№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Франсуа Рабле

Гарганцюа і Пантагруэль (La vie très horrifique du grand Gargantua, père de Pantagruel)

Урыўкі

Пераклад з французскай Зміцер Колас


З кнігі першай


Ад аўтара


Славутыя выпівакі і вы, правялебныя пранцучкі (бо вам, а не каму іншаму, прысвечаныя мае пісанні)! У Платонавым дыялогу, называным “Бяседа”, Алківіяд, усхваляючы свайго настаўніка Платона — бясспрэчна, галаву ўсіх філосафаў, — параўноўваў яго, апроч іншага, з сіленамі. Сіленамі даўней называлі куфэркі, накшталт тых, што і цяпер яшчэ можна ўбачыць у аптэкарскіх крамках; звонку яны размаляваныя рознымі вясёлымі ды забаўнымі фігуркамі: гарпіямі, сатырамі, зацуглянымі гусянятамі, рагатымі зайцамі, наўючанымі качкамі, крылатымі казламі, аленямі ў аглоблях ды іншымі фацэтнымі карцінкамі, прыдуманымі на пацеху людзям (а менавіта на такія выдумкі быў вялікі мастак Сілен, настаўнік слаўнага Бахуса); усярэдзіне ж у іх захоўвалі рэдкія лекі, такія як бальсан, амбру, імберац, мускус, цывету, розныя камяні ды іншыя каштоўныя рэчы. Такі, паводле Алківіядавых словаў, быў і Сакрат, бо паглядзеўшы на яго звонку ды памеркаваўшы па выглядзе, вы не далі б за яго і гарэлага шэлега — настолькі ён быў брыдкі целам і смешны звычкамі: з кірпатым носам, бычынымі вачыма, тупым выразам твару, просты ў паводзінах, непераборлівы ў адзенні, бедны на грошы, няўдалы з жанчынамі, няздольны ні на якую дзяржаўную службу, ён заўсёды толькі смяяўся, ні з кім ніколі не адмаўляўся выпіць ды ўвесь час пакепліваў, хаваючы гэтым сваю боскую мудрасць. Але адкрыўшы гэты куфэрак, вы знайшлі б там чароўнае і неацэннае зелле: звышчалавечую дасціпнасць, дзівосную дабрачыннасць, непераможную мужнасць, непараўнальную цвярозасць і неверагодную пагарду да ўсяго, дзеля чаго смяротныя так мітусяцца, шчыруюць, працуюць, вандруюць ды ваююць.

Але ў які ж бок гэты мой першы крок, куды, па-вашаму, хіліць гэты ўступ? А туды, даражэнькія мае вучні ды іншыя гультаяватыя разявакі, што чытаючы пацешныя назвы пэўных складзеных мною кніг — такіх як Гарганцюа, Пантагруэль, Фэспэнт, Пра годнасць гульфікаў, Гарох на сале cum commento і г.д., — вы надта хутка робіце выснову, што ўсё апісанае ў іх — спрэс толькі жартачкі, блазенства ды вясёлыя байкі; іначай кажучы, звярнуўшы ўвагу толькі на вонкавую шыльду (ці то — назву) і не паспеўшы яшчэ дабіцца да сутнасці, ужо загадзя пачынаеце, як зазвычай, рагатаць ды выскаляцца. Але з такою лёгкасцю ставіцца да чалавечае працы нягожа. Бо самі вы кажаце, што не кожны манах, на кім габіт, бо ёсць такія, што хоць і апранутыя манахамі, але ўсярэдзіне зусім не манахі, ці такія, што хоць і носяць гішпанскі плашч, ды гішпанскай смеласці ні каліва не маюць. Таму разгарніце маю кнігу ды добра пакумекайце, што ды нашто ў ёй гаворыцца. А тады самі пабачыце, што зелле, схаванае ўсярэдзіне, зусім іншае якасці, чым тое, якое абяцаў куфэрак; іншымі словамі, я хачу сказаць, што рэчы, напісаныя ў ёй, не такія блазенскія, як можна было б меркаваць, прачытаўшы назву.

Але нават калі раптам пэўныя мясціны здадуцца вам даволі вясёлымі і ў сваім літаральным значэнні будуць нібыта цалкам адпавядаць назве кнігі, не давайце сабе на гэтым спыніцца, не прыслухоўвайцеся да спеву сірэн, а пастарайцеся ўспрыняць у болей высокім стылі ўсё тое, што выпадкова палічылі напісаным дзеля чыстай пацехі.

Ці даводзілася вам калі-небудзь адкаркоўваць бутэлечку? А то ж! Дык прыгадайце, якую асалоду вы адчувалі пры гэтым. А ці бачылі вы калі-небудзь сабаку, які знайшоў мазгавую костку? Платон, дарэчы, у кн. ІІ de Rep. кажа, што сабака — самая філасофская жывёліна ў свеце. І калі вы яго бачылі, дык маглі заўважыць, з якой багамольнасцю ён гэтую костку ахоўвае, з якім імпэтам вартуе, з якім гарачым пачуццём трымае, як асцярожна за яе бярэцца, з якім смакам разгрызае і з якою стараннасцю высмоктвае. Што ж падахвочвае яго да гэтага? Што ён спадзяецца знайсці? Якога багацця шукае? Зусім ніякага, апроч крышачкі мозгу. Праўда, гэтая крышачка смачнейшая за многае іншае, бо, як кажа Гален у кн. ІІІ Facu. natural. і кн. XІ De usu partі., мазгі — найдасканалейшыя з усіх харчоў, створаных калі-небудзь прыродай.

Вось так і вам, па прыкладзе згаданага сабакі, трэба быць мудрымі, каб унюхаць, учуць і ацаніць гэтыя мае цудоўныя і прывабныя кнігі, і быць жвавымі ў пагоні ды трывалымі ў бойцы; а потым, па ўважлівым чытанні і доўгіх развагах, разгрызці костку і высмактаць мазгавую субстанцыю (ці тое, што я разумею пад гэтым піфагарэйскім сімвалам) — з упэўненаю надзеяй, што такое чытанне зробіць вас болей дасведчанымі і болей адважнымі, бо ў гэтае кнізе вы знойдзеце і своеасаблівы дух, і веды, даступныя далёка не кожнаму, дзякуючы якім перад вамі раскрыюцца самыя вялікія сакрэты і жахлівыя таямніцы, як у дачыненні нашай рэлігіі, так і нашага палітычнага ды гаспадарчага ладу.

Але скажыце, няўжо вы шчыра даяце веры, што Гамэр, калі пісаў Іліяду і Адысею, думаў пра тыя алегорыі, якія яму прыпісвалі Плутарх, Геракліт Пантыйскі, Эўстафій ды Карнут, а разам з імі і Паліцыян, які ў іх усё якраз і злізаў? Калі вы ў гэта верыце, дык нашыя сцежкі-дарожкі разыходзяцца, бо я мяркую, што Гамэр думаў пра іх гэтак жа мала, як Авідый у сваіх Метамарфозах — пра евангельскія святыні, хоць адзін тупагаловы чарнарызнік-падлізнік пнуўся давесці ўсё якраз наадварот, спадзеючыся, відаць, што дзе-небудзь сустрэне, як той казаў, другога-рабога дурня такога, як ён сам.

Калі ж у вас на ўсё гэта іншая думка, дык ад чаго б і чаму б вам не зрабіць таго самага з маімі вясёленькімі ды такімі свежанькімі аповесцямі, хоць калі я складаў іх, я думаў пра ўсякія такія рэчы не болей за вас, а вы ж наконт выпіўкі, бадай, за мяне не горшыя? Дарэчы сказаць, на сачыненне гэтай незвычайнае кнігі я патраціў і выдаткаваў менавіта той час (і не болей), які ў мяне адведзены на падтрыманне маёй цялеснае сілы, ці то — на піценне ды ядзенне. А гэта самы прыдатны час, каб пісаць пра такія высокія матэрыі ды глыбоканавуковыя рэчы, што цудоўна разумелі Гамэр, узор усім філолагам, і бацька лацінскіх паэтаў Эній, пра што сведчыць Гарацый, хоць нейкі шалахвост і заявіў, што ад Эніевых вершаў патыхае болей віном, чым алеем.

Тое самае адзін прайдзісвет сказаў і пра мае кнігі; ну дый насраць на яго! Бо наколькі водар віна прывабнейшы, прынаднейшы, прыемнейшы, саладзейшы й смачнейшы за пах алею! Каб пра мяне казалі, што я на віно трачу болей, чым на алей, дык я лічыў бы гэта за такі самы гонар, як Дэмасфэн, калі пра яго казалі, што ён траціць больш на алей, чым на віно. І калі пра мяне мяркуюць ды кажуць, нібыта я добры аргамака і слаўны субяседнік, дык для мяне гэта найвышэйшая пашана і гонар, бо з такою славаю мяне заўжды сардэчна вітаюць ва ўсякай пачэснай кампаніі пантагруэлістаў. А вось Дэмасфена адзін зануда папракнуў, што ад ягоных прамоваў, маўляў, тхне, як ад фартуха бруднага і завэдзганага алейніка. Ну, а вы ўжо ўспрымайце мае ўчынкі ды словы з самага што ні на ёсць лепшага боку, стаўцеся з павагаю да маіх творагападобных мазгоў, якія ўбагавольваюць вас гэтымі чароўнымі балачкамі, ды, як можаце, падтрымлівайце мяне заўсёды ў добрым гуморы.

Такім чынам, любыя мае, чытайце далей ды пацяшайцеся — целу на задавальненне ды ныркам на карысць! Але паслухайце вось яшчэ што, дуралеі, бадай на вас трасца: вы ж не забудзьцеся за мяне выпіць, а ўжо я вас чакаць не прымушу.


Раздзел І


Пра генеалогію і старажытнасць роду Гарганцюа

Усіх, хто хоча пазнаёміцца з генеалогіяй Гарганцюа і запэўніцца ў старажытнасці яго роду, я адсылаю да вялікай Пантагруэльскае кронікі. З яе вы болей падрабязна даведаецеся, як узніклі на свеце першыя волаты і як па простай лініі ад іх пайшоў Пантагруэлеў бацька Гарганцюа; а зараз, няхай гэта вас не ўгнявіць, я не буду асобна спыняцца на гэтай гісторыі, хоць сама з сябе яна і такая, што чым часцей пра яе ўспамінаць, тым больш яна вашым імасцям была б даспадобы; і каб пацвердзіць сказанае я спашлюся на Платонавых Філеба і Горгію ці на Флака, які даводзіць, што пэўныя рэчы (а гэтая гісторыя, безумоўна, належыць якраз да такіх) робяцца тым прыемнейшыя, чым часцей пра іх паўтараць.

Дай Божа, каб кожны гэтак дакладна ведаў свой радавод ад Ноева каўчэга да нашых дзён! Мне ж думаецца, што шмат хто з цяперашніх імператараў, каралёў, герцагаў, князёў ды папаў паходзяць ад якіх-небудзь нікчэмных шалапутаў ды шалахвостаў і, наадварот, шмат гаротных і ўбогіх старцаў у багадзельнях ёсць кроў ад крыві і плоць ад плоці вялікіх каралёў і імператараў, пра што можа сведчыць хоць бы тое, як на дзіва хутка змянілі


                              асірыйцаў — мідзяне,
                              мідзянаў — персы,
                              персаў — македонцы,
                              македонцаў — рымляне,
                              рымлянаў — грэкі,
                              грэкаў — французы.

Што ж датычыць мяне, дык я, пэўна ўжо, паходжу ад якога-небудзь заможнага караля ці князя, які жыў у старадаўні час, бо ва ўсім свеце не знайсці чалавека, якому больш за мяне карцела б стаць каралём і забагацець, каб увесь час банкетаваць, ніколі не працаваць, не мець жаднага клопату і толькі шчодра адорваць сяброў і ўсіх сумленных ды разумных людзей. Пакуль жа я суцяшаю сябе тым, што ў іншым свеце я ўжо абавязкова каралём стану, ды яшчэ такім вялікім, што цяпер і падумаць страшна. Прыдумайце ж і вы сабе такую ці нават якую яшчэ лепшую ўцеху ў сваім няшчасці ды піце на здароўечка, калі ёсць за што.

Вяртаючыся ж да нашых бараноў, мушу сказаць, што вялікаю ласкаю неба радаслоўная Гарганцюа захавалася для нас з самых даўніх часоў і ў больш поўным выглядзе, чым любая іншая, апроч хіба Месіяшавай, пра якую я цяпер казаць нічога не буду, бо яна тут ні пры чым, тым больш што гэтаму працівяцца чэрці (а гэта вядомыя паклёпнікі ды крывадушнікі). А знайшоў гэтую радаслоўную Жан Адо ў сябе на поплаве непадалёк ад Арсо Гало, што трошкі ніжэй ад Алівы, у тых краях, дзе Нарсэ, і здарылася гэта, калі далакопы, якім загадалі ачысціць канавы, раптам заўважылі, што рыдлёўкі ў іх упіраюцца ў нейкі велічэзны, неверагоднай даўжыні бронзавы склеп, канец якога знайсці так і не ўдалося, бо ён знікаў далёка аж пад в’енскімі шлюзамі. І вось калі ў тым самым месцы, дзе на веку быў выбіты келіх, а вакол яго этрускімі літарамі накрэслена: Hіc bіbіtur (тут п’юць), склеп вырашылі адкрыць, то ў ім былі знойдзеныя дзевяць пляшак, што стаялі ў такім самым парадку, у якім гасконцы расстаўляюць кеглі, а пад сярэдняю пляшкай ляжала грубая, грузная, грузкая, гразкая, прыгожая, невялічкая, заплеснелая кніжка, ад якой пахла мацней, але, на жаль, не лепш, чым ад ружы.

У гэтай кніжцы і была змешчаная памянёная радаслоўная, цалкам запісаная канцылярскім курсіўным пісьмом, але не на паперы, не на пергаменце і не на васкаванай таблічцы, а на кары маладога вяза, якая, зрэшты, так спарахнела, што на ёй цяжка было разабраць нават тры літары запар.

Я, ваш нікчэмны раб, быў туды кліканы і, узброіўшыся акулярамі ды прыкладаючы ўсё майстэрства чытаць адсутныя літары, якому нас навучаў Арыстоцель, усё аднавіў і пераклаў, як вы гэта самі зможаце ўбачыць, калі пачняце пантагруэльнічаць, ці, іначай кажучы, папапіваць гарэлачку ды папачытваць аб прыжахлівых дзеях Пантагруэлевых.

У канцы той кніжачкі быў дададзены невялічкі трактат пад назваю “Жыватворныя забаўкі”. Пачатак гісторыі пашкуматалі пацукі ды прусакі, а можа (каб толькі не схлусіць), яшчэ якія шкадлівыя жывёліны, а рэшту я, праз пашану да старадаўнасці, прыкладаю тут цалкам.

[...]

Раздзел ХІІІ


Пра тое, як Грангузье даведаўся пра незвычайны розум Гарганцюа, дзякуючы яго вынаходніцтву падціркі для задніц

Пры канцы пятага году, вяртаючыся пасля разгрому канарцаў, Грангузье наведаў свайго сына Гарганцюа. Узрадаваўся ён сыночку так, як мог узрадавацца толькі такі бацька, убачыўшы такое сваё дзіцятка: ён цалаваў яго, абдымаў і распытваў пра розныя хлапечы выбрыкі. Пры гэтым ён не прамінуў добра выпіць — і з ім, і з ягонымі мамкамі — і за бяседаю, паміж іншым, паклапаціўся спытаць, ці сачылі яны, каб хлопчык быў заўсёды ахайны ды чысты. На гэта яму адказаў сам Гарганцюа; ён паведаміў, што завёў такі парадак, што цяпер ва ўсёй краіне чысцейшага, чым ён, хлопчыка не знайсці.

— Як гэта? — спытаў Грангузье.

— Пасля доўгіх і забаўных вопытаў я прыдумаў адмысловы спосаб падціраць зад, — сказаў Гарганцюа, — самы высакародны, самы вялікасвецкі і самы прыдатны з усіх вядомых.

— І які ж гэта спосаб? — папытаўся Грангузье.

— Зараз я вам усё раскажу, — адказаў Гарганцюа. — Неяк раз мне давялося падцерціся аксамітным шалікам адной шлюхетнай паненкі, і мне гэта даволі такі спадабалася, бо дотык мяккай тканіны да задняй адтуліны падарыў мне прыкметную асалоду. Другі раз я падцерся каптурком адной з памянёных асоб, і вынік быў такі самы. Потым — нашыйнаю хустай. Потым — атласнаю шапкай з доўгімі вушкамі, але на тых вушках была навешаная процьма паганых залачоных гулечак, якія спісяжылі мне ўвесь тул; каб яму антонаў агонь у задніцу, таму залатару, які іх зрабіў, а заадно і той паненцы, што іх насіла. Боль прайшоў толькі тады, калі я падцерся капялюшыкам пажа, упрыгожаным на швейцарскі лад пёрамі.

Потым, седзячы раз пад кустом, я падцерся марцоваю кошкаю, якая трапілася пад руку, але сваімі кіпцюрамі яна разадрала мне ўвесь прамежак.

Акрыяў я толькі на другі дзень, калі падцерся пальчаткамі сваёй матухны, ад якіх моцна пахла бздухмяным ладанам.

Пасля я падціраўся шалфеем, кропам, ганушам, маяранам, ружамі, гарбузнікам, капусным і вінаградным лісцем, бурачнікам, мальвай, дзіваннай, ад якой чырванее зад, латукам і шпінатавым лісцем — карысці ад усяго гэтага было, як ад кашлю пры хваробе, — потым я падціраўся пралеснікам, драсёнам, крапівой, жывакостам, але ў выніку мяне прабраў такі крывавы панос, як нашых салдат у Ламбардыі, і ачуняць ад яго я здолеў, калі падцерся сваімі ж майткамі.

Яшчэ пазней я падціраўся прасцірадламі, коўдрай, фіранкамі, падушкай, каберцам, дываном, анучай, сурвэткай, насоўкай і нават халатам. І ва ўсім гэтым я знаходзіў большую асалоду, чым хворы на каросту, якога чухаюць.

— Цікава, сказаў Грангузье. — Але якая падцірка, па-твойму, аказалася найлепшай?

— Я да гэтага якраз і вяду, — адказаў Гарганцюа. — Зараз вы пра ўсё будзеце ведаць самым дакладным чынам. Дык вось, я падціраўся сенам, саломаю, пакуллем, лямцам, воўнай, паперай. Але —


                              Хто падціраецца паперай,
                              Зад у таго смярдзіць без меры.


— Ого! — сказаў Грангузье. — Вось дык сынок-дрыстунок! Толькі яшчэ зад ад гаршка падняў, а ўжо вершыкі складаеш?

— А то ж, Вашамосць! — адказаў Гарганцюа. — Я іх тут ужо цэлую кучу наваляў. Мяне так часта на іх нясе, што часам да стала дабегчы не паспяваю. Вось паслухайце, які ў нас у прыбіральні напісаны зварот да экскрэментатараў:


Бздун,

Сярун,

Дрыстун,

Твой газ

З рыкам

Пшыкам

Прэ

На нас.

А ты і рад,

Смярдзючы гад,

Агонь антонаў табе ў зад!

Няхай твая зрасцецца дзірка,

Калі не вытраш зад падціркай!


Можа хочаце яшчэ?

— Ну, давай, — адказаў Грангузье.

— Тады слухайце, — прамовіў Гарганцюа.


Рандо


Пакакаўшы аднойчы днямі,

Панюхаў я сваё гаўно,

Але смуроду не было,

Быў водар: пахла як духамі.

Хутчэй скажыце ж маёй даме:

Яе чакаю я даўно,

Пакакаўшы,

Я б так заткнуў ёй між нагамі

Яе жаночае дупло...

На жаль! Як то не раз было,

Я толькі зад прыкрыў штанамі,

Пакакаўшы.


Ну, і скажыце цяпер, што я нічога не разумею ў паэзіі! А я, між тым, нават мог паклясціся б тваёй маці, што вершы складаць зусім не вучыўся. Проста неяк пачуў, як іх расказвалі адной велікасвецкай пані, яно і адклалася ў мяне ў памяці.

— Але ж вернемся да сутнасці нашай гаворкі, — сказаў Грангузье.

— Гэта да каторай? — спытаў Гарганцюа. — Да какання?

— Не, да падцірання, — паправіў яго Грангузье.

— А тады што вы скажаце, каб выставіць барылу брэтонскага, калі я вас пасаджу з вашаю заўвагай у лужыну?

— Анягож, — пагадзіўся Грангузье.

— Дык вось, — сказаў Гарганцюа, — падціраць задніцу трэба толькі тады, калі ёсць дзярмо, а дзярма быць не можа, пакуль не пакакаеш: такім чынам, спачатку трэба пакакаць, а ўжо пасля падцірацца.

— Ого! — здзівіўся Грангузье. — Які ж у цябе клёк, мой хлопчык! Далібог, у самым хуткім часе я пашлю цябе на экзамен, і табе прысудзяць годнасць доктара пацяшальных навук — ты разумны не па гадах. Але зрабі ласку, расказвай далей пра свае задападціральныя доследы. Клянуся маёй барадой, я выстаўлю табе не барылу, а цэлую капу бочак добрага брэтонскага віна, якое вырабляюць зусім не ў Брэтані, а ў слаўным Веронскім краі.

— Калі хочаце далей, — сказаў Гарганцюа, — то падціраўся я таксама каўпаком, падушкай, пантофлем, амелькай, кашом — але, о якая ж гэта была паганая падцірка! Нарэшце, шапкамі. Тут вы павінны ведаць, што шапкі бываюць розныя: гладкія, шарсцістыя, варсістыя, ядвабістыя і атласістыя. Найлепшыя з усіх — шарсцістыя, бо яны выдатна ачышчаюць зад ад фекаліяў.

Потым я падціраўся курыцай, пеўнем, куранём, цялячаю шкурай, трусам, голубам, бакланам, адвакацкім партфелем, капюшонам, каптурком і чучальным птушыным вабікам.

Але, каб падвесці рысу размове, мушу вам заявіць, што ва ўсім свеце няма лепшай падціркі за пушыстае гусяня: галоўнае, суючы яго паміж ног, не забывайцеся добра трымаць яму дзюбу. А ўжо тое, што падцірка гэта сапраўды выдатная, паверце майму слову гонару. Вашая адтуліна ў задніцы адчуе незвычайную асалоду, як дзякуючы мяккасці гусінага пуху, так і дзякуючы таму, што само гусяня цёпленькае, і гэтая цеплыня праз задні праход і вантробы лёгка пранікае аж да самага сэрца й мазгоў. І не думайце, што сваімі ўцехамі ў Елісейскіх палях паўбагі і героі абавязаныя асфадэлям, ці амброзіі, ці нектару, як гэта балбочуць старыя бабы. Па-мойму, усё толькі ў тым, што яны падціраюцца гусянятамі, і такой самай думкі прытрымліваецца магістр Ёган Шатландскі.


[...]

Спампаваць тэкст цалкам мона па спасылцы ніжэй.

Пераклад з французскай – Зміцер Колас © 2013

Чытайце таксама

Алена Стэпаненка

Алена Стэпаненка

Украінская паэтка, перакладчыца.

Роберт Фэргюсан

Роберт Фэргюсан

Шатландскі паэт Роберт Фэргюсан нарадзіўся 5 верасня 1750 году ў сям’і Ўільяма Фэргюсана, бухгалтара банка брытанскай ільняной кампаніі ў Эдынбургу, і яго жонкі Маргарэт і быў адным з трох іх дзяцей, што засталіся ў жывых

Джэймс Дуглас Морысан

Джэймс Дуглас Морысан

Амерыканскі паэт, эсэіст, аўтар песняў, вакаліст гурта The Doors

Яна Бэнява

Яна Бэнява

Славацкая паэтка і аўтарка прозы. Жыве ў Браціславе

886