№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Юрый Вінічук

Манная каша (Манна каша)

Апавяданне

Пераклад з украінскай Таццяна Урублеўская


Калі я быў маленькі, я вельмі не любіў манную кашу. Я так яе ненавідзеў, што яна снілася мне начамі. Яна напаўзала на мяне, як велічэзная дзюна, булькатала і пускала бурбалкі, запаўзала пад коўдру, каб забрацца ў рот. І я з перапуду не вытрымліваў і сікаўся пад сябе. Тады каша расцякалася і знікала, а я быў вымушаны ляжаць у мокрым ложку, і мне снілася, нібыта я зваліўся ў дзежку з квашанымі агуркамі, а маленькі чорны карлік б’е мяне па галаве, каб я раптам не выплыў.

Калі мяне кармілі кашай, то прыдумвалі розныя жахі.

– Еш кашу! – загадваў татуля, – бо як не з’ясі, прыйдзе страшны карлік Сульфуль і скруціць табе галаву. І давядзецца табе хадзіць задам наперад. Уяўляеш, як смешна будзе?

Але я не смяяўся. Я горка плакаў.

У мамы быў іншы падыход.

– Еш кашу. Хто не есць маннай кашы, у таго павыпадаюць усе зубы, а потым адваляцца вушы і нос. А за імі паадсыхаюць рукі і ногі. Да каго ты тады будзеш падобны, га?

Такая перспектыва не абяцала нічога добрага, таму я горка плакаў і еў кашу. А тым часам усё новыя жахі сыпаліся на маю бедную галоўку.

– Калі не з’ясі кашы, дзядуля памрэ. Бачыш, ён ужо ледзьве ходзіць.

Я еў кашу і з радасцю пераконваўся, што дзядулева здароўе паляпшаецца.

Толькі аднаго разу ім не ўдалося мяне купіць. Было гэта, калі мне сказалі, што калі я не з’ем кашы, памрэ цёця Геля. Цёця Геля, маміна сястра, часцяком гасцявала ў нас па некалькі дзён, і я з першага ж позірку прасякнуўся да яе такімі ж пачуццямі, як і да кашы. Больш за ўсё мяне раздражняла тое, што яна пастаянна сядзела ў клазеце. Прынамсі, калі ў мяне ўзнікала пякучая патрэба зазірнуць туды, яна ўжо сядзела там і безнадзейна стагнала, хіба што ад жалю, што расстаецца са сваімі ўлюбёнымі клёцкамі.

Наш драўляны клазет знаходзіўся ў канцы агарода, сярод густой крапівы. Я стаяў і цярпліва чакаў, перамінаўся з нагі на нагу, пакуль нарэшце не чулася, як трашчаць яе бязмежныя вечназялёныя рэйтузы, якія яна не без высілку нацягвала на свой бязмежны ж жывот. Тады ўжо я падыходзіў бліжэй да дзвярэй, але ў той момант, калі яны расчыняліся, я не вытрымліваў, усё цякло па нагах, а цёця Геля са шчаслівай усмешкай выплывала з клазета, нібы каралеўна з дыяментавай карэты. Я з зайздрасцю глядзеў на яе шчаслівы твар, потым – на мокрыя штаны і панура цягнуўся дадому, мяркуючы па дарозе, куды б схаваць татулеў пас.

Дык вось, калі я пачуў, што такім простым спосабам можна зжыць цёцю Гелю са свету, я наадрэз адмовіўся есці кашу. Я не еў яе цэлых тры дні. Дарма што цёця Геля, якую падгаварыла мама, ляжала ў ложку і так жаласна стагнала, нібы яе збіраліся пасадзіць на кол.

Усе жахі, якія мне скормлівалі разам з кашай, не прайшлі дарма. Я адчуў, што ў мяне разгулялася буйная фантазія. Стрымаць яе я не мог і аднаго разу спытаў тату:

– Татуля, а ці могуць каты размаўляць як людзі?

– Толькі ў казках.

– А ноччу?

– Не кажы лухты.

– Чаму ж тады наш Мацей учора ўночы залез да мяне ў ложак і загаварыў па-чалавечы?

– Табе прыснілася.

– Хм… Пэўна, мне і праўда прыснілася… Але скажы мне, хто такі пан Зянон?

– Пан Зянон? Цырульнік з суседняй вуліцы. А што?

– Разумееш, мне прыснілася, нібы наш Мацей сказаў, што пан Зянон, калі цябе няма дома, а я гуляю з хлопцамі ў футбол, прыходзіць да нашай мамы піць каву.

У той жа вечар мяне адпусцілі пагуляць, хоць я не вельмі і рваўся, а калі вярнуўся, то ўбачыў у мамы пад вокам сіняк. Тады я падумаў, які ж наш тата эканомны ? зусім не тое што мама, якая чужых частуе кавай.

Іншым разам я апавёў маме, што цёця Геля часцяком наведваецца на гарышча, ходзіць з кутка ў куток і ўскрыквае: “Мышы, мышы! А ці вышылі вы мне шлюбную сукенку? Калі не вышылі, то я вас зараз усіх папалю!” Потым робіць выгляд, што расплюхвае газу з пляшкі і танчыць, размахваючы рукамі.

Бацькі перапужаліся не на жарт:

– Ды яна нас па свеце з торбамі пусціць!

Наступнага ж дня цёцю Гелю адвезлі ў вар’ятню, і цяпер я мог з прыемнасцю праседжваць у клазеце колькі захочацца.


Паводле: Юрій Винничук. Ги-Ги-и. Творы. – Львів: ЛА “Піраміда”, 2007. – 407с. – С. 141 – 142.

Пераклад з украінскай – Таццяна Урублеўская © 2013

Чытайце таксама

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

Ігар Паглазаў

Ігар Паглазаў

Беларускі паэт. Пайшоў з жыцця ў 13 гадоў

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

Леў Стахоўскі

Леў Стахоўскі

Нарадзіўся ў 1911 годзе ў сям’і Міколы Стахоўскага (1879–1948), грамадска-палітычнага дзеяча і лекара

734