№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Фіцрой Маклейн

Смерць Рудога Коліна (The Death of Red Colin)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Антон Францішак Брыль
Дзякуем выдавецтву Birlinn за ласкавы дазвол на публікацыю гэтага тэксту.

Пасля паўстання 1745 г. і паразы якабітаў у Кулодэнскай бітве, расказвае шанахі [1], на Сугор'і пачаліся цяжкія часы. Тых, хто пайшоў за прынцам Чарлзам, багатых і бедных, рабавалі дачыста. Ім не пакідалі ні каровы, ні каня, ні авечкі, ні казы, коўдры сцягвалі з іхных ложкаў, вопратку здзіралі проста з людзей; забіралі нават скруткі прадзіва з фарбоўных катлоў, а дамы падпальвалі. З большага якабіты заставаліся верныя адно адному, супольна й згодна таілі ад людзей караля Георга сховы тых, каго загадана было схапіць, ды шукалі спосабу перадаваць выгнанцам ежу. Яны дзяліліся між сабою тым, што мелі, ды як маглі сачылі, каб пра іхныя справы не дазналіся прыхільнікі караля. Але, як бывае ў такіх выпадках, знаходзіліся здраднікі, якія пры кожнай магчымасці перадавалі пачутае ўраду. “Таму, — расказвае шанахі, — калі чалавек прыходзіў у дом суседа пра нешта пагаварыць, то найперш аглядаўся ды пытаў: А што, дах тут не працякае? Калі ў доме былі толькі сябры, адказ быў “не”. Інакш гаспадар казаў: Працякае; глядзі ўважліва, дзе сядаеш”. Такімі былі нягоды людзей, верных дому Сцюартаў.

Землі паўстанцаў, паплечнікаў прынца Чарлза, сканфіскоўвалі, а кіраваць гаспадаркаю ды збіраць плату з арандатараў прызначалі ўрадавых намеснікаў. Ва ўладаннях Кэмерана з Лахíля і Сцюарта з Áпіна намеснікам стаў Колін Кэмпбэл з Гленура. Гленур [2] быў з малодшых сыноў Кэмпбэла з Баркольдына й ягонай другой жонкі, дачкі Кэмерана з Лахіля. За колер валасоў яго называлі Колін Руа, Руды Колін. Ён служыў у войску кіроўнай Гановерскай дынастыі ў 1745 і 1746 і праслыў за чалавека “вельмі лютага да тых, хто паўстаў з Прынцам”.

Гаварылі, што ён паказаў гэта самым яўным чынам, калі з перамогаю герцага Камберлэнда пры Кулодэне лэрд Кінлахмодарта і брат Макдональда з Кéпаха трапілі ў палон да ўрадавых войскаў. Абодва знялі адзнакі рангу ды змяшаліся з натоўпам простых жаўнераў, спадзеючыся вярнуцца дадому непазнанымі. Некаторыя з прысутных урадавых афіцэраў ведалі гэтых дваіх з ранейшых часоў, але нічым іх не выдалі. Аднак пасля з'явіўся Гленур. “Ага, — сказаў ён, паглядзеўшы на палонных. — Вось гэта лэрд Кінлахмодарта, ён быў маёрам у войску Прынца. А тое — брат Макдональда з Кепаха, ён таксама быў у Прынца Чарлза афіцэрам”. Тады абодвух юнакоў схапілі, кінулі ў астрог, а пазней, пасля нейкага кшталту разбіральніцтва, асудзілі на смерць як здраднікаў. Спачатку іх павесілі, але дасталі з петляў яшчэ жывымі. Затым кожнаму выразалі сэрца ды кінулі ў твар. Пасля гэтага ім адсеклі галовы, целы спалілі, а попел развеялі па ветры. Паводле аднога аповеду, у грудзёх Макдональда аказалася два сэрцы.

У наступныя гады Колін з Гленура не губляў ніводнага шанцу даняць якабітаў, і асабліва клапаціўся пра тое, каб не рабіць выключэння для клана сваёй маці, Кэмеранаў. “Я расквітаюся з імі, — казаў Колін. — Я прыгляджу, каб у Сцюартаў не засталося ні кавалка зямлі ў Апіне, а ў Кэмеранаў — ні кавалка зямлі ў Лахáберы”. “Праз такія словы, — расказвае шанахі, — вялікая злосць і нянавісць была ў людзей Апіна й Лахабера да Коліна з Гленура”.

Калі была магчымасць, Гленуравы справы не разыходзіліся са словамі: ён бязлітасна паляваў на ўцекачоў і аднойчы ўласнаручна без развагаў забіў старую жанчыну, якая адважна абараняла свайго пасынка. Яна закрыла таго сваім целам ды крычала “Колін, Колін, адпусці яго жывым!” Але Гленур спусціў курок і застрэліў яе на месцы. “Такія ўчынкі, — расказвае шанахі, — абудзілі дужую нянавісць да Коліна сярод тых, хто спачуваў паўстанцам Прынца. І яны жадалі Колінавай смерці”.

Чарлз Сцюарт з Ардшэйла, які ваяваў за Прынца Чарлза, быў цяпер у выгнанні ў Францыі. Ягоныя землі былі сканфіскаваныя, і Шэймас а'Глінэ, Джэймс з Даліны, пазашлюбны сын ягонага бацькі, плаціў за іх Гленуру як арандатар. Плата была невысокаю, і Джэймс аддаваў частку прыбытку з зямлі жонцы свайго зводнага брата, Ізабэлі. Але Гленур, як толькі дачуўся пра гэта ад выказчыка, ураз адняў у Джэймса ўсе статкі і ўсе запасы, выгнаў яго самога з Ардшэйла, а зямлю аддаў у доўгае трыманне нейкаму Кэмпбэлу, чалавеку са свайго клана. “Гэта, — расказвае шанахі, — было вялікаю згубаю для Джэймса з Даліны... Ён з той пары пачаў шмат піць, і калі бываў моцна п'яны, што здаралася нярэдка, то кляў Коліна з Гленура, казаў пра сваю злабу на яго ды пагражаў, што адплаціць яму за шкоду не меншаю шкодаю. І ніяк не хаваў свайго абурэння”. Што да лэдзі Ардшэйл, то ёй давялося пакінуць Апін разам з дзецьмі ды шукаць іншага прытулку, пакуль яна не далучылася ўрэшце да мужа ў Францыі.

Тым часам Колін з Гленура па-ранейшаму не літаваў насельнікаў Апіна і Лахабера. Калі тыя паслалі двух джэнтльменаў з ліку сваіх яго абразуміць, ён папросту паўтарыў тое, што казаў раней, а менавіта — што не спыніцца, пакуль у руках Сцюартаў і Кэмеранаў застаецца хоць шматочак зямлі. “Ягоныя словы, — расказвае шанахі, — разнесліся па ўсім Апіне і Лахаберы. Калі Колін не спыніцца, гаварылі ўсе, то пакаротку ў краі не застанецца ніводнага з даўніх насельнікаў. Тамтэйшыя людзі і раней ненавідзелі Коліна ды прагнулі ўсім сэрцам ягонай смерці. Але пачуўшы тыя ж словы зноў, яны жадалі ўжо забіць яго сваімі рукамі”. І такое жаданне падзялялі многія.

Першы план па ператварэнні жадання ў дзеянне належаў лэрду Каларта, які вызваўся падсачыць Коліна ў час вечаровага шпацыру ды ўсадзіць у яго кулю. Але Каларт адмовіўся ад гэтай задумы пасля прыватнай размовы за вячэраю са Сцюартам з Фаснаклоха. З'явілася новая прапанова. Было вырашана, што пэўныя значныя людзі з Апіна сустрэнуцца разам у Гленстакдэйле. Гэтую падзею найлепей апісваюць словы шанахі. “У краі, — расказвае той, — былі пэўныя людзі, якія не склалі зброі перад каралём ды былі ў сваіх мясцінах сярод наймацней паважаных. Кожны, хто меў стрэльбу, мусіў прынесці яе з сабою, бо ўсе стрэльбы трэба было выпрабаваць. Для выпрабаванняў абралі месца званае Лаг-Влар-ан-Лохан, адкуль гукі стрэлаў не павінныя былі разносіцца далёка.

У той час у Апіне і Гленко было тры стрэльбы. Джон Сцюарт, які жыў у Кулас-нан-Кон, меў стрэльбу, якую зваў іменем а'Хульвэрнах. Гэта была гішпанская, вельмі добрая ў сваім кшталце стрэльба. Лэрд Фаснаклоха меў двухстволку. Быў яшчэ адзін чалавек у Апіне, на ймя Дугальд Мак-Кол, праз некаторых называны Дугальдам Вусачом, які меў вялікую, даўгую і выдатна трапную гішпанскую стрэльбу, якую сам зваў ан-т-Слінэнах.Усе сустрэліся ў прызначаны дзень у месцы, у якім дамовіліся сустрэцца, але, перш чым пачаць страляць, пакляліся адзін адному, што будуць трымаць справу у таямніцы; і што тыя, хто меў стрэльбы, аддадуць іх тым, што акажуцца найлепшымі стралкамі. Найлепшы стралок мусіў атрымаць найлепшую стрэльбу ды справіць адмысловае паляванне. Яны выпрабавалі зброю, і стрэльба Дугальда Мак-Кола, Слінэнах, то бок Шыракаплечая, аказалася найлепшай. Яна клала кулю і шраціну за дзве цалі адна ад адной блізу сярэдзіны цэлі з адлегласці ў сотню ярдаў. Найлепшым стралком быў Дональд Сцюарт, пляменнік лэрда Балахуліша. Са Слінэнаха ён клаў кулю і шраціну акурат у сярэдзіну цэлі. Дугальд Мак-Кол аддаў яму сваю стрэльбу, і было вырашана, што Дональд заб'е Гленура. Лэрд Фаснаклоха быў другім у стральбе. Яго абралі Дональду Сцюарту ў паплечнікі”.

Пакаротку прыйшла навіна, што Колін з Гленура збіраецца ў Лахабер па справах, звязаных з тамтэйшымі землямі Кэмеранаў. З ім ехаў ягоны пляменнік Мунга Кэмпбэл, пазашлюбны сын Колінава брата Баркольдына. Колін хацеў, каб пляменнік змяніў яго на лахільскім намесніцтве, бо сам на той час, са зразумелых прычынаў, баяўся ўжо там з'яўляцца. Змоўшчыкі, адпаведна, вырашылі скарыстацца з гэтага падарожжа, зрабіць на Коліна засаду і застрэліць яго, калі ён паедзе назад. З такою мэтаю наўме Кэмеранам даручылі не спускаць з Коліна вачэй у Лахаберы. Далей па дарозе мусіў стаіцца Вялікі Дональд Ог Мак-Марцін з Даханасі, ды чакаць, ці не выпадзе яму шанец падстрэліць Коліна з Гленура. Лэрдам Оніха й Каларта належала чакаць у Оніху. Нарэшце, на іншым баку Лох Левэна Дональд Сцюарт, пляменнік лэрда Балахуліша, і з ім Сцюарт з Фаснаклоха мусілі залегчы ў лесе пры вялікай чорнай скале паміж Балахулішам і Летэрморам, прыстроіўшы Слінэнах і Фаснаклохаву стрэльбу на галіне вялікай бярозы, і падпільноўваць Коліна.

У суботу 14 траўня 1752 Гленур, скончыўшы справы ў Лахаберы, выправіўся дамоў у суправаджэнні свайго пляменніка Мунга і Джона Макензі, свайго егера. Калі Гленур праязджаў месца, дзе мусіў чакаць на яго Вялікі Дональд Ог з Даханасі, Вялікага Дональда там яшчэ не было. Ён запозна выйшаў у дарогу, і калі дабраўся куды трэба, Колін са спадарожнікамі былі ўжо далёка. Дазнаўшыся пра гэта, Дональд быў раз’юшаны. “Як жа ты даў Коліну з Гленура праехаць некранутым?” — у гневе пытаў ён свайго таварыша, які павінны быў трымаць варту.

“Я спаў, калі яны былі тут, — засаромлена адказваў той, — вось і не ўбачыў, як яны праехалі”. Дональд, гонар якога пацярпеў ад гэтага здарэння, рынуў следам за Колінам у бок Оніха, дзе была засада оніхскага й каларцкага лэрдаў.

На той час егер Рудога Коліна, Джон Макензі, які сам быў з Оніха, дазнаўся, што пры дарозе ягонага гаспадара чакаюць людзі са стрэльбамі, а таму адважна ехаў як найбліжэй да яго. Праз гэта здарылася так, што калі яны праязджалі Оніх, Макензі ехаў акурат на лініі стрэлу паміж Колінам і лэрдамі Оніха й Каларта, якія ляжалі ў засадзе. У выніку тыя не насмеліліся страляць, бо баяліся забіць Макензі, чыйго бацьку ведалі. “Дзеля гэтай прычыны, — расказвае шанахі, — Колін праехаў паўз засаду ў Оніху гэтак жа, як і паўз папярэднюю”.

Пакаротку пасля праезду Коліна туды падскакаў Вялікі Дональд Ог, які быў дужа абураны. “Як жа вы адпусцілі гэтага мярзотніка без пачастунку?” — злосна пытаўся ён у лэрдаў Каларта і Оніха.

“Ягоны егер Макензі быў паміж ім і намі, — адказвалі тыя, — і мы не насмеліліся страляць, каб не забіць выпадкам і Макензі”.

Ад гэтых словаў Вялікі Дональд Ог зазлаваў яшчэ мацней. “Як я быў бы тут, калі праязджаў Колін, — заявіў ён, — я б стрэліў, хоць бы давялося забіць заадно і Макензі. На тым беразе, я пэўны, Коліна пільнуюць не такія вахляі, як на гэтым. Не сыду са свайго месца, пакуль не пачую стрэлаў”. І ён сеў і пачаў прыслухвацца, нецярпліва чакаючы стрэлаў з процілеглага берагу возера.

Калі Гленур са сваімі спадарожнікамі дабраўся да парому ў Балахулішы, які зваўся Кэлас-Вік-Фаруг, іх чакаў там постар-кам, Аднавокі Паромшчык на ймя Арчыбальд Мак-Інэс. Казалі, нібыта Арчы, хай сабе і аднавокі, быў абдораны іншым зрокам і ведаў пра тое, што будзе, раней, чым яно здаралася. Так ці не, але ўжо пра людзей пры дарозе, што не любілі Коліна і шукалі выпадку яго знішчыць, паромшчык ведаў як найлепей. “Колін, — сказаў ён, — калі ты паслухаеш маёй парады, дык зусім не паедзеш сёння ўздоўж Лох Левэна, а дадому дабярэшся праз Глен-ан-Югарых, так што і бяды з табою ніякай не выйдзе”.

“Нават і не падумаю, — адказаў Колін, — а паскачу ардшэйлскаю дарогаю. У мяне там справы, туды я і паеду”.

“Калі так, — сказаў Аднавокі Паромшчык, — то парада мая такая: сядай у човен і плыві па самай сярэдзіне возера, ад берагоў жа трымайся так далёка, як толькі зможаш, каб кулі цябе не сягалі”.

“Я нічога не баюся, — адказаў Колін. — Зразумела, я баяўся ў Лахаберы. Клан маёй маці мяне страшыць. Але цяпер, выбраўшыся цэлым з матчынага краю, я нічога не баюся”.

Так што Аднавокі Паромшчык пераправіў Коліна і Мунга і егера Макензі разам з коньмі на іншы бераг. Там падарожнікі паселі ў сёдлы й няхуткай рыссю скіраваліся ў бок Летэрмора. Не паспелі яны праехаць шмат, як ім сустрэўся Ян Сцюарт з Балахуліша, іначай вядомы як Ян Бугэ, то бок Жоўтавалосы. “Лепей табе заначаваць зараз у маім доме, Колін, — сказаў Балахуліш, чый пляменнік Дональд, як ён амаль напэўна ведаў, ляжаў тым часам са Слінэнахам крыху далей па дарозе ды чакаў Коліна. — Будзь адну ноч маім госцем, а ўранку едзь далей”.

Але Руды Колін, падзякаваўшы, адказаў: “Я не стану затрымлівацца. Я спяшаюся ў Ардшэйл і хачу апынуцца там як найхутчэй”.

“Калі толькі пажадаеш, — сказаў лэрд Балахуліша, — застанься на ноч у маім доме. Я думаю, напраўду, што лепей табе застацца”.

“Я еду далей, — адказаў Колін. — Мяне чакаюць справы ў Ардшэйле”.

Так што Колін з Гленура і ягоны пляменнік Мунга паскакалі далей, а Сцюарт з Балахуліша і егер Макензі нетаропка ехалі следам і хутка згубілі іх з вачэй. І калі Гленур і Мунга пад'ехалі да чорнай скалы пры Летэрморы, дзе хаваліся лэрд Фаснаклоха і Балахулішаў пляменнік Дональд Сцюарт, грымнуў стрэл, і дзве кулі трапілі Коліну ў левы бок, паміж рэбрамі й падпахаю. Тут Колінаў конь стаў дыбка, і вершнік заваліўся з сядла набок, выкрыкнуўшы: “Мунга, Мунга! Ратуйся! Скачы колькі стане спрыту ў нагах твайго каня. Мяне застрэлілі”. Тады конь кінуўся ў брамку пры ўзбочыне, і Колін, звісаючы з сядла, ударыўся аб стойку, зваліўся на зямлю і замоўк назаўсёды.


Возера Лох Левэн, над якім забілі Коліна.

Сцюарт з Балахуліша і Макензі здалёк пачулі стрэл. “Гэты стрэл зрабіў шкоду, — сказаў Балахуліш спадарожніку. — Спадзяюся, Колін з Гленура ехаў бліжэй да берагу і цяпер цэлы”. З тым ён павярнуўся і паехаў у Балахуліш, а Макензі паспяшаўся паглядзець, што сталася з ягоным гаспадаром.

У Оніху, за возерам, таксама пачулі стрэл. Вялікі Дональд Ог Мак-Марцін з Даханэсі хамяляжліва падняўся на ногі. “Вось цяпер мая справа скончаная, — заспакоена сказаў ён астатнім. — Можна ехаць дамоў. Я ведаў, што слаўныя людзі на тым беразе не прапусцяць мярзотніка гэтак глумна, як тыя, што сядзяць на гэтым”.

Калі Макензі дабраўся да месца, дзе застрэлілі ягонага гаспадара, Гленур ляжаў мёртвы ў лужыне крыві, а Мунга, ягоны пляменнік, стаяў побач. Як толькі Макензі паказаўся на дарозе, Мунга крыкнуў яму: “Скачы як найхутчэй да дому Джэймса з Даліны ды пастарайся прывесці яго ды ўсіх каго яшчэ знойдзеш, каб несці Коліна з Гленура”. І Макензі, ахоплены жахам, даў каню шпоры ды чуйдух панёсся да Джэймсава жытла.

Джэймс з Даліны, які жыў цяпер блізу Охарна, толькі перад гэтым сеяў ячмень. Зямля была мяккая, і сейбіт перапэцкаўся ў гліне вышэй каленяў. Калі пад'язджаў вершнік, Джэймс прыслухаўся ды сказаў: “Не даспадобы мне тое, што я чую. Гэтага каня захутка гналі”. Калі Макензі пагрукаў у дзверы, гаспадар грэўся, стаўшы спінаю да агменя. Пачуўшы грук, ён адышоў ад агню, а калі дзверы адчыніліся, паспяшаўся ў лажніцу. Макензі, уваходзячы, паспеў гэта прыкмеціць, але не падаў знаку. Ён запытаў, ці дома добры чалавек, і атрымаў адмоўны адказ. Тут Макензі прагаварыўся, што ягонага гаспадара забілі паміж Балахулішам і Летэрморам. Калі Джэймс пераапрануўся ў чыстае і вярнуся ў пакой, Макензі паўтарыў навіну і яму.

Co'sam bith an ciontach, is mise an creineach, — сказаў Джэймс. — Хто б ні быў вінаваты, расплачвацца буду я”. Тады Макензі папрасіў Джэймса пайсці з ім і дапамагчы несці Коліна з Гленура. Сам Джэймс думаў пагадзіцца, аднак ягоная жонка запярэчыла, і ў выніку ён не пайшоў.

Тым часам надыходзілі прыцемкі, а малады Мунга Кэмпбэл чакаў пры целе свайго дзядзькі ды намагаўся спыніць кроў, і тут на дарозе з'явілася жанчына з хустаю на плячах. “Будзь гэтак ласкавая, жанчына, — сказаў ёй Мунга, — дай мне гэтую хустку. Я заплачу табе”.

“Не дам, канечне, — адказала жанчына. — Я купіла сваю хусту ў краме. То ідзі і ты ў краму і купі сабе хусту сам”.

“Тут ляжыць чалавек, — сказаў Мунга, — нехта стрэліў у яго і забіў, і хуста мне патрэбная, каб спыніць кроў”.

“Сам паляваў, сам хай і поліўку хлябае”, — жорстка адказала жанчына ды пайшла далей.

Разважаючы пасля над гэтым здарэннем, Мунга не ведаў, ці звычайная тое была жанчына. У ёй было нешта дзіўнае, але яна выглядала знаёмаю. Яна нагадвала, падумалася яму раз, тую, якую Колін калісьці застрэліў, калі яна бараніла свайго пасынка.

Макензі сабраў нарэшце столькі людзей, колькі было патрэбна, ды вярнуўся з імі да цела гаспадара. Разам яны перанеслі забітага на човен і адвезлі ў дом млынара ў суседнім Кінталене. Там цела ляжала ў клеці, пакуль не зрабілі труну, а тады было забранае й пахаванае ў Ардхатанскім кляштары, дзе здаўна спачывалі Кэмпбэлы з Баркольдына.

Калі родзічы Гленура і астатнія джэнтльмены з клана Кэмпбэлаў дачуліся пра забойства, яны былі, што не дзіва, дужа ўзлаваныя. “І яны абшнырвалі ўсё наваколле, — расказвае шанахі, — каб знайсці тых, хто зычыў забітаму зла”. Тады згадалася, як Колін адняў у Джэймса з Даліны зямлю ў Ардшэйле, статкі й запасы, і як Джэймс, напіўшыся — а напіваўся ён цяпер часта, — бясконца кляў свайго крыўдзіцеля ды пагражаў, што ўздасць, калі знойдзе выпадак, за тую шкоду не меншаю шкодаю. І нават аднойчы, калі Джэймс быў з пэўнымі людзьмі ў карчме і адзін з іх прапанаваў, мабыць не без пад'юджвання, выпіць за здароўе Коліна з Гленура, Джэймс адказаў: “За Коліна з Гленура я піць не хочу”. “А чаго б ты хацеў?” — падхапіў яшчэ адзін. “Калі б яго павесілі, — адказаў Джэймс, — дык я б хацеў патузаць яго за ногі”. “І гэтыя словы заўважылі, — расказвае шанахі, — і не забыліся на іх. І калі кожнаму, хто данясе аб ворагах Коліна, паабяцалі вялікую ўзнагароду, нехта і данёс пра словы Джэймса з Даліны, і таго схапілі й кінулі ў астрог”.

Гэтаксама шэрыфу ў Інверарэі данеслі, што ў дзень Колінавай гібелі нехта бачыў, як Сцюарт з Фаснаклоха ішоў узброены ў пусткі. Адпаведна, Фаснаклоха схапілі ды прывялі на суд. Казалі яшчэ, што крыху раней Фаснаклох паслаў слугу да свайго суродзіча, Ўільяма Сцюарта, якога звалі звычайна Ўільям Мор Мак-Донахах Удэн, па нейкі пакуначак. Калі Фаснаклох разгарнуў пакуначак, слуга ўгледзеў, што там былі свінцовыя кулі й форма для ліцця новых, а на форме — нумар стрэльбы. Але калі Фаснаклоха забралі ў Інверарэй, гэты слуга збег з краю і не вяртаўся гады з тры альбо чатыры. “Невядома, — расказвае шанахі, — якія сведчанні супраць Фаснаклоха даў бы гэты слуга, калі б яго знайшлі — але яго не знайшлі”.

Сведчыць супраць Фаснаклоха мусіў Дональд Макінтайр, іначай званы Донал Бан, егер на службе Сцюарта з Інвернахіля. Як і Фаснаклох, Дональд паваяваў на баку Прынца. Шэрыф пытаў яго пад прысягаю, ці бачыў ён, як лэрд Фаснаклоха йшоў у пусткі са зброяй у руках у той дзень, калі забілі Коліна з Гленура, і Донал адказаў: “Не”. Іншых сведкаў не знайшлося, так што справа на тым скончылася, а Фаснаклоха адпусцілі на волю.

Праз пэўны час Фаснаклох убачыў Донала Бана за працаю ў полі. “Падыдзі, Донал Бан, — сказаў ён, — я маю да цябе размову”. Донал Бан падышоў. “Я моцна абавязаны табе, Донал Бан, — сказаў Фаснаклох, — бо ты пераступіў клятву, каб уратаваць мяне ў Інверарэі”.

“Што яшчэ за халера? — весела адгукнуўся Донал Бан. — Калі гэта я пераступаў дзеля цябе клятву?”

“Ну дык раскажы мне, — сказаў Фаснаклох, — як бы ты ў гэтым апраўдаўся?”

“Шэрыф пытаў мяне, — сказаў Донал, — ці бачыў ты, маўляў, лэрда Фаснаклоха са зброяй у руках у той самы дзень, калі быў забіты Колін з Гленура? І я адказаў “не”, бо ты меў тады стрэльбу ў адной толькі руцэ, а ў другой не меў нічога”.

“Няма чаго і запярэчыць”, — адказаў Фаснаклох, і яны паціснулі адзін адному рукі.

“Сярод джэнтльменаў і паважаных людзей, якія ваявалі на баку Прынца, — расказвае шанахі, — роўна ў Лахаберы і ў Апіне Мак-Іэна Сцюарта, няшмат знайшлося б такіх, што не былі неяк замяшаныя ў змову супраць Коліна з Гленура. Цяпер яны баяліся, што калі шныпары як след возьмуцца за справу, то змогуць нешта аб гэтым вызнаць. Таму яны прыдумалі хітрасць, каб збіць цікаўных са следу”.

Задума гэтых джэнтльменаў датычыла прыёмнага сына Джэймса з Даліны, пэўнага Алана Сцюарта, якога ўсе называлі Алан Брэк, Васпаваты, бо ягоны твар сапраўды быў моцна зрыты воспаю. Смелы й безразважны хлопец, які ў сорак пятым паспеў павяваць на абодвух баках, а ў будучыні мусіў стаць французскім афіцэрам, ён быў у Апіне, калі забілі Коліна. За ўмоўленую ўзнагароду ён пагадзіўся цяпер часова збегчы ў пагоркі й дазволіць, каб яго абвясцілі забойцам, “дзеля таго, — тлумачыць шанахі, — каб меней цікавасці было да рэшты джэнтльменаў, і каб тыя, хто шукаў звесткі пра забойства, замест гэтага выпраўляліся ў пагоркі шукаць Алана. Ніхто ў краі не выдаў бы яго, бо пакуль ён заставаўся на волі, пагроза сапраўдным забойцам слабела”.

Некаторы час Алан таіўся ў пагорках, пасля ж адшукаў спосаб збегчы ў Францыю і адтуль даслаў ліст, у якім абвяшчаў сябе забойцам Коліна з Гленура. “Але гэты ліст, — расказвае шанахі, — дайшоў не гэтулькі хутка, каб дапамагчы Джэймсу з Даліны”. 21 верасня 1752 году ў старым судовым доме ў Інверарэі Джэймс з Даліны мусіў адказваць на абвінавачанні ў суўдзеле ў забойстве Коліна з Гленура. Не ў апошнюю чаргу гэты працэс, як і многія папярэднія й наступныя, меў на мэце застрашыць мясцовы люд, і вырак быў перадвызначаны.

Старшыняваў на судзе Арчыбальд Кэмпбэл, трэці герцаг Аргайл і Лорд Галоўны Суддзя Шатландыі. З пятнаццаці лаўнікаў адзінаццаць насілі прозвішча Кэмпбэл. Сярод абвінаваўцаў быў Сайман Фрэзер, колішні гаспадар Ловата, які з нядаўняй пары служыў у шатландскім судзе. Ягонае веданне гэльскай было там дарэчы, а сам ён, сын чалавека, пакаранага смерцю за дзяржаўную здраду, і ўдзельнік апошняга паўстання, быў на многае гатовы, каб улагодзіць улады й выслужыць сабе новае жыццё.

Суд над Джэймсам, гаворыць шанахі, цягнуўся тры дні, “і не знаходзілася нічога, што казала б пра ягоную віну”. На трэці дзень сведчыць супраць яго выклікалі пэўнага Джона Брэка Мак-Кола з Глендурара. Джон Мак-Кол быў сіратою, якому Джэймс калісь даў прытулак і якога вырасціў ва ўласным доме. Джон шмат часу правёў з Джэймсам у карчме й нярэдка чуў, як той лаяў Коліна з Гленура. І ўсё ж нішто з ягоных сведчанняў не дазваляла нават гэтаму суду прызнаць Джэймса вінаватым. Аднак выйшаўшы з суда, Джон Мак-Кол сустрэў сваю жонку ды пагаварыў з ёю пра свае паказанні.

“А ці сказаў ты ім, — спытала яго жонка, — што ты чуў, як Джэймс, напіўшыся, гаварыў аднойчы, што прапоўз бы мілю на карачках, каб зрабіць з Коліна цецерука?”

“Я, напраўду, і не памятаю такога”, — адказаў Джон.

“Я мяркую, — сказала ягоная жонка, — што лепей табе вярнуцца і расказаць пра гэта”.

“Мне б не хацелася вяртацца на суд, бо я не згадаў гэтага, пакуль быў там”, — адказаў Джон. Але ў выніку жонка пераканала яго, і ён вярнуўся і сказаў суддзям: “Калі я быў тут, джэнтльмены, я забыўся нешта расказаць. Ёсць адна драбніца, якой я не згадаў”.

“То давай тады, — адказалі яму, — станавіся на месца сведкі, і мы паслухаем, што ты маеш сказаць”.

І Джон Мак-Кол ізноў стаў на месца сведкі і прамовіў: “Аднойчы я чуў, як падсудны Джэймс Сцюарт, напіўшыся, казаў, што прапоўз бы тры мілі на карачках па лёдзе, каб зрабіць цецерука з Коліна з Гленура”. І толькі суддзя пачуў гэтыя словы, як ураз вынес прысуд, і было абвешчана, што Джэймс Сцюарт мусіць быць павешаны на вяршыні кургана Кнэп-а-Хуліш у Балахулішы, што цела ягонае мусіць вісець у пятлі, пакуль не ўпадзе, і што косткі ягоныя мусяць быць сабраныя, змацаваныя і зноў павешаныя, і вісець надалей, пакуль не спарахнеюць.

Калі Дональд Сцюарт, пляменнік лэрда Балахуліша, пачуў, што Джэймс Сцюарт чакае смерці ў астрозе, ён быў вельмі засмучаны думкаю, што нявінны чалавек будзе павешаны за злачынства, якога не рабіў, і ўсур'ёз думаў, ці не здацца яму ўладам і не пайсці на вісельню замест Джэймса. Але калі ягоныя сябры пачулі пра гэтыя намеры, то вельмі ўстрывожыліся, бо такі ўчынак мог наклікаць бяду на іх усіх. Таму яны зрабілі ўсё магчымае, каб адгаварыць Дональда ад ягонай задумы, даводзячы, што нашмат лепей адному нявіннаму загінуць, чым усяму люду ў краі трапіць у вялікую бяду, і што нават калі ён, Дональд, здасца ўладам, то гэта не ўратуе Джэймса ад пятлі, але павесяць абодвух. Сапраўды, была немалая небяспека, што знойдуць усіх, замяшаных у змову, і каго не павесяць, тых выганяць з каралеўства. Нарэшце з вялікаю цяжкасцю сябры пераканалі Дональда. Але ён захварэў ад гора, і ляжаў у гарачцы, расказвае шанахі, “і доўга яшчэ пасля таго не ўставаў”.

У належны час на Кнэп-а-Хулішы блізу Балахулішскай пераправы ўзвялі вісельню, і 8 лістапада 1752 году Джэймс з Даліны быў павешаны. Апавядаюць, што Кэмераны задумвалі вызваліць яго па дарозе да вісельні, але Джэймс адгаварыў іх, сказаўшы, што з гэтага выйдзе болей шкоды краю, чым вартае яго жыццё.

Перад самым пакараннем Джэймс прасіў аднога з двух прысутных святароў зачытаць яму трыццаць пятую псальму, якую ў Апіне і Лахаберы з той пары доўга называлі Салм-Шэймас-а-Глінэ, Псальмаю Джэймса з Даліны: “Бо на бязвіннага мяне яны паставілі сетку ў яме, якую выкапалі на бязвінную душу маю... Усталі няправедныя сведкі і вінавацілі мяне ў тым, пра што я не ведаў”.

Цела павешанага, паводле выраку, пакінулі вісець у ланцугах на вісельні. “І ягоным сябрам, — расказвае шанахі, — было вельмі цяжка гэта зносіць, бо вісельня была бачная з вокнаў дому ягонай удавы, і з дамоў двух ягоных замужніх сёстраў, і таксама з дому лэрда Балахуліша. І кожны раз, паглядзеўшы ў бок Ардшэйла, яны бачылі Джэймса, што вісеў у пятлі”.

Праз пэўны час, калі Дональд, пляменнік Сцюарта з Балахуліша, акрыяў ад гарачкі, ён і брат Коліна з Гленура, Аляксандр Кэмпбэл, сын лэрда Баркольдзіна, выправіліся з сабакамі і егерамі да Ранах Мор паляваць на аленя. Дональд узяў з сабою сваю даўгую стрэльбу Слінэнах. За цэлы дзень яны не сустрэлі здабычы, і ўвечар спыніліся ў лагчыне і селі падсілкавацца ўзятаю з сабою ежаю. І пакуль яны елі, удалечыні паказалася нешта падобнае да аленевых рогаў. “Свісні”, — сказаў Дональд свайму егеру, але нішто не зварухнулася. “Свісні гучней”, — сказаў Дональд, і егер свіснуў гучней. Гэтым разам алень падняў галаву. Дональд абапер сваю доўгую стрэльбу ды прыцэліўся.

“Ёлупень, — сказаў Аляксандр, — няўжо ты думаеш патрапіць у яго з такой адлегласці?” Дональд стрэліў, і алень паваліўся на зямлю. “Атрымалася, — сказаў Аляксандр. — Ніколі не думаў, што хоць адна стрэльба на такое здольная”.

Разам яны падышлі да аленя і паглядзелі, куды патрапіў стрэл. Дзіркі ад дзвюх шрацінаў, за дзве цалі адна ад адной, былі акурат пасярэдзіне паміж плячом і кароткаю рабрынаю.

“Акурат у такі спосаб, — сказаў, разглядаючы дзіркі, Аляксандр, — застрэлілі майго брата Коліна, і калі толькі я не дужа памыляюся, стрэльба там была тая ж самая”.

“То ты думаеш, — з незвычайнаю адкрытасцю спытаў Дональд, — што гэта я забіў твайго брата?”

“Я не кажу, у чыёй руцэ была стрэльба, — сказаў Аляксандр, — але я дужа памыляюся, калі гэта не тая самая стрэльба, з якой яго забілі”.

“Калі б я думаў, што ты ўявіў, быццам гэта я забіў твайго брата, — адказаў Дональд, — ты не пайшоў бы дамоў жывы ды ўласнымі нагамі”.

“Я не кажу, што гэта ты забіў майго брата, — сказаў Аляксандр Кэмпбэл. — Я заўважыў толькі, што шраціны з тваёй стрэльбы леглі на такой самай адлегласці, што і тыя, якімі быў забіты мой брат, і ў дужа падобны спосаб”.

“Думаў бы я, што ты падазраеш мяне ў забойстве брата, — сказаў Дональд, — то ты не пайшоў бы дамоў расказваць пра гэта іншым”.

“Я не падазраю цябе, — сказаў Аляксандр. — Я кажу толькі, што раны падобныя”.

Гэтая размова, расказвае шанахі, пасяліла паміж імі халоднасць. Раздзяліўшыся, яны вярнуліся дамоў кожны сваёй дарогай і з той пары не хадзілі разам паляваць на аленяў.

Праз пэўны час Дональд Сцюарт пайшоў у маракі й не вяртаўся ў Балахуліш да старасці. Памёр ён, як расказваюць, у хацінцы ў Глен-на-н-Іле, і многія джэнтльмены краю былі пры ім у ноч ягонай смерці. Але раптоўна імі авалодаў жах, і яны выбеглі прэч, і не вярталіся, пакуль не развіднела, а тады яны ўвайшлі ды ўбачылі Дональда мёртвага.

Косткі Джэймса з Даліны віселі ў ланцугах на Кнэп-а-Хулішы яшчэ колькісьці год, у папярэджанне прыхільнікам якабітаў, што праміналі тое месца. Год ці два пры вісельні дзень і ноч стаялі пятнаццаць збройных жаўнераў, пазней варту нарэшце знялі.

У 1761 годзе Арчыбальд, герцаг Аргайл, памёр, а спадчыну прыняў ягоны стрыечны брат, генерал Джон Кэмпбэл з Мамора, чалавек лагаднейшы ды вядомы павагаю да іншых Сугорцаў. Да герцага Джона, пасля пэўных падрыхтоўчых манеўраў, прыйшоў Ян Сцюарт з Балахуліша з просьбаю аб дазволе разбурыць вісельню, якую Ян зваў “сваёю суседкаю”, і належным чынам пахаваць тое, што засталося ад Джэймса.

“Не гавары пра гэта болей, — прыязна адказаў яму герцаг, — але разбуры яе. Не па маім жаданні яна з'явілася там увогуле. Я зрабіў усё, што мог, каб яе не паставілі, але той, хто быў тады герцагам Аргайла, зрабіў як захацеў. Разбуры сваю суседку без лішняга шуму, і я абяцаю, што ні слова не моўлю супраць гэтага. Тое была ганебная справа, і як на мяне, то лепей бы гэтаму ніколі не здарацца”.

Сёння на месцы, дзе стаяла вісельня, узвышаецца гранітны манумент, які абвяшчае ўсім і кожнаму бязвіннасць Шэймаса-а-Глінэ, які пахаваны непадалёк у разбураным касцёле ў Кэле.

Праз шмат гадоў служанка на ймя Джанэт пасвіла статак у даліне за домам Балахулішаў ды знайшла ў вялікім дупле іржавую стрэльбу. Дзяўчына прынесла знаходку Сцюарту з Балахуліша, на той час ужо вельмі старому. “Se sin gunna dubh a' mhifhortain, a Sheonaid, — сказаў той, — Гэта, Джанэт, чорная стрэльба нядолі”.

Згадаю на заканчэнне: мой сябар, сэр Дугальд Сцюарт з Апіна, расказваў мне, што імя чалавека, які забіў Коліна Кэмпбэла з Гленура, таемна перадавалася ў ягонай сям'і ад бацькі да сына з тых самых часоў. Я не распытваў яго далей, і пакідаю сваім чытачам рабіць з гэтага ўласныя высновы.



[1] Шанахі (seanachie) — чалавек, абазнаны ў казках і паданнях, які расказвае іх слухачам. — Заўв. перакладчыка.

[2] Ужыванне назвы ўладання замест імені гаспадара — досыць звычайная справа; такое шчэ не раз сустрэнецца нам у гэтай гісторыі. — Заўв. перакладчыка.


Апавяданне ўзятае з кнігі West Highland Tales

Пераклад з ангельскай – Антон Францішак Брыль © 2011

Чытайце таксама

Арцюр Рэмбо

Арцюр Рэмбо

Французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму

Андрэй Адамовіч

Андрэй Адамовіч

Беларускі паэт, аўтар зборніка "Дзень паэзіі смерці дзень". Перакладае з украінскай

Ўолт Ўітмэн

Ўолт Ўітмэн

Амерыканскі паэт, эсэіст і журналіст.

Анатоль Франс

Анатоль Франс

Анатоль Франс (сапраўднае імя Франсуа-Анатоль Тыбо) – французскі пісьменнік і літаратурны крытык

562