№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Кейт Шапэн

Пара ядвабных панчохаў (A Pair of Silk Stockings)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева


Аднойчы маленькая місіс Сомэрс неспадзявана стала ўладальніцай пятнаццаці даляраў. Гэта падалося ёй даволі значнай сумай, і набіты грашыма партманэт надаваў пачуццё значнасці, якога яна не адчувала ўжо даўно.

Пытанне, якім чынам выгадна патраціць грошы, хвалявала яе больш за ўсё. Дзень ці два яна хадзіла нібы ў сне, хаця насамрэч была занураная ў развагі і падлікі. Яна не хацела дзейнічаць паспешліва, не хацела зрабіць нешта такое, пра што потым давядзецца шкадаваць. Але ціхай начной гадзінай, лежачы без сну і пракручваючы ў галаве свае планы, яна, падаецца, знайшла, якім чынам справядліва і разумна скарыстаць тыя грошы.

Можна купіць чаравікі для Джэні, на даляр ці два даражэйшыя, чым звычайна, гэта будзе гарантыяй таго, што яны праслужаць нашмат даўжэй. Яшчэ трэба купіць паркалю на новыя кашулі хлопчыкам, Джэні і Мэг. А то яна збіралася была падправіць старыя, акуратна іх залатаўшы. Мэгі патрэбная новая сукенка. Яна неяк бачыла некалькі прыгожых і даволі танных мадэляў на вітрынах. І ўсё роўна яшчэ застанецца на новыя панчохі, дзве пары па кошце адной, і часова можна забыцца на цыраванне! Яна набудзе кепі для хлопцаў і саламяныя капялюшыкі для дзяўчат. Вобраз уласных дзяцей у свежай, элегантнай і першай у іх жыцці новай вопратцы ўсхваляваў яе, а чаканне гэтага моманту пазбавіла сну.

Суседзі часам гаварылі пра нейкія “лепшыя часы,” якія маленькая місіс Сомэрс зведала, калі яшчэ і думаць не думала быць місіс Сомэрс. Яна ж не патурала сабе хваравітымі роздумамі пра былое. У яе не было часу – ні секунды – каб аддацца мінуламу. Патрэбы сённяшняга дня цалкам паглынулі яе. А здань будучыні ў выглядзе цёмнай, змрочнай пачвары часам палохала, але, на шчасце, заўтра не прыходзіць ніколі.

Місіс Сомэрс добра ведала, што значыць таргавацца. Гадзінамі яна магла прастойваць у чэргах, сантыметр за сантыметрам набліжаючыся да жаданай рэчы па зніжаным кошце. Яна нават магла скарыстацца локцямі, калі было трэба. Яна навучылася чапляцца за патрэбную рэч і трымаць, настойліва і заўзята прыліпнуўшы да яе, цярпліва чакаць сваёй чаргі, не зважаючы, калі яна падыдзе.

Але ў той дзень Місіс Сомэрс адчувала сябе крыху стомленай і млявай. Яна праглынула лёгкі сняданак… Ды не! Калі яна паглыбілася ў свае думкі, кормячы дзяцей, прыбіраючы ў хаце, рыхтуючыся да паходу па крамах, яна наагул забылася нешта перахапіць!

Яна села на крэсла-кружэлку каля адносна пустога прылаўка, спрабуючы знайсці ў сабе сілы і смеласць, каб прабіцца праз прагны натоўп, што асаджаў кіпы простых і вышываных батыставых станікаў. Нейкая абыякавасць апанавала яе, рука бязмэтна апусцілася на прылавак. Пальчатак на ёй не было. Паступова яна адчула, як рука кранулася нечага вельмі мяккага, вельмі прыемнага на дотык. Як выявілася, гэта была кіпа ядвабных панчохаў. Рэкламная абвестка побач паведамляла: кошт зніжаны з двух даляраў пяцідзесяці цэнтаў да аднаго даляра дзевяноста васьмі цэнтаў. Маладая прадавачка запыталася, ці не хацела б яна глянуць на ўвесь асартымент. Місіс Сомэрс усміхнулася, нібы ёй прапанавалі агледзець і тут жа набыць дыямантавую тыяру. Але яна ўсё адно гладзіла і гладзіла мяккія, бліскучыя, шыкоўныя панчохі, цяпер ужо абедзвюма рукамі, трымаючы іх так, каб бачыць бляск і адчуваць, як яны гладкімі змейкамі лашчаць пальцы.

Раптам яе бледныя шчокі запалалі чырванню. Яна падняла вочы на дзяўчыну.

– Скажыце, тут ёсць восьмы з паловай?

Панчохаў восьмага з паловай было колькі заўгодна… Насамрэч панчохаў гэтага памеру было больш за ўсё. Была блакітная пара, некалькі ружовых, некалькі суцэльна чорных і розных адценняў бронзавага ды шэрага. Місіс Сомэрс абрала чорную пару і вельмі доўга і пільна яе разглядала. Яна зрабіла выгляд, што нібыта вывучае тэкстуру, а прадавачка запэўніла, што якасць проста выдатная.

– Адзін даляр дзевяноста восем цэнтаў… – прамовіла яна. – Добра, я бяру гэтыя. Яна працягнула дзяўчыне пяцідаляравы банкнот, узяла рэшту і свой пакунак. Які маленькі пакуначак! Здавалася, ён проста згубіўся на дне яе старой, зношанай гаспадарчай торбы.

Пасля гэтага Місіс Сомэрс і кроку не зрабіла ў бок аддзелу распродажу. Яна паднялася на ліфце на верхні паверх у аддзел жаночых прымерачных. Тут, у зацішным кутку, яна зняла свае баваўняныя панчохі і надзела новыя ядвабныя, якія толькі што набыла. Яна не аналізавала пільна свае дзеянні, не ўгаворвала сябе, нават не спрабавала растлумачыць матывы свайго ўчынку. Яна не думала зусім. Падавалася, яна цяпер адпачывала ад сваёй цяжкай і стамляльнай ролі, аддаўшыся нейкаму механічнаму імпульсу, які кіраваў яе дзеяннямі і тым самым вызваляў ад адказнасці.

Як прыемна адчуваць дотык ядвабу на скуры! Яна ўявіла, быццам адкідваецца ў пышным фатэлі і цешыцца з такой раскошы, на момант у гэта паверыўшы. Потым місіс Сомэрс зноўку абулася, скруціла свае баваўняныя панчохі і засунула ў торбу. Пасля гэтага накіравалася наўпрост у секцыю абутку і заняла чаргу для прымеркі.

Яна была пераборліваю. Прадавец ніяк не мог ёй дагадзіць – не ўдавалася падабраць туфлі да яе панчохаў, і яна крыху нервавалася. Яна прыпадымала свае спадніцы, паварочвала нагу ў адзін бок, галаву ў другі і глядзела на бліскучыя з завостраным носам боцікі. Яе ступня і шчыкалатка выглядалі вельмі прывабна. Нават цяжка было паверыць, што яны належалі ёй, былі яе неад’емнай часткай. Ёй хацелася прыгожыя і модныя туфлі, так яна сказала маладому прадаўцу, і розніца ў адзін-два даляры яе не хвалюе, калі гэта тое, што ёй спадабаецца.

Ужо даўно місіс Сомэрс не насіла пальчатак. У тых рэдкіх выпадках, калі яна купляла якую пару, яны былі таннымі настолькі, што проста смешна і неразумна было чакаць, каб яны сядзелі па руцэ.

Цяпер жа місіс Сомэрс паклала локаць на падушачку ў аддзеле пальчатак, а прыгожая маладая істота асцярожна і спрытна нацягнула даўгую лайкавую пальчатку на яе руку. І абедзве замерлі на імгненне, замілаваныя маленькай правільнай ручкай у пальчатцы. Але ж ёсць і іншыя месцы, дзе можна патраціць грошы.

У вітрыне шапіка ўніз па вуліцы былі выстаўленыя кнігі і часопісы. Місіс Сомэрс набыла два дарагіх часопісы, якія зазвычай чытала ў тыя часы, калі карысталася й іншымі прыемнымі рэчамі. Яна несла іх, не абгортваючы. А таксама прыпадымала свае спадніцы, пераходзячы вуліцу. Яе панчохі, і туфлі, і лайкавыя пальчаткі так цудоўна змянілі яе паставу – надалі ёй пачуццё ўласнай годнасці, пачуццё прыналежнасці да добра апранутай большасці.

Яна вельмі прагаладалася. Раней яна б сцішыла голад, пакуль не прыйдзе дахаты, а там бы выпіла кубак гарбаты ды перахапіла што ёсць. Але цяпер імпульс, які кіраваў ёю, нават думкі такой не дапусціў.

На рагу вуліцы стаяў рэстаран. Яна ніколі не заходзіла ў гэтыя дзверы. Толькі знадворку часам заўважала бляск крышталю, бездакорнае ззянне сталовых прыбораў і мяккі поступ афіцыянтаў, што абслугоўвалі людзей з вышэйшага свету.

Калі яна ўвайшла, яе з’яўленне нікога ані здзівіла, ані спалохала, як яна таго асцерагалася. Яна села за пусты маленькі столік, а ўважлівы афіцыянт адразу падышоў, каб прыняць замову. Яна не збіралася кідаць грошы на вецер. Яна замовіла добры і смачны абед: шэсць вустрыцаў, вялікую катлету з крэс-салатай і што-небудзь салодкае – напрыклад, марозіва, келіх рэйнскага віна і пры канцы кубачак кавы.

Чакаючы замовы, яна павольна зняла пальчаткі і паклала побач. Потым узяла часопіс і прагледзела яго, асцярожна разразаючы старонкі. Усё наўкола выглядала вельмі хораша. Сталовыя прыборы былі яшчэ больш бездакорнай чысціні, а крышталь яшчэ больш бліскучым, чым гэта ёй падавалася знадворку. Тут былі ціхія лэдзі і джэнтэльмены, якія не зважалі на яе, а спакойна елі за такімі ж маленькімі столікамі, як і яна. Чуліся гукі мяккай прыемнай музыкі, і лёгкі вецер дзьмуў з акна. Яна смакавала абед, чытала слоўка ці два, піла бурштынавае віно і варушыла пальцамі ў ядвабных панчохах. Кошт усяго гэтага не меў значэння. Яна разлічылася з афіцыянтам і пакінула гасцінец на яго падносе. Пасля гэтага ён пакланіўся ёй, як прынцэсе блакітнай крыві.

У кашальку ўсё яшчэ заставаліся грошы, і наступная спакуса ўявілася ёй у выглядзе тэатральнай афішы.

Яна крыху спазнілася, і калі ўвайшла ў тэатр, спектакль ужо пачаўся. Зала падалася ёй паўнюткай. Але то тут, то там былі пустыя месцы. На адно з іх яе і пасадзілі – сярод бліскуча апранутых жанчын, якія прыйшлі сюды змарнаваць час, паесці цукерак і паказаць свае шыкоўныя строі. Але было тут шмат і тых, хто прыйшоў дзеля спектакля і ігры актораў. Адно можна сказаць дакладна: ніхто не адчуваў сябе ў гэтым месцы так дзіўна, як місіс Сомэрс. Усё наўкола – сцэна, акторы, гледачы – складалі разам адно вялікае ўражанне, якое яна ўбірала ў сябе і якім цешылася. Яна смяялася з камічных сітуацый і плакала – яна і шыкоўная жанчына побач з ёю – над трагічнымі. І разам яны крыху абмеркавалі дзейства. А шыкоўная жанчына выцерла слёзы танюткаю празрыстай надушанай насоўкай і працягнула маленькай місіс Сомэрс сваю скрынку з цукеркамі.

П’еса скончылася, музыка заціхла, публіка выйшла. Нібы скончыўся сон. Людзі разбрыдаліся ў розных напрамках. На рагу вуліцы місіс Сомэрс чакала трамвая.

Мужчыну з пранізлівым позіркам, што сядзеў насупраць, здаецца, падабалася разглядаць яе бледны маленькі твар. Яму цікава было разгадваць тое, што ён на ім бачыў. Але напраўду ён нічога не бачыў – калі толькі не быў праніклівым настолькі, каб прачытаць у яе вачах нястрымнае жаданне, неадольную прагу, каб трамвай нідзе не спыняўся, каб усё ехаў і ехаў з ёю вечна.


[pdf]  [doc]
Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2010

Чытайце таксама

Італа Звева

Італа Звева

Італьянскі пісьменнік габрэйскага паходжання.

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Ангольскі партугальскамоўны пісьменнік, журналіст, выдавец

Роналд Нокс

Роналд Нокс

Ангельскі рэлігійны дзеяч і пісьменнік, аўтар дэтэктываў

Вірджынія Вулф

Вірджынія Вулф

Ангельская раманістка і эсэістка, адна з самых яркіх фігураў ангельскага мадэрнізму XX ст.

537