№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Ўільям Батлер Ейтс (William Butler Yeats)

1865 - 1939

Ўільям Батлер Ейтс

1865. 13 чэрвеня. У Сэндымаўнце, прадмесці Дубліна, нарадзіўся Ўільям Батлер Ейтс, сын мастака Джона Батлера Ейтса і Сузан Мэры Палексфэн.

1868. Сям’я Ейтсаў пераязджае ў Лондан, дзе пасяляецца ў Бэдфард-парку, т.зв. “вёсцы прэрафаэлітаў”, сярод якіх пачынаў Дж. Б. Ейтс. Першыя моцныя эстэтычныя ўражанні будучага паэта.

1881. Сям’я вяртаецца ў Дублін. Ейтс наведвае Муніцыпальную школу мастацтваў, дзе знаёміцца з Джорджам Расэлам, будучым паэтам і мастаком (пісаў пад псеўданімам ?), які прыахвоціў Ейтса да вывучэння акультнае веды.

1885. У “Дублінскім універсітэцкім аглядзе” апублікаваны першы твор Ейтса – паэтычная драма “Выспа стодаў” (The Island of Statues).

1886. Ейтс бярэ ўдзел у Дублінскай ложы Герметычнага таварыства: “Гэтыя таварыствы раней ці пазней ператвараліся ў тое, чым я найбольш пагарджаў”. Ва універсітэцкім дыскусійным клубе знаёміцца з Джонам О’Ліры, удзельнікам ірландскага рэспубліканскага руху: “У размовах з О’Ліры і кнігах, якія ён пазычаў ці дарыў мне, я пачарпнуў усё, пра што дагэтуль пішу”.

1887. Зноў разам з сям’ёй едзе ў Лондан. Знаёмства з Ўільямам Морысам, які быў найбуйнейшай постаццю сярод прэрафаэлітаў.

1889. Выходзіць першы том твораў “Вандраванні Ойсіна і іншыя вершы” (The Wanderings of Oisin and Other Poems) – нацыянальная міфалогія трывала асталявалася ў творчасці Ейтса. Адбываецца сустрэча з актрысай і заўзятай прыхільніцаю ірландскае незалежнасці Мод Гон, якая на доўгія гады робіцца рамантычнай гераіняю вершаў Ейтса: “Усё найлепшае, што я зрабіў і працягваю рабіць, – хіба гэта не спроба растлумачыць ёй сябе?”

1890. У Лондане разам з Эрнэстам Рысам Ейтс засноўвае “Клуб Рыфмароў” (The Rhymers’ Club). Сярод паэтаў, якія наведвалі мансарду сярэднявечнае карчмы “Чэшырскі сыр”, былі Эрнэст Доўсан, Лаянэл Джонсан, Артур Сайманс. Яны знаёмяць Ейтса з творчасцю французскіх сімвалістаў. Ягоныя вершы друкуюцца ў часопісах “Жоўтая кніга” і “Савой”.

У гэтым жа годзе робіцца сябрам Ордэна Залатога Золку (The Hermetic Order of the Golden Dawn), сімвалам якога была Ружа на Крыжы.

1893. Выходзіць у свет зборнік апавяданняў “Кельцкае сутонне” (The Celtic Twilight) – своеасаблівы сімвал Ірландскага Адраджэння. Зборнік твораў “Графіня Кэтлін і розныя легенды і вершы” (The Countess Cathleen and Various Legends and Lyrics), у якім важнае месца займала паэтычная частка “Ружа” (The Rose). Праца над трохтомным выданнем твораў Ўільяма Блэйка.

1896–1898. Вандруе: Лондан, Парыж, Дублін, Слайга. У Парыжы сустракаецца з Полем Вэрленам і Стэфанам Малармэ. Знаёміцца з будучым драматургам Джонам Сінгам, пераконвае яго вярнуцца ў Ірландыю і ўзяць актыўны ўдзел у ірландскім культурным адраджэнні.

1897. Пачатак шматгадовага сяброўства з лэдзі Аўгустай Грэгары, тэатральнай дзяячкаю і мецэнаткаю, збіральніцаю ірландскага фальклору. У артыкуле “Кельцкі элемент у літаратуры” (The Celtic Element in Literature) Ейтс піша пра новую крыніцу, якая “можа ўзбагаціць сучасны сімвалізм”, – пра ірландскія міфы, “што здольныя падараваць новаму стагоддзю найвыразнейшыя сімвалы”.

1899. Зборнік вершаў “Вецер у чароце” (The Wind Among the Reeds).

1902. Пастаноўка п’есы “Кэтлін, дачка Хоўліэна” (Catleen ni Houlihan), якая набыла ў Ірландыі значнасць палітычнае падзеі.

1904. У Дубліне створаны нацыянальны Тэатр Абацтва. Кіраўнікі тэатра: лэдзі Грэгары, Джон Сінг, Ў. Б. Ейтс. Першай пастаноўкай тэатру была п’еса Ейтса “На беразе Байле” (On Baile’s Strand), якая была надрукаваная ў зборніку твораў “У сямі лясах” (In the Seven Woods), што выйшаў у тым жа годзе.

1910. Зборнік “Зялёны шалом і іншыя вершы” (The Green Helmet and Other Poems).

1912. Сустрэча з Эзрам Паўндам, які ў зімовыя месяцы наступных трох гадоў выконвае абавязкі сакратара Ейтса. Паўнд знаёміць яго з японскім тэатрам масак Но.

1914. Зборнік вершаў “Абавязкі” (Responsibilities).

1916. Пастаўленая першая п’еса ў традыцыях тэатру Но – “Пры Каршуновай крыніцы” (At the Hawk's Well): “З дапамогаю японскіх п’есаў я вынайшаў вытанчаны, пазбаўлены літаральнасці сімвалічны кшталт драмы”.

1916, 24–29 красавіка. Паўстанне ў Дубліне, так званы “Велікодны тыдзень”. Яно скончылася паразаю паўстанцаў і смяротнай караю для іх правадыроў, сярод якіх былі літаратары Падрык Пірс і Томас Мак-Донах. Ейтс, знаходзячыся падчас паўстання ў Лондане, піша верш “Вялікдзень 1916 г.” (Easter 1916). “Я нават не думаў, што якая-небудзь грамадская падзея можа так глыбока закрануць мяне”.

1917, кастрычнік. Шлюб з Джордж Хайд-Ліз. Падчас мядовага месяца ў жонкі выявілася здольнасць да аўтаматычнага пісьма. З яе дапамогай Ейтс будуе сваю міфафіласофскую сістэму, якая знайшла адлюстраванне ў тагачасных вершах, а таксама ў кнізе “Відзежа” (A Vision).

1919. Зборнік вершаў “Дзікія лебедзі ў Куле” (The Wild Swans in Coole).

1919–1921. Нацыянальна-вызвольная вайна, што скончылася дамоваю з Англіяй, паводле якой Ірландыя атрымала статус дамініёна, за выняткам Паўночнае Ірландыі.

1921. Зборнік вершаў “Майкл Рабартыс і танцорка”.

1922–1923. Грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі дамовы і рэспубліканцамі, якія дамагаліся незалежнасці ўсяе Ірландыі. Скончылася паразаю рэспубліканцаў. Падчас вайны Ейтс знаходзіцца ў Тур Балілі, сваім доме ў графстве Галуэй, які быў перабудаваны са старой нармандскай вежы. “Вежа” робіцца адным з ключавых вершаў Ейтса ў 20-я гады.

1923–1928. Выбраны сябрам ірландскага сената. Адзін з трох сенатараў, што кансультавалі ўрад у пытаннях адукацыі, культуры і мастацтва.

1923. Ейтс – лаўрэат Нобелеўскае прэміі: “Магчыма, ангельскія камітэты ніколі б не назвалі вам майго імя, калі б я не пісаў п’есаў і артыкулаў пра тэатр, калі б мая лірычная паэзія не была падобнаю да мовы, якою прамаўляюць на сцэне, а найперш – калі б маё імя не сталася ў пэўнай ступені сімвалам цэлага руху”.

1925. Выходзіць першы варыянт кнігі “Відзежа” (A Vision), дзе ўвасобіліся ўсе міфалагічныя, філасофскія і акультныя пошукі Ейтса.

1928. Зборнік вершаў “Вежа” (The Tower).

1929. Пасля сур’ёзнае хваробы доўгі час жыве ў Рапала (Італія).

1933. Зборнік “Вітая лесвіца і іншыя вершы” (The Winding Stair and Other Poems).

1936. Зноў сур’ёзна хворы, але публікуе “Оксфардскую анталогію сучаснае паэзіі”, да якой сам адабраў вершы (вельмі суб’ектыўна) і напісаў прадмову.

1937. Другі, істотна перагледжаны, варыянт “Відзежы”.

1938. Апошняя п’еса “Смерць Кухуліна” (The Death Of Cuchulain).

1939, 28 студзеня. Пасля доўгай хваробы Ў. Б. Ейтс памірае. Пахаваны ў Ракбруне (Францыя).

1948. Прах Ейтса перавозяць у Ірландыю. “Той, хто спрыяў натхненню ў прыродзе і людзях Слайга, павінен быў урэшце вярнуцца да іх” (Ф. О’Конар). Надпіс на помніку над магілаю паэты, у Драмкліфе – радкі верша “Пад Бэн-Балбэнам” (Under Ben Bulben): “Вершнік, кінь халодны позірк // На жыццё й смерць // І руш далей...”

Падрыхтавала Марына Шода


З часопіса “Крыніца”, № 12, 1998 г., с. 64–68.

Чытайце таксама

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

Брытанскі пісьменнік, чые дасціпныя, а часам змрочныя апавяданні былі сатырай на норавы эдвардыянскай Англіі

Вульф Сосенскі

Вульф Сосенскі

Збіральнік габрэйскага беларускага фальклору.

Роберт Вальзэр

Роберт Вальзэр

Швейцарскі паэт і празаік, пісаў на нямецкай мове. Асаблівай увагі заслугоўвае яго біяграфія

Аркадзь Аверчанка

Аркадзь Аверчанка

Рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пасля рэвалюцыі жыў на эміграцыі

1189