№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Эн Сэкстан

З літасцю да сквапных

Вершы

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева
Чорнае мастацтва
(The Black Art)
 
Жанчына, што піша, адчувае зашмат,
усе тыя экстазы й прадвесці!
Быццам бы рэгул, дзяцей і выспаў
ёй было мала; быццам пляткарак, і плакальшчыц,
і раслінаў было ўсё мала.
Думае, яна можа дарадзіць зорам.
Пісьменніца — шпіёнка па сутнасці.
Любоў мая, я тая дзяўчына.
 
Мужчына, што піша, ведае зашмат,
усе тыя чары й фетышы!
Быццам эрэкцый, кангрэсаў, тавараў
яму было мала; быццам машын, галеонаў
і войнаў было ўсё мала.
З мэблі старой ён стварае дрэва.
Пісьменнік — круцель па сутнасці.
Любоў мая, ты той мужчына.
 
Ніколі не любячы сябе,
гідзячыся нават ботаў сваіх і шапак,
мы любім адно аднога, мілая, мілы.
Нашы рукі блакітныя і ласкавыя.
У нашых вачах — страшэнныя прызнанні.
Але калі мы жэнімся,
дзеці сыходзяць гідліва прэч.
Харчу зашмат, і ніхто не застаўся,
каб даесці ўвесь гэты дзіўны збытак.
 
 
 
З літасцю да сквапных
(With Mercy for the Greedy)
 
Маёй сяброўцы Рут, якая заклікае мяне прызначыць
сустрэчу для сакрамэнту споведзі.
 
Адносна твайго ліста, у якім ты просіш
мяне пазваніць святару і ў якім ты просіш
мяне насіць Крыж, што прыкладаеш;
твой уласны крыж,
твой сабакам грызены крыж,
не большы за палец,
малы і драўляны, без шыпоў, гэта ружа —
 
я малюся ягонаму ценю,
шэраму месцу,
дзе ён лёг на твой ліст… густа, густа.
Мне агідныя грахі мае, я спрабую верыць
у Крыж. Я кранаю яго чулыя клубы, смуглы выразны твар,
яго моцную шыю, яго буры сон.
 
Праўда. Гэта
прыгожы Ісус.
Ён прымёрз да сваіх костак, як кавалак ялавічыны.
Як адчайна ён хацеў бы выцягнуць рукі!
Як адчайна я кранаю яго вертыкальную і гарызантальную восі!
Але не магу. Патрэба — яшчэ не вера.
Раніцу ўсю
я насіла
твой крыж на ўпаковачнай шворцы вакол горла.
Ён стукаў лёгка па мне, як магло б дзіцячае сэрца
стукаць неарыгінальна, ціха чакаючы нараджэння.
Рут, мяне грэе ліст, табой напісаны.
 
Сяброўка, сяброўка, я з нараджэння
ўкладаю даведнік граху, з нараджэння
ў ім спавядаюся. Вось што такое вершы:
з літасцю
да сквапных,
яны мовы пярэчанне,
поліўка свету, зорка шчура.
 
 
 
Здані
(Ghosts)
 
Здані бываюць жанчынамі,
не цьмянымі і не бледнымі,
з грудзямі, абмяклымі, як мёртвыя рыбы.
Не ведзьмы, а здані
прыходзяць і ўскідваюць марна рукі,
як самотныя слугі.
 
Здані не ўсе жанчыны,
я бачыла й іншых,
таўстых, белапузых мужчын,
геніталіі, бы анучы, звісаюць між ног.
Не д’яблы, а здані.
Адзін такі тупае босы і хіліцца
над маім ложкам.
 
Але гэта не ўсё.
Здані бываюць дзецьмі.
Не анёлы, а здані
звіваюцца кубкам ружовым
на падушцы ці брыкаюцца,
агаляючы нявінны азадак, і клічуць
Люцыпара.
 
 
 
Багі
(Gods)
 
Міс Сэкстан пайшла шукаць багоў.
Яна пачала ўглядацца ў неба —
можа, там вялізны белы анёл з блакітнай рагаткай.
 
Нікога.
 
Яна зазірнула ва ўсе разумныя кніжкі,
старонкі плюнулі ў адказ.
 
Нікога.
 
Яна зрабіла паломніцтва да вялікага паэта,
і ён адрыгнуў ёй у твар.
 
Нікога.
 
Яна малілася ва ўсіх цэрквах свету
і шмат даведалася пра культуру.
 
Нікога.
 
Яна паехала да Атлантыкі і Ціхага акіяну, бо напраўду Бог…
 
Нікога.
 
Яна паехала да Буды, Брахмы, егіпецкіх пірамідаў,
а знайшла гіганцкія паштоўкі.
 
Нікога.
 
Пасля яна вярнулася ў свой родны дом,
а багі свету сядзелі зачыненыя ў прыбіральні.
 
"Нарэшце!" —
усклікнула яна
і замкнула дзверы.
 
 
 
Элеаноры Бойлан, якая гаворыць з Богам
(For Eleanor Boylan Talking with God)
 
Буры голас у Бога,
мяккі й густы, як піва.
Элеанора, прыгажэйшая за маю маці,
стаіць на ўласнай кухні і прамаўляе,
а я ўдыхаю свае цыгарэты, як атруту.
Яна стаіць у лімоннай летняй сукенцы,
жэстыкулюе Богу мокрымі рукамі,
бліскучымі ад мыцця талерак.
Яна кажа яму! Яна кажа яму, як п’яніца,
якому бачыць не трэба, каб гаварыць.
Легкадумна, але прыязна.
Бог блізкі, як столь.
 
І хоць ніколі не стане вядома,
я думаю, у яго няма твару.
Ён меў твар, калі мне было шэсць з паловай.
Цяпер ён агромністы — ва ўсё неба,
нібы вялізная рахманая медуза.
Калі мне было восем, я думала, мёртвыя
там завісаюць, як аэрастаты.
Цяпер маё крэсла жорсткае, як пудзіла,
і на дварэ летнія мухі пяюць, быццам хор.
Элеанора, пакуль ён не сышоў, скажы яму…
О, Элеанора, Элеанора,
скажы яму, пакуль смерць не знясіліла цябе.
 
 
 
Я памятаю
(I Remember)
 
Да першага жніўня
нябачныя жукі пачалі
храпці і стала трава
шорсткаю як каноплі і
бясколернаю не ярчэйшай
чым колер пяску а мы
босыя свае ногі пускалі
басанож з дваццатага         
чэрвеня і часам бывала
забывалі заводзіць твой
будзільнік і вечарамі неяк
пілі джын цёплы й вясёлы
са старых крэманак пакуль
сонца не згасала зусім нібы
чырвоны капялюш з карціны
і аднойчы я завязала валасы
стужкаю і ты сказаў што я
выглядаю амаль дакладна
як пурытанская жанчына і
найлепей я памятаю што
дзверы твайго пакоя былі
дзвярыма майго.
 
 
 
Старая
(Old)
 
Я страшуся іголак.
Я стамілася ад прасцін на гумцы і цюбікаў.
Я стамілася ад твараў мне незнаёмых людзей,
і вось я думаю, што пачынаецца смерць.
Смерць пачынаецца як сон,
у ім мноства рэчаў і сястрын смех.
Мы юныя і мы брыдзем,
збіраючы дзікія чарніцы
дарогаю ў Дамарыскоту.
О Сюзан, крычыць яна,
ты запляміла сваю новую блузку.
Мне соладка —
рот такі поўны
і сіняя слодыч выцякае вонкі
дарогаю ў Дамарыскоту.
Што ты робіш? Адстань ад мяне!
Хіба ты не бачыш, я сню.
У сне табе не бывае восемдзесят.
 
 
 
Галашэнне
(Lament)
 
Хтосьці памёр.
Ведаюць нават дрэвы,
бедныя старыя танцоркі з распуснымі рухамі,
самі — зяленіва шалікаў і жэрдкі хрыбтоў.
Думаю…
Я думаю, я змагла б суняць гэта,
калі б была цвёрдай, як медсястра,
ці пабачыла б нахабства кіроўцы,
што недзе ў горадзе ехаў на чырвонае,
ці ўвечары, пазней,
калі б паднесла сурвэтку да рота.
Думаю, я змагла б…
калі б я была іншай, ціхай ці мудрай,
думаю, я змагла б зачараваць стол,
брудны посуд ці руку наркадылера.
Але ўжо позна.
Усё ўжо марна.
Няма падставаў не верыць дрэвам,
што распускаюць худыя ногі ў сухой траве.
Канадская казарка лунае ў высі,
раскрыўшыся, бы шэрая сарочка з замшы,
загаргатаўшы ў нос на сакавіцкі вецер.
На лесвічнай пляцоўцы котка ціха дыхае
ў бляклы блакіт футра.
Памыты посуд пасля вячэры, і сонца,
нязвычнае да нечага яшчэ,
ідзе няўхільна ўніз.
 
 
 
Жаданне памерці
(Wanting to Die)
 
Калі табе так цікава, большасць дзён я не помню.
Блукаю ў сваім адзенні, без знаку пра падарожжа.
Пасля, амаль невымоўная, тая цяга вяртаецца.
 
Ды нават тады я не супраць жыцця.
Я добра ведаю былінкі травы, пра якія ты кажаш,
і мэблю, якую ты вынес і паставіў пад сонцам.
 
Але ў самазабойцаў адметная мова.
Як цесляры, яны хочуць ведаць, якою прыладай.
Не пытаюць ніколі, нашто будаваць.
 
Двойчы я так лёгка сябе праявіла,
авалодала ворагам, з’ела ворага,
забрала яго майстэрства і чары.
 
І тады, сытая і задуменная,
цяплейшая за алей ці ваду,
я сціхла, і сліна цякла з дзіравага рота.
 
Я не думала пра сваё цела на вастрыі іголкі.
Згінулі нават і рагавіца, і застоеная мача.
Самазагубцы ўжо здрадзілі целу.
 
Мёртванароджаныя, яны не заўжды паміраюць,
аднак, аслепленыя, не могуць забыць той салодкі наркотык,
на які нават дзеці будуць глядзець і ўсміхацца.
 
Засунуць усё гэта жыццё табе пад язык! —
такое само па сабе робіцца жарсцю.
Смерць — горкая костка; уджаленая, па-твойму,
 
і ўсё ж яна чакае мяне, год за годам чакае,
каб найпяшчотна адкрыць старую рану,
каб выпусціць маё дыханне з яго паганай турмы.
 
Ураўнаважаныя, самазабойцы часам страчаюцца,
злуючы на плады, на месяц надзьмуты,
кідаючы хлеб, што ім нагадаў пацалунак,
 
кідаючы старонку ў кнізе няўважна раскрытай,
нявыказаныя словы, слухаўку, знятую з тэлефона,
і тую любоў, якой бы яна ні была, што хвароба.
 
 
 
Зорная ноч
(The Starry Night)
 
Гэта не ратуе мяне ад жахлівай патрэбы —
калі можна сказаць гэтае слова — у рэлігіі. І тады
я выходжу ў ноч маляваць зоркі.
 
Вінсэнт ван Гог у лісце да брата
 
Гэты горад няісны
акрамя як там, дзе чорнавалосае дрэва скоўзвае
ўверх, як жанчына-тапеліца, у ярае неба.
Гэты горад бязмоўны. У кіпені ночы адзінаццаць зор.
О, зорная, зорная ноч! Вось так
я хацела б памерці.
 
Яна ў руху. Яны ўсе жывыя.
Нават месяц пнецца ў сваіх рудых кайданах,
каб выгнаць дзяцей, нібы бог, з вачэй прэч.
Стары неўзіраны змей паглынае зоркі.
О, зорная, зорная ноч! Вось так
я хацела б памерці:
 
у гэтай спрытнай звярузе начы,
паглынутая вялізарным цмокам, каб
вырвацца са свайго жыцця без сцягу,
улоння,
і слёз. 
Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2017

Чытайце таксама

Італа Звева

Італа Звева

Італьянскі пісьменнік габрэйскага паходжання.

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Ангольскі партугальскамоўны пісьменнік, журналіст, выдавец

Роналд Нокс

Роналд Нокс

Ангельскі рэлігійны дзеяч і пісьменнік, аўтар дэтэктываў

Вірджынія Вулф

Вірджынія Вулф

Ангельская раманістка і эсэістка, адна з самых яркіх фігураў ангельскага мадэрнізму XX ст.

747