№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Дэвід Герберт Лоўрэнс

Новае неба і зямля (New Heaven And Earth)

Верш

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева

І

 

І вось я ўваходжу ў іншы свет,

паважліва й нясмела чакаю запрашэння

таго мне невядомага, чые парушу межы.

 

Я такі шчаслівы і самотны ў гэтым свеце,

зусім самотны і шчаслівы ў новым свеце,

на чый бераг нарэшце я сышоў.

 

Расплакацца б ад радасці — у новым свеце раблю свой першы крок.

Расплакацца б ад радасці — не хаваючыся, бо нікога не ведаю тут.

 

І кім бы гэтыя невядомыя людзі з невядомага свету ні былі,

ніколі не зразумець ім усхліпаў маёй радасці наважыцца быць сярод іх,

бо мае слёзы ўсё яшчэ будуць праявай свету старога,

які не зразумець ім, бо ён такі... такі для іх чужы.

 

ІІ

 

Я так знудзіўся светам,

я так стаміўся,

ўсё смярдзела мной:

нябёсы, дрэвы, кветкі, птушкі, рэкі,

людзі, вуліцы, дамы, станкі, машыны,

народы, арміі, вайна, мірныя перамовы,

праца, адпачынак, улада, анархія —

усё смярдзела мной, адпачатку я ўсё гэта ведаў,

бо гэта быў я ўвесь.

 

Калі збіраў кветкі, я ведаў, што гэта я абрываю свае ж суквецці.

Калі садзіўся ў цягнік, я ведаў, што гэта я еду на сваім вынаходніцтве.

Калі чуў ваенную кананаду, я слухаў на свае вушы сваё знішчэнне.

Калі бачыў мёртвага, я ведаў, што гэта маё мёртвае цела.

Гэта быў я ўвесь, я здзяйсняў гэта ўсё ў сваёй плоці.

 

ІІІ

 

Ніколі не забыць мне той шалёнай жуды ад усяго ў канцы,

калі ўсё было мной, я гэта ўжо ведаў, я прадчуваў усё ў сваёй душы,

бо я быў майстрам і творам,

я быў Богам і стварэннем адначасна,

творцам я глядзеў на сваё стварэнне,

створаным я глядзеў на сябе, творцу:

такая шалёная жуда ў канцы.

 

Я быў каханым і цалаваў жанчыну, што кахаў,

быў Богам Жуды і гэтаксама сябе цалаваў.

Я быў бацькам і даў жыццё дзецям,

і, о жудасць, я нараджаў і зачынаў у сваім жа целе.

 

IV

 

Урэшце прыйшла смерць, дастача смерці

і супакоіла мяне ўрэшце, я спачыў.

Каханне пахаваў; добра, пахаваў сябе і знік.

Вайна прыйшла, і рукі ўсе ўзняліся забіваць.

Як добра, як жа добра, і рукі ўсе ўзняліся забіваць!

Як добра, як жа добра, я забойца!

Гэта добра, я магу біць, і забіваць, і бачыць, як ападаюць

знявечаныя, скаваныя жудою, юнакі, іх не злічыць,

адзін на аднаго, у стосы збітыя пасля,

з іх целаў выцякае кроў, спаленыя грудамі,

рассейваюцца, як смуродны дым, так пазбаўляюцца —

ад мёртвых целаў юнакоў, мужчын, ад грудаў іх,

ад грудаў, грудаў, жахлівых і смярдзючых грудаў,

пакуль не зробіцца амаль даволі, пакуль не зменшуся;

тысячы й тысячы разяўленых, мярзотных, гідкіх трупаў

— юнакоў, мужчын, мяне —

спальваюць бензінам і скормліваюць бруднаму

густому дыму, што ўецца,

пляміць і чарніць нябёсы, пакуль не стане цёмна, быццам ноч, ці смерць, ці пекла,

я памёр і стаў нічым у сваёй загорнутай у дым магіле,

памёр і стаў нічым у кіслай чорнай глебе

магілы, памёр і стаў нічым, я стаў нічым.

 

V

 

Бог, а гэта добра памерці і растаць

стаць нічым у кіслай мёртвай глебе

амаль нічым

у поўнае нішто

нішто

нішто

нішто.

 

Бо калі амаль, амаль нішто, тады яно ўсё.

Калі я амаль растаў, амаль, амаль

няма ні крупкі, тады я тут

паўстаў, і крок раблю ў іншы свет,

паўстаў, здабыўшы ўваскрашэнне,

паўстаў, не нарадзіўся, а паўстаў з ранейшым целам,

новы па-за веданнем новасці, жывы па-за жыццём,

горды па-за ўяўленнем ці найменшым разуменнем гордасці,

жывы там, дзе жыццё і не марылася, і не мыслілася,

тут, у іншым свеце, яшчэ зямным

мне, такім жа, як раней, і ўсё ж неспасцігальна новым.

 

 

Я ў кіслай чорнай магіле напоўніцу стаў смерцю,

выцягваў руку ўначы, адной начы, мая рука

кранала тое, што напраўду мной не было,

напраўду мною не было.

І там, дзе быў я, — раптам сполах,

раптоўны яркі сполах!

Таму я выцягнуў руку далей, яшчэ далей,

і я адчуў тое, што было не я,

напраўду было не я,

гэта было невядомае.

 

Ха, гэта я сполахам трымцеў!

Я быў тыграм, што разгараўся сонцам.

Я быў прагны, ашалелы ад невядомага.

Я, новапаўсталы, уваскрослы, змораны магілай,

змораны жыццём спажывання толькі сябе,

цяпер я тут, новаабуджаны, рукі выпростваю

і кранаю невядомае, сапраўды невядомае, невядомае, невядомае.

 

Бог мой, адно магу сказаць:

кранаю, адчуваю невядомае!

Я першапраходзец!

Картэс, Пісара, Калумб, Кабат — яны нішто, нішто!

Я першапраходзец!

Я адкрывальнік!

Я знайшоў іншы свет!

 

Невядомы, невядомы!

Я выкінуты на бераг.

Я занураюся ў пясок.

Я рот запаўняю зямлёй.

Я апускаю сваё цела ў глебу.

Невядомы новы свет!

 

VII

 

Бок маёй жонкі

я кранаў рукою, сціскаў рукою

паўсталы, новаабуджаны з магілы!

Бок маёй жонкі,

з якой ажаніўся даўно,

ля якой праляжаў я тысячу начэй,

і ў тым мінулым яна была я, яна была я;

я кранаў яе, гэта я кранаў, і гэта краналі мяне.

 

І ўсё ж паўстаючы з магілы, з чорнага забыцця

выпростваючы руку, якая кідаецца, быццам рука тапельца за камень,

я кранаў яе бок і ведаў, я нясуся па плыні да смерці

насустрач новаму свету, выбіраюся на бераг,

паўстаю, не для старога свету, старога й нязменнага мяне,

жыцця старога,

абуджаюся не да старых ведаў,

а да новай зямлі, новага я, новай веды, новага свету часу.

 

О не, я не магу вам апісаць, што гэта — новы свет,

я не магу вам апісаць шалёнай дзікай радасці яго адкрыцця.

Я ашалею ад шчасця, яго яшчэ нават не адкрыўшы,

і кожны, хто прыйдзе пасля, убачыць мяне ў новым свеце

ў шале радасці.

 

VIII

 

Зялёныя плыні, што цякуць з глыбіняў кантыненту новага свету,

якія яны?

Зялёныя зыркія несупынна рухомыя,

раствораныя таямніцай глыбіннага сэрца кантынента,

таямніцай за межамі ведаў ці трываласці, так раскошна

з вытоку новага свету —

Іншая, у яе таксама дзіўныя зялёныя вочы!

Белыя пяскі, невядомыя плады і водары, што ніколі

праз цёмныя моры не даляцяць у звычайны наш свет!

І ў зямлі гэтай б’ецца пульс!

І лагчыны прыхінаюцца шчыльней, закаханыя!

І дзіўныя шляхі, на якіх я аддаюся забыццю абсалютнага жыцця —

І таксама яна, іншая, з дзіўнымі курганамі

грудзей, з дзіўнымі крутымі бакамі і белымі раўнінамі.

 

Сляпое і магутнае забыццё ў абсалютным жыцці захапляе мяне!

Невядомая, моцная плынь звышжыцця

патапляе мяне, знішчае мяне, прыцягвае мяне

да крыніцы таемнага, у глыбіні,

гасіць там маё паўсталае ўваскрэслае жыццё

і распальвае яго мацней у сэрцы суцэльнай тайны.

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2014

Чытайце таксама

Сяргей Пясэцкі

Сяргей Пясэцкі

Польскамоўны пісьменнік, публіцыст, афіцэр выведкі

Наташа Герке

Наташа Герке

Польская аўтарка прозы і паэтка, майстарка кароткіх сюррэалістычных апавяданняў

Жан Жыраду

Жан Жыраду

Французскі празаік, драматург і дыпламат, знакаміты стылістычнай вытанчанасцю і паэтычнай фантазіяй

Агата Крысці

Агата Крысці

Ангельская аўтарка дэтэктыўнай прозы, яе творы — адны з самых выдаваных за ўсю гісторыю чалавецтва

591