Logo ARCHE

Вайна ў 2(3)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 2(3)-1999       да III разьдзелу

kніга


С.Юстапчык
(Антон Адамовіч)

Трывога
(працяг)


ІV

Ну й шкарадзіна! Я ўжо думаў — насуха выкруціцца. Але таксама табе палітык — на закуску прыхаваў, як–бы й забыўся, як–бы й на парозе толькі прыпомніў, — абгаворваў Цімафеіч нядаўняга гасьця перад сваім сябрам.

— Ты думаў — ты заўсёды ўсё думаеш. Працаваць трэба! Бачыш, мой нюх і вока чэкіста ня схібілі — я адразу пазнаў, што вязе.

— Бачу, бачу і скланяюся — запраўдная бальшавіцкая пільнасьць. Але як–жа з гэтай пільнасьцяй зь ягонай — сяньня–ж папсаваць усё можа, хіба да панядзелка адкласьці?

— Чаго там папсуе! Яшчэ якраз направіць можна. Калі ўжо ён у сябе правёў — дык зараз–жа й нам трэба брацца, каб якое няўвязкі ня выйшла.

— Гэта ты добра кажаш, бязумоўна, канешня... Дык мы зараз, як піць даць — не пяршыня–ж! Насамперш — сход, так...

— Цэлае вядро, — таямнічым паўголасам перапыніла нараду ў самым пачатку Марфуша — “заўхоз”, прыйшоўшы з дакладам аб кагадзе прынятых ад Малкіна запасах гарушчага. Пад ейным ведамам былі ўсе запасы і гаркомаўскае, і асабістае Цімафеічавае гаспадаркі. Злыя языкі, якія за вочы дражнілі Марфушу “захвост”, укладалі ў гэтую мянушку шмат глыбокага сэнсу ці нават сэнсаў, зьвязаных і з гаркомам, і з гаспадаркаю, і зь Цімафеічам. Але, ува ўсякім разе, гэта была старая добрая сяброўка партыі, дый гадамі і магерападобным выглядам не магла ўжо стацца нікому за сяброўку маладую. А “заўхоз” — загадчык гаспадаркі — быў зь яе, пэўна–ж, бездакорны.

— Што? Ага, вядро! Бачыш, усё–ж малайчына — не падкачаў. Можа й гатунак?..

— Не, трэйці, чысты прамывачны “чэмергес” — пах так і рэжа.

— Ну, гэта трудна — і тое хлеб. Ага, а як–жа із заедкам, Марфуша?

— Вось я й хацела ў Вас спытацца, Іван Абармотавіч.

Калі Марфуша ад звычайнага сярод партыйцаў абыходжаньня пераходзіла на “Вы” і “імя–войчаства” — гэта заўсёды значыла, што перад ёю паўставала нейкая праблема. Цімафеіч добра ведаў гэта з практыкі.

— А што, хіба папаўненьне рэзэрваў патрабуецца?

— Ніякіх рэзэрваў, Іван Абармотавіч, хоць сьвісьні.

— Гм... Ну, тады хіба гусь рашыць.

Гусь, якую меў на ўвазе Цімафеіч, ужо больш за месяц адпасвалася пры гаркоме. Гэта быў галоўны выйгрыш гарадзкое лётарэі, зарганізаванае на дабрачынную мэту “дапамогі ахвярам фашызму”, фактычна–ж — на фінансаваньне “гарбатак” і іншых “духовых імкненьняў” перадавікоў партыйнага актыву. Але здарылася неяк так, што па гэты галоўны выйгрыш ніхто ня прыходзіў. Можа, адразу падзёр ад злосьці “добраахвотна” ўсырычаны яму білет, можа, выкінуў, не спадзяючыся выйграць нічога больш людзкага за які цьмяны люстэрак ці цюбіцейку, можа, проста страціў. Цімафеіч у затоеных думках меў на ўвазе завезьці гэтую гусь пры наступным выезьдзе сакратару крайкому — гэта быў ягоны ўлюбёны спосаб “работы ў вярхох”, як ён называў. Таму ён і не сьпяшаўся зь ліквідацыяй гэтае зьвярыны, маючы навонкі й добрае апраўданьне ў строгім дапілноўваньні правілаў лётарэі. Можа–ж, яшчэ заявяцца на выйгрыш... І цяпер лепш было–б абыцца як іначай — ну, але ўжо калі гэтак...

Толькі што Марфуша на ўспамін пра гусь ужо й праўда сьвіснула.

— Гусь ужо даўно рашылі, Іван Абармотавіч.

— Як рашылі? Хто рашыў?

— А Лёнька Карцінкін, як у армію йшоў, на праводзіны.

— Карцінкін? Ах, сукін сын... — і яшчэ мацней папусьціў абураны Цімафеіч. — І хоць–бы запрасіў з нас каго — аднэй сваёй камсамольскай халяйстрай і замялі... А тут яшчэ сяньня на яго характарыстыку зноў просяць — упішу я табе, прапішу я табе характарыстыку!

— Ізноў дарма гарачаешся, — пачаў супакойваць Геаргадзе сакратара, які расходжваўся не на жарт, — Лёнька — свой хлопец, і камсамол добра кіраваў, што тут яму солі на хвост насыпаць. Ня позна йшчэ запрэгчы каня й пад’ехаць у саўгас — куды лепшую дзічыну ўпаляваць можна.

— Ах, сукін сын, малакасосіна... Ну, пэўна–ж, застаецца толькі гэта — арганізуй, Марфуша!

І Марфуша, задаволеная такім паваротам справы, бо да саўгасу, праўдзівей, да ягонай жыўнасьці заўсёды мела вялікі пацяг — зьнікла бясшумна, як і зьявілася была.

Але зьнемарашчаны прыкраю неспадзеўкаю з гусяй, Цімафеіч усё ня мог йшчэ адыйсьці. Тым больш, што адна прыкрасьць навяла думку й на другую, яшчэ не пазбытую.

— Ну але, закуска — а як і з гэтай другой закускаю, што ўчора Бог паслаў? Разьвязалі тут “головокружение от успехов”, а на галоўную небясьпеку на даным этапе зусім забыліся.

— Гэта ты пра сваю палавіну?

— Палавіна, якая там чорта палавіна — добрыя тры чверці...

Геаргадзе зарагатаў.

— Чаго іржэш, дурань, думай лепш хутчэй, як гэты вузел расьсячы?

— Сам ішак, чаго тут думаць — само ўсё складаецца, як найлепш. Зараз — нажахаць яе, як сьледам, гэтым “загрожаным”, а там — пасадзіць на каня з Марфушаю і ў саўгас — хай ратуецца ад пагрозы нямецкіх бомбаў на сібірскую тайгу.

— Ягорка! Гэта–ж геніяльна! Не, у вас на Каўказе, мусіць усе геніі, — як на сьвет нарадзіўшыся, зрадзеў Цімафеіч. — Проста — дай, я цябе пацалую!

— Ну, пацалуеш пасьля й каго іншага сабе.

— Ага, дарэчы, як думаеш: я хачу запрасіць гэтую маладзенькую, што надоечы ў клюбе сама навязвалася. Можа, хіба ня пойдзе?

— Чаму ня пойдзе — сам–жа кажаш, навязвалася. Адно што — для мяне гэтай йшчэ ня высьветлены тып, няясны тып. І хто, і што — спахмурнеў Геаргадзе, якому новы паварот у любосных справах свайго запляшніка не падабаўся із шмат якіх меркаваньняў. — Як сам уважаеш. А цяпер — давай круці, праводзь работу — час ня церпіць!

— Так, “за работу, кума, за работу!”

І праз паўгадзіны натхненны ўжо зноў Цімафеіч “круціў” надзвычайны сход усіх партыйных і савецкіх працаўнікоў у залі клюбу — “сабору”. Ён быў у васаблівым “удары” й гаварыў дзьве гадзіны з гакам. “Бязумоўна, канешня, таварышы, факт...” Даў пытлю “сусьветнай фашызьме”, “завастрыў пільнасьць”, высьвятліў ўсю паважнасьць “загрожанага палажэньня”. Пры цяперашняй татальнай вайне, пры страшэннай тэхніцы — што часіны можа наляцець каведны вораг і збамбардаваць важнае ваеннае прадпрыёмства за рэчкаю, а адным заходам — і горад. Пільнасьць, пільнасьць і яшчэ раз пільнасьць! Зразумела, не паніжаючы стаханаўскае прадукцыйнасьці працы, бо краіна й вялікі Сталін патрабуюць і г.д. і г.д.

А кароткае выступленьне Геаргадзе із напамінкам аб “караючым мячы дыктатуры пралетарыяту” і надзвычайных санкцыях ваеннага часу — толькі добра прыпячатала ўсю справу.

Эфэкт быў самы поўны. Цімафеічава “палавіна” бязь лішніх угавораў паплыла на хурманцы ў саўгас — яшчэ й сьлёзку пусьціла, бедная, што мужава постань і абавязкі мусяць трымаць яго тут, у горадзе, у небясьпецы такой...

Дый ці толькі жонка. І іншыя добрыя людзі памалу пацягнуліся зь небясьпечнага месца ў тайгу, да сваякоў, на бліжэйшыя вёскі.

Бо нехта ўжо нават прысягаўся, што ворагавыя лістоўкі чытаў: камбінат за рэчкаю возьмуць “бамбёжкаю”, а горад “гармошкаю”. Гадалі — што страшней і што значыць “гармошка”: з музыкаю зь неба спусьцяцца? Ці гэта гармата якая халерная так называецца?

Іншыя казалі, што гэта японец падвёў і выступіў. Ён і ляцець сюды мае, бо немцу — задалекавата й няспраўна.

Яшчэ нехта цьвердзіў, што мае йсьці нейкі філіпінец.

І падвечар гарадок зусім апусьцеў, загруз у напружанай цішыні “загрожанага палажэньня”.
 

далей      

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Вайна ў ARCHE 2(3)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 10-05-2000