Logo ARCHE

Вайна ў 2(3)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 2(3)-1999       да Х разьдзелу

kніга


С.Юстапчык
(Антон Адамовіч)

Трывога
(працяг)


ХІ

Ці не на паляваньне, Кузьма Пятровіч, із сабакам? — аклікнуў Казімера знаёмы, таксама інвалід–пажарнік, ідучы на сваё дзяжурства пры конях. — Ага, тож “Троцкі”! Во воўчае мяса! Хіба зноў “адпачыць” сабраліся? — кіўнуў ён у бок Гарлапанінавае гасподы.

— А як–жа! Пачынаецца... Вось само начальства й адказным заданьнем узнагародзіла.

— Так–так! І “палажэньне”, бач, ня шкодзіць. Ну, няхай “адпачываюць” — нашая справа маленькая. На костцы, значыць, вядзеш? А сам, скажы, даўно хоць храсток які кусаў?

— Добра, што рэпа пасьпела, Іван Сьпірыдонавіч.

— Рэпа, рэпа — грызі рэпу... Ну, валяй — можа йшчэ ўпалюеш што... Бач, “таксаматор” які — добра гадуецца! — і інвалід із прыемнасьцю, хоць і на вялікі Казімераў страх, добра перацягнуў сваім кіем “падшэфнага” цяпер яму “Троцкага”, які, скомлячы, даў добрага драпака наперад і, толькі адбегшыся на бясьпечную дыстанцыю, адкрыў адтуль свой сабачы агонь на крыўдзіцеля. Дык трэ было засьпяшацца туды хутчэй, каб ня выпусьціць із–пад свайго кантролю даручаную жывёліну. І Казімер зачыкіляў, як мага.

Зрэшты, і цяпер сувэрэнітэт над “Троцкім” быў адноўлены безь вялікіх цяжкасьцяў. Трэ было толькі трымаць костку вышэй, ато, выскокваючы, “падшэфны” мог вырваць яе ў свайго “шэфа”. Ды раптам ён зацікавіўся нечым іншым, як–бы ў ім, і праўда, прачнуліся паляўнічыя інстынкты. Нешта такое мусіць было пад старымі, падгнілымі масткамі проці аднае брамы, і “Троцкі” падлез туды, наколькі мог, ды пачаў энэргічна капаць там зямлю пярэднімі, а заадно, відаць, для большае спраўнасьці, і заднімі лапамі. І Казімер таксама збочыў у высахлую канаву; каб зазірнуць пад масткі, але, прыгнуўшыся ўгледзеў, як з суседняе брамы выходзіла з збаночкам яна, Надзея. Так, гэта–ж тут яны бралі малако. Казімер выпрастаўся. Ён–жа мусіць прывітацца зараз — за той раз, што йшла туды й не заўважыла. А тут якраз цяпер, як на дзіва, яна згледзела свайго ціхога ўздыхальніка ўжо за колькі крокаў і сама нават ажыўлена ўсьміхаючыся заківала яму. І Казімер, раптам як на сьвет народжаны ад такой неспадзяванай і нябывалай ветласьці, пачаў выбірацца з канавы на ходзішча. Можна–ж, як дараўнаецца, кінуць пару словаў, спытацца пра старых — даўно да іх ужо не заходзіўся, а слаўныя старыя...

— Чорт! Блытаюцца тут пад нагамі... — і моцны штуршок ззаду аж пасадзіў Казімера на масткі. Аказваецца, стараючыся вылезьці з канавы на ходзішча, ён не заўважыў, што й другога боку, за ім адзадзя ішоў чалавек, якому Казімер запраўды ледзь не падкруціўся пад ногі. Гэта быў высокі малады хлапец у вайсковым і ... гэта яму й адрысавалася гэнае ажыўленае ківаньне і ўсьмешка з таго боку... Так, вось яны спаткаліся каля самога Казімера, цяпер зусім не заўважаючы яго на масткох... Вось прывіталіся й павольнаю хадою, ажыўлена гаворачы, падаліся разам у тым кірунку, куды трэ было ёй, блізенька адно побач аднаго... Вось ён узяў ад яе збаночак... Зараз возьме па руку!.. Не, тымчасам не... І перад тым, як схаваліся ў штораз больш густым мораку шэрае гадзіны, якая пачынала ўжо пераходзіць у зусім чорную, апошнім заўважылася: у ейных валасох сяньня была ня чорная, як зазвычай, а белая стужачка, белы баньцік...

Казімер усё сядзеў на масткох, пільна ўзіраючыся туды, куды зьніклі... І нарэшце, калі ўсё дайшло да сьведамасьці, зрабілася так прыкра, так прыкра... Як–бы хто адсьцёбаў па твары і, чамусьці здалося — нечым мокрым, мокрай анучынай. Усьцешыўся, нягеглая ламачына, быццам яму ўсьміхнулася, яму ківала!.. Сам заківаў, як дурань, чысты дурань... І куды паткнуўся — “с суконным рылом в калашный ряд”, як у іх кажуць... Як пракудна й як паскудна...

Ды, пэўна, так і трэба — забыўся зноў, хто і што. Зноў дзіцячыя, хлапецкія надзеі, “снится, снова я мальчик”... Дык добра, што нагадалі, як хлапчуку, як шчанюку, як мокрай анучынай...

А куды–ж там мог–бы ходацца, тут–жа — малады стройны вайсковы... Здаецца, авіяцыя — пэўна, які вучань лётнае школы, безь пяцёх мінут “сталінскі сокал”, цяпер прыехаў на пабыўку, можа перад пачаткам “баёвага хрышчэньня” ў вайне... Адна форма чаго вартая! Форма, вайсковая форма, так глыбака агідная й ненавідная аддаўна Казімеру, нагадваючы заўсёды НКВД, турмы, этап, лягер — “шаг вправо, шаг влево считается попыткой к побегу, конвой стреляет без предупреждения”... Канвой... І яна цяпер — як пад канвоем. Але гэта толькі для яго, для Казімера, а для сябе... А йшчэ паўгадзінкі таму думалася: “Не такая, ня пойдзе да Гарлапаніна”... Усе такія, усе аднолькавыя... І зноў–жа, для каго мусіла–б быць “не такой”? Для яго? Чаму? Зь якое рацыі? А з другога боку — што такога наагул у тым, што адбылося? І для яе, і для яго...

Думкі наскоквалі адна на адну і ўсё сьцёбалі, зноў сьцёбалі, як нечым мокрым па твары. Трэба зусім выключыць думкі. І тады адразу дайшло: гэта–ж ужо каторы час усё сядзіць на гэтых масткох. Ізноў — як дурань... Ага, а “Троцкі” — дзе–ж “Троцкі”? Ні сабакі, ні косткі... Пэўна, скарыстаўшы нагоду, справіўся і даў сабе рады. Новая прыкрасьць. І яшчэ прыкрасьць — ісьці шукаць... А ўсё — хіба ня прыкрасьць, суцэльная, але ўзвычаеная ўжо не да заўважаньня прыкрасьць — быць гэткім “сабакаводам”, прыніжаным перад нейкім там “начальнікам” Гарлапаніным?.. Прыкрасьць, прыкрасьць. І — вон, вон! Выключыць, ізноў выключыць! Выключыць усякую прыкрасьць...

І Казімер устаў ды пайшоў блукаць як пападзя добра цёмнымі ўжо гарадзкімі вуліцамі. Думкі, прыкрыя думкі запраўды ўдалося выключыць. Тая прыкрасьць засталася толькі дзесь у вадчуваньнях, як–бы нейдзе ў кончыках пальцаў... Так, із выключанымі думкамі, ён ня ведаў, дзе й колькі часу бадзяўся, як перад тым ня ведаў, колькі часу праседзеў там, на масткох, із тэй прыкрасьцяй у думках.

Зарыентаваўся толькі на беразе рэчкі. Самі ногі прывялі сюды? Гэта–ж была якраз ягоная ўлюбёная мясьціна, тут ізь дзедам Ахрэмам спаткаліся некалі, бо тут — во цямнеецца збоку — і хата тых старых гаспадароў, дзе жыў...

... где я любил, где отчий дом...

Адкуль раптам гэтыя гукі? І дарэчы — ці недарэчы, бо спозьнена... Ужо ноч, які тут чорта “вячорны звон?”... Ды дзе цяпер наагул можа быць ён, вячорны звон, на абшарах “вялікае сацыялістычнае краіны”, канчальна вызваленай ад гнілых забабонаў і рознага там шкоднага царкоўнага звону, ці ранішняга, ці вячорнага? Хіба вызвоньваюць яшчэ дзе гадзіны, як ён ізь дзедам Ахрэмам, гадзіны нуднага мадзеньня “новага савецкага чалавека”...

А так, гукі йшлі і — адтуль. Хіба забыўся, што гэта–ж ейная ўлюбёная песьня, хіба ня чуў, як сьпявала яе часам пад сваю, расстроеную крыху гітару? І цяпер — можа, дуэтам пяюць? Не, мужчынскага голасу тымчасам ня чуваць... Якім злым, злосным, дурна злосным робіць чалавека зайздрасьць, дый яшчэ такая, зусім бяспраўная зайздрасьць!..

Песьня–ж — такая ня злая, такая харошая, самому яму падабалася так. Яна–ж і навяла тады ўпяршыню на гэтую думку — перакладаць, перакладаць усё харошае ў сваю мову, няхай хоць для самога сябе, так, на ўсякі выпадак...

І цяпер, у ўнісон гэтым гукам, самі ціха сьпяваліся радкі таго, запісанага толькі ў памяці, свайго перакладу:

Вячорны звон, вячорны звон!
Багата дум наводзіць ён.
Пра маладосьць, пра родны край,
дзе бацькаў кут, каханьня рай,
дзе, як настаў растаньня час,
я слухаў звон апошні раз...
Ня бачыць мне сьвятлейшых дзён –
Вясны мінуўся зводны сон...
І колькі ўжо няма жывых
Тады вясёлых, маладых...
Іх моцна сьцяў магільны кон,
І ня чуваць вячорны звон...
Ляжаць і мне ў зямлі сырой!
І сьпеў паніклы нада мной
Разьвее вецер на лагі,
І пройдзе там пясьняр другі,
І ўжо ня я, а будзе ён
З думой сьпяваць вячорны звон.

Ціхія, харошыя, лагодныя гукі, задуменныя, мэлянхалічныя словы ўлагоджвалі, закалыхвалі ўсё — і тую прыкрасьць, і зайздрасьць, і ўсю немарасьць. Ізноў такую сьветлаю, слаўнаю паўстала зь іх яна, што сьпявала іх — сьветлая, слаўная Надзея... Харошая!.. Ці можна чым абразіць, зьняважыць яе? Ці магла яна ведаць аб ім, аб тым, што пачуваў да яе ён — употай і здалёку? І ці магло спляміць ейнае сьвятло што–небудзь — і тая ненавідная вайсковая форма, той “канвой” нават. Можа–ж, і пад імі, і ў яго, таго, і ў яе — тое самае зьнібеньне, бо ці–ж адзін ён, Казімер, такі ўсеадчувальны нэрв і такі — сьмешна — “пуп зямлі”?

“Багата дум наводзіць ён”, а ўсё туды, адкуль выйшаў, усё да яе. Гэта–ж зь яе й перакладзены — зь ейнае мовы, зь ейнае душы пераложаны ў ягоную душу.

Так, адна мясьцінка выразна не ўдалася, і якраз тая: “где я любил, где отчий дом”. “Каханьня рай” — так абстрактна, так агульна. Чыйго каханьня? Там–жа ясна — “где я любил”. Гэтую няўдаласьць адчуваў адразу, яшчэ тады, але ніяк ня змог даць рады. Толькі цяпер зрабілася ясна, чаму: то–ж там, “дзе бацькаў кут”, яшчэ зусім ня было каханьня, свайго каханьня... Там кахалі іншыя, як нейкія іншыя жылі ў гэным раі, якога ніколі ня бачыў ён на сьвеце (дый ці бачыў хто). Але й тут ня было раю, і наагул нічога ня было. Нічога, анічога — хіба толькі гэты “вячорны звон”...

“Вячорны звон, вячорны звон”... — “И вечерний туман”... Чакай, і гэта–ж таксама харошае, і гэта можна й трэба перакласьці, дый лёгка, як

Сьніцца — зноўку я хлопчык і зноўку
каханак...

Як–жа там далей? Не, яшчэ не ўвайшло ў памяць. Толькі апошні радок і глыбака запаў і перакладаецца проста:

І вячорны туман...

І зараз–жа зарупела перакласьці і гэта, усё перакласьці. Хутчэй дадому, запаліць сьвятло, і за Блока... Дасца!

Хапаючыся, подбегам, накульгваючы да болю, які аднак ані даходзіў цяпер да сьведамасьці, засьпяшаўся дадому Казімер.

Увушшу, у душы, у сэрцы ўсё ціха зьвінела–зьнібела: “Вячорны звон, вячорны звон”...
 

далей      

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Вайна ў ARCHE 2(3)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 10-05-2000