С.Юстапчык
|
XIV “Пакарыцель Сібіры” даволі пагана адчуваў сябе па ўчарайшым. Што галава трышчэла ад “чэмергесу” — гэта йшчэ дарма, больш клопату спраўляў ёй неадчэпны ўспамін аб неспадзяванай інспэкцыі таварыша Малкіна... І собіла–ж яму якраз засьпець Цімафеіча ў такім няцікавым палажэньні... Сяньня прабаваў залагодзіць справу тэлефанічна, але чорт яго ведае, ці ўдалося. Спачатку — ані блізка; упёрся ў вадно — “бытавое разлажэньне” дый годзе. Нават напамянуў, што нейкія фото–дакумэнты мае, як сакратар гаркому “разлагае” сваю сакратарку... Ну, праўда, пасьля пад некаторымі аргумэнтамі, здаецца, зьмякчэў, але напэўна ўсё–ж няведама. Гм, што за фото–дакумэнты? Каб “разлагаў” — ня можа быць. Праўда, як цалаваліся ізь Сьцёшай, Ягорка здымаў. Дый няўжо й Малкіну ўправіўся падсунуць? Небясьпечны “сябра” — гэты “Ягорка”. Як цьвярозы, яшчэ здаецца й дарма — хіба што цяпер толькі з гэтымі “фото–дакумэнтамі”, а выпіўшы — усяго можна спадзявацца. Ня шкодзіла–б мець сабе іншага начальніка НКВД. Але як? Так, трэба зараз–жа садзіцца й ехаць у край. З чым ехаць — бадай, знойдзецца, а па што ўжо ёсьць: із гэтымі двума які толк даць, пакуль яны самому дадуць. Заўсёды, як у вайне — каб ініцыятыва была ў сваіх руках. Ці аднаго так сплавіў ужо з свае дарогі? Нашто ўжо Басаў быў падкопвацца пачаў (і з чаго? зусім свой чалавек, добры бальшавік быў, а вось нешта ўкусіла...) — у турме згнаіў... А часовага сакратара, Антошкіна, ад якога пераняў пасаду — на работу ў спэцыяльнасьці, калі лекар! Як хапіў тыфусу, дык і цяпер вычухацца ня можа. А агітпроп Благавешчанскі, калі носам закруціў — дзе ён? Знайшлася ахілесава пятка ў “духоўным званьні” — і ўсё тут. І цяпер гэта блыха, Лёнька Карцінкін, дарма што гуся на дарогу спажыў — паскакаў на фронт із сваёй “самакрытыкай” — хай патрапіць з галавой зьвярнуцца! І начміл Сакалоў разам, і ягоны неразмыўны тайка Васька Касых ня доўга хваробай адкручвацца будзе. І на гэтых можна аргумэнцікі падабраць. Яшчэ нямаведама, як у крайкоме могуць паглядзець на гэтую малкінскую ініцыятыву “загрожанага палажэньня” — хваляваньне мірнага жыхарства ў ваенным часе. А Ягорка — пасадзіў цяпер пад ключ гэтую недапечаную (шкода, усё–ж, дзеўчынкі, можа, яшчэ й выйшла–б што), пэўна–ж, каб скарыстаць — вось на каго ініцыятыву “бытавога разлажэньня” зваліць можна, калі на самога падаць будзе. Так і фатаграфіі ён–жа здымаў, правакатар — ягоны апарат! Адным словам, конча трэба ехаць, разьнюхаць, як і што, і правесьці папярэднія падрыхтоўныя мерапрыёмствы. Ану–ж і гэтым разам абернецца так, што йшчэ лепш усё будзе. Дык — гайда! Перш у саўгас, да жонкі (так і пазвоніцца зараз Ягорку), а адтуль якраз — згрэбці й яе заадно, каб не псавала тут адказнай работы, і — у край. Геаргадзе прыняў гэтую Цімафеічаву тэлефонаграму даволі абыякава. Што–ж, хай праветрыцца па ўчарайшым. Ну, пэўна, адпаведную дырэктыву ў “нізавую сець” трэба спусьціць — у саўгасе ёсьць сваё добрае вока. Але сам малодшы лейтэнант бясьпечнасьці пачуваў сябе таксама ня ў поўнай бясьпецы з таго–ж боку Малкіна. Ішак, нарабіў клопату. Трэ было страхавацца на ўсякі выпадак, што ўжо хто–хто, а начальнік НКВД быў і ўчора на ўзвышшы пільнасьці, і якраз у гэты мамэнт выкрыў цэлую шпіёнскую змову. Балазе, законы надзвычайнага часу дазваляюць пракруціць гэтую справу раз–два і самому аднаму. Пастанова ваенна–рэвалюцыйнага трыбуналу ўжо гатовая: усіх траіх — расстраляць. Усё довады пры справе: архіўныя дадзеныя НКВД — ува ўсяе троечкі адменнае мінулае! І пра гэтую божую кароўку ўдалося раздабыць: бацька — зьліквідаваны органамі. А цяпер і сястра — уцякла. Праўда, можа ад гэтага “загрожанага” куды на вёску кінулася, але хай будзе, што ад выкрыцьця, як даведалася пра “правал”. Калі зьвернецца — можна будзе прытрымаць і яе. Паказаньні трох сьветкаў, як падаваліся сыгналы з каланчы — у парадку. Яшчэ й цэлы пуд зашыфраваных нейкім незразумелым спосабам шпіёнскіх матар’ялаў, знойдзеных пры рэвізіі ў галоўнага ідэйнага кіраўніка сукрытых ворагаў Казімера Далеўскага. І зусім досыць! Сяньня–ж — і ў выкананьне. І, добра адаспаўшыся і за ўчарайшае і за сяньняшняе нармальным для кажнага энкавэдыстага перадночным сном, ды зрабіўшы належную “перазарадку” із свайго “НЗ” (“недатыкальнага запасу”) — не “чэмергесу” ўжо, а добрага каньяку, што захоўваўся адмыслова для падобных выпадкаў, — Геаргадзе сярод начы спусьціўся ў падземнае царства сваіх падвалаў. Прысуды начальнік заўсёды выконваў сам. __________ Цяжка прачнулася Валя ад свайго цяжкога сну. Яна ня ведала сама, колькі праспала, і пазнаць–жа нельга было нават, што цяпер — ноч ці дзень. Але абставіны адразу прыгадалі ўсё. Што, што будзе? На стале стаяла нейкая страва ў бляшанай місцы й кавалачак хлеба. Здаецца, раней ня было. Мэханічна яна ўзяла і ўкусіла хлеб. Нейкі нясмачны, з асьцюкамі. А ў місцы страва сьмярдзючая, але міска — яшчэ цеплаватая. Што гэта ўсё мае значыць? Не засыпаная, не ў бомбасховішчы, а дзе? Асьцярожненька адважылася яна падыйсьці да дзьвярэй. У “люстэрку” ніякага страшнага вока больш ня было — пэўна, і ўчора толькі здалося. Цьмяна адлюстроўвалася маленькае ейнае собскае аблічча. Рашчухраныя валасы — паправіла рукамі. Наважыцца йшчэ — і пастукаць ізноў? Перш — сьціха. Нічога. Тады — мацней. Яшчэ. І раптам — дзьверы бязгучна пайшлі самі, і за дзьвярыма — ён, сам ён! Божа мой, няўжо яшчэ — а можа, і ўсё, усё ад пачатку — сьніцца? Не, ратунак, зараз ратунак, шчасьлівы ратунак! Шчасьце! — Дабрывечар! — і ейная рука ў вабедзьвюх ягоных, такіх дужых. А сам — усьміхаецца, яшчэ прыгажэйшы, як учора. І такі сьвежы, пэўна, кагадзе галіўся — тхнець адэкалёнам ці так якой тонкай, прыемнай парфумай. Валя ня ўмела йшчэ разьбірацца ў вадценьнях алькагольных пахаў. Начальнік ня думаў пачынаць ад дзяўчыны — яна меркавалася “на закуску”, у поўным сэньсе гэтага слова. Але здарылася якраз так, што як толькі ён увайшоў у падвал — стукалі з гэтае камары. Ну, можна й адгэтуль пачаць. — Нарэшце Вы! Я ўжо думала нямаведама што... Думала, можа, бомбай... засыпала... — Думалі, што засыпаліся? І ён мякка абняў стан і садзіць разам із сабой на ложак. — Можа, лепш — на паветра! Тут так цяжка. Я спала... — Пасьпеем яшчэ. Тут–жа можам пабыць зусім самі адны. Позірк, проста ў вочы — такі, як там у Гарлапаніна. Ну, добра, самі адны. І нават найлепш — моўчкі, толькі так — вачыма... Ён дастае з кішэні срэбраны партабак, прапануець ёй. Яна бярэ тоненькую — пэўна, добрую папяроску. Так, зусім добра, што ўзяла. Трэба пацерці ў пальцах, каб цягнулася лепш — хлопцы вучылі. Агонь... Зусім добрыя папяросы, нават прыемныя на смак, і ў горле не дзярэ. І Валя зацягваецца на поўныя грудзі — яна пакажа цяпер сваё мастацтва, не развучылася–ж яшчэ, а ўсе казалі, што ёй так да твару. Тонкі струмень лёгкага дыму дастаець аж да газьніцы — аганёк захістаўся. Пахкі, сіваваты дымок расьцягваецца пасмамі пад нізкай стольлю — скляпеньнем пакою. Як толькі будуць папяросы — яна абавязкова будзе курыць! Зьлёгку кружыць у галаве, як заўсёды і раней ад курэньня. Цяпер, можа, крыху й больш, бо яшчэ–ж — і ад ягонай такой блізіні. Ад таго, што ягоныя рукі ўжо калі, перш асьцярожна, а што раз, то сьмялей датыкаюцца да яе і там, і там... Ай, ён моцна абняў, і пад цяжарам дужага цела... І вочы, і вусны — таксама адны на адных... Не, адны ў вадных, абое яны ўсім–усім — ужо адно ў вадным. Самі адны... Гэта — шчасьце? Павучок... . . . . . . . . . . . . . . . . Калі Геаргадзе справіўся із сваёй “закускай”, дзяўчына йшчэ была няпрытомная. Гэтак і лепш. Ён перавярнуў ейнае малажыцьцёвае йшчэ ці ўжо цела, і скончыў звыкла — з нагану ў патыліцу. __________ ... — Маліся, стары! Туды, у кут! Дзед Ахрэм узьняў узвычаеным ад маленства гестам шчопцю з трох пальцаў і, скасавурыўшы адно вока назад на начальніка, згледзеў у ягонай руцэ чорную бліскучую — сьмерць. Пальцы цьвёрда леглі на лоб і на грудзі, а дарогі да правага пляча руцэ ўжо не далося дакончыць. “Амін” — усё–ткі завяршыў начальнік. __________ ... Перадумана, перабрана ўсё жыцьцё, і якім–жа кароценькім; маленькім, малазначным выдалася яно цяпер! Усё — як адно суцэльнае нічога. Нічога ня створана, нічога ня зьдзеяна, нават прыгледзеўшыся добра — нічога не перажыта. Дык і так бяручы — зь нічога ў нічога — просты, заслужаны шлях. Прынесьлі “баланду” й маленечкі кавалачак хлеба. Грамаў зь пяцьдзесят, а некалі–ж шэсьцьсот давалі. Казімер зьеў усё, як заўсёды раней рабіў у турме, хоць смак і стравы і хлеба куды як пакідаў адзадзя найгоршыя турэмныя ўспаміны. Колькі–ж дзён будуць гэтак трымаць? Павінны–ж і на які “допыт” звадзіць. А можа, цяпер гэта й не абавязкава? Можа, усюды скарацілася ў тэй прапорцыі: шэсьцьсот на пяцьдзесят, як у хлебе. Гэтак і лепш было–б. Па “абедзе” можна было–б і заснуць. Але сон ніяк ня йшоў. І ня йшло нічога, усё тое самае нічога, варочалася само і яго варочала з боку на бок. Каб запоўніць яго, успомніў стары спосаб, як калісь сядзеў у вадзіночцы: прыпамінаць знаёмыя песьні й вершы. Прыпаміналася добра, і ў вершах — цяпер ужо прывабнейшым, а таму і зноў зьнібячым у сэрцы — прайшло жыцьцё. Толькі тыя Блокавы радкі так–такі і не ўспаміналіся ўсе. Адно — першы й апошні. Асабліва апошні — “І вячорны туман” — усё мацней і мацней браў за сэрца. Ат, досыць, ня варта варочацца зноў на гэтую дарогу... То–ж яшчэ можна адно — пастукаць суседзям. Хоць–ці знаецца хто на турэмнай тэлеграфіі тут, у гэтай глухой правінцыі? Ану, на спробу — гэтаму: — Два–пяць, чатыры–тры, тры–чатыры... Адзін–тры, шэсьць–адзін, — звыклае першае пытаньне першага знаёмства: “Хто вы?” Моўчкі. Яшчэ раз. Тое самае. Дый дарэмна — з гэтага–ж боку, здаецца, павінен быць дзед Ахрэм — дзе яму адказаць? Ну але: у першую пасадзілі дзяўчыну, далей — дзеда, а тады — яго, Казімера. Затое — можа, з другога боку ёсьць хто, дый яшчэ пісьменны. Ну, сюды — можна проста лёгшы на ложак: — Два–пяць, чатыры–тры... Так, ціха: скрабецца. Ага, ціха: — Чатыры–тры–т, тры–чатыры–о, чатыры–тры–т... “Тот”. Ну, а далей? Нічога, моўчкі. Паўтарыць! Нічога. Яшчэ раз — сваё пытаньне. Ізноў: — Чатыры–тры... “тот”! І ўсё, больш нічога. Яшчэ раз пытаньне! Адказу ўжо й зусім няма. Яшчэ раз. — Няма. “Тот”... Парасейску — “той”. Пачатак адказу на пытаньне мог–бы быць і гэткім. Але чаму — больш нічога. І чаму зусім спыніў? Перашкодзілі? Пастукаць яшчэ! Не, нічога й нічога... Што за “тот”? Можа, прозьвішча? А можа — не парасейску? Што ў іншых мовах можа значыць “тот”? Панямецку, здаецца, “мёртвы” ці “сьмерць”. Дык вось — голас із таго сьвету, стук сьмерці? А чаму панямецку? Фу, якое глупства! — Устаць! Ага, вось яно! Вось ён і “тот” — сам грозны начальнік, і ў руцэ наган. Дык, можа, і ўжо? І тут–жа адразу, на месцы? — Тварам да сьценкі!.. Далей — у кут! Ай, як зазьвінела ўвушшу! Ужо? Не, трывога, толькі трывога... Зьвініць, зьвініць... “Вячорны звон, вячорны звон”... Не — “і вячорны туман”... Пара дзявочых косаў... Трывога, трывога! А зараз — адвечны туман, цемра навек. Звонкае нічога... З поўным нутраным задавальненьнем сумленнага работніка, які зрабіў сваю справу ўсю чыста, Геаргадзе выцер наган аб дзяругу на ложку і ўлажыў у кабуру.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |