№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Паўль Цэлан

Прамова падчас атрымання літаратурнай прэміі вольнага ганзейскага горада Брэмен (26 студзеня 1958) (Ansprache anlässlich der Entgegennahme des Literaturpreises der Freien Hansestadt Bremen)

Пераклад з нямецкай Юля Цімафеева

“Думаць” і “дзячыць” у нашай мове — словы аднаго і таго ж паходжання [1]. Калі трымацца іхнага сэнсу, то прыйдзеш да поля значэнняў: “успамінаць”, “памятаць”, “напамінак”, “пашана” [2]. Дазвольце ж мне, імі кіруючыся, вам падзячыць.

Краіна, з якой я — столькімі вакольнымі шляхамі! але ці ёсць яны, вакольныя шляхі? — краіна, з якой я да вас прыехаў, можа быць, большасці невядомая. Гэта краіна, адкуль паходзіць значная частка тых хасідскіх аповедаў, што для нас усіх пераказаў па-нямецку Марцін Бубер. І — я дазволю сабе дапоўніць ейны тапаграфічы эскіз тым, што, зусім здалёк, паўстае цяпер перад маімі вачыма — гэта быў край, дзе жылі людзі і кнігі. У той выпалай з сучаснай гісторыі, тагачаснай правінцыі габсбургскай манархіі да мяне ўпершыню прыйшло імя Рудольфа Аляксандра Шродэра — падчас чытання “Оды з гранатам” Рудольфа Борхардта. І тады ж набываў для мяне абрысы Брэмен: у вобразе выданняў “Брэмер Прэсэ”.

І ўсё ж Брэмен, набліжаны праз кнігі і імёны тых, хто пісаў кнігі і іх выдаваў, захоўваў у сабе гук недасяжнасці.

Дасяжнае, аднак даволі далёкае, каб дасягнуць, звалася Венай. Вы ведаеце, як цягам гадоў ішлі справы з гэтай дасяжнасцю.

Дасяжным, блізкім і не страчаным між усіх стратаў заставалася толькі адно: мова.

Яна, мова, заставалася не страчанай, напраўду, нягледзячы ні на што. Але ёй выпала прайсці скрозь уласную безадказанасць, прайсці скрозь страшэннае зняменне, прайсці скрозь тысячу цемрадзяў смертаносных размоваў. Яна прайшла скрозь, і не знайшлося ў яе ніякіх словаў для таго, што здарылася; толькі здарэнне тое яна прайшла наскрозь. Прайшла наскрозь і зноў змагла з’явіцца, “узбагачаная” ўсім гэтым.

Я спрабаваў на гэтай мове, у тыя і ў наступныя гады, пісаць вершы: каб казаць, каб арыентавацца, каб разведаць, дзе я знаходжуся і куды мяне вядзе, каб накідаць для сябе чарнавік рэчаіснасці.

Гэта было, як бачыце, падзеяй, рухам, знаходжаннем у дарозе, гэта было спробай знайсці кірунак. І калі б я запытаўся пра іхны сэнс, я думаю, мне давялося б адказаць, што ў гэтым пытанні, туруючы яму па гадзіннікавай стрэлцы, гучыць яшчэ адно пытанне.

Таму што верш не пазачасавы. Няма сумневу, ён дамагаецца бясконцасці, ён шукае, як прарвацца скрозь час — праз час наскрозь, а не па-над часам. Верш можа — таму што гэта адна з яўных формаў мовы і, значыць, дыялагічная па сваёй сутнасці — быць пасланнем у бутэльцы, закладзеным — канечне, почасту дарэмна — з верай у тое, што недзе і некалі яно можа быць вынесеным на бераг, на бераг сэрца, мабыць. Вершы, такім чынам, таксама ў дарозе: яны некуды мкнуць.

Але куды ж? Да нейкай адчыненасці, гатовасці прыняць, мабыць, да нейкага адкрытага да размовы Ты, адкрытай да размовы рэчаіснасці.

Пра такія рэчаіснасці вядзецца, я думаю, у вершы.

І яшчэ я думаю, што такія развагі суправаджаюць не толькі мае намаганні, але і тых, іншых паэтаў з маладзейшага пакалення. Намаганні таго, над якім ляцяць рукатворныя зоркі і які, не маючы даху над галавою і ў такім нябылым дагэтуль сэнсе, а таму ахоплены вусцішшу свабоды, звяртаецца са сваім быццём да мовы, паранены рэчаіснасцю і рэчаіснасці прагны. 

Каментары:

[1] У арыгінале: “denken” і “danken”.

[2] У арыгінале адпаведна: “gedenken”, “eingedenk sein”, “Andenken”, “Andacht”. 

Пераклад з нямецкай – Юля Цімафеева © 2017

Чытайце таксама

Томас Стэрнз Эліят

Томас Стэрнз Эліят

Амерыканска-ангельскі паэт, драматург і літаратурны крытык, прадстаўнік мадэрнізму ў паэзіі. Лічыцца адным з найвялікшых паэтаў XX ст.

Ігнацы Карповіч

Ігнацы Карповіч

Польскі празаік, перакладчык з ангельскай, гішпанскай і амхарскай моваў, падарожнік

Анджэй Стасюк

Анджэй Стасюк

Польскі празаік, паэт, драматург.

Яна Бэнява

Яна Бэнява

Славацкая паэтка і аўтарка прозы. Жыве ў Браціславе

665