№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Марыя Французская

Лэ пра бружмель (Lai de chevrefoil)

Пераклад са старафранцузскай Уладзь Лянкевіч
Мілей за ўсё, за ўсё пачэсней —
Забавіць вас любімай песняй.
“Лэ пра бружмель” — яе назоў,
Яго я чула шмат разоў,
Чытала запісы рупліва
І вам перакажу праўдзіва
Аб Каралеве і Трышчане,
Пра іх магутнае каханне,
Зазналі горыч ад якога
Ды разам адышлі да Бога.

Марк-валадар быў раззлаваны.
Свайго пляменніка Трышчана
Ён выгнаў з краю, бо, маўляў,
Той Каралеву пакахаў.
Трышчан адправіўся дамоў,
У родны Ўэльс, з вачэй далоў.
Ён жыў там ці не цэлы год,
Не меў надзеі на зварот.
Ды ўсё ж такі пад страхам смерці
Ён выязджае ў паняверцы.
Няхай вас гэта не здзіўляе,
Бо той, хто моцна пакахае,
З нуды й маркоты проста смягне,
Калі няма таго, што прагне.
Трышчану сэрца точыць жаль,
Таму ён едзе ў Карнуаль.
Упроч адкінуўшы сумневы,
Спяшаецца да Каралевы.

Ён, каб не ўбачыў хто старонні,
Схаваўся ў лес, а як сутонне
Зямлю ахутваць пачало,
Пайшоў шукаць сабе жытло.
Сярод убогіх і сялян
Прытулак ноччу меў Трышчан,
Усіх распытваў, каб дазнацца
Што адбываецца ў палацы.
Казалі, што Кароль да трона
Паклікаў быў сваіх баронаў
І загадаў як найбарджэй
Ім выпраўляцца ў Тынтажэль.
На Тройцу будзе й сам са світай,
Баль адгуляе самавіты.
Вядома, завітае й Пані —
Трышчана поўніць хваляванне,
Бо не праехаць ёй іначай,
Каб ён картэж яе не ўбачыў.
Ужо ў дарозе быў Кароль,
Трышчан той самаю парой
Сачыў за шляхам цераз бор,
Якім праехаць меўся двор.
Каля яго расла ляшчына,
Адцяў з яе адну галіну,
Кару злупіў рукою цвёрдай,
Імя накрэсліў дзюбай корда.
Калі пабачыць Каралева
Галінку, ссечаную з дрэва,
То здагадаецца канечне,
Хто ў лесе схованы бяспечне —
Трышчан рабіў так неаднойчы,
Каб з ёй сустрэцца вочы ў вочы.
Таемнае пасланне тое
Ў сабе нямала сэнсу тоіць:
Што ён блукае ўдзень і ўночы,
Чакае і дарогу сочыць.
Каб на яе зірнуць крадком,
Употай свой пакінуў дом,
Бо без яе жыццё няўзмог,
Яны на гэтым свеце ўдвох,
Нібы ляшчына, чый камель
Сабою апавіў бружмель:
Калі пакінуць іх сам-насам,
Сплятаюцца трывала разам,
І надалей растуць увобдым;
Калі ж раздзеліць нехта потым —
Наканавана смерць ляшчыне,
Бружмель таксама хутка гіне.
“Каханая, пра нас як быццам —
Адно без аднаго не быць нам!”

Іжота конна вандравала
Глядзела навакол і ўдала
Зірнула на галінку збоку,
А там імя навідавоку.
Ды слаўных рыцараў у латах
За ёю ехала багата.
Яна загадвае спыніцца,
Каб адпачыць, вады напіцца.
Адразу ж коней рассядлалі.
Іжота ў лес ідзе падалей —
Яна пайшла туды з Бранж'енай,
Сваёй служэбкаю нязменнай, —
Углыб шпарчэйшаю хадой.
Пабачыла: чакае той,
Які кахаў па-над жыццё,
Іх паланіла пачуццё.
І шчырыя ў сваёй любові,
Бег часу страцілі ў размове.
Яна расказвала, што быццам
Ён можа з Маркам памірыцца,
Бо чуецца той вельмі дрэнна,
Шкадуе, што данос дарэмна
Паслухаў і прагнаў з краіны.

Іжота ўжо ісці павінна,
Расстання час прызначыў лёс,
Яны стрымаць не могуць слёз.
Вяртацца след ва Ўэльс Трышчану —
Адтуль ён будзе ў двор прызваны.

І на ўспамін пра тую ўдачу —
Як мілую сваю пабачыў,
Пра патаемнае пасланне,
Пра словы Каралевы-пані —
Трышчан, пачуццямі сагрэты,
Склаў лэ, бо добры быў паэта,
Даў назву ад імя расліны —
Gotelef, што значыць “ліст казіны” —
Так па-ангельску гэта будзе,
У нас “бружмель” гавораць людзі.
Гісторыю кахання-дзіва
Я ў лэ апавяла праўдзіва.


Пераклад са старафранцузскай – Уладзь Лянкевіч © 2010

Чытайце таксама

Дзіна Кампана

Дзіна Кампана

Італьянскі паэт

Сяргій Жадан

Сяргій Жадан

Культавы ўкраінскі паэт, эсэіст, перакладчык, арганізатар літаратурных фестываляў

Іда Хегазі Хёер

Іда Хегазі Хёер

Нарвежская пісьменніца.

Жанна Луіза Отэрдаль

Жанна Луіза Отэрдаль

Шведская пісьменніца, была выкладчыкам і актывісткай руху квакераў

627