№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Багдан-Ігар Антоныч

Элегія пра персцень песні (Елегія про перстень пісні)

Пераклад з украінскай Алена Пятровіч


Я маю дом і побач сад,
спяваюць яблыні за домам.
Мне свежым малаком – раса,
мне мёд забавы – маладому.
Бы капялюш, стракаты дах,
дом, нібы куфар маляваны.
Зладзеі ходзяць па садах
праз частаколы і парканы.
Мне агароджу трэба зладзіць –
каменную сцяну прысню.
І вырастае сонца ў садзе –
Пахмельнай кветкай тытуню.

Выходжу ў сад – п’яное сэрца
неўтаймавана і няўцішна
зялёным акрыляю скерцам
тужліва распяянай вішні.
Выходжу ў сад, як сонца гасне
і вечар, бы струна, трымціць.
Жыццё панаднае прыўкрасна
ў адно імгненне перажыць!
Выходжу ў сад, зрываю словы,
натхнёных дрэваў даніну.
Мяне адчай у пастку зловіць –
красе адчайна ў твар зірну.

Загінуў вечар элегічны,
завяў, бы песня, спапялеў.
У збан збяру са слоў магічных
свой малітоўна-юны спеў.
Пажарам сонца дагарэла,
апекла вочы і зямлю.
У вогненным вянку нясмела
я голаў радасна схілю.

Завечарэла. Заімгліла.
Бы сто кадзілаў, ноч дыміць.
Абруч свой сонца пакаціла,
каб месяц у яго злавіць.
Квяцісты дым, блакіт смугі,
ноч зорамі на небе шые.
Пільнуйся, хлопча дарагі,
вясна расою вочы выесць.

Зноў льецца ландышавы водар,
набрыньвае ад мёду кроў.
Павольны крок, спакойны одум,
ды сэрца моцна б’ецца зноў.
У юным садзе гаспадару,
павольна йду пад ночы спеў.
Рука знямела ад цяжару –
паўнюткі поўняў кош саспеў.

Шапочуць элегічна дрэвы.
Пра што іх шэпт?
– Каханне й сон.
Абдымкі – вечара павевы
ўлюляюць сэрца ў свой палон.
Даўгія цені – кветкі ночы –
як душы выбеленых дрэў.
Да месяца падняцца хочуць,
ды вецер іх не забярэ.

О смутак, радасны й вялікі,
Спічастых словаў зарапад.
Вось месяц – малады музыка
Настройвае, бы скрыпку, сад.
Лятунак лёткі і хімерны!
Віецца ў цемру ночы шлях.
Не, неба словаў тых не верне
і не аддасць назад зямля.

Паслухай сад! І дрэваў споведзь
у кнігу ночы запішы.
Ты яварам, што свой цень ловіць,
схіліся да свае душы.
У кнізе ночы словаў згукі,
натхнёныя радкі шумяць.
Яе не возьмеце вы ў рукі,
яе у сэрца трэба ўзяць.
Бы зоркі сонныя ў агні,
асвечаныя мройным сном,
радкі прачнуцца ў глыбіні
душы акрыленае, і
спявае звонкім зыкам дно.
Спявае звонкім зыкам явар,
спяваюць звонкім зыкам дні,
спыняецца няўцішны крок.
Натхнёным цыркулем уявы
накрэсліш кола роўных строф.

Хай сэрца – у п’яным віры –
расправіць крылы і гарыць,
хай узлятаюць дагары,
няхай зрываюцца увыш
мае радкі крылатым цудам!
На вуснах словам затрымціш –
няўжо цябе спыняць я буду?
Я чую, як прыходзіш – чорнай,
п’янкою і балючай, – песня,
шукае змест пустая форма –
адзіная, што жах мой змесціць,
і радасці маёй вясну,
і глыбіню цяжкога сну,
і словам проста ў сэрца тну,
аж б’ецца кроў, бы крык адчаю,
шалёны ў шчасці, паміраю.

На сценах дома знак злавесны,
на сценах дома – персцень песні.

 

Пераклад з украінскай – Алена Пятровіч © 2010

Чытайце таксама

Алешандры Радрыгеш

Алешандры Радрыгеш

Бразільскі пісьменнік і журналіст

Ханс Хайнц Эверс

Ханс Хайнц Эверс

Ханс Хайнц Эверс – нямецкi празаік i паэт, аўтар мiстычных апавяданняў i раманаў гатычнае скiраванасцi

Манула Каліцка

Манула Каліцка

Польская пісьменніца і журналістка. Сапраўднае імя — Марыя Магдалена Каліцка.

Дэніэл Мендэлсан

Дэніэл Мендэлсан

519