Logo ARCHE

 постмадэрнізм у 1-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1-1999       да Пачатку ТВОРА


кніга
 

Уладзімер Сакалоў
Заўсёды светла каля турэмных муроў
(працяг)


Раздзел першы. Ахоўнік

Баляслаў Катавіцкі ішоў праспектам, бязмэтна і павольна. Рукі ў кішэнях доўгага незашпіленага плашча. Вузкія чаравікі на тонкай скураной падэшве выдавалі бязважкімі і мякка апускаліся на сухі травеньскі асфальт. Раптоўны перагон ветру вынес з аркі слуп вясновага пылу — круціліся шматкі газетаў, цукерачныя абгорткі і каляровыя фанцікі ад жавальнай гумкі. Баляслаў павярнуўся бокам і прыгнуў палі капелюша. Жвір, падхоплены ветрам, секануў па твары, і Катавіцкі рэзка павярнуўся да яго спінай. Каля бакалейнай вітрыны стаяў саракагадовы мужчына, на ім нават цывільныя марынарка і кепка глядзеліся ўніформаю.

Катавіцкі адчуў, што за ім сочаць, і пачаў шукаць па кішэнях цыгарэты. Але паліць не стаў, бо на другім баку праспекта заміргаў светлафор. На жоўтае святло Баляслаў паспеў перабегчы на другі бок. Незнаёмец стаяў на астраўку пасярод дарогі, адрэзаны ад тратуараў трайным радам машын і тралейбусаў.

Катавіцкі зайшоў ў кнігарню, прабег паўз прылаўкі і стэлажы. Другія дзверы выходзілі на завулак. Насупраць гарэў ліхтар метро. На эскалатары Катавіцкі зноў азірнуўся — незнаёмца за ім не было. Пустыя рыфлёныя сходы ішлі, здавалася, ад самае столі. Доўгім тунелем ён перайшоў на суседнюю станцыю. Калі за Баляславам ссунуліся вагонныя дзверы, адчуванне, што за ім сочаць, знікла. Цягнік набіраў хуткасць. Мільганулі і зліліся ў адно чыгунныя цюбінгі тунеля. Катавіцкі пачаў прыглядацца да пасажыраў. Двое хлопчыкаў трымалі на каленях плецены лазовы кошык з пасястай коткаю. Старая кабета сядзела насупраць іх, заплюшчыўшы вочы і склаўшы рукі на самаробнай кавеньцы. Маладзён з незапамінальным тварам гартаў музычны часопіс... Ніхто не парушаў будзённасці, апроч маладога мужчыны з важкім фотакуфрам цераз плячо. Той таксама па чарзе прыглядаўся да пасажыраў, нібыта шукаў ахвяру для газетнага фотанарыса. Васількова–ільдзістыя вочы на адно імгненне сустрэліся з цяжкім іртутным позіркам Катавіцкага. Цягнік спыніўся. Фотакуфар хіснуўся і ляпнуў па зацягнутай у джут назе. Катавіцкі не спяшаўся выходзіць, і толькі калі з дынамікаў прагучала папярэджанне: „...дзверы зачыняюцца“ — выскачыў на перон.

Як кадры фотастужкі, паплылі вокны вагонаў.

Баляслаў перасеў у сустрэчны цягнік, уладкаваўся у тарцы напаўпустога вагона, ссунуў на вочы капялюш і, не ўзняўшы галавы, праехаў дзве станцыі.

Ён выйшаў на вакзале. Заўсёдная мітусня на плошчы зноў прымусіла азірнуцца. Мільганне незнаёмых твараў аднавіла пачуццё небяспекі. Катавіцкі шпарка накіраваўся да прахадных універсітэцкіх двароў. Праз высокую арку ён трапіў на парадны пляц перад Чырвоным касцёлам. Пад неараманскімі вежамі на цвінтары стаяла купка мнішак, над імі ўзвышалася мігдалаабрысная шапачка ксяндза. Баляслаў праз касцельную галерэю прайшоў у сквер і на лаўцы перад фантанам нарэшце запаліў цыгарэту. Паміж гатэлем і рэстарацыяй высілася кутняя вежа Пішчалаўскага замка. Баляслаў дапаліў цыгарэту і зайшоў у бар, дзе непрыгожая жанчына ў маленькіх акулярах ветліва спытала з–за стойкі:

— Вам, як звычайна, падвоеную?

— І сто белавежскай...

— Тады, відаць, і канапку з вяндлінаю?

— Як звычайна...

Калі Катавіцкі разлічваўся, да стойкі падышоў мужчына ў шэрым паліто, чорны шалік кантраставаў з дагледжанай сівізною:

— Мне тое ж самае, толькі без кавы, — ён паставіў перад сабою пераламаную напалам банкноту.

Былому ахоўніку падалося, што звярталіся да яго. Ён прыгледзеўся да мужчыны, які нечым нагадваў настаўніка элітарнага ліцэя. Твар выдаваў знаёмым, але Катавіцкі дакладна ведаў, што не бачыў яго раней.

Мужчына ўзяў чарку, накрыў яе лустачкай канапкі, прайшоў у дальні кут бара і сеў на высокі зэдлік побач з Баляславам.

Халодны мармур стойкі сцюдзіў далоні. Катавіцкі запытальна паглядзеў на незнаёмца.

— Нам з вамі трэба пагаварыць, — сказаў той.

Катавіцкі не адказаў. Гаварыць з незнаёмцам, падобным да настаўніка, яму не хацелася, бо праз вітрыннае шкло ўбачыў чалавека ў марынарцы.

Пазней Баляслаў не раз будзе згадваць гэтую сустрэчу, малапрыемны момант, калі невядомы чалавек правільна вымавіць тваё імя і прозвішча, але ніколі не пашкадуе, што пагадзіўся на размову.

— Я правільна назваў вашае імя?

— Так, але адкуль...

— У мяне да вас прапанова, і прапанова не зусім звычайная. Я знайшоў вам працу. Тое, што скажу зараз, можа падацца дзіўным, але мой досвед падказвае — я не памыліўся.

Катавіцкі выпіў чарку белавежскай і надкусіў канапку.

— Я слухаю...

— Спачатку колькі пытанняў.

— Калі ласка.

— У вас ёсць сваякі?

— Няма, — адказаў Баляслаў.

— Вы забівалі чалавека?

— Не, ніколі.

— Але кіраўніцтва менавіта так расцаніла здарэнне ў Пішчалаўскім замку.

— Яны палічылі, што самагубцу можна было ўратаваць, але памыліліся. Нашто замінаць чалавеку рабіць наканаванае?

— З вашых слоў вынікае: ахвяра — вы, а кіраўніцтва не мела рацыі.

— Я не той чалавек, каб быць ахвяраю. Вы ж самі вызначылі, я — забойца.

— Ці не занадта лёгка вымаўляеце гэтае слова? — мужчына з тварам настаўніка нарэшце зрабіў глыток белавежскай.

— Не задумваўся. Калі працуеш у ахове — прывыкаеш да смерці. Зрэшты, усё жыцце — падрыхтоўка да яе. Адзінае пытанне, над якім варта задумвацца — марнасць жыцця.

— Пакінем гэтую тэму. Я знайшоў вам працу, і яна непасрэдна знітавана з забойствам. Падумайце. Праз тыдзень–два я знайду вас. Вось грошы, — на мармур стойкі легла капэрта, — тут няшмат, але хопіць... каб два тыдні толькі думаць.

— На каго я буду працаваць? — Катавіцкі ўзяў капэрту.

— На мяне, — мужчына падаў руку, — Рублеўскі.

Ён падняўся і выйшаў.

За вітрынным шклом мільганула постаць у марынарцы.

Баляслаў разарваў капэрту, выняў банкноту:

— Яшчэ сто белавежскай.

Жанчына адмерала настойку і спытала:

— Знаёмы?

— Мой настаўнік.

Кватэра Баляслава Катавіцкага нагадвала майстэрню. Пасярэдзіне пакоя на авальным стале высіўся незавершаны макет Мірскага замка. Папярова–кардонныя вежы былі расфарбаваныя акварэллю пад старасвецкія цагляныя муры. Па сценах — афорты Джавані Батыста Піранэзі з серыі „Турмы“. На незашклёных стэлажах — бляшанкі з фарбамі і слоікі з клеем. Пад вакном замест пісьмовага стала — драўляны варштат. На ім акуратна раскладзены рознакаліберныя нікеляваныя прылады: нажніцы, пінцэты, скальпелі...

Катавіцкі падсунуў да стала з замкам абцягнуты пурпуровым аксамітам фатэль. Тонкім пэндзлікам пачаў расфарбоўваць дахавіцу на замкавай вежы. Адна за адною ўзнікалі пад пэндзлікам мініятурныя простакутнікі, яны, як клеткі ў вучнёўскім сшытку, складаліся ў радкі. Але думкі Баляслава былі далёкія і ад гэтага пакоя, і нават ад нядаўніх падзей...
 

Першая навела–мроя Баляслава Катавіцкага

У Мірскім замку балявалі. Князь Радзівіл жаніў свайго сына. За накрытымі ў замкавым двары сталамі вясяліліся госці. На засланых ільнянымі абрусамі сталах красавалася столькі шэдэўраў кулінарнага мастацтва, што паводле іх мажліва было скласці цэлы фаліянт з рэцэптаў і парадаў лепшых кухняў свету. Вабныя пахі ахутвалі замак, плылі над возерам і расцякаліся па мястэчку, дзе сквапныя жыды–крамнікі глыналі сліну, а рамеснікі кроілі сала.

Па замкавых галерэях навідавоку ва ўсіх гасцей павольна рухалася чарада служак са срэбнымі сподамі ў руках. Гэтая чарада замыкала ў кола і паднявольнае царства кухара, і княскі фэст.

Чаляднік Антон вынес з кухні залацістае смажанае парася, нафаршыраванае блінцамі, яблыкамі і нечым такім духмяным, ад чаго нават у сытага шляхціца ўзнікала жаданне схапіцца за відэлец. На вежавых сходах Антон ледзь не ўпусціў спод, калі сутыкнуўся з пакаёўкай Яняю. Мажная прыгажуня ў святочным хвартуху заступіла дарогу.

— Гэта ты мне нясеш? — Яніна ўсмешка рассунула румяныя шчокі.

— А ты не ведаеш, чым гэта ён так пахне? — Антон паднёс парася да Янінай усмешкі. — Нечым такім... У мяне ажно страўнік курчыцца.

Яня пасур’ёзнела:

— Нафаршаваны.

— Я і без цябе ведаю.

— Дай пакаштаваць, і я скажу, чым.

— Ты што, здурэла? Яго ж загадана паставіць на княскі стол!

— А хіба я горшая за князёўну? Ты толькі паглядзі на мяне. — Пакаёўка прыўзняла далоньмі вялікія, як падушкі з княскай спачывальні, грудзі.

— Ведаю, ведаю, там дзе ты, там і грэх.

— А калі ведаеш, то нясі парася не да стала, а на ложак.

— А як заўважаць? — на Антонавым твары мільгануў сполах.

— Князь не свінапас, каб свіней лічыць.

Залацістае малочнае парася з райскім яблычкам у лычы патанала ў карункавых лістах салаты.

Антон апусціў спод на белы покрыў квадратнага ложка:

— А можа не трэба? Мяне ж заб’юць... — безнадзейна прапанаваў Антон.

Яня ўзбілася з нагамі на ложак, выхапіла з парасячага лыча райскі яблык і засунула за шчаку.

— Задзірай спадніцу, — Антон пасунуў спод на край ложка.

— Спачатку давай глянем, што там усярэдзіне, — Яня легла на жывот і пацягнулася за парасём.

— Ну тады і я гляну, — Антон завярнуў спадніцу Яне на плечы.

Перад Антонавым тварам крутнуліся белыя, як палітыя смятанаю, клубы. Яня ўскочыла на калені і штурхнула Антона:

— Не буду ж я есці і мілавацца!

— Добра, — Антон падпоўз да спода і разламаў парася: у лісце салаты пападалі гарачыя блінцы.

Пульхнымі пальцамі Яня схапіла блінец і адкусіла палову.

Антон злупіў з парасяці хрумсткую скурку.

— Гарэхі, яблыкі і гусіная пячонка з каляндраю, — з поўным ротам ледзь пералічыла Яня.

— І грыбы, грыбы ёсць, — удакладніў Антон і закусіў блінец вялікім салатным лістом.

— А ў лычы яшчэ суніцы і мігдал, — Яня абсмактала тлушч з вялікага пальца.

— А каб віна, я б яшчэ адно парася з’еў, — запэўніў Антон і скінуў нагавіцы.

— Пачакай, хвартух нашто крухмаліла, здыму, а то пакамечыцца.

Яня ўскінула спадніцу і падставілася. Антон прыладкаваўся да сметанковых клубоў і ўзяўся за Яніны грудзі.

На срэбным сподзе падскоквала парасячая галава.

Антон з Яняю так захапіліся гулямі, што не заўважылі, як у пакой ускочыў вялікі рабы сабака. Ён ухапіў са споду парасячую галаву, і, адно матлянуўшы закручаным хвастом, пацягнуў здабычу за дзверы.

На вежавых сходах мажардом паліў люльку і праз вузкую мушкетную бойніцу сачыў за баляваннем. Паўз яго прабег сабака з парасячаю галавою ў пашчы. Мажардом гукнуў, але той не спыніўся. Тады мажардом паклаў люльку на бойніцу і крадком выйшаў на калідор. Праз прачыненыя дзверы ён згледзеў высока ўзнятыя Яніны ногі над худымі Антонавымі плячыма.

Спод у чарговы раз падскочыў і грымнуўся з высокага ложка на люстраны паркет. Яня войкнула, павярнулася і ўбачыла злосны твар раз’юшанага мажардома. Яна сціснула каленьмі Антонаву галаву. Той, не разумеючы, што адбылося, вылаяўся. Мажардом падскочыў і выцяў Антона нагою ў жоўтым боце пад рэбры, завярнуўся і выйшаў з пакою.

Антон адно паспеў ускласці нагавіцы, а Яня — завязаць матузкі накрухмаленага хвартуха, як у пакой забегла варта.

Князь, выслухаўшы мажардома, рассмяяўся:

— Дык хто з вас больш з’еў? Відаць, румяная адно свінячы хвост пакінула?

— Гэта ўсё ён, я толькі райскі яблычак пакаштавала, — Яня выцірала слёзы рогам хвартуха.

— Дык ты што, цэлае парася з’еў? — з недаверам запытаў князь.

— А каб было віно, я б яшчэ адно мог з’есці, — недарэчна пахваліўся чаляднік.

— Зараз паглядзім.

Князь загадаў прынесці і паставіць перад Антонам яшчэ адно парася. Другое было ў два разы большае за першае, бо кухар, відавочна, стаяў на баку князя, а не служкі.

— Калі з’ясі — дарую, а не з’ясі — скуру злуплю...

Вырачыўшы вочы, Антон запхаў пальцамі ў рот апошні кавалак смажанай парасяціны. Князю падалося: з вялікага спода пасміхаецца парасячая галава.

— Такога небяспечна трымаць у замку, — заўважыў князь і загадаў выкінуць ненажэру і ягоную палюбоўніцу за браму.

Калі Антон з Яняю выйшлі да мястэчка, ненажэрнага чалядніка нарэшце званітавала. Ён азірнуўся на замак, вежы якога адбіваліся ў нежывым люстэрку штучнага возера, і змрочна сказаў:

— Ты будзеш сведкаю — мажардома я заб’ю!
 

Баляслаў сядзеў перад макетам Мірскага замка і вострым пэндзлікам маляваў шалёўку на браме. У пакоі было цёмна, адно толькі макет ззяў пад чатырма настольнымі сафітамі.

Катавіцкі з Рублеўскім сустрэліся на стадыёне. Яны прайшлі доўгай ампірнай галерэяй і нарэшце завярнулі ў вузкі пераход пад трыбунамі. Двое рабочых у памаранчыкавых камізэльках паверх ватовак падмяталі гумовую бегавую дарожку. Безжыццёвыя прыступкі трыбун вялі ў неба.

Рублеўскі заслаў пыльную лаўку сённяшняй газетай. Баляслаў сеў побач:

— Я не люблю стадыёны.

— Дарма. Кожны стадыён разлічаны на гладыятараў. Толькі цяпер навучыліся падмяняць сапраўдны бой таннымі гульнямі. Людзі страцілі годнасць і не ўмеюць паміраць.

— Хіба можна навучыцца паміраць? Навучыцца можна толькі таму, што робіш не адзін раз.

— Вучацца на памылках.

— Спадзяюся, я не паспеў памыліцца? — спытаў Катавіцкі.

— Як сказаць, — Рублеўскі паглядзеў, як сыходзяць са стадыёна рабочыя.

— Дык што я мушу рабіць?

— Забіваць.

— Прапануеце стаць катам?

— Забойцам. Спадзяюся, з цягам часу зразумееце: кат — толькі выканаўца, а забойства — найвышэйшае з мастацтваў. Я зраблю з вас мастака.

Колькі хвілін Рублеўскі пакінуў на адказ, але Катавіцкі маўчаў.

На пыльныя стадыённыя трыбуны зацерушыў імжысты дождж. Паярчэла трава футбольнага поля. Сеткаю тонкіх рысак пакрыўся тынк муроў.

— Магу я адмовіцца? — спытаў Баляслаў.

— Гэта апошняе, што вы можаце, зрабіць памылку.

— Згодны.

Рублеўскі падняўся:

— Каб скончыць размову, хадземце, падпішам кантракт.

Яны зайшлі на перадапошні паверх звычайнага жылога дома.

— Аддзел кадраў? — спытаў Катавіцкі.

— Гэта месца, дзе нам ніхто не будзе перашкаджаць, — Рублеўскі адамкнуў дзверы сваім доўгім, падобным да штопара, ключом.

З–за металёвых стэлажоў з апаратураю і дзюралевых жалюзі на вокнах кватэра нагадвала радыёрубку падводнай лодкі. Адзінаю мяккаю рэччу ў пакоі была парэпаная скураная канапа, перад якою на часопісным століку ляжала канторская папка.

Рублеўскі падаў Баляславу вечнае пяро:

— Пакуль вы будзеце запаўняць дакументы, я згатую каву.

Катавіцкі пераадольваў непрыязь да ўедлівага, застарэлага паху каніфолі і гарэлай ізаляцыі, што грунтоўна панаваў у памяшканні. Але нягледзячы на знешнюю спраўнасць, было відавочна, што апаратуру спісалі.

Рублеўскі перачытаў напісанае:

— Але не ўсё, — ён паклаў перад Баляславам два чыстыя аркушы, — пастаўце подпіс.

Не пытаючыся, Катавіцкі падпісаў.

далей >

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Постмадэрнізм у ARCHE 1-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: niva@user.unibel.by   Web-майстар Маkсім Капран: maks.kapran@iname.com
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне:
07-07-1999