№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Тадэвуш Ружэвіч

Бачу вар'ятаў

Вершы

Пераклад з польскай Юля Цімафеева
Ацалелы
(Ocalony)
 
Мне дваццаць чатыры гады
я ацалеў
адведзены на бойню.
 
Вось пустыя назоўнікі-сінонімы:
чалавек і жывёла
любоў і нянавісць
вораг і сябар
цемра і святло.
 
Чалавека забіваюць так як жывёлу
я бачыў:
фургоны пасечаных людзей
якія не будуць уратаваныя.
 
Паняцці — ўсяго толькі словы:
дабрыня і злачын
праўда і мана
краса і брыдота
мужнасць і баязлівасць.
 
Аднолькава важаць дабрыня і злачын
я бачыў:
чалавека які быў адначасна
злачынны і добры.
 
Я шукаю настаўніка і майстра
няхай верне мне зрок слых і мову
няхай наноў назаве рэчы і паняткі
няхай аддзеліць святло ад цемры.
 
Мне дваццаць чатыры гады
я ацалеў
адведзены на бойню.
 
 
 
Коска
(Warkoczyk)
 
Калі ўжо ўсіх жанчын
з машын пагалілі
чатыры работнікі мётламі
зробленымі з ліпы змяталі
й збіралі іх валасы
 
Пад чыстым шклом
ляжаць шорсткія валасы задушаных
у газавых камерах
у тых валасах шпількі
і касцяныя грэбні
 
Не прасвечвае іх святло
не раздзімае вецер
не кранаецца іх далонь
ані дождж ані вусны
 
У вялізных скрынях
аблокі сухіх валасоў
задушаных
і шэрая коска
мышыны хвосцік са стужкай
за які цягалі ў школе
неслухмяныя хлопцы.
 
Музей — Асвенцім, 1948
 
 
 
Разня хлопчыкаў
(Rzeź chłopców)
 
Дзеці крычалі: “Мамачка!
Але ж я быў добрым!
Тут цёмна! Цёмна!”
 
Бачыце іх Ідуць на дно
Бачыце малыя ступні
пайшлі на дно Ці бачыце вы
той след
малой ножкі там і тут
 
у кішэні поўна
шворак камення
малых драцяных конікаў
 
Вялізная раўніна замкнёная
як геаметрычная фігура
і дрэва з чорнага дыму
прамое
мёртвае дрэва
без зоркі ў кароне.
 
Музей — Асвенцім, 1948
 
 
 
Бачу вар’ятаў
(Widzę szalonych)
 
Я бачу вар’ятаў якія
хадзілі па моры
верылі да скону
і пайшлі на дно
 
яны цяпер хіляць
мой човен валкі
 
адпіхваю іх цвёрдыя
далоні жорстка жывы
 
адпіхваю год за годам.
 
 
 
Але калі хто пабачыць…
(Ale kto zobaczy)
 
Але калі хто пабачыць маю маці
у сінім халаце ў белым шпіталі
якая трасецца
якая стыне
з драўлянай усмешкай
з белымі дзяснамі
 
Якая верыла пяцьдзясят год
а тут плача і кажа:
“Не ведаю… я не ведаю”
 
яе твар як сляза вялікая й мутная
жоўтыя рукі яна складае як напужаная
дзяўчынка
а вусны ў яе цёмна-сінія
 
але калі хто пабачыць маю маці
звярка зацкаванага
з вылупленымі вачыма
 
той
 
ах я хацеў бы насіць ля сэрца яе
і карміць салодкім.
 
 
 
Der Tod ist ein Meister aus Deutschland
(Der Tod ist ein Meister aus Deutschland)
 
                        Памяці Паўля Цэлана
 
“Нашто ўбогаму часу паэт?”
 
багі кінулі свет
пакінуўшы ў ім паэтаў
але выток
высушыў вусны
адабраў у нас мову
 
вандруем мы і жывём
у дарозе
то тут то там
 
Анчэл-жыд
выгнанец падарожнічаў доўга
з Букавіны ў Парыж
па дарозе збіраючы зёлкі
ў словы Heidekraut
Erika Arnika
словы ўкладваў спаць
укладаў у цемру
 
in der Hütte
Цэлан сустрэў
Марціна Хайдэгера
узышоў
на лясную паляну
стаў там пад зорамі
выйшаў з ночы
“Der Tod ist ein Meister
aus Deutschland”
стаў у прасвеце
са жменяй травы і кветак
 
але воды Сены каціліся
пад каменнымі мастамі
прыгожая Незнаёмка
чакала з невымоўнай усмешкай
 
пасмяротная Маска
 
а ён даспяваў
падаў у раскрытае ўлонне
ракі
смерці бяспамяцця
 
у свеце
з якога багі сышлі
яго кранула жывая паэзія
і ён рушыў за імі
 
якое пытанне
паэт задаў філосафу
які філасофскі
камень
ляжыць пры дарозе
да лясной хаціны
 
“Der Tod ist ein Meister
 aus Deutschland”
 
У час які настаў
пасля ўбогага часу
 
пасля сыходу багоў
сыходзяць паэты
 
Я ведаю цалкам памру
і таму
гэта слабае супакаенне
 
якое дае сілу
працягваць па-за паэзіяй
 
 
 
Каштан
(Kasztan)
 
Самае сумнае выехаць
з дому асеннім ранкам
без спадзеву вярнуцца хутка
 
Каштан перад домам пасаджаны
бацькам расце ў нашых вачах
 
маці маленькая
яе можна насіць на руках
 
на паліцы слоікі
у якіх варэнні
нібы багіні з салодкімі вуснамі
захавалі смак
вечнай маладосці
 
войску ў куце шуфляды ўжо
да канца свету быць алавяным
 
а ўсёмагутны Бог які прымешваў
горычы ў слодыч
вісіць на сцяне мізэрны
і кепска намаляваны
 
Дзяцінства як зацёртае аблічча
на залатой манеце якая дзынкае
чыста.
 
 
 
Вяртанне
(Powrót)
 
Раптам акно адчыніцца
і маці мне крыкне
што час вяртацца
 
сцяна расступіцца
я ўзыду на неба ў брудных ботах
 
сяду за стол і няветла
буду адказваць на пытанні
 
са мной усё добра пакіньце
ў спакоі. Галаву абхапіўшы
сяджу і сяджу так. Як мне
ім расказаць пра той доўгі
і заблытаны шлях.
 
Тут на небе маці вяжуць
пруткамі зялёныя шалікі
 
дзынкаюць мухі
 
бацька дрэмле ля печы
адпрацаваўшы шэсць дзён.
 
Не — я не магу ім
расказаць што чалавек чалавека
хапае за горла.
 
 
 
Як добра
(Jak dobrze)
 
Як добра Я магу збіраць
ягады ў лесе
я думаў
няма ні лесу ні ягад.
 
Як добра Я магу ляжаць
у цені дрэва
я думаў дрэва
больш не дае ценю.
 
Як добра Я з табой
так маё сэрца б’ецца
Я думаў чалавек
не мае сэрца.
 
 
 
Каханне 1944
(Miłość 1944)
 
Голыя безабаронныя
з вуснамі на вуснах
з расплюшчанымі
шырока вачыма
 
прыслухоўваючыся
 
мы плылі
праз мора
слёз і крыві
 
1954
 
 
 
Новае сонца
(Nowe słońce)
 
Я чую шкрабанне
Гэта тая старая драпае
па сцяне кіпцюрамі
і керхае як звярок
 
Таму я іду да яе
сядаю пры круглым стале
а яна выклікае духаў
са сподачка папівае гарбату
дробнымі як птушка глыткамі
 
На паліцы паны
з бародкамі
“jenseits von Gut und Böse”
апошняя чвэрць ХІХ стагоддзя
 
Яна трасе сухою галоўкай
і расказвае пра Венецыю,
Фларэнцыю і сонца Італіі
 
Я баранэса ад нараджэння
А гэта канец свету
цяпер новыя зоркі вынайшлі і сонца
— кажа яна —
і слязьмі напаўняюцца ейныя вочы.
 
 
 
Успамін дзяцінства
(Wspomnienie dzieciństwa)
 
У святле дня
ён быў вясёлы як птах
між яркіх мячоў сонца
апырсканых крывёй
 
Жоўты паветраны змей
іскрыўся ў колцах дыму
як вока цмока
 
Хлопчык верыў ён птушка
насіўся па зялёных лугах
і крычаў
 
У ночы мяне насцігае
яго часты дых
 
Стол на які я паклаў галаву
падобны да пня
ссечанага дрэва
 
 
 
Сведка
(Świadek)
 
Ты ведаеш што я тут
але раптам не ўваходзь
у мой пакой
 
ты можаш пабачыць
як я маўчу
над белай старонкай
 
Ці можна пісаць
пра каханне
чуючы крыкі
забітых і зганьбаваных
ці можна пісаць
пра смерць
гледзячы ў тварыкі
дзяцей
 
Раптам не ўваходзь
у мой пакой
 
Пабачыш нямога
й здранцвелага
сведку кахання
якое адольвае смерць
 
 
 
Хто такі паэт
(Kto jest poetą)
 
Паэт гэта той хто піша вершы
І той хто вершаў не піша
 
Паэт гэта той хто зрывае ярлыкі
І той хто навешвае свае
 
Паэт гэта той хто верыць
І той хто паверыць не можа
 
Паэт гэта той хто маніць
І той каго падманулі
 
Той хто ўпаў
І той хто сябе падымае
 
Паэт гэта той хто сыходзіць
І той хто аддаліцца не можа
 
 
 
Галава ў пустэчы
(Głowa w próżni)
 
Калі думаеш што ты ёсць
галавой прыгожай
пасаджанай
зверху
 
калі думаеш што ты ёсць
вёрткай галавой
нерухомага цела
якое гразне ў зямлі
крыві і каровіным гноі       
 
Калі думаеш што ты кружыш
па чыстых арбітах розуму
куды знізу даносяцца адно
нараканне шум
і чмяканне масаў
 
калі ты так думаеш
ты галава
што калышацца злёгку
у бязлюдным паветры
 
ты галава
якую здымуць
і выкінуць.
Пераклад з польскай – Юля Цімафеева © 2018

Чытайце таксама

Італа Звева

Італа Звева

Італьянскі пісьменнік габрэйскага паходжання.

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Ангольскі партугальскамоўны пісьменнік, журналіст, выдавец

Роналд Нокс

Роналд Нокс

Ангельскі рэлігійны дзеяч і пісьменнік, аўтар дэтэктываў

Вірджынія Вулф

Вірджынія Вулф

Ангельская раманістка і эсэістка, адна з самых яркіх фігураў ангельскага мадэрнізму XX ст.

680