Logo ARCHE

Вайна ў 2(3)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 2(3)-1999       да ХІ разьдзелу

kніга


С.Юстапчык
(Антон Адамовіч)

Трывога
(працяг)


ХІІ

У сваім захопленым і задуменным сьпяшаньні хутчэй дадому Казімер і не заўважыў, як ледзь ня бразнуўся вобземлю: пад самымі нагамі ў яго апынуўся нейкі вялікаваты жывы клубок, які качаўся па зямлі, хрыпеў і гыркаў. Гэта адразу мусіла зыйсьці зь лірычных узвышшаў “вячорнага звону” і прыгадаць пра пракуднага “Троцкага”. І праўда, ён быў тут, бо як толькі Казімер сваім удалым актыўным умяшаньнем у сабачыя ваенныя дзеяньні расьцярушыў на бакі ворагавыя сілы, адзін із “байцоў” з радасным віскам падскочыў аж да ягоных грудзей, абвяшчаючы гэтым звыклым у свае пароды спосабам апазнаньне добрага знаёмага. Во зноў дакука — давядзецца варочацца назад і весьці яго да гаспадынінага дому... Прапаў тымчасам Блок, праўда, затое, начальніка заданьне будзе выкананае, хоць і з спазьненьнем.

Але знойдзены страчанік, абмежаваўшыся тым выказаньнем прыязнага й радаснага прывітаньня, адразу–ж гайсануў наперад і зьнік у густой цемры. Усе поклічы й посьвісты не давалі ніякіх вынікаў. Ну й ліха яго бяры, — узлаваўся Казімер, — і зь ім, і з гэным заданьнем. Хай будзе, як будзе, падумаеш, таксама табе клопат і прыкрасьць, каб такіх павек. Хутчэй дадому! Мусіць, і гадзіны стары ня біў, а можа, і зьмяняць яго нават пара.

Не, аказалася йшчэ дарма. Гадзіна была пратэрмінаваная толькі на дваццаць часінаў — гэта здаралася часам, хто там заўважыць! І Казімер хуценька падаў сыгнал дзеду на гару. Да зьмены застаецца йшчэ добрыя паўгадзінкі з гакам. Дык — за Блока!

Кіруючыся ўспамінамі зрокавае памяці, ён пачаў пасьпешна гартаць балоны кнігі. Але падкручвалася ўсё нешта тое, дыя ня тое. Вось, маеш табе:

Я пригвожден к трактирной стойке,
Я пьян — мне все равно...
Вон счастие мое на тройке
В сребристый дом унесено...

Гм, якраз як кагадзе было, адно, што не на “тройцы”, а — “пад канвоем”... Ізноў гэтыя ўспамінкі, як мокрай анучынай... А што, можа, і добра было–б цяпер адагнаць усю гэную прыкрасьць, давёўшы сябе тым, гэтак выпрабаваным у людзей спосабам, да такога стану, калі чалавеку запраўды ўсё робіцца “ўсё роўна”... “Заліць, утапіць гора”... Адно бяда, што ніколі ў жыцьці чамусьці не даводзілася хапацца ў цяжкіх выпадках за гэны спосаб і выпрабаваць тое ягонае збаўчае дзеяньне на сабе самым. А цяпер — і паспрабуй, хапіся: хіба тым Гарлапанінам усяго й даступны гэткі ратунак — дасюль ужо, мусіць, добра “прыгвазьдзіліся”. Толькі — якое–ж у іх гора, каб “заліваць”? Гора — адным, гарэлка — другім...

Вось, гэта ўжо больш адпаведна, калі нельга зноў без успамінаў:

Ты в поля отошла без возврата,
Да святится имя твое!
Снова красные копья заката
Повернули ко мне острие.

Як ўрачыста і велічна! Яна адыйшла, а імя — імя век павінна сьвяціцца. І ня кволы “вячорны туман”, не мэлянхалічныя гукі вячорнага звону, а грозныя чырвоныя дзіды сутоньня — проста ў грудзі — брыжма. І канец, які канец:

О, исторгни ржавую душу,
Со святыми меня упокой,
Ты, держащая море и сушу
Неподвижно тонкой рукой.

Няўжо гэта праўда — усё ў валадарнай руцэ яе — Вечнае Жанчыны? Так, гэта–ж пад ейным лёгкім толькі дотыкам і цяпер так прыкра рыпіць ягоная “іржавая душа”...

Добра, гэта ўсё добра, але ўсё–ж ткі — дзе тое, дзе той “вячорны туман”? Казімер зачыніў перагорнутую ўжо бяз вынікаў кніжку і зноў пачаў гартаць ад пачатку. Трэба цяпер больш увагі й не пакладацца на адну толькі зрокавую памяць.

... И, садясь, запевали “Варяга” одни,
А другие — не в лад — “Ермака”...

Во зноў — якраз, як тут: зяваюць цяпер “Ермака”, сваю заўсёдную ўлюбёную песьню, і таксама — як–жа “ня ў лад”. Проста хоць вушы пазатыкай — да таго назольна–дакучнае гэтае разроднае гарланьне... І якія розныя бываюць гукі на сьвеце — як далёка гэтым п’яна–дзікім “ветром в дебрях” да тых дзявоча–лагодных, ціхіх адгалоскаў “вячорнага звону”, што “разьвеяў вецер на лагі”...

Але–ж усё няма й няма! Тут–жа было, тут павінна быць — адсюль–жа яна вычытала–высьпевала: “снится, снова...” А можа, так із памяці, знарок зь ім дражнілася толькі гледзячы ў кніжку? Хацела раздражніць — а навошта, чаму? Не, здаецца–ж, ён і сам бачыў той верш — дзе–ж цяпер падзеўся? І бясплённае шуканьне пачынала ўжо аж непакоіць, трывожыць, як кажнае пільнае, а ўсё незадаволенае йшчэ жаданьне. Аж трывожыць... Чакай, а што гэта зноў? Гэта–ж, здаецца, і ёсьць запраўдная ўжо трывога! І п’яны “Ярмак” сьціх... Так, “трывога” гудзе з–за рэчкі, з камбінату. Але–ж, запраўдная трывога... Бо ў іх гэта завецца “трывогай” — дурная, п’яная гульня! Эх, залётаюць зараз!

Маеш табе, і па ўсёй электрыцы! Цяпер можаш сабе шукаць у кніжцы свайго “вячорнага туману” колькі хочаш! І Казімер ужо із шчырай злосьцю захлыснуў Блока й кінуўся на сваю пасьцель, аж забраскацелі дошкі пад танюсенькім сяньніком ягонага спартанскага ложа. Як усё–ж няпрыемна дзеіць на нэрвы выцьцё гэткае сырэны, калі прыслухацца, хоць і ведае чалавек, што тут толькі гульня. Запраўды ўстрывожвае, ды йшчэ калі такая ціша вакол. Во, на панадворку ўжо забегалі, нехта, здаецца, і сюды ў сені ўбег. Ды чаго–ж ён тут разьлёгся — трэба да дзеда хутчэй глабацца, і пара ўжо, пэўна, дый так старому аднаму пад гэтую “трывогу” не павінна надта вясёла быць.

Казімер абмацаў на століку сернікі й чыркануў, каб пагледзець на гадзіньнік. Так, да зьмены заставалася 10 часінаў — трэба–ткі лезьці. І ён падаўся з хаты ў сені й далей на каланчовыя сходы, вобмацкам, але ўпэўнена, бо добра вывучыў ужо гэтую сваю дарогу ўзыходжаньня й зыходжаньня па колькі разоў на дзень.

Перад самым канцом сходаў сырэна нарэшце сьціхла. І зьдзіўлены Казімер пачуў, што дзед на каланчы не адзін — ён гаварыў зь некім. Казімер аж прыстоіў, бо пазнаў: гэта ізноў была тая няпрошаная госьця — нездарма тады падакляравала, што йшчэ прыдзе! І як–жа недарэчы выбрала цяпер часіну! Але празь дзьве–тры прыступкі Казімер мусіў ізноў прыстоіць: ці гэта вуха мыліць, ці дзяўчына гаворыць цяпер... пабеларуску? Так, выразна — “бачыла”, “кідалі”... Значыцца, яна ня толькі зь Беларусі, але й беларуска, відаць. А на мову, мусіць, дзед Ахрэм справакаваў, бо ніяк–жа аніякай іншае мовы навучыцца ня можа, апрача свае роднае паляшуцкае гаворкі, дарма што ці цеперся ўжо жыве на Сібіры. — А можа, і сама перайшла, у моц таго ведамага закону: “а як сядзе ў кутузку — усіх кляне пабеларуску?” Ува ўсякім разе, гэта цікава!

— Ай, хто гэта там?

— Ня бойцеся, гэта зьмена.

— Ах, гэта Вы! Ну, што гэта будзе — трывога? — усхвалявана накінулася адразу на Казімера запраўды ягоная новая знаёмая сяньняшняга вечара.

— А нічога цікавага ня будзе — а вось, што ёсьць, дык вельмі цікава й нават неспадзявана: Вы, аказваецца, ня толькі з нашых бакоў, але й гаворыце панашаму!

— Ах, Госпадзі, няўжо гэта цікава й важна ў такую часіну? — раптам, як–бы схамянуўшыся, перайшла яна зноў на чыстую расейшчыну.

“Нясьведамая”, — рашчаравана канстатаваў у думках Казімер.

— Божа мой, гэта–ж заўсёды і ўсюды, і перадусім так цікава й важна, асабліва — важна! — прыціскаючы, адказаў ён уголас.

— Забожкалі... Як трывога — дык да Бога! — бубнеў сабе дзед Ахрэм, які меў усіх маладых за бязбожнікаў, а з Казімерам, зрэшты, крыху й сварыўся быў каля гэтае тэмы.

— Слушна, дзеду! Дык каторы–ж Ваш Бог, паважаная грамадзянка?

— Як — каторы Бог?

— Беларускі ці гэты — расейскі?

— Ах, Вы ўсё пра дурное. Ну але, я беларуска, а гаварыць пабеларуску ня любіла й ня люблю, бо й гаварыць так цяпер можна толькі хіба ... — яна хацела сказаць: “Із такімі дзядамі”, але зацялася.

“Рэнэгатка” — цяпер із злосьцю сьцьвердзіў Казімер.

— З “асталымі”, праўда? — дакончыў ён за яе.

— Ну але. І ў вас–жа тут на століку расейскі Блок, а не які–небудзь беларускі... Броўка!

І праўда–ж, хоць гэта добра напамянула: той том Блока заставаўся тут, нагары, а ён цяпер там, нанізе, шукаў у зусім другім томе — дык дзіва, што й ня мог ніяк знайсьці таго верша, што трэба. Як было адразу не здаўмецца! І ён бы пасьмяяўся добра каля самога сябе, як заўсёды любіў у падобных выпадках, каб ня гэтая прыкрая гаворка, якую зараз–жа трэба было скіраваць у той ці іншы бок. Або абудзіць там хоць пачуцьцё, сорам нейкі за такое самааплёўваньне, або збэсьціць яе ўшчэнт і проста прагнаць адсюль, хоць–бы і скінуць з цэлае гэтае каланчы, куды прысукала нямаведама чаго. І Казімер ужо рыхтаваўся пачаць станоўкую атаку...

— Ай, што гэта? — і раптам зрабілася сьветла, як удзень, пасьля гулкага ўначы, але, відаць, толькі рэвальвэрнага стрэлу — усё адтуль, з камбінату, з–за рэчкі. На ўзроўні вакна каланчы павіснула ў паветры зыркая ракета, і цяпер пад ейным рэзкім сьвятлом добра відаць было ўвесь горад і сам той зарэчны “гігант індустрыі”.

— Газ? — з жахам прашаптала дзяўчына, паказваючы туды пальцам. І праўда, “камбінат” ахутваў, сьцелючыся ад яго да рэчкі, нейкі цяжкі ці то дым, ці то туман.

— “И вечерний туман”, — адказаў Казімер. Ён, хоць і ня ведаў, што гэта таварыш Малкін надумаў праверыць штучнае дымавое маскаваньне свайго прадпрыёмства, але й ня мог дапусьціць, каб было што паважнае.

Аднак, і ўнізе, на пажарным панадворку, замітусіліся і, як аказалася, думаючы зусім падобна да дзяўчыны. Зараз–жа пачуўся й зычны голас самога начальніка, таварыша Гарлапаніна: “Давай хэмічную”, але пакуль Казімер узяўся за вяроўку, каб пачаць вызвоньваць сыгнал хэмічнае трывогі, даляцеў другі, яшчэ больш магутны голас: “Адставіць хэмічную”...

Тымчасам ракета згасла, і пасьля ейнага зыркага сьвятла зрабілася йшчэ больш цёмна, як было перад ёю, і ўжо неяк вусьцішна. Ціха было тут, угары, толькі сам сабе божкаў дзед Ахрэм. І ўнізе ўсё сьціхла, пакінулі нават мацюгацца пажарнікі–інваліды, якія запрагалі папоцемку коняй на ўсякі выпадак. І ў гэтай сьцішы й вусьцішы зарыпелі пад хуткай хадою колькі параў ног сходы каланчы. Праз мамэнт выбліснула палоска сьвятла электрычнага ліхтарыка, а йшчэ праз мамэнт ім сьвяцілі ўжо ў вочы кажнаму.

— Так. Давай усе трое наперад, уніз! — скамандаваў голас Геаргадзе.
 

далей      

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Вайна ў ARCHE 2(3)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 10-05-2000