№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Эдгар Алан По

Востраў феі (The Island of the Fay)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута

Nullus enim locus sine genio est [1].

Сервій [2]

 

“La musique
, — кажа Мармантэль [3] у тых Contes Moraux” [4], якія ва ўсіх перакладах мы настойліва называем “Маральнымі гісторыямі”, нібыта насміхаючыся над іх духам, — la musique est le seul des talents qui jouissent de lui-même; tous les autres veulent des temoins” [5]. Тут ён блытае асалоду, якую атрымліваюць ад прыемных гукаў, са здольнасцю іх ствараць. Музычны талент не больш, чым любы іншы, можа дарыць поўнае задавальненне, калі іншая асоба, што можа ацаніць практыкаванні ў ім, адсутнічае. Тое, што ён стварае ўражанні, насалоджвацца якімі цалкам можна ў адзіноце, толькі яднае яго з іншымі талентамі. Ідэя, якую апавядальнік не змог ясна выказаць ці якой ахвяраваў дзеля такога любімага яго нацыяй вострага слоўца, — гэта, несумненна, вельмі разумная ідэя, паводле якой музыку найвышэйшага кшталту мы можам глыбока ацаніць толькі тады, калі мы зусім адны. З такой думкай адразу ж пагодзяцца ўсе тыя, хто цэніць ліру і дзеля яе самой, і дзеля яе духоўнага ўплыву. Аднак ёсць адна асалода, усё яшчэ дасяжная для заняпалага чалавецтва і, магчыма, адзіная, якая ў спалучэнні з самотай дае яшчэ мацнейшы вынік, чым музыка. Я гавару пра шчасце, якое спазнаецца ў сузіранні прыроды. Сапраўды, чалавек, які хоча ўбачыць славу Божую на зямлі, мусіць убачыць яе ў адзіноце. Прынамсі для мяне жыццё, не толькі чалавечае, але і жыццё любое формы, за выключэннем нямой зеляніны, што вырастае з зямлі, — гэта пляма на краявідзе, бунт супраць генія пейзажу. Я сапраўды люблю разглядаць цёмныя даліны, і шэрыя скалы, і ціхія ўсмешкі азёр, і лясы, што ўздыхаюць у трывожнай дрымоце, і ганарлівыя відушчыя горы, што сузіраюць усё звысоку, — я люблю разглядаць іх як велізарныя часткі аднаго бязмежнага цэлага, надзеленага розумам і жыццём, таго цэлага, чыя форма (блізкая да сферы) самая ёмістая і дасканалая, чыя сцежка ляжыць сярод з’яднаных у адну сям’ю планет, чый сціплы служка — месяц, чый уладар, які ў сваю чаргу служыць іншаму ўладару, — сонца, чыё жыццё — вечнасць, чыя думка — гэта думка Бога, чыя асалода — веды, чые лёсы губляюцца ў бязмежжы, чыё ўяўленне пра нас роўнае нашаму ўласнаму ўяўленню пра найдрабнейшыя жывыя арганізмы, што кішаць у нашых мазгах, — і істота гэтая ў выніку здаецца нам зусім матэрыяльнай і неадушаўлёнай, такой, якімі, відаць, тыя арганізмы ўяўляюць і нас.

Нашыя тэлескопы і матэматычныя даследаванні ўвесь час пераконваюць нас, нягледзячы на крывадушнасць самай неадукаванай часткі духавенства, што прастора і, адпаведна, аб’ём маюць у вачах Усявышняга значэнне. Цыклы, згодна з якімі круцяцца зоры, лепш за ўсё прыдатныя для руху найбольшай колькасці нябесных целаў, якая выключае іх сутыкненне. Формы гэтых целаў акурат такія, каб змясціць найбольшую колькасць матэрыі на дадзенай паверхні, а сама паверхня мусіць засяліцца самай шчыльнай папуляцыяй — больш шчыльнай, чым тая, якой можна засяліць такую самую, але інакш арганізаваную паверхню. І тое, што прастора сама па сабе бясконцая, — не аргумент супраць таго, што аб’ём Бога турбуе, бо для яго запаўнення можа існаваць бясконцая колькасць матэрыі. І калі мы так выразна бачым, што надзяленне матэрыі жыццём — гэта прынцып, прычым, наколькі мы можам меркаваць, галоўны прынцып Боскай дзейнасці, наўрад ці будзе лагічным уяўляць, што ён абмяжоўваецца сферай найдрабнейшага, дзе мы кожны дзень бачым яго праявы, і не распаўсюджваецца на вялікае. Калі мы да бясконцасці знаходзім цыклы ў іншых цыклах, і ўсе яны круцяцца вакол аднаго аддаленага цэнтра, якім ёсць Бог, то ці не варта нам аналагічным чынам уявіць сабе існаванне жыцця ўнутры жыцця, меншае ў большым, і ўсё гэта — у боскім духу? Карацей кажучы, праз сваю саманадзейнасць мы жахліва памыляемся, лічачы, што чалавек у сваім цяперашнім ці будучым існаванні мае для сусвету большае значэнне, чым тыя шырокія “землі даліны”, якія ён арэ і якімі пагарджае, адмаўляючыся бачыць у іх душу толькі таму, што не заўважаў яе ў дзеянні [6].

Такія і падобныя да іх фантазіі заўсёды надавалі маім роздумам у гарах, ці ў лясах, ці на беразе ракі альбо акіяна адценне таго, што ў штодзённым жыцці звычайна называюць фантастычным. Мае частыя блуканні сярод такіх краявідаў былі поўныя пошукаў і часцей за ўсё самотныя, і цікаўнасць, з якой я бадзяўся па многіх цяністых глыбокіх далінах ці глядзеў на нябёсы, адлюстраваныя ў многіх чыстых азёрах, была істотна паглыбленая думкай пра тое, што я бадзяюся і гляджу ў адзіноце. Гэты легкадумны француз [7] сказаў аднойчы ў дачыненні да вядомай працы Цымермана, што “la solitude est une belle chose; mais il faut quelqu’un pour vous dire que la solitude est une belle chose?” [8] Нельга адмовіць гэтай фразе ў дасціпнасці, але такой неабходнасці і няма.

Менавіта падчас адной з маіх самотных вандровак па аддаленым закутку сярод гор, маркотных звілістых рэк і меланхалічных сонных азёраў я выпадкова наткнуўся на ручаіну з востравам. Я натрапіў на іх у зялёны чэрвеньскі час і паваліўся на дзёран у цені невядомага мне пахкага куста, каб занурыцца ў сузіранне і дрымоту. Я адчуваў, што толькі так змагу разгледзець адкрытую мне карціну — настолькі яна была падобная да відзежы.

З усіх бакоў, апроч заходняга, дзе акурат сядала сонца, уздымаліся зялёныя муры лесу. Здавалася, што рачулка, якая рабіла тут рэзкі паварот і таму адразу ж знікала з вачэй, не можа знайсці выхаду з турмы і паглынаецца на ўсходзе цёмна-зялёнай лістотай, тым часам як з процілеглага боку (як уяўлялася мне, калі я, выцягнуўшыся, ляжаў і глядзеў уверх) у даліну бясшумна і несупынна зрынаўся залаты і кармазынавы вадаспад вячэрніх нябесных крыніц.

Прыкладна пасярэдзіне той невялікай прасторы, якую мог ахапіць мой летуценны позірк, на водным улонні спачываў маленькі круглы востраў, шчодра ўбраны зелянінай.
 
Змяшаліся тут бераг з ценем,
Нібы завіслі над струменем —
 
празрыстая вада так нагадвала люстэрка, што было амаль немагчыма сказаць, дзе менавіта на схіле, пакрытым смарагдавым дзёрнам, пачыналіся яе крыштальныя ўладанні.

Маё становішча дазваляла мне бачыць адначасова і ўсходнюю, і заходнюю часткі астраўка, і я заўважыў, што яны незвычайна адрозніваюцца. На захадзе востраў быў суцэльным шыкоўным гарэмам садовых прыгажунь. Ён зіхцеў і рдзеў пад касымі поглядамі сонца і весела смяяўся кветкамі. Трава там была кароткай, пругкай, з салодкім пахам, усеяная асфадэлямі. Дрэвы — гнуткія, вясёлыя, простыя, яркія, стройныя і грацыёзныя, з усходнімі абрысамі і лістотай, з гладкай, бліскучай і стракатай карой. Ва ўсім бачылася глыбокае і радаснае адчуванне жыцця, і хаця з нябёсаў сюды не даносілася ніводнага павеву, усё калыхалася ад пяшчотнага пырхання незлічоных матылькоў, якія так нагадвалі крылатыя цюльпаны [9].

Другі канец вострава, усходні, паглынуў найчарнейшы цень. Там панаваў змрочны, і ўсё ж прыўкрасны і ціхамірны жаль. Дрэвы былі цёмных колераў, з жалобнымі выгінамі і абрысамі — яны звіваліся ў маркотныя, урачыстыя і прывідныя фігуры, што выклікалі думкі пра смяротную скруху і заўчасную смерць. Трава пераняла цёмнае адценне ў кіпарыса, і кожная былінка бяссільна хілілася да зямлі, там і сям віднеліся ў ёй маленькія непрыглядныя грудкí, нізкія, вузкія і не вельмі доўгія, падобныя да магілаў, але толькі падобныя, хоць і парослыя скрозь рутай і размарынам. Цень ад дрэваў цяжка падаў на ваду, нібы кладучыся на дно і напаўняючы цемрай глыбіні. Мне ўявілася, што калі сонца апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй, кожны цень паволі аддзяляецца ад камля, які даў яму жыццё, і паглынаецца ручаём, і ў тое ж імгненне дрэвы адкідваюць новыя цені, што замяняюць сваіх пахаваных папярэднікаў.

Захапіўшы маё ўяўленне, гэтая ідэя дарэшты ім завалодала, і я заблукаў у крозах. “Калі існуюць у свеце зачараваныя астравы, — сказаў я сабе, — то вось адзін з іх. Гэта прыстанак рэдкіх пяшчотных феяў, што перажылі гібель свайго племені. Гэтыя зялёныя магілы належаць ім? Ці развітваюцца яны са сваім салодкім жыццём так, як людзі? Ці не растаюць яны, паміраючы, са скрухай, ці не аддаюць патроху сваё жыццё Богу, як аддаюць цень за ценем дрэвы, ушчэнт губляючы сябе? Ці будзе жыццё феі для смерці, што зацягвае яе, тым жа, што і дрэва для вады, якая ўсмоктвае яго цень, сваю здабычу, і робіцца ўсё чарнейшай?”

Пакуль я так, прымружыўшы вочы, летуценіў, сонца спяшалася на спачынак і плынь вірыла вакол вострава, несучы на хвалях вялікія бліскучыя кавалкі белай платанавай кары, якія так мільгацелі на вадзе, што імклівае ўяўленне магло ператварыць іх у што заўгодна, — пакуль я так летуценіў, мне ўявілася, што фігурка адной з тых выдуманых мной феяў паволі выплыла з заходняй, асветленай часткі вострава ў цемру. Яна стаяла, выпрастаўшыся, у дзівосным крохкім чоўне і кіравала ім з дапамогай прывіднага вясла. Пад апошнімі промнямі ў яе абліччы праглядалася нешта радаснае, аднак скруха сказіла яе рысы, як толькі яна апынулася ў цені. Яна марудна слізгала па хвалях, пакуль урэшце не абплыла астравок і не вярнулася да святла. “Кола, якое толькі што зрабіла фея, — летуценна падумаў я, — гэта кароткі год яе жыцця. Яна праплыла праз сваю зіму і сваё лета. Цяпер яна на год наблізілася да смерці, бо я не мог не заўважыць, што, калі яна трапіла ў змрок, цень феі аддзяліўся і знік у цёмнай вадзе, зрабіўшы яе чарнату яшчэ чарнейшай”.

А вось і зноў чаўнок, а на ім — фея, але ў яе абліччы больш няўпэўненасці і турботы і менш лёгкае радасці. Яна зноў выплыла са святла ў змрок (які тут жа зрабіўся глыбейшым), і зноў яе цень аддзяліўся ад яе, і ўпаў у эбенавыя воды, і знік у іх чарнаце. Зноў і зноў рабіла фея колы вакол вострава, пакуль сонца зануралася ў дрымоту, і кожны раз, выплываючы на святло, яна рабілася ўсё маркотнейшай, слабела, бляднела і размывалася, а трапляючы ў цемру, губляла ўсё цямнейшы цень, які паглынаўся ўсё чарнейшай вадой. І ўрэшце, калі сонца зусім схавалася, фея, цяпер не больш чым прывід ранейшай сябе, журботна скіравала чаўнок у эбенавай чарнаты плынь, а ці выплыла адтуль, я сказаць не магу, бо ўсё навокал схаваў змрок, і я не бачыў больш яе чароўнага аблічча.
 
 
Каментар
 
Існуе некалькі спісаў гэтага апавядання. Для перакладу абраная публікацыя ў часопісе “Broadway Journal” 4 кастрычніка 1845 года, змешчаная ў электроннай бібліятэцы “Балтымарскага таварыства Эдгара Алана По” (The Edgar Allan Poe Society of Baltimore): www.eapoe.org/WORKS/tales/islfayc.htm і дапоўненая каментарам №7 з выдання 1850 году. У першым выданні (чэрвень 1841 году, Graham’s) у эпіграфе замест цытаты з Сервія выкарыстаны верш самога Эдгара По “Санэт да навукі”.
 
1. Бо няма месца без генія (лац.).
 
2. Маўр Сервій Ганарат (Maurus Servius Honoratus) — рымскі граматык канца IV стагоддзя, аўтар каментараў да “Буколік”, “Георгік” і “Энеіды” Вергілія.
 
3. Жан Франсуа Мармантэль (Jean-François Marmontel, 1723—1799) — папулярны ў свой час французскі пісьменнік. “Маральныя гісторыі” (Contes Moraux) — адна з самых знакамітых яго прац, апавяданні, у якіх аўтар апісвае норавы грамадства і ўслаўляе дабрадзейнасць.
 
4. “Moraux” у дадзеным выпадку выводзіцца са слова “mœurs” і мае значэнне “свецкі”, ці, дакладней, “нешта, звязанае з манерамі” (заўвага аўтара).
 
5. “Музычны талент — адзіны, што задавальняецца сам сабой, астатнія патрабуюць сведак” (фр.).
 
6. Гаворачы пра прылівы і адлівы, Пампоній Мела ў сваёй працы De situ orbis” піша: “Альбо свет — гэта вялікая жывёла, альбо...” і г.д. (заўвага аўтара). Пампоній Мела (Pomponius Mela, 15—60 гг. н.э.) — самы ранні рымскі географ, які стварыў сваю асноўную працу “Апісальная геаграфія” (De situ orbis) каля 43 г. н.э.
 
7. Бальзак; я перадаю сутнасць цытаты, бо даслоўна яе не памятаю (заўвага аўтара).
 
8. “Адзінота — цудоўная рэч, але трэба, каб нехта сказаў вам, што яна цудоўная (фр.). Цытата прыведзеная тут недакладна і належыць не Анарэ дэ Бальзаку, як гэта часта памылкова пішуць, а Жану-Луі Гезу дэ Бальзаку (Jean-Louis Guez de Balzac, 1597—1654), французскаму майстру эпісталярнага жанру, і ўзятая з “Dissertations chrétiennes et morales” (1665), XVIII: “Les plaisirs de la vie retirée”. Дакладна цытата выглядае так: “Адзінота — безумоўна, цудоўная рэч, але ўся прыемнасць у тым, каб побач быў нехта, хто адгукнуўся б і час ад часу мог сказаць, што гэта цудоўная рэч” (La solitude est certainement une belle chose, mais il y a plaisir d'avoir quelqu'un qui sache répondre, à qui on puisse dire de temps en temps, que c'est un belle chose). У гэтым выпадку невядома, якога Цымермана падразумяваў тут Эдгар По. Магчыма, маецца на ўвазе Ёган Георг Цымерман (Johann Georg Zimmermann, 1728—1795), швейцарскі філосаф і доктар, аўтар працы “Пра самоту” (Über die Einsamkeit). Аднак гэты Цымерман жыў пазней за Геза дэ Бальзака. Улічваючы частую блытаніну ў атрыбуцыі цытаты, хутчэй за ўсё Эдгар По тут зрабіў памылку.
 
9. Florem putares nare per liquidum æthera. P. Commire (“Ты можаш уявіць кветку, што плыве ў вадкім эфіры”. Айцец Камір. — Заўвага аўтара). Хутчэй за ўсё гэтую цытату Эдгар По ўзяў у “Дзівотах літаратуры” (Curiosities of Literature) Ісаака Дызраэлі (Isaac D'Israeli, 1766—1848), ангельскага эсэіста і бацькі прэм’ер-міністра Бэнджаміна Дызраэлі. П’ер Жан Камір (Pere Jean Commire, 1625—1702) — французскі езуіт.
Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2014

Чытайце таксама

Арцюр Рэмбо

Арцюр Рэмбо

Французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму

Андрэй Адамовіч

Андрэй Адамовіч

Беларускі паэт, аўтар зборніка "Дзень паэзіі смерці дзень". Перакладае з украінскай

Ўолт Ўітмэн

Ўолт Ўітмэн

Амерыканскі паэт, эсэіст і журналіст.

Анатоль Франс

Анатоль Франс

Анатоль Франс (сапраўднае імя Франсуа-Анатоль Тыбо) – французскі пісьменнік і літаратурны крытык

571