Logo ARCHE

Вайна ў 2(3)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 2(3)-1999

kніга


С.Юстапчык
(Антон Адамовіч)

Трывога*
* Апавяданьне з жыцьця сучаснага савецкага глыбокага тылу, адкуль ня так даўно выбраўся аўтар. (Зацем Антона Адамовіча 1943 году.)


Антон Адамовiч (псэўданiмы Г.Альгердзіч, В.Бiрыч, Д.Забранскi, Н.Недасек, Р.Склют, С.Юстапчык; 1909 г., Менск — 1998 г., Нью–Ёрк) — маштабная фiгура беларускай iнтэлектуальнае прасторы ХХ ст., выдатны практык непадсавецкага нацыянальнага мысьленьня, таленавiты лiтаратуразнаўца, празаiк i гiсторык. Быў адным iз стваральнiкаў Інстытуту вывучэньня СССР (Мюнхэн). Як празаiк выступаў з 1940–х гг. Найбольшы розгалас атрымалi ягоныя творы ваеннага часу — аповесьць (“завязка раману”) “Каханы горад” (яго перадрукавала “Наша Ніва”, 1993) i апавяданьне “Афрадыта–Ост”.

Прадстаўленаe ў гэтым нумары “АRCHE” “апавяданьне” “Трывога” папярэднiчала памянёным творам: стваралася ў 1942 — пачатку 1943 году ў Менску. Паводле пасьляваеннага прызнаньня Адамовiча, i ёй, i ў крыху пазьнейшым “Каханым горадзе” ён карыстаўся “адным з найулюбёнейшых мэтадаў нябожчыка З.Бядулi, якiм напiсаныя... “Салавей” i “Язэп Крушынскi” i якi ўзвышэнскi крытык Адам Бабарэка сваiм часам трапна назваў быў “мэтадам натураграфiчнага зашыфроўваньня”. Як сьведчыў Адамовiч, “мэтад гэты, вынайдзены ў абставiнах савецкага гвалту над свабодаю друку, быў вельмi зручны й пад зусiм такiм самым у прынцыпе таталiтарным цiскам нямецка–гiтлераўскiм. Лёгка было зашыфроўваць сьпiсваных проста з натуры герояў “гэрэнфольку” пад зусiм iдэнтычных iм псыхалягiчна камунiстаў, “актывiстаў”, камiсараў”.

“Трывога” падаецца тут правапісам арыгіналу. Трэба адзначыць, што аповесць не свабодная ад ідэалягічных знакаў свайго часу.
 

І

Гэта быў маленькі гарадок, якіх даволі расьсеяна па Расеі–“матушцы”, дый па найвярнейшай дачушцы ейнай, сіберна–сівернай, ссыльна–катаржнай Сібіры (суворай мачыхай ці аднаму была...)

Як усе такія — ні табе горад, ні табе сяло. Пасярэдзіне — плошча зь вялізарнай лужынай — запраўдным морам, што й найбольшымі сьпёкамі не перасыхала. У ейных водах, забруджаных і запаскуджаных двуногімі й чатырохногімі жывымі істотамі, строга люструецца “собор” — вялізная мураваная царква — адзіны ў горадзе помнік недраўлянай архітэктуры. Калісьці вымуравалі былі багамольныя адно ці багабойныя купцы, выгналі ўшыркі і ўвышкі кшталтам найшаноўнейшага свайго куміра — тульскага самавара, вялікае гордасьці вынахаду нацыянальнага генія. Цяпер, пэўна–ж, — клюб, а да абяскрыжанае званіцы прымайстравалі парашутнае ўладжаньне, брудную палатніну якога тузае няўпынёны ўгары вецер. Часам гупаюць адтуль, падвязаўшыся на шлейках, ледзь ні ў лужыну проста, маладыя энтузіястыя авіяцыі, часьцей дзяўчаты і, пэўна–ж із заўсёдным сваім піскатам і віскатам — найбольш ад таго, што із спадніцы другі парашут робіцца. Што праўда, цяпер усё гэта бывае куды радзей: “если завтра война” перабраўшыся аж у заўчора й так зажыўшыся ў сяньняшнім, ня вельмі каб і тут вабіла...

Насупраць царквы, праз плошчу наўскасяк, ходаючыся з мураванінаю аб высі, тырчыць пажарная вартавая вежа, ганарова — “каланча”. Толькі куды да царквы — дарма, што вышэйшая, а драўляная, старая, ад ветру рыпіць — аж доле чуваць. Гэта–ж і гарадзкі гадзіньнік, адно што без цыфэрбляту. Цыфэрблят, праўда, ёсьць, але ўнізе, у старожцы, на бойкіх ходзіках. Як стрэлка падыйдзе, ну, бывае, што крыху й пярэйдзе, а мо й не дацягнецца — выходзіць хто з вартаўнікоў із старожкі і, каб лішне ня турбаваць свае косьці ўшэсьцем па хісткіх і круткіх сходах — проста галёкае, задзёршы голаў угару й прыставіўшы трубою далоні:

— Бі–і!

І чакае з часінку так, бо часам адтуль, з гары, далятае пытаньне:

— Коль... бі–іць?

А пасьля таго, як выгукнуты лік дойдзе і да вышэйшага гадзіншчыка, і да жыхароў бліжэйшае ваколіцы — зь вежы памалу падаюць зыкі, як–бы ад пабітага сагана, у патрэбнай колькасьці. На дванаццацёх бывае, што й зь невялікім “перавыкананьнем”: чорт яго там лічыў, або й змыліцца чалавек — усё’ дна–ж людзі ведаюць, што больш за дванаццаць гадзінаў ня б’ецца.

Шырэйшага за плошчу, вышэйшага за “сабор” і “каланчу” ў горадзе нічога ня знойдзеш. Дык тут — самы пуп ягоны, сюды зьбягаюцца і ўсе вулічкі, як дарогі ў свой Рым. Другія канцы трацяць яны на балацяным узрэччы. Па той бок рэчкі — толькі мясцовая індустрыя: тартачок калісьці, гадамі індустрыялізацыі, машынізацыі, калектывізацыі і іншых варыяцыяў узьведзены на гордае ўзвышша “дрэваапрацоўнага камбінату”. Цяпер–жа — бяры йшчэ вышэй: зьліквідаваўшы “камбінат”, перанесьлі сюды нейкае вельмі–ж важнае ваеннае прадпрыёмства. Якое — ня ведае ніхто дый не даведаешся: перад плотам вырасла йшчэ густая сьцяна з калючага дроту, дзень і ноч ходзіць НКВД, работнікі ўсе жывуць за дротам, у горадзе ніхто ніводнага й ня бачыў, якія хоць. Давоз і адвоз увесь — не праз горад, а з таго боку рэчкі — вузкакаляінка й да бліжэйшае, хоць ня дужа блізкое, станцыі.

Гэта — найбольшы знак для гарадка, што вайна. Бо так — чым яго возьмеш? Пра такія–ж Гогаль калі йшчэ казаў: хоць тры гады скачы — ні да якое дзяржавы не даскачаш. Зацямненьне? А калі тут на вуліцах сьветла было? У крамах пуста — а гэта дзіва ці навіна? Яшчэ ніякае вайны й заваду ня было, а ўжо людзі жартавалі: “і чаго — чаго толькі там няма: і хлеба няма, і табакі няма, і нічога няма...”

Праўда, мужчынаў, хлопцаў павыцягвалі–ткі з гарадка. Засталіся хіба што старыя і калекія. Як гэтыя во, пры каланчы: стары дзед Ахрэм і маладзейшы, кульгавы непатутэйшаму — як–бы Кузьма, ці што завецца (ня мудруючы, гэтак, ато й проста Кузькам, і завуць). Зусім здаровы, у соку самым мужчына, адзін бадай толькі й ацалеў у цэлым горадзе, дый то–ж — найбольшае партыйнае начальства: сакратар гаркому, сам наш Цімафеіч. Іншае начальства, праўда, ня ўсё зьвялося ці на бабы сыйшло. Толькі новыя, зусім новыя людзі панакручваліся — і гэта, можа, ня меншы знак, чым ваеннае прадпрыёмства за рэчкай, адно што да яго як сьлед прыгледзецца трэба, проста ня відаць, дый падумаць ня шкодзіць.

Вось забралі адразу неяк старшыню горсавету, “вылучэнца” з работнікаў камбінату, маладога, здаровага хлапца, Фаміных на прозьвішча быў. А назаўтрае ўжо бадай, ці праз дні два, сядзеў на ягоным месцы новы бацька гораду, таварыш Іонаў. Выглядаў ён, праўда, зусім не патутэйшаму, а на тутэйшы розум, дык неяк і ня зусім пачалавечаму — хутчэй нешта, да казла падабнейшае. А як гаварыў, дык штосьці як–бы ў горле хрыпела й між зубоў пасыквала. І хоць ня ведаў ніхто, што йшчэ пару год таму таварыш Іонаў зваўся й пісаўся проста Іонэсам, але нехта з бывалейшых ужо паставіў дыягназ: пэўны жыд, ці бок — габрэй. Народу гэтага абарыгены зусім дасюль не зналі — хіба крыху чулі ад тых, што па сьвеце папацягаліся. А тут па Іонаву, неўзабаве зьявіўся на пажарнага начальніка таварыш Гарлапанін — то крыклівы й рухлівы, варушкі, то паважны, самавіты, проста сьвяты — артысты, чысты артысты, нездарма адразу і ўсё клюбную работу, у парадку грамадзкае нагрузкі, ажывіў. Гэты вылупіўся з Гэрлаханчыка, але тут яшчэ цяжэй было дабрацца: у горле ўжо нічога ня хрыпела — горла было закатнае, нездарма і ў прозьвішчы ўвайшло, а гаворка зусім чыста–маскоўская, як гарохам на патэльню (бо ўжо толькі напалавіну — матка судамойкаю з Масквы была). І ўсё–ж — і тут людзі ня хібілі: і гэты — з тых самых “даўганосікаў”, усерасейская слава якіх сплеценая ў анэкдоце зь імём самога ўсерасейскага старасты, дакацілася й да гарадка.

Ну, а ўжо пра таварыша Геаргадзе — разам і НКВД, і начміл, і ваенком (усё–ткі, мужчынак малавата...) — ведалі адразу: гэта зь іншае пароды, гэта — з сакалінае сям’і самога сябра, правадыра й настаўніка народаў, самога вялікага Іосіфа Вісарыёнавіча СТАЛІНА (сумленныя машыністкі іначай ніколі й не друкавалі).

Так, даплывам сьвежае крыві, не сьсякала мужчынская слава гораду, слава ягоных патрыцыяў.

І было тут усім ім цёпла, выгодна, зацішна ад фронту, ад вайны, ад бомбаў, ад мала йшчэ якіх неспадзевак.
 

далей      

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Вайна ў ARCHE 2(3)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 10-05-2000