№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Генрых Гайнэ

Егуда бен Галеві (Jehuda ben Halevy)

Урывак з паэмы

Пераклад з нямецкай Ігар Крэбс
І
 
“Хай мая рука адсохне
І язык сасмагне ў роце,
Як забуду пра цябе я,
Любы мой Ерусалім!”
 
Спеў і словы несупынна
Ў галаве маёй раяцца —
Чую, як псалмы выводзіць
Хор мужчынскіх галасоў.
 
І мне мрояцца даўгія
Пасівелыя бароды:
Дзе тут, прывідныя здані,
Ён, Егуда бен Галеві?
 
Прывіды знікаюць спешна,
Баязліва сцерагуцца
Слоў жывога чалавека.
Я ж яго пазнаў адразу,
 
Так, пазнаў яго — па бледным,
Асвячоным думкай твары,
Па вачах, што пазіралі
Пранікнёна і з пакутай.
 
Не, хутчэй яго пазнаў я
Па загадкавай усмешцы
Гожа зрыфмаваных вуснаў,
Як здараецца ў паэтаў.
 
Чарадой гады мільгаюць —
З тых часоў, калі Егуда
Нарадзіўся, праляцела
Сем з паловаю стагоддзяў.
 
У Кастыліі на свет
Ён з’явіўся — у Таледа,
Там дзіцятку залатыя
Хвалі Таха калыхалі.
 
Пра ягоную духоўнасць
Клапаціўся строгі бацька,
Што заняткі распачаў
З Божай кнігі, скрутка Торы:
 
Разам з сынам старажытны
Тэкст чытаў — яго квадратны,
Іерагліфічны шрыфт
Старажытныя халдзеі
 
Вынайшлі ў маленстве свету,
І з тае прычыны ён
Сэрцу кожнага малога
Усміхаецца з даверам.
 
Гэты вельмі даўні тэкст
Хлопчык вымаўляў старанна,
Мілагучна і распеўна
У манеры старадаўняй.
 
Мармытаў ён міла словы,
Поўныя гартанных гукаў,
Пералівіста зацягваў
Трэль шалшэлета, бы птушка,
 
Таргум Онкелас таксама —
Ён напісаны тым простым
Іудзейскім дыялектам,
Што завецца арамейскім.
 
Ён з гаворкаю прарокаў
Суадносіцца дакладна
Так, як швабская з нямецкай,
Гэты лакфіёль габрэйскі.
 
Хлопчык рана распачаў
Навучанне. Тыя веды
Ў хуткім часе скарыстаў
Ён у штудыях Талмуда.
 
Так, дачасна да Талмуда
Бацька далучыў дзіцятка,
А таксама пазнаёміў
З Галахой, вялікай школай
 
Фехтавання, дзе атлеты
З Вавілона й Пумпедыты
Дыялектыку тачылі
І праводзілі дуэлі.
 
Хлопчык мог тут навучыцца
Палемічнаму мастацтву,
І пазней яго майстэрства
Праявілася ў “Казары”.
 
Як з нябёсаў льюць свяцілы
Промні двух адрозных відаў —
Месяца лагодны водбліск,
Сонца жорсткае святло —
 
Так Талмуд таксама ззяе
Нам сваім святлом дваіста:
Галахой і Агадой.
Першую назваў я школай
 
Фехтавання, Агаду ж
Параўнаць хачу я з садам,
Садам самым фантастычным,
Ён да іншага падобны —
 
Той калісьці гэтаксама
Ўзрос на глебе Вавілона,
Сад Семіраміды, што
Называюць восьмым цудам.
 
Тую слынную царыцу
Гадавалі галубы,
Назаўсёды ёй прывіўшы
Некаторую птушынасць,
 
І яна не пажадала
Па зямлі хадзіць, як мы,
Сысуны, і загадала
У паветры сад закласці.
 
На агромністых калонах
Красаваліся лімоны,
Пальмы, кіпарысы, клумбы,
І скульптуры, і фантаны.
 
Змацавалі ўсё надзейна
Незлічонымі масткамі,
І на іх, як на ліянах,
Важна гушкаліся птушкі —
 
Птушкі яркія, буйныя,
Поўныя глыбокіх думак,
Ім не важны нейкі чыжык,
Што чырыкае без справы.
 
Удыхае ў захапленні
Люд духмянае паветра,
Не змяшанае з паскуднай
Тхлінай тленнае зямлі.
 
Агада — дзіцячых мрояў
Сад, што ўзнесены ў паветра.
Часам юны талмудыст
З сэрцам стомленым, аслаблым
 
І ачмураным праз сварку —
Важны галахічны дыспут
Пра фатальнае яйцо,
Што кладзе квахтуха ў свята,
 
Ці пра іншую праблему
Адпаведнага маштабу —
Уцякаў, каб асвяжыцца,
Ў сад квітучай Агады,
 
Дзе прыгожыя паданні,
Казкі, спевы і легенды
Пра пакутнікаў за веру,
І дасціпныя выслоўі,
 
І гіпербалы, — у смешны
І чароўны свет, у сад,
У якім усё квітнела й
Красавала чыстай верай.
 
Так шляхетны дух дзіцяці
Быў захоплены нястрымнай
Ды загадкавай прыгодай,
Шчырай і шчымлівай прагай,
 
Асалодай таямніцы
І дзівоснаю дрыготкай
Найвялікшага з адкрыццяў,
Што паэзіяй завецца.
 
Дар і сіла прасвятлення,
Радасці вершаскладання,
Паэтычнае мастацтва
Паланілі розум хлопца.
 
Так, Егуда бен Галеві
Быў не толькі мудрацом,
А яшчэ і майстрам слова
І праслаўленым паэтам.
 
Быў ён першым між паэтаў,
Светачам сваёй эпохі,
Ліхтаром свайго народа.
Спеў яго дзівосны, гучны
 
Слупам вогненнай надзеі
Вёў Ізраіль праз пустыню —
Караван журбы і болю —
Шляхам горкага выгнання.
 
Чыстым, шчырым, беззаганным
Быў ягоны спеў, такім жа,
Як сама душа паэта,
Бо Гасподзь, яе стварыўшы,
 
Задаволены сабою,
Вуснамі яе крануўся —
Рэха божае мілосці
Запісаў паэт у вершах.
 
Божы дар у вершатворстве —
Найвышэйшая каштоўнасць,
Не грашыць яго ўладальнік
Ні ў паэзіі, ні ў прозе.
 
Мы ж паэта божай ласкай
Клічам геніем, у царстве
Думкі не падсправаздачны
Ён нікому і ніколі,
 
Толькі Богу, не народу,
Бо ў жыцці, як і ў мастацтве,
Нас народ судзіць не можа —
Ён хіба забіць нас здольны.
Пераклад з нямецкай – Ігар Крэбс © 2017

Чытайце таксама

Ян Руар Лейквол

Ян Руар Лейквол

Нарвежскі пісьменнік.

Эльфрыдэ Елінэк

Эльфрыдэ Елінэк

Аўстрыйская пісьменніца, паэтка, эсэістка, драматург, літаратурны крытык. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2004).

Арцюр Рэмбо

Арцюр Рэмбо

Французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

778