Logo ARCHE

Вайна ў 2(3)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 2(3)-1999       да II разьдзелу

kніга


С.Юстапчык
(Антон Адамовіч)

Трывога
(працяг)


ІІІ

Дык вось, дарагія таварышы, якраз добра, што вы разам тут: зробім невялічкую “нараду трох”, — сказаў таварыш Малкін, расьсеўшыся ў глыбокім мяккім крэсьле самога Цімафеіча й шырокім гасьцінным гестам запрашаючы заняць месца двух іншых, быццам–бы ён тут быў за гаспадара, а яны — за гасьцей ці проста нават наведвальнікаў.

Што праўда, дык Малкін ня толькі мог уважаць сябе за гаспадара, але й меў на гэта адмысловыя паўнамоцтвы надзвычайнага часу, якія пашыраліся на ўсю ваколіцу ягонага ваенна–важнага прадпрыёмства. Нельга сказаць, каб гэты факт, што падчыркнена выяўляўся ўва ўсім Малкінавым захоўваньні, быў вельмі да спадобы Цімафеічу і, асабліва, Геаргадзе, які зь вялікай прыкрасьцю зносіў нешта вышэйшае за сябе ў вабсягу тэрыторыі свае дзейнасьці. Але — вайна, мала з чым трэба гадзіцца... Нават хоць–бы з тым, што апрача як у Малкіна, цяжка дастаць дзе канечна–патрэбнай адказнаму працаўніку “зарадкі” якога трэйцяга гатунку, усесаюзнае маркі “чэмергес”, які толькі заводы й маюць для прамываньня розных там машынаў. Дый яшчэ дарма, дзякуй Сталіну, — Малкін тымчасам ня вельмі соўгаўся ў гарадзкія справы, нават у горадзе зьяўляўся сваёй пэрсонай толькі другі раз ад свайго прыбыцьця сюды (затое — абодвы разы — з належнай дастойнасьцю: на собскай, адзінай у ваколіцы, аўтамашыне, хоць пехатою, здаецца, куды спраўней і хутчэй, за часінаў якіх пяць, можна было перамагчы ўсе перашкоды мясцовасьці, пачынаючы ад дрогкага, хісткага мосту і канчаючы на небрукаваных, выбоістых, калі горка–пылных, а калі й грузка–гразкіх гарадзкіх “вуліцах”). Тэлефанічна таксама ня ён, а больш яго турбавалі — зноў–жа, каля гэтага “чэмергесу” апошнім часам. Дык пакуль із гэтым зусім жыць можна было.

Быў гэта круглы, сярэдняга веку і ўзросту жыдзіла (як называў у думках Цімафеіч), кроў з малаком. Малаком некалі й заварочваў, маючы сваю малачараньку ў невялічкім мястэчку на Беларусі. Але гэта было дужа даўно: малачаранька — няхай яна дзяржаве будзе, затое й дзяржава — таварышу Малкіну. Не адна адказная дзяржаўная пасада прайшла празь ягоныя спрытныя рукі, якія вобмацкам адразу няхібна пазнавалі, што выгадней. Цяперашнім часам — пэўна–ж, найвыгадней было, зыйшоўшы крыху з арэны сталічнае славы, засесьці ў глыбокім тыле незаступным кіраўніком абаронна–важнага прадпрыёмства, начапіўшы ваенны чын і форму з усімі атрыбутамі. Праўда, улягала гэта на таварышу Малкіну, асабліва форма, ня вельмі каб — тут, мусіць, трэ было мець нейкую прыраджонасьць ці нават спадчыннасьць, каб выглядаць на ваяку, калі й сам і дзяды–прадзеды нават які–небудзь паляўнічы самапал за вярсту круга абміналі. І цяпер найбольшы клопат спраўляў гэты наган — ён усё абвісаў на боку, ато й адзадзя (бо туга падпярэзвацца — здароўю шкодзіць), шточасіны трэ было падцягваць, мацаць, ці тут наагул. А часта гэтая цяжкая машынэрыя й проста балюча лупіла па кульшыне і, халера, хоць на забясьпечніку, але і ўстрэліць куды ў лытку гатова была.

— Ці ня думаеце вы, дарагія паплечнікі, — якраз мацаючы наган, павёў таварыш Малкін, — што жыцьцё вашае зрабілася занадта спакойным, супакоеным у наш трывожны час гістарычнага змаганьня з сусьветнай акулай фашызму пад правадырствам слаўнай партыі й вялікага Сталіна?

“Куды гэта ён?” — зусім не спакойна задаў сабе пытаньне Цімафеіч, якому не спадабалася й гэтае мацаньне зброі, а спрактыкаваны ў лаўленьні на “контррэвалюцыйнай агітацыі” Геаргадзе ўжо аднатаваў сабе ў думках, на ўсякі выпадак, што “сусьветная акула фашызму” апынілася ў Малкіна “пад правадырствам вялікага Сталіна”.

— А не адчуваеце вы, што, заміж каб усё абвайстрацца, ці ні прытупілася ў вас неад’емная якасьць кажнага ленінца — бальшавіцкая пільнасьць?

“Ну, гэта ўжо боўць”, — незадаволена падумаў Геаргадзе, які ўважаў пілнаваньне гэнае “пільнасьці” за сваю абсалютную й бясспрэчную прывілею.

— Дазволь, таварыш Малкін, але пакуль я...

— Сто? Сарваўшыся з крэсла й з правільнага вымаўленьня, а тут яшчэ падсьцёбнуты па кульшы злашчасным наганам, адразу чырвоны, як рак, скавытнуў таварыш Малкін: — Хіба мне з таго берагу ня відаць, як дыміць добрая палавіна вашых каміноў у забаронены час, калі мы нават спыняем жыцьцёва–патрэбную краіне работу нашага коміну? Або як наагул захоўваецца ў вас зацямненьне?

— Але–ж ты сам, таварыш Малкін, пакінуў электрыку із твае станцыі толькі пяцём адказным працаўніком, і ніхто зь іх... — пачаў прававацца Цімафеіч, а Геаргадзе толькі супакоена й іранічна зазначыў сабе: “Ішак, што пад бальшавіцкай пільнасьцю разумее!..”

— Электрыку, электрыку — а што вам тут, імуліна... імуналі... і–лю–мі–на–лі–зацыю яшчэ трэба? — асьцярожна, але ганарова, як здавалася яму, выбраўшыся зь небясьпечнага слоўца, астыг крыху Малкін. — Тут і вашая сібірская “лучынюшька” так сьвеціць, што ў нас хоць чырвонцы зьбірай...

— Ну, загнуў, дарагі таварыш! Ад тае лучынушкі шыбы так пазакурвалі, што й пражэктарам не праб’е. А каб із вышыні, з паветра — дый які чорт паляціць сюды?

— Паляціць — не паляціць! Хіба можа разважаць так запраўдны бальшавік, таварыш Цімафееў? Трэба, ой трэба павысіць і над вамі пільнасьць — ясны факт.

— Бязумоўна, канешня, таварышы, факт, — першы згадзіўся Цімафеіч, ужываючы свой улюбёны стандартны набор пабочных словаў, які заўсёды кідаў для пацьвярджэньня ці памацненьня, калі чуўся заслабым на пазыцыі ці на аргумэнтах. Дый Геаргадзе моўчкі скіўнуў, схамянуўшыся, што апазыцыяй можна сапсаваць усю справу “чэмергесу”, надзея на які ў яго моцна трымалася, тымчасам як Цімафеіч, не дастаўшы адразу ў рукі, рукою й махнуў сабе ў думках.

— Дык вось, прапаную Вам зараз–жа, — падтрыманы ўжо зламаньнем адпору й пераходзячы адразу на начальніцкі тон, задыктаваў Малкін, — абвесьціць у горадзе загрожанае палажэньне. Зараз–жа правесьці сход, павесьці адпаведную масава–растлумачальную работу, што ў цяперашняй вайне няма ні фронту, ні тылу, ні гэтак далей, паставіць арганізацыйны бок справы, падвысіць карныя мерапрыёмствы дыктатуры пралетарыяту ваеннага часу, і гэтак падобнае, і таму іншае. Ну, і ня мне вас вучыць. У сябе я ўжо правёў...

— Бязумоўна... факт! — каротка пацьвердзіў Цімафеіч. — Зараз–жа...

— Дык спадзяюся, і ня буду затрымваць у важнай і безадкладнай справе, — падаючы сваю, заўсёды мокрую, руку, пачаў разьвітвацца знатны госьць–гаспадар, да рашчараваньня ня толькі Цімафеіча, але й Геаргадзе, які бачыў ужо ўсе свае надзеі разьвеянымі ў дым.

— Ага, пасудзіну там... пераліць — вядзерца якое.

— Ну, вось, гэтак адразу–б казаў, — аж зрадзеў Цімафеіч, дый у Геаргадзе йзноў зайгралі вочы, — ато нагнаў тут...

— Фэфэру, — закончыў самазадаволена й таварыш Малкін ды пачаў строга навучальна ківаць пальцам: — Фэфэру й фаеру не такога і за гэта вам належыць — у такі час!

— Дык можа адвячоркам і пагаварылі–б ужо душа ў душу пры чарцы, запазналіся–б і з нашым актывам. Пехатой — раз–два й найлепш!

— Не магу, не магу, дарагія таварышы, — справы, абавязкі. Паб’ём ворага — тады й адсьвяткуем. А пакуль — праца, праца і яшчэ раз праца: усе на абарону!

— Ага, дык пасудзінку... — замятусіўся Цімафеіч.
 

далей      

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Вайна ў ARCHE 2(3)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 10-05-2000