва, акрамя жывапісу, не былі цалкам незразумелыя людзям, што імі не займаліся, закон ставіўся пад сумнеў – і ў пэўнай ступені гэтая Дактрына Манро страчвала сваю сілу. Таму ніводзін мастак не мог выказацца пра кнігу, пры гэтым не зазначыўшы, што яго меркаванне абсалютна нічога не вартае. Ніхто не разбіраўся ў літаратуры лепш за Ротэнстайна, але даводзіць яму гэта ў тыя часы было папросту бессэнсоўна. Я ведаў, што скласці сваё меркаванне пра “Адмаўленні” мне давядзецца самастойна.

Не набыць кнігу аўтара, з якім я сустрэўся асабіста, у тыя часы для мяне было актам няйвялікшага самаадрачэння. Калі я вярнуўся ў Оксфард у пачатку зімняга семестру, то ўжо меў пры сабе “Адмаўленні”. Зазвычай я нядбайна пакідаў яе ляжаць на стале ў сваім пакоі, і калі нейкі сябар браў яе ў рукі і пытаўся, пра што яна, я адказваў: “О, я б сказаў, гэта даволі незвычайная кніга. Яе напісаў чалавек, якога я ведаю асабіста”. Толькі “пра што яна” я ніколі не мог патлумачыць. Я не мог зразумець, што да чаго ў гэтай тонкай зялёнай кніжачцы. У прадмове не было ніводнага ключа да лабірынту зместу, а той лабірынт, у сваю чаргу, ніякім чынам не вытлумачваў прадмовы.


Будзь да жыцця бліжэйшым. Наздвычай блізка будзь.

Жыццё ёсць палатном, а не асноваю і не ўтокам,

А толькі палатном. Таму я каталік у царкве і ў думках,

Але Настрою дазваляю ўсё ў палатно жыцця ўплятаць,

што пажадае мой чаўнок Настрою.


Гэтымі радкамі пачыналася прадмова, але наступныя сказы зразумець было яшчэ цяжэй. За ёй ішоў верш “Замерлы. Навэла” пра мідынетку, якая, наколькі я зразумеў, забіла або толькі збіралася забіць манекена. Гэта было падобна да адной гісторыі Кацюля Мендэса, у якой перакладчык прапусціў ці выкінуў кожны другі сказ. Наступным ішоў дыялог Пана і Святой Урсулы, якому, па-мойму, яўна не ставала “жывасці”. Затым былі змешчаныя афарызмы (пад назовам “άφορίσματα”). Зборнік быў фактычна нашпігаваны творамі самых разнастайных жанраў, клапатліва выкшталтаваных. Але сэнс увесь час уцякаў ад мяне. А ці ёсць тут, думаў я, наагул хоць нейкі сэнс? Мне і ў галаву не прыйшло дапусціць, што Энох Сомс папросту дурань! Наадварот, я пачаў думаць, што, магчыма, дурань я! Я быў схільны даць яму шанец, таму сумняваўся. Некалі я прачытаў “L'Après-midi d'un faune” [7] і не пабачыў у ім ні каліва сэнсу, але ж, бясспрэчна, Малармэ быў майстрам слова. Адкуль мне было ведаць, што Сомс таксама не з такіх? У яго прозе гучала нейкая музыка, не тое каб дужа захапляльная, думаў я, але, мабыць, навязлівая, цяжкая і з такім жа глыбокім сэнсам, як у Малармэ. Я з усёй душой чакаў яго вершаў.

І пачаў іх чакаць яшчэ больш нецярпліва пасля таго, як сустрэўся з аўтарам ізноў. Гэта было адным студзеньскім надвячоркам. Кіруючыся ва ўжо згаданы вышэй пакой для гульні ў даміно, я мінуў столік, за якім сядзеў бледнатвары мужчына, адкрыўшы перад сабой кнігу. Ён падняў вочы ад кнігі на мяне, і я, глянуўшы праз плячо, раптам адчуў, што мусіў бы ўжо яго пазнаць. Я вярнуўся да яго павітацца. Абмяняўшыся з ім параю словаў, я глянуў на раскрытую кнігу і заўважыў:

– Відаць, я вам перашкодзіў, – і ўжо збіраўся рушыць далей, як раптам Сомс адказаў манатонна:

– А што калі б я хацеў, каб мне перашкодзілі?

Я паслухаўся яго жэсту і сеў насупраць. Пасля запытаўся, ці часта ён тут чытае.

– Так, літаратуру такога кшталту я чытаю тут, – прамовіў ён, паказваючы на загаловак кнігі: “Вершы П. Б. Шэлі”.

– Усё, чым вы напраўду... – я ўжо збіраўся вымавіць “захапляецеся?”. Але, перасцярогшыся, не скончыў сказу і ўзрадаваўся, што зрабіў менавіта так, бо з незвычайнай інтанацыяй ён працягнуў: “Усё другаснае”.

Шэлі я чытаў мала, але “канечне, – прамямліў я, – ён вельмі няроўны”.

– Мне трэба было здагадацца, што менавіта ў роўнасці яго загана. Забойчая роўнасць. Менавіта таму я чытаю яго тут. Шум гэтага месца разбурае рытм. Таму тут ён больш-менш. – Сомс узяў кнігу і прагледзеў колькі старонак. Потым засмяяўся. Смех Сомса быў кароткім, невясёлым гукам, што вырываўся з яго горла, але ніякім чынам не адбіваўся ні на яго твары, ні ў вачах. “Што за час!”– прамовіў ён, кладучы кнігу. І дадаў: “Што за краіна!”

Я запытаўся, ці не лічыць ён, што Кітсу ўдалося трымацца свайго, нягледзячы на заганы часу і месца. Ён сказаў, што толькі ў “асобных радках”, але не ўдакладніў, у якіх. Са “старэйшых”, як ён называў іх, яму, падаецца, больш быў даспадобы Мілтан. “Мілтан, – сказаў ён, – не быў сентыментальным”. А таксама: “Мілтан валодаў цёмнай праніклівасцю”. І: “Я заўжды магу чытаць Мілтана ў чытальнай залі”.

– Чытальнай залі?

– Брытанскага музею. Я хаджу туды штодня.

– Праўда? Я быў там толькі раз. Мне падаецца, гэта занадта змрочнае месца. Яно нібы высмоктвае з цябе жыццёвую сілу.

– Так і ёсць. Менавіта таму я і хаджу туды. Чым менш у табе жыццёвай сілы, тым лепш ты адчуваеш вялікае мастацтва. Я жыву побач з музеем. На Даят-стрыт.

– І вы заходзіце туды чытаць Мілтана?

– Так, зазвычай Мілтана, – ён паглядзеў на мяне. – Менавіта Мілтан, – дадаў ён упэўнена, – прывёў мяне да сатанізму.

– Сатанізму? Праўда? – запытаўся я, адчуваючы той няпэўны дыскамфорт і моцнае жаданне быць паважлівым, калі суразмоўца кажа пра свае рэлігійныя перакананні. – Вы пакланяецеся д’яблу?

Сомс захітаў галавой.

– Гэта не зусім пакланенне, – зазначыў ён, пацягваючы свой абсэнт. – Гэта хутчэй пошукі веры і апоры.

– Разумею. Але з вашай прадмовы да “Адмаўленняў” я вырашыў, што вы... католік.

Je l'étais à cette époque [8]. Па праўдзе, так і ёсць. Я католік-сатаніст.

Але заяву гэтую ён неяк прамямліў. Я заўважыў, што найбольш яго ўразіў факт, што я чытаў “Адмаўленні”. Яго бледны пагляд упершыню заіскрыўся. Я пачуваўся, як студэнт, якога зараз будуць апытваць па прадмеце, што ён ведае найгорш. Я паспешліва запытаўся ў Сомса, калі выйдзе зборнік яго вершаў.

– На наступным тыдні, – адказаў ён.

– Яго так і надрукуюць без назвы?

– Не. Назву я нарэшце падабраў. Але вам яе не адкрыю, – нібыта ў мяне хапіла б нахабства яе выведваць. – Я не ўпэўнены, што яна цалкам тое, што мне трэба. Але гэта найлепшае, што я змог знайсці. У ёй выяўляецца характар вершаў – іх дзіўныя зарасці, дзікія, але ўсё ж выкшталцоныя, – і дадаў: – Квяцістыя і поўныя атруты.

Я запытаўся, што ён думае пра Бадлера. Чмыхнуўшы – ён так смяяўся, – той адказаў:

– Бадлер быў bourgeois malgré lui [9].

Францыя нарадзіла толькі аднаго паэта – Віёна. І “дзве траціны Віёна былі чыстай журналістыкай”. Вэрлен быў “épicier malgré lui”[10]. У цэлым, французскую літаратуру ён ацэньваў значна ніжэй за ангельскую, чым вельмі здзівіў мяне. Некаторыя “някепскія месцы” сустракаліся ў Вілье дэ Ліль-Адана, але “Францыя, – падсумаваў ён, – не дала мне нічога”. Ён кіўнуў мне, прадказаўшы: “Вось пабачыце”.


[1] (фр.) дакладнае слова

[2] (фр.) Я заўжды верны гэтай зялёнай чараўніцы.

[3] (фр.) У гэтым свеце няма ні дабра, ні зла.

[4] (фр.) старамодны

[5] (фр.) ракако

[6] (фр.) Пагаворым пра іншае.

[7] (фр.) “Папоўдне фаўна”

[8] (фр.) У той час я і быў

[9] (фр.) буржуа супраць сваёй волі

© Кацярына Маціеўская, пераклад верша, 2009

Цалкам спампаваць тэкст можна па спасылках ніжэй.

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2009

Чытайце таксама

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

Пэтра Дваржакава

Пэтра Дваржакава

Чэшская пісьменніца, публіцыст, медык

Ян Бжэхва

Ян Бжэхва

Польскі паэт габрэйскага паходжання, аўтар вершаў і казак для дзяцей, перакладчык.

Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

Чэшскі драматург, эсэіст, дысідэнт, першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі

680