№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Джэймс Дуглас Морысан

Ушанаванне Цмока (Celebration of the Lizzard)

Пераклад з ангельскай Уладзь Лянкевіч

На вуліцах ільвы й сабакі

На шыях, пашчах выступае накіп

Звер паланёны ў сэрцы горада.

 

Ягоная матуля

Цяпер угнойвае пясок

Ён з горада ўцёк.

 

Далей ад вэрхалу на поўдзень

Ён кіне ўсё, мяжу пяройдзе

Хаваючыся

Быццам злодзей.

 

Аднойчы зранку ён прачнуўся ў нейкім зялёным гатэлі

Каля дзіўнай істоты. З ейнай скуры бліскучай

Сачылася вільгаць, істота стагнала.

 

Ці ўсе сабраліся ў залу? (3)

Абвяшчаю пачатак рытуалу!

 

 

Уставай!

Ты не можаш успомніць месца здарэння,

І наогул, ці скончыўся гэты сон?

Змяя была залацістая

Глянцавая, у зморшчынах

Мы баяліся да яе дакрануцца

Пасцель не адпускала, як душная турэмная камера.

І яна была побач.

Старая, не, маладая

Рудыя валасы

Белая мяккая скура.

А зараз — бяжы да люстэрка ў ванне.

Глядзі!

Яна бліжэй і бліжэй.

Мне не перажыць доўгіх стагоддзяў ейнага руху

Няхай шчака спаўзае ўніз

Па кафлі слізкай

Прыемны холад працінае кроў.

Змейкі дажджу сычаць і цягнуцца ўдаўжыню…

 

 

Я так люблю адну гульню:

Даследаваць мозг углыбіню,

Без правілаў і наўздагад.

Назоў гульні — "прывет, вар'ят".

 

Давай гуляй са мной гульню,

Уздымем гмах увышыню,

Забі на свет, заплюшчы вочы,

Забудзь імя, спрабуй праскочыць.

 

Цяпер і ты — гулец, ігрок,

Не кантралюй сябе знарок,

Яшчэ крыху — і мы шмыг-скок:

Прарвемся скрозь — на іншы бок.

 

 

Ўглыб свядомасці бяжым,

Міма болю ды ілжы,

Дзе ніколі не імжыць.

 

На горад ціха ідзе дождж

Ліецца нам на галовы.

І ў гэтых струмянёвых лабірынтах

Дзесь на ўзгорках жывуць ціхмяна й палахліва

Высакародныя ўзгорцы.

Навакол рэптыліі кішаць.

Акамянеласці, пячоры, вецер на вяршынях.

 

(Усе дамы як на падбор,

             горад-торт. Звярынае аўто

                           зачынена, пакуль не ўзыдзе сонца.

 

Цяпер усе спяць. Дываны замоўклі,

             люстэркі апусцелі, і пыл ляжыць

                           пад ложкамі жанатых пар,

 

Атуленых пасцеллю.

            І ў паслухмяных дачок

                         чыёсьці семя на смочках.)

 

Чакай!

Тут дакладна было забойства.

 

            (сірэна)

 

(Не стой і не глядзі вакол,

Пальчаткі й веер кінь на дол.

Мы ўцякаем зноў,

Мы звальваем далоў,

Цябе такой бярэм з сабой)

 

 

Не кранай зямлі,

Не глядзі ўверх,

Застаецца толькі

Бег, бег, бег,

Бяжым,

Бяжы.

 

На пагорку — дом і

Месяц нерухомы,

А хістанні дрэў

Сведчаць пра вятровы гнеў.

Ну давай, уцякай са мной.

 

Бяжы са мной,

Бяжым.

 

Утульны палац на вяршыні гары,

Багата пакояў, ды цёпла ўнутры,

Барвовыя фатэлі, пунсовыя муры,

Каб ведаць усё, трэба трапіць углыб.

 

Труп у машыне, у трупе дзіра,

Паміраў прэзідэнт — край назіраў.

Хадзем адсюль, нам з табою пара

Ісці на Ўсход вітаць Цара.

 

Бяжы са мной,

бяжым.

 

Уцекачы аблюбавалі затоку,

Дачка святара закахалася ў цмока —

Таго, што ў студні на ўскрайку шашы.

Дзетка, прачніся, мы амаль што прыйшлі.

 

(Мы пабачым браму зранку,

Мы ўвойдзем на змярканні.)

 

Сон Сон Сон

Гром Гром Гром

Вось-Вось-Вось

Я праб'юся

Скрозь

Скрозь

Скрозь!

 

            (крык)

 

Хай музыка ва ўсёй красе

Хай змеі танчаць на хвасце

Няхай усе

 

            (званы)

 

            заціханне

            ноч у пустыні

           галасы агню

 

 

“Мы прыйшлі з-па-над рэк, вадаспадаў,

Мы прыйшлі з лясоў і дарог,

Мы прыйшлі з вясновага Спрынгфілда,

Мы адтуль, дзе Фенікс паўстаў.

 

Я раскажу табе назвы Царстваў,

я раскажу табе ўсё, што ты знаў.

Слухаем цішу, хаваемся ў цені,

Чара даліны нібыта далонь”.

 

            гукі вогнішча

(свістулькі, бразготкі, кастаньеты)

 

“Я — Змяіны Цар,

Без мяне свет абрынецца.

 

Сем год я жыў на выгнанні,

У закінутым палацы,

Гуляючы ў дзіўныя гульні з астраўлянкамі.

Цяпер я вярнуўся назад,

У краіну мудрых, моцных, справядлівых.

Браты і сёстры збуцвелых лясоў,

Дзеці начэй,

Хто з вас пойдзе на ловы?

 

                                                           (ухвальныя воклічы)

 

Вось наступае ноч са сваім пурпуровым войскам,

Вяртайцеся ў шатры ды ўласныя сны,

Заўтра мы ўвойдзем у горад бацькоў,

Я хачу быць гатовы”.

                          

                        |

                  музыка

           — заціханне —

                  канец

                        |

           

Пераклад з ангельскай – Уладзь Лянкевіч © 2014

Чытайце таксама

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

Ігар Паглазаў

Ігар Паглазаў

Беларускі паэт. Пайшоў з жыцця ў 13 гадоў

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

Леў Стахоўскі

Леў Стахоўскі

Нарадзіўся ў 1911 годзе ў сям’і Міколы Стахоўскага (1879–1948), грамадска-палітычнага дзеяча і лекара

742