С.Юстапчык
|
ІІ — Дрэнь паперы, Цімафеіч — сам сабе сказаў сакратар гаркому. Ён даўно ўжо й сам звык называць сябе гэтак, як усе вакол ветла “вялічалі”. Гэны “іч” на канцы нармальнага расейскага прозьвішча, робячы зь яго быццам фамільярна–пачцівае “па бацьку”, выкруцілі яму бліжэйшыя заплечнікі й запляшнікі. Пэўна–ж, працягвалі яны тут далёкастрэльныя лініі да традыцыяў слаўнае партыйнае гісторыі зь ейнымі “Ільлічамі” і “Міронычамі”. А тыя зь іх, што ў сваім бязьмежным падлабунсьцьве й падмахайсьцьве шчырых партыйных ды асабліва “непартыйных” бальшавікоў цалялі йшчэ далей, выпрацавалі ўжо й цэлы ганаровы тытул: “Ярмак Цімафеіч, пакарыцель Сібіры”. Яго прыпляталі цяпер усё больш і больш, пранікліва дагледзеўшы, як імпануець ён дробнаму партыйнаму вяльможу, якому сьняцца залатыя сны вялікае дыстанцыі — ня менш, як ад “райкому” да “крайкому”. Сяньня–ж “пакарыцель” сам пачуваў сябе неяк карэла. Ні тое каб зрадзіла яму няхібная “пакаральніцкая” сіла — ці адна ўжо асабістая сакратарка, ці адна савецкая дама, часам сібернейшая за ўсе Сібіры, была даўно пад нагамі! А й тыя–ж, што на чарзе, поўная пэўнасьць — і яны нідзе дзенуцца. “Папраныя” і ўсе нявыгодныя “ворагі народу”. Ізноў–жа, калі хадзіла аб “непакорнасьць” каведнага сусьветнага ворага–фашызму — дык такое бяды: хай сабе там, на фронтах, хоць галовамі ўсе панакладаюць, дурняў — бяз дна ў вялікай краіне сацыялізму. А як самога — партыйная “бронь” у кішані, моцная “бронь”, мудрэй за панцыр у якога там танка. Вось–жа, танка — гэта дык табе танк, танк на танку проста прыкаціў. Учора нечакана, зусім ня планава і якраз груба парушаючы такія павабныя пляны, прыехалі сюды сакратарова жонка, экзэмпляр сапраўды танкавага тыпу пудоў на колькі. Цімафеіч стала трымаў сваю жонку ў няблізкім адсюль краёвым цэнтры. І гэта–ж было вельмі зручна й выгодна, добра. Добра было ад часу да часу пад’ехаць на пабыўку туды, “дадому”, у сямейнае кола, маючы сабе й другі “дом”, мала не гарэм — вольнага і ўплывовага пашы–халасьцяка. Бо так жыць там заўсёды — гэта–ж, даруйце, была–б чыстая турма, а то й цэлая катарга, запраўдная Сібір волялюбнаму, з шырокімі “духовымі” імкненьнямі чалавеку. Ні табе выпіць, ні падурэць, пабазыраць у цесным сяброўскім гуртку, пакруціць зь мілымі й заўсёды гатовымі сакратаркамі, “актывісткамі”, “артысткамі” — цьветамі і красой мясцовай “інтэлігенцыі”. І вось табе — звалілася. Як ні гара да Магамэта, дык Магамэт да яе! — заўсёды, ліхенька, так бывае. Што праўда, час трывожны, ваюе ўся краіна, хай сабе тут на собскай скуры ня чуваць. Ня чуваць, ня чуваць, і далёка йшчэ як да таго, каб пачулася, наадварот — вялікія перамогі геніяльнае стратэгіі на фроньце, дык навошта лішнюю гарачку пароць? Пільнасьць, пэўна, усё завайстраецца, слаўная бальшавіцкая пільнасьць, няма ёй межаў, але–ж яна, як заўсёды, служыць толькі супроць ворагаў народу. І проста, калі так ужо прыперла — ці не магла, боўдзіла, пачакаць яшчэ хоць пару дзён? Бо–ж якраз на сяньня назначаная ўжо даўно плянаваная й падрыхтоўваная сяброўская “гарбатка” (цяжэй із гэтым, усё–ж, за апошні час — як–ні–як, а вайна...). Тут ізь Сьцёшай, бадай што, завяршыць трэ было–б — нішто, сама сакавітая йшчэ жанчынка, але — усё мінае, усё павінна мінуць на сьвеце... Стары–ж бальшавіцкі лёзунг — наперад, толькі наперад, да новых перамогаў! А якраз наклёўваецца новая — такая маладзенькая, ня было йшчэ гэткай, сьвежанькая, міленькая... Наіўная, можа, занадта наіўная, кажуць, нават ня ўсе як–бы й дома. Але–ж гэта якраз і добра — ня дай Божа горшага, як спрактыкаваная, выхітраваная, зь перцам маладзіца... Што праўда, і бяз гэтага прыезду ня ўсё добра з “гарбаткай”. Ня клеілася — цяжкасьці, цяжкасьці ваеннага часу... Гэты Малкін, дырэктар і начальнік новага ваеннага заводу, з таго берагу, шкарадны жыдзіла (антысэмітызм, калі самому сабе, у думках — бадай, ня гэткі ўжо страх) — ніяк да яго не падступіцца... І прасілі ў яго, як у чалавека, і самога запрашалі — пэўна–ж, знайшлося–б што й падсунуць, чым шчэ хата багатая й слаўная. Дык не: ад запросінаў — як адрэзаў, а з “гарушчым” усё мымрыць, круціць, цягне, дацягнуў во да апошняга. Ну й ліха зь ім — абыліся б і безь ягонае ласкі, раздабылі каплю й самі — нішто, аж за ныркі бярэ хоць крыху й вобмаль на кампанію будзе... Не, сама горш — усё–ткі гэтая скандальная танкавая інтэрвэнцыя... — Парай што, ты–ж геніяльны стратэг, дыялектык, машыністы! — узорыўся Цімафеіч на партрэт свайго правадыра й настаўніка. Але той толькі хмыліўся, як заўсёды, у свае абвіслыя вусы — пэўна, сам выпіў, і закусіў, і дзевачкі... “Дело не в выпитой рюмке водки...” А ты кідайся тут, на “нізавой рабоце”, у такой прападнай сытуацыі... Хіба мо Ягорка ўжо што надумаўся — з таго–ж самага горнага гнязда, — і сакратар узяўся за круцёлку тэлефону. “Ягоркам” назваў ён свайго сябра, малодшага лейтэнанта дзяржаўнае бясьпечнасьці Геаргадзе. Дзе–ж там — “Геаргадзе” — язык чалавек гатоў паламаць, “Ягор” прасьцей і ўсім зразумела. І проста можа геніяльна нават — бо–ж сам “геніяльны” не вытыкаецца із сваім Джугашвілем, а адразу “общепонятного” Сталіна начапіў. Але тэлефон сам “высунуў сустрэчны” — першы затрашчэў. І ня толькі тэлефон, ажно–ж і сам–саменькі, лёгкі сяброўскі ўспамін “Ягорка” — із трубкі насустрэчу. — Ну як, Ярмач? — няцьвёрды ў расейскай гісторыі Геаргадзе зьмякчаў і апошнюю літару ў імі славутага сібірскага разбойніка. А можа, хацеў гэтым выразіць нейкае інтымна–цёплае адценьне ў прыязьні? — Дрэнь паперы, дарагі таварыш, — паўтарыў свой сумны выснаў ледзь не спакораны ўжо пераможнаю сілай абставінаў “пакарыцель”. — Ну, чаго там дрэнь, і навошта такі пісімісі ў старога бальшавіка? — (з замежнымі ня ўсё бясьпечна было ў лейтэнанта бясьпечнасьці: пэўна–ж, “пэсымізм” меўся быць). — “Няма такіх крэпасьцяў”... І павярні адно сваю голаў на якіх 90 градусаў — ці не разьвяселіцца вока тваё, а нос — паху градусаў іншых, запраўдных градусаў, не прадчуе? — Нешта не разумею цябе... — працягнуў сакратар, але голаў усё–ж павярнуў да вакна, адкуль толькі й мог–жа быць хіба які–небудзь пробліск. — Глянь, ішак, у вакно, на “прадмосьце” ўжо настаў свае целаскопы... Праўда, на мосьце нешта рабілася — за пылам адразу цяжка было разгледзець. Ага, машына, аўтамашына — Малкінава–ж, ведама, у горадзе–ж ніводнае не засталося. І гэтая, — таксама добрая ламачына, асьцярожна прабіралася, перабіраючы непапрыбіватыя дошкі маста, як якія клявішы (прыбіваць дошкі ў мосьце — лішні клопат, дый дзе тых цьвікоў набярэшся — і ўсёдна ўвесну паводка зьнясе, а лесам, тайгой — Бог сібіракаў ня скрыўдзіў). — Думаеш, вязе? — Думаеш–падумаеш! Нос проста адсюль чуе... — Дый што з гэтага — з бабаю, з бабаю як ты зробіш? — Чакай, не гарачайся — аформіцца, як і з бабаю. — Ну, да гэтага я ўжо не дапусьціўся–б, — занепакоіўся Цімафеіч, добра ведаючы, што значыць “аформіць” у мове энкавэдыстага. — Не гарачайся, кажу яшчэ раз, пераймай лепш гасьця, прыбывае, — і Геаргадзе даў адбой, усьміхаючыся йшчэ сам сабе з гэтага “не дапусьціўся–б”. “І сам–жа, ішачына, добра ведае, што ня толькі бабе, а й ягонай сакратарскай сыці, калі трэба, можна сок пусьціць — “не дапусьціўся–б!” І начальнік НКВД, начміл і ваенком выйшаў із свае грознае цытадэлі, каб ступіць за колькі крокаў, праз двор, у палацы гаркому, таксама сустрэць рэдкага, а галоўна — патрэбнага цяпер гасьця.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |