№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Ўільям Батлер Ейтс

Аўтабіяграфія: Фрагменты з дзённікаў за 1909 год (Autobiography)

Пераклад з ангельскай Юрась Бушлякоў

***

Каб гэтыя зацемкі гучалі натуральна і дапамагалі мне, яны не павінныя вынікаць адна з аднае — тады б яны ператварыліся ў літаратуру. Кожная зацемка мусіць быць запісам выпадковае думкі, і тады толькі яна выкажа маё жыццё. Хрыстос, Буда і Сакрат не пісалі кніжак, бо гэта азначае разменьваць жыццё на лагічны працэс.

***

Мінулае ночы ў клубе “Arts” мы дыскутавалі над адным палітычным пытаннем. У нейкі момант я хацеў быў падаць аргументы — адно для таго, каб адказаць на чыёсьці цверджанне, — аднак не зрабіў гэтага і неўзабаве заўважыў, што кожны з маіх аргументаў быў некім выкарыстаны. Логіка — гэта машына, і можна пакінуць яе сабе самой. Без аніякае помачы яна змусіць удзельнікаў вычарпаць тэму; як дурань, так і мудрэц немінуча дадуць належны адказ, а калі нехта забудзецца на адказ, дык вернецца дадому нешчаслівы. Кінь купюру на стол — і атрымаеш узамен шмат дробных грошай.

Свядома прынятыя (а значыць, ужо маска) стыль і індывідуальнасць — гэта адзіныя ўцёкі ад валютчыкаў і гасцей з запалёнымі тварамі.

***

Я мяркую, што сапраўднае каханне — гэта дысцыпліна; яно вымагае мудрасці; вось жа насуперак Святому Пісьму — каханне Саламона і царыцы Саўскай здолела вытрываць. Ён або яна прадчувае таемнае “я” другога і — адкідаючы веру ў звычайнае, штодзённае “я” — стварае люстэрка, у якім каханы ці любая бачаць адлюстраванне, якому наследуюць пазней у штодзённым жыцці; таму што каханне таксама стварае Маску.

***

Нашая сучасная паэзія — імажынісцкая. Гэта паэзія маладых. Паэзія, узніклая ў найлепшыя эпохі, — гэта бесперапынная экспрэсія апетытаў і заганаў. Таму мы выбіраем там, дзе яны вычарпаліся.

***

Згадаў сёння, як брахман Магіні сказаў мне: “Калі я быў малады, быў шчаслівы. Меркаваў, што праўда ёсць нечым, што можна перанесці з аднаго розуму ў другі. Цяпер я ведаю, што праўда — гэта стан розуму”.

***

Пакпіце з сапраўднага жыцця, і вам застанецца толькі сентыменталізм; гэтак бывае з душою, замкнёнай як ад зямлі, так і ад Неба.

***

Тое, што было філасофіяй на Далёкім Усходзе, у хрысціянстве сталася жыццём, біяграфіяй і драмаю. Такі самы працэс праходзіць падчас напісання п'есы. Перш за усё, калі ў ёй ёсць псіхалагічная глыбіня, тады ёсць у ёй таксама пэўны комплекс ідэй, тое, што выражаецца ў філасафічных катэгорыях. Напрыклад, мая “Князёўна Кэтлін” была напачатку маральным пытаннем: “Ці можа душа ахвяраваць сабою дзеля добрае мэты?” Але філасофія паступова знікае, і ў канцы ўжо адзінаю ўлоўнаю філасофіяй — калі яна яшчэ застаецца — выступае звычайная экспрэсія таго ці іншага вобраза. Калі п'еса супоўна тоесная жыццю, яна здаецца дапытліваму чытачу нікчэмнай гісторыйкай. Ці была Бхагавaдгітa “сцэнарам”, з якога зрабілі Евангелле?

***

Звычайна ўсе пыхлівыя душы прадстаўляюць скрайнія пагляды. Толькі ў тых, што збудавалі багаты свет успамінаў і мысленчых навыкаў, такія скрайнія пагляды сустракаюцца з пачуццём праўдападобнасці. Напрыклад, меркаванні, якія памяшчаюць праўду з аднаго толькі боку, могуць увайсці ў развітыя розумы выключна на аснове руху й напружання — калі увогуле могуць увайсці — і, раней ці пазней, розум інстынктыўна іх адкідае.

***

Існуе сувязь паміж дысцыплінай і драматычным пачуццём. Калі мы не здолеем сабе ўявіць самога сябе як кагосьці інакшага, чым ёсць, калі не здолеем дапусціць да сябе таго другога “я”, тады мы ніколі не навяжам сабе дысцыпліны, дарма што можна было б яе навучыцца ад іншых. Актыўная сіла — у адрозненне ад пасіўнага ўхвалення прынятае формулы — гэта нешта тэатральнае, свядома драматычнае, — нашэнне маскі. Вось умова напружанага і поўнага жыцця. У людзей, вельмі дзейных з сваёй прыроды, заўсёды назіраецца або схільнасць пазіраваць, або — калі поза сталася другім “я” — клопат пра зробленае ўражанне. Гэта можна заўважыць у “Жыццях” Плутарха і часам у тых сучаснікаў, якія спрабуюць жыць паводле класічных узораў. Напрыклад, у Оскара Ўайлда або, што менш відавочна, Ўолта Ўітмэна. Ўордсварт нярэдка плыткі і цяжкаваты, часткова з таго, што ў разуменні ім маралі няма тэатральнага элементу, затое ёсць падначаленне дысцыпліне, якую сам ён не стварыў.

Усё жыццё пераследавала мяне ідэя, што паэт павінен ведаць людзей усіх класаў, будучы адным з іх, што павінен спалучыць сваю асабістую рэалізацыю з найбольшым магчымым веданнем усякае мовы і ўсякіх падзей у свеце. Памятаю, як пятнаццаць ці дваццаць гадоў таму прагнуў я, каб, прыняўшы неяк выгляд селяніна, вандраваць па Захадзе, пасля хацелася паплаваць матросам на караблі. Але той, хто асцерагаецца кантактаў з чужымі і паводзіцца натуральна толькі перад найбліжэйшымі сябрамі, не можа вандраваць у пошуках прыгодаў. Мастак выспявае ва ўсё большай самоце, ён ёсць усё болей сабою паводле ўласных мерак; адсюль ён усё выразней траціць панаванне над светам, які няўхільна ўскладняецца. Нейкага дня ён усё ж вырушыць, каб здабыць веды, нібыта пілігрым у Святую Зямлю. Будзе тады найбольш рамантычным з усіх персанажаў. І будзе забаўляцца ўсімі маскамі.

***

Трагедыя — гэта толькі азарт: адкідаючы вобраз героя, яна прымае форму дзякуючы перыпетыям і палёту пачуццяў; а камедыя — гэта сутыкненне ўсіх вобразаў. Адмоўся ад вобраза ў камедыі — тады атрымаеш фарс. Фарс жа цалкам абапіраецца на інцыдэнт. На практыцы бальшыня п'ес — мешаніна: Шэкспір трагікамічны. Камедыя радасная, бо прыняцце ролі, сваёй маскі — ці то індывідуалізаванага камічнага твару, ці то твару гратэскавага, фарсавага — гэта дэманстрацыя энергіі, а ўсякая энергія радасная. Паэт высноўвае трагедыю з душы, якая ва ўсіх падобная. Няма ў ёй радасці ў нашым разуменні гэтага слова, ёсць адно экстаз, што паходзіць з сузірання рэчаў, большых за адзінку, рэчаў, якія невыразліва ўспрымаюцца людзьмі на гэтым свеце. У трагічных масках няма ні героя, ні ўласнай энергіі, яны блізкія да дэкарацый і абстрактных фігураў егіпецкіх святынь. Перш як розум зірне іхнымі вачыма, актыўная воля знікне — адсюль іхны супакой, поўны смутку. Радасць паходзіць з волі, якая працуе, змагае перашкоды, ведае смак перамогі. Душа ведае толькі змены свайго стану; трагічныя матывы, як мне здаецца, звязаныя не з дзеяннем, але якраз-такі з зменамі стану. Я адчуваю гэта, хоць невыразна, калі палюю на праўду, якая што гушчар, і мой абавязак — прытрымлівацца разумовага ўражання і шэрай штодзённасці. Аднак: экстаз — ці ж не ёсць гэта спраўджаннем душы самой у сабе, ці ж не ёсць нейкім велічным імклівым выбухам, падобна да таго, як бы студня вылівала саму сябе? Ці ж не гэта мы называем хараством?

***

У размове з Крэбам Робінсанам Блэйк сказаў, што ён ставіць па-над чалавекам інтэлекту чалавека шчаслівага й дурнаватага, ці штосьці такое. Было гэта, бадай, выражэннем ягонай пахвалы жыццю — “Усё, што жыве, святое” — і ягонага непрымання абстракцыяў. Бальзак, хоць абагаўленне ім прыгожай, шляхетнага паходжання жанчыны магло б сведчыць, што й ён зрабіў падобны выбар аб'екта свайго пакланення, занадта ўзвышае культ волі, каб усведамляць выбар, калі гэтакі ён усё ж зрабіў. Ніцшэ, без сумневу, усведамляў выбар, калі ўяўляў сабе Звышчалавека. Як мастакі, мы пакутуем у нашым мастацтве тады, калі не любім жыцця, суладнага ў сабе, і калі бяздумна чынім тое, што наказвае нам чалавецтва. Мы ёсць — калі паглядзець на нас з перспектывы жыцця — падступным капрызам, эмфазаю і, можа, незавершаным скляпеннем. Тыя, апяванне і апекаванне якіх застаецца нашай павіннасцю, — гэта скляпенні завершаныя. Жыццё, якое мы бачым, — не канец рэчаў, але калі нашая праца й нашая воля дасягаюць нейкае вышыні, тады стаім мы разбітыя перад несціханым жыццём і не знаходзім у ім для сябе задання, якому мы б маглі прысвяціць свае найвыдатнейшыя здольнасці. Мы змушаныя мысліць і выражаць сябе, але не дзеяць. Фаўст пад канец быў здатны ўжо толькі папрасіць ворнае зямлі, нібыта які чыноўнік з міністэрства сельскай гаспадаркі. Праўда што, Рамэа не быў ані інтэлектуалам, ані вучоным — даволі нам таго, што ёсць у ім прырода. Мы ўспрымаем яго як завершанае скляпенне, бо ў літаратуры патрэбныя нам завершаныя рэчы. Людзі ўчынку, песняры жыцця й жарсці павінны быць прадметам цікавасці кожнага, але пра нас не належыць шмат гаварыць. Плутарх меў рацыю: мастак не павінен розніцца ад іншых у дзяржаве, таму што маладыя людзі, народжаныя для вайны й кахання, не хочуць быць такімі, як Фідый. Жыццё спавядаецца Жрацу і яму аддае пашану; мы спавядаемся Жыццю, кажучы, што мы б зрабілі, калі б толькі былі маладыя , прыгожыя й багатыя. А Жыццё адказвае: “Я ніколі не думаю пра гэта, у мяне так мала часу”. І як пахвальна, што Жыццё з блішчастымі вачыма імкне сваёй дарогаю, забываючыся пра нас.

***

Дзве гадзіны бяздзейнасці — пакуты невыносныя, бо ў мяне няма адгаворак і я адчуваю прымус пісаць. Маленькая Д.Ф. сказала мне, што ў садзе яе бацькі наткнуліся на курца опіюму, які тварыў вершы ў сне. Калі ён прачнуўся, дык запісаў загаловак, астатняга ўсяго не запомніў. Быў адзіным шчаслівым паэтам.

***

Ніводнае мастацтва не можа само заваяваць людзей — людзей заваёўвае ідэал жыцця, які вызначаецца аўтарытэтам. Калі мы зноў адкрыем гэты ідэал, тады мастацтвы, музыка й паэзія, жывапіс і літаратура, наблізяцца адно да аднаго.

***

Я ўвесь час крычу насуперак жыццю. Не сплю начамі праз турботлівыя думкі пра час, які забіраецца ў паэзіі, — мінулае ночы не мог заснуць, але, нягледзячы на гэта, мушу рабіць усё тое, дзякуючы чаму я магу весці актыўнае жыццё і выяўляць сябе не як традыцыйны паэт, а як той забыты феномен: нармальны, дзейны чалавек.

Упершыню надрукавана ў часопісе “Крыніца” №12 (49), 1998.

Пераклад з ангельскай – Юрась Бушлякоў © 1998

Чытайце таксама

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Ўільям Батлер Ейтс

Ўільям Батлер Ейтс

Ірландскі англамоўны пісьменнік, паэт, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Чэслаў Мілаш

Чэслаў Мілаш

Польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, юрыст і дыпламат

709