№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Кейт Шапэн

Гісторыя адной гадзіны (The Story of An Hour)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева


Усе ведалі пра слабое сэрца місіс Малард, а таму як мага больш асцярожна спрабавалі данесці навіну пра смерць яе мужа.

Паведаміла ёй пра гэта сястра Жазэфіна – урыўкавымі сказамі, прыхаванымі намёкамі, што выдавалі толькі паўпраўду. Сябар яе мужа Рычард таксама быў тут, побач з ёй. Ён якраз наведаўся ў рэдакцыю газеты, калі прыйшло паведамленне пра катастрофу на чыгунцы; імя Брэнтлі Маларда значылася першым у спісе загінулых. Пасля другой тэлеграмы, усвядоміўшы, што ўсё гэта праўда, ён тут жа кінуўся найхутчэй паведаміць гэтую сумную навіну сям’і, каб апярэдзіць якога-небудзь менш чулага і менш сардэчнага сябра.

Яна прыняла вестку не так, як многія жанчыны, якім даводзілася чуць такое, – знямела, не ўсведамляючы, што адбылося. Яна зарыдала адразу – нечакана, дзіка, няўцешна – у абдымках сястры. Калі ж бура горкіх пачуццяў мінула, яна сышла ў свой пакой адна. Яна не хацела, каб нехта яе суправаджаў.

Тут, насупраць адчыненага акна, стаяў вялікі і зручны фатэль. У яго яна і апусцілася, прыціснутая фізічнай знясіленасцю, што агарнула ўсё цела і, здаецца, пранікала ўжо ў душу.

На адкрытай пляцоўцы перад домам яна бачыла трапяткія вершаліны дрэваў, што жылі новым веснавым жыццём. У паветры адчуваўся цудоўны подых дажджу. Унізе на вуліцы гандляр прывабліваў пакупнікоў. І да яе даляталі слабыя гукі нечых спеваў, і незлічоныя вераб’і шчабяталі на гзымсах.

На захадзе між аблокаў, што наплывалі і наслойваліся адно на адно, прабіваліся то тут, то там блакітныя лапікі нябёсаў.

Яна сядзела, адкінуўшыся на спінку фатэля, амаль знерухомлена, толькі ўсхліпы часам падступалі да горла і скаланалі яе, як дзіця, што засынае ў слязах, і працягвае ўсхліпваць у сне.

Яна была маладою, а рысы яе прыгожага і спакойнага твару звычайна выказвалі стрыманасць і нават пэўную моц. Але цяпер у яе позірку чыталася атупенне, і вочы застылі на лапіку блакітнага неба ўдалечыні. У іх не было развагаў, хутчэй, усе думкі запаволілі свой рух.

Нешта мусіла здарыцца, і яна чакала гэтага са страхам. Але што? Яна не ведала. Нешта вельмі невыразнае і няўлоўнае, каб акрэсліць. Але яна адчувала – гэта зыходзіла ад нябёсаў, імкнула да яе праз гукі, колеры, пахі, якімі поўнілася паветра.

Цяпер яе грудзі бурна ўздымаліся і ападалі. Яна пачала ўсведамляць тое, што мелася ёю завалодаць, і намагалася супрацьставіць яму ўсю сваю волю, якой бы кволай і слабой яна ні была, як і яе худзенькія рукі. Калі ж яна такі саступіла, то з прыадкрытых вуснаў шэптам вырвалася кароткае слова. Яна ціхенька прамаўляла яго зноў і зноў: “Воля, воля, воля!” У яе вачах ужо не было ні адчужанасці, ні страху. Яны глядзелі пранікліва і кемна. Сэрца яе моцна білася, і кроў бегла па жылах, саграваючы і разнявольваючы кожную часцінку яе цела.

Яна не спрабавала запытацца ў самой сябе, ці не выродлівая тая радасць, што завалодала ёю. Яснасць і ўзнёсласць, якую яна цяпер адчувала, выкрывала ўсю неістотнасць такога пытання.

Яна ведала, што зноўку заплача, калі пабачыць яго ласкавыя і пяшчотныя рукі, складзеныя накрыж, яго твар, які заўжды глядзеў на яе з замілаваннем, цяпер застылы, шэры і мёртвы. Але за гэтымі балючымі імгненнямі перад ёю паўстала доўгая чарада гадоў наперадзе, якія будуць цалкам належаць ёй адной. І, вітаючы іх, яна раскрыла абдымкі ім насустрач.

Цягам гэтых гадоў больш не трэба будзе жыць для некага, яна будзе жыць для сябе. Больш не будзе той моцнай волі, што скоўвала яе ўласную толькі таму, што мужчыны і жанчыны ўпарта вераць, што маюць права навязваць сваю волю адно аднаму. Але ні добрыя намеры, ні благія не зрабілі яе паводзіны менш злачыннымі нават у гэты момант прасвятлення.

Усё ж яна кахала яго – часам. Часцей не. Але ж якая розніца?! Як можна параўноўваць каханне, неразгаданую таямніцу, з той неабходнасцю самасцверджання, якую яна нечакана ўсвядоміла самай вялікай прагаю свайго жыцця?!

“Вольная! Целам і душою вольная!” – працягвала яна шаптаць.

Жазэфіна стаяла на ўколенцах перад зачыненымі дзвярыма і праз замочную шчыліну ўпрошвала сястру пусціць яе:

– Луіза, адчыні дзверы! Малю цябе, адчыні! Ты можаш нашкодзіць сабе! Што ты там робіш, Луіза?! Божачкі, ды адчыні ж ты дзверы!

– Сыдзі! Я не раблю сабе шкоды.

Наадварот, яна піла цудоўны эліксір жыцця праз адчыненае акно.

Мары яе далёка сягалі тых дзён, што чакалі наперадзе. Вясновых дзён, летніх дзён, усіх дзён, што будуць належаць толькі ёй. Яна падзякавала Богу за тое, што жыццё можа быць доўгім. А яшчэ ж учора яна ўздрыгвала ад адной думкі пра доўгае жыццё.

Яна ўстала, выпрасталася і адчыніла дзверы на просьбу сястры. Яе вочы ўсхвалявана і пераможна свяціліся і, сама таго не ўсведамляючы, яна трымала сябе як багіня Перамогі. Яна абняла сястру за пояс, і разам яны спусціліся па сходах. Рычард чакаў унізе.

Нехта адчыняў дзверы знадворку. Гэта быў Брэнтлі Малард. Ён увайшоў, крыху патрапаны дарогай, упэўнена трымаючы свой сакваяж і парасон. Ён быў далёка ад месца здарэння і нават не ведаў, што адбылося. Ён з цікаўнасцю ўспрыняў пранізлівы крык Жазэфіны і хуткі рух Рычарда, каб захінуць яго ад вачэй жонкі.

Але Рычард спазніўся.

Калі прыйшлі дактары, яны сказалі, што яна памерла ад сардэчнага прыступу – ад радасці, якая забівае.


Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2010

Чытайце таксама

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

Пэтра Дваржакава

Пэтра Дваржакава

Чэшская пісьменніца, публіцыст, медык

Ян Бжэхва

Ян Бжэхва

Польскі паэт габрэйскага паходжання, аўтар вершаў і казак для дзяцей, перакладчык.

Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

Чэшскі драматург, эсэіст, дысідэнт, першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі

580