№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Ўолт Ўітмэн

Вялікае падабенства звязвае ўсё

Вершы

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева
На пляжы самотна ўначы
(On the Beach at Night Alone)
 
На пляжы самотна ўначы,
Калі старая маці калышацца з боку ў бок, пеючы свой сіплы напеў,
Калі я гляджу, як ззяюць яркія зоры, я думаю думку пра ключ да сусветаў і будучыні.
Вялікае падабенства звязвае ўсё,
Усе сферы, развітыя, неразвітыя, малыя, вялікія, сонцы, месяцы, планеты,
Усе адлегласці ў прасторы, як заўгодна разлеглыя,
Усе адлегласці ў часе, усё нежывое,
Усе душы, усе целы жывыя, якімі б рознымі яны ні былі ці з якіх розных светаў,
Усе газавыя, вадкія, раслінныя, мінеральныя працэсы, рыбы, звяры,
Усе народы, колеры скуры, варварствы, цывілізацыі, мовы,
Усе ідэнтычнасці, што існавалі ці маглі б існаваць на гэтай зямлі ці іншай зямлі,
Усе жыцці і смерці, усё мінулае, цяперашняе, будучае,
Гэта вялікае падабенства лучыць іх і лучыла заўжды,
І будзе навекі злучаць іх, шчыльна трымаць і ўбіраць у сябе.
 
 
 
Калі я пачуў вучонага астранома
(When I heard the learn'd astronomer)
 
Калі я пачуў вучонага астранома,
Калі тлумачэнні і лічбы былі разбітыя на калонкі перада мною,
Калі мне паказалі табліцы і дыяграмы, каб іх складаць, дзяліць і вылічваць,
Калі я седзячы слухаў астранома, што чытаў сваю лекцыю ў аўдыторыі пад гучныя апладысменты,
Як жа хутка я, безадказны, стаміўся й занудзіўся,
Пакуль не ўстаў і не выслізнуў вонкі самотна гуляць,
Дыхаючы таямнічай волкасцю ночы, і час ад часу
У поўным маўчанні ўглядацца ў зоры.
 
 
 
Бясшумны цярплівы павук
(A Noiseless Patient Spider)
 
Бясшумны цярплівы павук.
Я ўгледзеў, як ён на маленькім грудку стаяў у самоце,
Угледзеў, як ён, разведваючы бязмежную прастору наўкол,
Выпускаў з сябе шаўкавіну за шаўкавінай, адну за адной,
Няспынна раскручваючы іх, нястомна размотваючы.
 
І ты, о душа мая, стаіш,
Абкружаная, адзінокая, у бяскрайнім акіяне прасторы,
Безупынку думаючы, спрабуючы, закідваючы, шукаючы сфераў, каб злучыць іх,
Пакуль патрэбны табе мост не ўзнікне, пакуль пругкі якар не ўтрымаецца,
Пакуль кінутая табой ядвабная нітка кудысьці не трапіць, о душа мая.
 
 
 
З вірлівага акіяну, натоўпу
(Out of the Rolling Ocean, the Crowd)
 
З вірлівага акіяну, натоўпу, ласкавая кропля звярнулася да мяне,
Шэпчучы: “Я кахаю цябе, і перш чым памерці,
Прайшла я доўгі шлях, каб толькі глянуць на цябе і крануць,
Бо не магла я, цябе хоць раз не ўбачыўшы, згінуць,
Бо баялася, што магу згубіць цябе апасля”.
 
Цяпер мы сустрэліся, мы пабачыліся, мы жывыя й здаровыя,
Спакойна вяртайся ў акіян, любоў мая,
Я частка таго акіяну таксама, любоў мая, мы не моцна разлучаныя,
Зважай на велічны колазварот, на сувязь усяго, вось дзіва!
Але і мяне, і цябе неадольнае мора ўсё ж разлучыць мусіць,
Аднак трымаючы нас паасоб на гадзіну, не можа трымаць паасоб назаўжды;
Паспешлівай не будзь, кволая кропля – уведаўшы цябе, я салютую паветру, акіяну і зямлі
Кожны дзень на змярканні дзеля цябе, любоў мая.
 
 
 
Калі я чытаў кнігу
(When I Read the Book)
 
Калі я чытаў кнігу, вядомую біяграфію,
І што, вось гэта (сказаў я) аўтар заве чалавечым жыццём?
І гэтак жа хтосьці, калі я памру і сыду, апіша маё жыццё?
(Быццам нехта ведае штосьці пра маё жыццё,
Нават я сам, часта думаю, ведаю мала ці зусім нічога пра сваё сапраўднае жыццё,
Усяго колькі намёкаў, колькі слабых цьмяных здагадак і няпэўнасцяў
Я адшукваю для сябе, каб накрэсліць тут.)
 
 
 
Мы двое, як доўга нас дурылі
(We Two — How Long We were Fool’d)
 
Мы двое, як доўга нас дурылі,
Цяпер жа, перайначаныя, мы ўцякаем імкліва ўслед за Прыродай,
Мы ёсць Прыродай, адсутнічалі мы доўга, але вось вяртаемся,
Мы робімся парасткамі, камлямі, лістотай, карэннем, карой,
Мы ў глебу пасаджаныя, мы каменне,
Мы два дубы, мы на просеках расцем плячо да пляча,
Мы на пашы, мы двое ў дзікай чарадзе, такіх жа, як мы, неўтаймоўных,
Мы дзве рыбіны ў моры, што плаваюць разам,
Мы акацыі квецень, мы ахутваем водарам сцяжыны ўвечар і ўранні,
Мы грубая брудзь звяроў, раслін, мінералаў,
Мы два драпежныя коршакі, у вышынях лунаем і ўглядаемся долу,
Мы два зіхатлівыя сонцы, мы тыя, што трымаюцца арбітаў і зораў, мы як дзве каметы,
Мы шнырым у лясах на лапах сваіх чатырох, мы зубамі ў ахвяру ўпіваемся,
Мы дзве хмаркі, раніцою і днём плывём высока,
Мы моры, якія кранаюцца, мы дзве хвалі вясёлыя, накатваем адна на адну і пырскамі заліваем,
Мы тое, чым ёсць атмасфера, празрыстая, пранікальная, шчыльная і няшчыльная.
Мы снег, дождж, холад і цемра, мы кожны плод і кожная стыхія на зямлі,
Мы рухаліся па коле, мы двое, пакуль не вярнуліся дахаты ізноў,
Мы ачысціліся ад усяго, апроч свабоды, усяго, апроч уласнай радасці.
Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2017

Чытайце таксама

Сяргей Пясэцкі

Сяргей Пясэцкі

Польскамоўны пісьменнік, публіцыст, афіцэр выведкі

Наташа Герке

Наташа Герке

Польская аўтарка прозы і паэтка, майстарка кароткіх сюррэалістычных апавяданняў

Жан Жыраду

Жан Жыраду

Французскі празаік, драматург і дыпламат, знакаміты стылістычнай вытанчанасцю і паэтычнай фантазіяй

Агата Крысці

Агата Крысці

Ангельская аўтарка дэтэктыўнай прозы, яе творы — адны з самых выдаваных за ўсю гісторыю чалавецтва

834