С.Юстапчык
|
ХІІІ З усіх траіх Казімер першы зрабіў правільны выснаў з загаду, пачутага з вуснаў начальніка НКВД. Ён канчальна ўмацаваўся на гэтым выснаве, калі на панадворку пачуў збоку ад сябе неадступную хаду цяжкіх ботаў, пэўна, знаных цэламу гораду трох заўсёды маўклівых і панурых Геаргадзевых апрычнікаў. Сьпіна самога начальніка, здаецца, калывалася цяпер наперадзе ў Казімера. Вось і маеш, канвой. Цяпер ужо і сам — пад канвоем... Ізноў дачакаўся... Не стае толькі таго “шаг вправо, шаг влево”... Дзед Ахрэм, хоць таксама папахадзіў у жыцьці, і то ўжо на старасьці год, пад рознымі канвоямі (асабліва, ліхенька, даваліся ў знакі ўкраінцы, дарма што блізкія суседзі...), але ці ўправіўся забыцца за гэтыя колькі год ці ў сваім старэчым ужо тугадум’і, ня мог адразу здаўмецца. Ня мог, дый, зрэшты, не стараўся, бо здаўна, яшчэ ад сваіх салдацкіх гадоў, узвычаіўся выконваць усялякія загады зусім мэханічна, бяздумна. А найменш з усіх арыентавалася ў тым, што адбываецца, Валя. Наадварот, пазнаны голас вельмі ўжо сымпатычнага ёй каўказца, ажывіўшы сьвежыя ўспаміны кагадзешніх, такіх загадкавых, а шматаабяцальных гаворак зь ім, узьняў і ўмацаваў яе на духу. Яна хацела адшукаць яго тут зараз–жа, каб загаварыць ізноў і, пэўна–ж, пачуць і словы падбадзёраньня, але ў цемры саткнулася моцна зь некім з боку, хто даволі балюча наступіў ёй на нагу цяжкім ботам. Дый ці час і месца на такія гаворкі цяпер, калі трывога... Пэўна, іх вядуць куды ў бясьпечнейшае месца. Бо й праўда, собіла–ж ёй узьбіцца ў такім часе якраз на каланчу, калі ўсе, наадварот, павінны хавацца ў скляпы й сутарэньні. Ну, але карцела паслухаць і паглядзець — адтуль, пэўна–ж, лепей усё чуваць і відаць. Ды дарма, цяпер усё добра абудзецца, можа, і самалётаў і бомбаў ніякіх зусім ня будзе нават. Апыніўшыся запраўды ў склепе, Валя канчальна была супакоілася. Але, гэта бомбасховішча — і вокнаў няма, газьнічка курыць высака ў нейкай выемцы ў сьцяне. Толькі — чаму яна адна? Разам было–б весялей, хай сабе нават і ня зь ім, а хоць–бы з тымі — із старым і гэным, праўда, нейкім жоўцьна–зласьлівым кульгавым. Але дзьверы моцна захлыснуліся й не паддаваліся пад дзявочым плячуком. Ну, што–ж, давядзецца перачакаць, каму цяпер, у такі мамэнт, да яе — прынамся, добра, што завялі вось сюды, у бясьпечнае сховішча. Валя села на ўслончык. Быў тут і столік, і ложак, але засланы нейкай ня надта–ж прэзэнтабельнай дзяругаю. Цішыня... Шкода ўсё–ж, што адна... Каб зь ім... Ну, дарма, гэта йшчэ, можа, будзе, бо ўжо–ж, здаецца, пачалося... Які ён прыгожы, стройны, які пагляд у яго валадарна–праніклівы і разам із тым — загадкавы... І словы — таксама... Дэман, зусім Дэман. “І будзеш ты царыцай сьвету”. Толькі яна, калі так, ня будзе захоўвацца, як тая Тамара. Навошта самой адпіхаць сваё шчасьце, адкуль–бы яно ня йшло — ці з раю, ці з апраметнай... Шчасьце — гэта–ж, успомнілася зноў, сяньня на каланчы павучок варажыў на шчасьце. Валя азірнулася — тут таксама было павучыньне, але павучка ня відаць... ... А які сьмяхотны гэны — Цімафеіч! Якімі масьляністымі, як напісанымі ўсё роўна, вочкамі ўсё бліскацеў ён на яе. Ну, гэты — дык не! Нейкі... атлянтазаўр! Валі ўспомніўся школьны падручнік біялёгіі, дзе была намаляваная гэная жывёліна нейкай там дапатопнай эры, з такой самай непрапарцыянальна маленькай галоўкай, як у гэтага “Ермача”. Рыхтык — гэткая! А побач на малюнку — спрытны скакунок, здаецца, леляпс, які ў змаганьні за існаваньне перамог і зьнішчыў на зямлі вялізарна–нязграбнага, з маленькай галоўкай атлянтазаўра, каб пасьля зьнікнуць і самому... Школьныя ўспаміны навязаліся й другімі кагадзешнімі. Гэты — кульгавы, наштылены беларус. Валі прыгадаўся ейны школьны “беларус” — настаўнік беларускае мовы, які таксама ўсё не даваў ёй быту, што яна не гаворыць пабеларуску. Ну, але яна стокраць адплацілася, добра папазьдзекваўшыся зь яго самога на ягоных–жа лекцыях, а ён ані ня мог даць рады, нават із клясы выгнаць. Сьмех — гэтая беларушчына, толькі на тых лекцыях “беларуса” і трымаецца, дый часам хіба ў тэатры, зусім ужо на чысты сьмех. І нуда якая! “Пісьмо беларускага народу вялікаму Сталіну” — “з–пад пушчаў Палесься, з–пад Нёмана, Сожа” — такое вялізарнае на памяць зубрыць трэ было... Але–ж і цяпер, тут, у сховішчы, аднэй — якая нуда! Ці доўга гэта патрывае? І дзе яны, іншыя — дзед, кульгавы гэты? Кульгавы — пэўна–ж, жоўцьны такі, як усе, скрыўджаныя прыродай. А йшчэ й яна прыслужылася — “Гэта Вам сьніцца?” Які засмучоны быў тады ў яго пагляд... Можа, і добры хлопец, вершы чытае. Бедны хлопец... Чу! Што гэта там, наверсе? Самалёт? Прашумела й сьціхла зусім блізка тут, над галавой. Бомбу скіне? Сэрца зайшлося так, як тады, на пачатку вайны ў Менску. Усё ў сярэдзіне калоціцца ў напружаным чаканьні, як горача, і скрозь — пот... Каб — міма! І навошта гэтая вайна, і чаму аж тут няма ад яе спакою? Ай, ізноў зашумела над галавой... Шум аддаляецца, сьціх. Будзе хіба йшчэ? Добра, бомбаў яшчэ няма. А можа, гэта так што? Ну, пэўна–во, нарэшце, адбой! Так, адбой, адбой! Зараз і на паветра, на сьвежае паветра — тут яно такое цяжкое затхлае. Хутчэй! Дзьверы ўсё роўна не паддаюцца — толькі плячукі балюча зьбіла. Што гэта ў дзьверах за круглае шкелца — люстэрка, толькі–ж вельмі цьмянае, кепска відаць. Ну, але цяпер і пастукаць–жа можна — ужо–ж па трывозе. Ціха, адказу няма. Мацней, аберуч! Хіба забыліся — завялі й забыліся. Яшчэ, яшчэ! Ужо й кулакі забалелі. Ай! Што гэта? У “люстэрку” — вока, нейчае вока! Валя ў жаху адскочыла ад дзьвярэй. Не, хіба здалося! Яна зноў, і ўжо цікаючыся, падыйшла да “люстэрка” — вока, людзкое вока нярухомым, як алавяным якім, паглядам пільна глядзела адтуль на яе. Яна кінулася зноў далоў ад дзьвярэй і больш ня важылася ўжо нават зірнуць у той бок. Але што рабіць? Можа, і праўда забыліся на яе, а тут дзьверы неяк захлыснуліся... А вока, што за вока? А можа — там шумеў самалёт, можа, скінуў бомбу, можа, засыпала. Але–ж ня чуваць было выбуху? А можа, і не разарвалася, а так неяк засыпала... Ня ўсе–ж разрываюцца. І што цяпер — зажыва пахаваная? Якая жудасьць! Зараз выбівацца адсюль, стукаць, крычэць! Але там — вока, яшчэ жудасьней павярнуцца і спаткацца йшчэ раз зь ягоным нерухомым, алавяным паглядам. Адчай, поўны адчай — сьмерць, цяпер сьмерць, калі так ня хочацца паміраць (і ніколі — ніколі не захочацца!). Заўтра — сьмерць, пазаўтра — сьмерць... Вось калі трывога — запраўдная трывога, дарма што “адбой” роўна прагула сырэна. І ў вадчаі дзяўчына кінулася ніцма на тую дзяругу — тхнула пылам — і заплакала наўзрыг, калоцячыся ўсім целам, як даўно–даўно ўжо ня плакала. Плакала ўжо па сваім маладым жыцьці, і чаго ішла да Гарлапаніна, і на каланчу, і чаго сюды, чаму не асталася, не адлучылася па дарозе... Плакала, перасьціхала, а думкі зноў узняўлялі свой бег і зноў упіраліся ў тое — у сьмерць і адчай, і плач, нясуцешны плач... Толькі змогшыся добра ад рыданьняў, забылася цяжкім, алавяным, як той пагляд нерухомага вока ў дзьверах, сном — тут, на бруднай, пылнай дзярузе, нямаведама дзе... __________ Дзед Ахрэм да сну дайшоў куды хутчэй. Тут дык і ён ужо здаўмеўся, што гэта — камара. Знаёмая гаспода, чаму не! Га, на іх ліха, гіцлі, ізноў узяліся за дзела, як вошы за цела! Пэўна, і гэтыя тут ёсьць — што–ж за камара бяз вошай? І чаго, скажы, паштрапіўся? Што “хымычаскай” ня даў? Але–ж сам нехта рыкануў зьнізу — “адставіць”! Ну, можа, разьбяруцца, выпусьцяць, каб зь іх кішкі выпусьціла. Нейкі–ж толк дадуць, нешта–ж ды будзе. І дзеду ўспомнілася з ранейшых часоў, як адседжваў яшчэ сваё “кулацтва” і быў у іхнай камары адзін “палісьцічаскі”, дык усіх падвясельваў... Як–бо ён казаў? “Нештачка ды будзе, ніколі так ня было, каб нічога ня было”. Праўду лоўка рэзаў. Так і цяпер... Але бачыў ты — па адным разьвялі, адзіночка, значыцца. І Казіка, і тую дзеўку нарваную нейкую — і адкуль нарвалася, і чаго? Якраз на сваю галаву. Маладых — шкода, найбольш — Казіка, і так на сваім вяку колькі папакутваў хлапец... Ну, а самому яму, старому, нават калі й да Цётухны, дык ня так далёка ўжо дыбаць... А тымчасам, як заўсёды — хто сьпіць, той ня грэшыць. Хай яны там хоць галовамі ўсе панакладаюць. Пасьцеля дарма сабе — пяхцер нават добра напханы. Ах, Ты, Божа, Божа, Божа наш... __________ Ня спаў, ды так і не заснуў ужо на гэтым сьвеце Казімер... Ён добра ведаў, што значыць арышт цяперашнім часам вайны й надзвычайнага ваеннага (а тут яшчэ й маеш табе, як на тое — “загрожанага”) палажэньня. Дый асабліва для асобаў з такім “цяжкім мінулым”, як ён ды дзед Ахрэм. Яшчэ тую перапёлку, што ўскочыла сюды, як таракан у саладуху — можа, і пашкадуюць. Хоць, ізноў–жа, зусім няведама, можа, і за ёй што такое вядзецца. А якраз яе й варта: было–б не за тое, дык за гэтае: рэнэгацтва — найцяжэйшы, сьмяротны грэх... Дык трэ быць гатовым да ўсяго. Так, нездарма выдаліся ўсе гэтыя сёньняшнія прадчуваньні, — можа, і блізка, зусім блізка... І пэўна, што ня бачыць ужо ні радзімы, ні — нават куды бліжэй — ня бачыць яе. — Яе. Так, і тут адразу думкі зачапіліся за Яе — нельга было ўжо больш нават назваць яе Надзеяй, надзеі ўсе, хоць бы й не такія дурныя, мусілі скончыцца цяпер і тут. Але думак аб Ёй Казімер не адганяў — наадварот, адразу зачапіўся нават за іх, даў ім поўную волю, а яны далі яму поўнае адхланьне. Ён паступова й старэнна пачаў успамінаць усё, што калі думаў, лятуцеў аб ёй, перажываў. Успомніў усе постаці, у якіх толькі бачыў яе калі. З чорнай істужкай, а то во — зь белай... А найпавабнейшаю выдавалася цяпер такая, якою бачыў рэдка, усяго разы са два: калі зусім не ўплятала ніякае істужкі, і косы, заплеценыя, не абкручвала вакол галавы, а спушчаліся яны па плечах. Такой — зусім дзяўчынкай — найлепшай няхай і застаецца... Казімерава адзіночка таксама ня мела вакна, але труба для вэнтыляцыі тут выходзіла не на калідор, а на вуліцу. І Казімер добра чуў, як пад’ехаў аўтамабіль — пэўна–ж, адзіны ў ваколіцы, “лімузын” таварыша Малкіна (гэта шум ягонага матору й прыняла Валя за самалёт). А плынь ягоных думак–успамінаў перапыніў ня сам той шум, а пачутыя абрыўкі гаворкі каля аўтамабілю. — ...Было папярэдзіць усё–ткі, — голас начальніка НКВД. — ... Папярэджана — пільнасьць... Сакргатарг Гаргкокому, як няжывы, ля паргогу, у лужыне і аббляваўся... Ганьба!.. — другі голас з моцным жыдоўскім акцэнтам (пэўна, незнаёмы Казімеру зарэчны валадар аўтамабілю). — ...Дарма... Птушачкі мне злавіліся... З каланчы сыгналы хацелі... І з рэпрэсіямі ўжо... Рэшта было не рашчуць, дый, бадай, ці й магло быць што йшчэ цікавае. Неўзабаве аўтамабіль і ад’ехаў і, услухоўваючыся ды ўзорыўшыся ў сваю трубу, Казімер бачыў, як сьлізганула па ёй угары сьвятло ягоных фараў. Так, сьвятло сьлізганула цяпер па ўсёй іхнай “справе”. Значыцца, гэта будуць шыць... Шпіянаж у канчальным выніку. Ну й пацягаюць — трэба–ж будзе “сетку” вылавіць. А можа, як на ваенны час, хутчэй? Шпіянаж, “зрада радзімы”. “Вышэйшая мера сацыяльнай абароны” — як на стале. Цяпер, бадай, не заставалася ніякага сумлеву, што ўсе трое — на пэўнай дарозе да сьмерці. Так, усе трое, і тая перапёлка, як ён назваў. Дый той–жа ля аўта казаў — “птушачкі”, “сыгналы падавалі”. Гэта–ж яна якраз паказвала на камбінат — “газ!” — аж перавесіўшыся за білы, калі ўсё відаць было пад тэй зыркай ракетай. Вось і сыгналы... Ну, ёй так і трэба — ён–жа кагадзе падумаў быў ужо гэтак. Але празь ейную дурную начэплівасьць — пойдуць і яны зь дзедам за адным скрыпам... “Так і трэба” — ці–ж бы? Не, шкода й яе — такая маладзенькая... Можа, яшчэ зусім не пажыла на сьвеце, як і ён, Казімер. А гэнае “рэнэгацтва” — ці так ужо вінаватая ў ім сама? І можа, лёгка было–б зрушыць яе з тае, пэўна–ж, простае нясьведамасьці — можа–б, прачнулася беларуска і ў ёй? Бо прызналася–ж сама — “ну але, я беларуска”... “Рэнэгацтва” — а ў яго ў самога няма таго “рэнэгацтва”? Як даўно ўжо — і цяпер нават, тут, у вадзнаньні наканаванае блізкое сьмерці — усе думкі занятыя ня Бацькаўшчынай, не Беларусяй, а тэй тутэйшай, чужой дзяўчынай, якая й знаць яго ня хоча ды не хацела, не захацела–б. Гэта — не рэнэгацтва? “Чысты славянскі тып” — гэта не самаашуканства, самааблуда для самаапраўданьня? І Блок — праўда, гэтая заўважыла, дарма, што “рэнэгатка” — на стале Блок. Ну, перакладаў. Але–ж чужое, чужым жывіў сваю душу. Чужым свайму ці ня стаўся на чужыне, перамагла–ткі яго, аблытала. Дык значыць і яму за рэнэгацтва таксама павінна быць заслужаная кара. Ці–ж бо не запраўдная зрада Радзімы? І за зраду — кара. Усякая, усякая кара — заўсёды заслужаная на сьвеце — не за гэта, дык за тое. Дык толькі — спаткаць яе, скарыўшыся душой... Гэткі ход думаў зусім супакоіў Казімера. Быў ён зусім, як “адбой” па тэй нутраной трывозе, што прарывалася сяньня праз увесь дзень. Нутраны “адбой” па тым, што адгучэў нядаўна з зарэчнага камбінату. Ціха, спакойна. І нават неяк ціха — радасна. Вось, чуваць трубу — адбіваюць гадзіны. Зь іхнае каланчы. Цікава толькі, хто? Пэўна, аднарукі Сідар Паласкухін — заступаў–жа часам. Ды ці ня ўсёроўна цяпер? Акуратна дванаццаць выбіў. Значыцца, поўнач. Паўночны звон... Паўночны звон, паўночны звон Новая рэдакцыя? Ану, прасьпяваць хіба хоць самому сабе... Сьпявалася лёгка й неяк урачыста–радасна. Ня горш, можа, як ад самое Яе сяньня ўвечары чуў. Ізноў — Яна... На апошнім куплеце бліснуў у дзьверах “ваўчок”. Казімер бачыў, але ня спыніўся. І толькі вывеўшы апошні гук, пачуў ужо стуканьне і — — Давай прекрати пение! Ага, дабрыдзень, дабрывечар, стары, знаёмы “лёзунг”! Што–ж, можна, калі ласка — ужо нават. І — дабранач! Бо — можа, разам ізь песьнямі, і думкі спыніць? Гэтага каб захацелі, каб загадалі — дык ня можаце! А ці–ж бы? Не, могуць, могуць, і спыняць і думкі. Хутка нават спыняць. Адзін стрэл — у патыліцу — і ня будзе больш ні думак, нічога. Дык хіба пакуль — хутчэй за апошняе прытулішча, за думкі? Перадумаць ужо ўсё, усё жыцьцё і перажыць яшчэ раз, зрабіць самому сабе суд — апошні страшны суд, свой суд, хоць прысуд ужо й наперад ведамы, наперад прызнаны, як–бы сваяручна падпісаны.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |