Logo ARCHE

 постмадэрнізм у 1-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1-1999


кніга
 

Уладзімер Сакалоў
Заўсёды светла каля турэмных муроў


Пралог. Пішчалаўскі замак

Больш за дзвесцe гадоў пад шарым Менскім небам стаіць шары Пішчалаўскі замак. Як і большасць каралеўскіх палацаў, з часам ён зрабіўся турмою.

Простакутнік, фланкіраваны прысадзістымі зубчастымі вежамі, пазней абнеслі яшчэ адным мурам, верх якога ўкрыла павута калючага дроту. Паміж першым і другім абводамі расцягнулі на зямлі сетку з „калючкі“. Усе дрэвы вакол турмы спілавалі на ўзроўні знешніх муроў. Як бастыёны, на рагах паўсталі бетонныя піраміды кулеўлоўнікаў.

Пішчалаўскі замак — той помнік архітэктуры, да якога не прыводзяць экскурсій, які не пабачыш на сталічных паштоўках, на тле якога не фатаграфуюцца турысты. Гэта адзіны замак на Беларусі, які не стаў сувенірам і таму захаваў сваю годнасць, уладнасць і ягамосць. Пра яго стараюцца не згадваць, а калі ўжо не стае аргументаў, каб спалохаць, у сталіцы зазвычай кажуць: „Пішчалаўскі замак побач“.

Розныя ўлады, ад германцаў да расейцаў, збіраліся вынесці турму за межы горада — нічога ў іх не атрымалася: бо ніхто ў цывільным не наважыўся ўвайсці пад змрочныя скляпенні і гаспадарыць там. І нават, калі надумаліся ўшанаваць памяць аднаго з вязняў — паэта Якуба Коласа, дык замест таго, каб прышрубаваць мемарыяльную табліцу на Пішчалаўскі замак, турэмныя ўлады перадалі музею дзверы ад камеры. Магчыма, гэта былі і не тыя дзверы, за якімі сядзеў паэт. Але хто ведае?...

Ахоўнік Баляслаў Катавіцкі крочыў турэмным калідорам. Паўсюль панавала эстэтыка кратаў і нават лямпачкі былі забраныя ў драцяныя плафоны. Спіну ахоўніка перакрыжоўвала скураная партупея. Тупым бляскам зіхцелі ялавыя боты. Вострае рэха крокаў крышылася аб сцены. Каля пляча колеру хакі праплыла чарада нумараваных дзвярэй. На рэмні ўздрыгвала важкая вязка ключоў.

Катавіцкі спыніўся і адчыніў дзвярное акенца–„ваўчок“. Камера цьмяна льснілася ў дзяжурным святле. Баляслаў адамкнуў дзверы. На яго патыхнула цяжкім духам страты. Ахоўнік стаў у парозе і заклаў вялікія пальцы за рэмень. У куце на падлозе скурчыўшыся сядзеў вязень у вайсковай форме. Рукі з перарэзанымі венамі ляжалі на каленях. Набрынялыя крывёю нагавіцы выдавалі чорнымі. На цэментовай падлозе ледзь заўважна шырылася крывавая калюга. У пальцах вязень сціскаў лязо. Катавіцкі зірнуў на гадзіннік.

Ахоўнік зноў няспешна пайшоў пустым калідорам, у загуслым паветры якога аціхаў грукат жалезных дзвярэй. На тарцавой сцяне вісеў тэлефонны апарат без дыска. Катавіцкі зняў трубку і паведаміў:

— Адзінаццаты пост. Здарэнняў няма.

У кабінеце начальніка турмы ва ўсіх крэслаў, апроч ягонага, на дзесяць сантыметраў былі падпілаваныя ножкі. Калі наведвальнікам прапаноўвалі сесці, а здаралася такое нячаста, то начальнік заўсёды ўзвышаўся над імі на паўгалавы. Хто і калі прыдумаў іерархію з крэслаў — невядома. Паданне гаворыць, што гэта зрабіў падчас першай сусветнай вайны кайзераўскі афіцэр, але ўсе начальнікі, што займалі кабінет пазней, з задавальненнем выкарыстоўвалі знаходку і нават загадвалі адпілоўваць ножкі ў новых крэслаў.

Водар тут не мяняўся дзесяцігоддзямі — паветра ў кабінеце было настоена на ёдкім папяросным дыме, трайным адэкалоне і вайсковай форме. Агромністы, бы шафа, металёвы сейф, у які лёгка можна схаваць чалавека, мастакі–вязьні расфарбавалі пад італьянскі мармур. Самым рамантычным аздабленнем кабінета глядзелася зубчастая вежа за акном.

Баляслаў Катавіцкі быў адным з тых, каму начальнік турмы не прапаноўваў сесці. Іхная размова пачалася так:

— Ведаеш, нашто выклікаў? — начальнік сеў на высокае крэсла.

— Не, — адказаў Катавіцкі.

— Спадзяешся атрымаць падзяку?

— ...

— Думаеш, саступлю табе сваё крэсла, каб заўтра палова вязняў змяніла ўтульныя камеры на морг? — начальнік быў задаволены жартам.

— Я не супраць, — без ценю іроніі пагадзіўся ахоўнік.

— І я не супраць, каб ты напісаў рапарт на звальненне.

— Нашто? Кантракт скончыцца толькі праз год.

— Для мяне твой кантракт скончыўся ўчора. Бо толькі ты мог сказаць: „Здарэнняў няма“. А я папярэджваў, — што на вязня існуе спецыяльны загад.

— Вены рэзаў не я.

— Але ў камеру ты заходзіў.

— Ён быў нежывы.

— Ён паміраў паўночы, а ты праз кожныя паўгадзіны дакладаў: „Здарэнняў няма“. Скончым. Рапарт на стол. І памятай, для цябе Пішчалаўскі замак заўсёды побач.

Дома Баляслаў Катавіцкі зняў форму, але не павесіў на плечыкі, а пазразаў іменныя цэтлікі і акуратна спакаваў яе ў поліэтыленавы пакет. Боты звязаў вяровачкаю за матузкі на халявах. Пакет з формаю і боты Катавіцкі вынес на сметнік. Форму закінуў у кантэйнер, а боты пашкадаваў і паставіў на асфальт.

далей >

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Постмадэрнізм у ARCHE 1-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне:
07-07-1999