Валерка Булгакаў |
Каляндарык для кастратаРодны край. Адрыўны каляндар на 2000 год. Менск, „Беларусь“, 1999. |
ВАЛЕРКА БУЛГАКАЎ Адрыўны каляндар (ёсьць нешта пікантнае ў гэтым словазлучэньні — адрыўны каляндар) „Родны край“ спраўляе свае дзесяцігадовыя ўгодкі. Ёсьць над чым паразважаць, ёсьць што згадаць, ёсьць нагода падзяліцца сваімі няпростымі меркаваньнямі. Прычым зусім неабавязкова трымацца ў паставе казённай урачыстасьці, выдаваць флюіды надзвычайнай захопленасьці, бо мы падводзім рысу, адзначаем прамежкавы фініш на шляху з пункту А ў пункт Б. Сапраўдная радасьць моманту не павінна быць азмрочана няўклюднымі воклічамі і робленымі заклікамі. Шмат што і шмат кім прамоўлена пра каляндар, але, нягледзячы на гэта, за ім непазьбежна крыецца пэўная загадка. Дзіва што, асявая лінія календара заходзіць так далёка, туды, куды ня дадзена зазірнуць ніводнаму сьмяротнаму. Каляндар як бы парадкуе нашу найбліжэйшую будучыню, па-чалавечаму сыстэматызуе хаатычную хаду часу, спрабуе забясьпечыць стабільнасьць і пасьлядоўнасьць нашай гісторыі. Таму каляндар — гэта нешта вельмі чалавечае, амаль жывое, прасякнутае людзкім духам, як спрацаваныя рукі бабулі. Каляндар, выходзячы з паўсюднага стаўленьня да яго, ня проста рэч, а хутчэй брама ў добра невядомае, якое дзякуючы яго магічнай сіле якраз і стаецца добра вядомым. Каляндар ня проста кніга, і таму яго не чытаюць — у яго ўзіраюцца, нібы прагнучы за сухімі фармулёўкамі і банальнымі выразамі адшукаць толькі адно, праўду, праўду давяроную. Мабыць, дзеля таго што людзі надзяляюць каляндар праўдай — праўдай пра тое, што было, і пра тое, што будзе — адны баяцца яго, а другія паважаюць. Бы містычнае мігатлівае шкельца, каляндар робіць нябачнае бачным, даючы празрысты адказ на пытаньне, што такое вечнасьць і куды яна рухаецца. |
У дадзенай сувязі, аднак, нас будзе ня столькі займаць пошук і фармуляваньне вартасьцяў (прысутнасьць іх відавочная, хаця і матываваная пераважна пачуцьцёва) календара „Родны край“, колькі знаходжаньне слабых месцаў ці, выкарыстоўваючы савецкі канцылярыт, недапрацовак у ім. Іншымі словамі, задамося пытаньнем, чым жа ён усё-такі ня стаў, нягледзячы на дзяржаўную падтрымку і мэтавае фінансаваньне. Пачнем з назову „Родны край“. Ён ляжыць у рэчышчы рустыкальна-нацыянальна-рамантычнай традыцыі першай паловы XX стагодзьдзя беларускіх адраджэнцаў і кнігавыдаўцоў сялянскага паходжаньня. Да таго ж, стваральнікі календара тут неарыгінальныя, аднайменная газэта выдавалася ў Горадні ўлетку 1919 году. Зрэшты, ня гэта галоўнае. На працягу свайго існаваньня аўтарскі калектыў календара перажыў досыць важкія зьмены. Былі часы, калі ў каляндар пісалі вядучыя прадстаўнікі беларускай нацыянальнай эліты. Дастаткова згадаць, напрыклад, мовазнаўцу і грамадзкага дзеяча Вінцука Вячорку, філёзафа і астранома Сяргея Санька, гісторыка Алега Дзярновіча, знаўцу беларускіх архіваў і чалавека глыбокай гуманітарнай эрудыцыі Вольгу Бабкову. Цяпер, нарэшце, аўтарскі калектыў „Роднага краю“ стабілізаваўся. Яго робяць 11 чалавек тэхнічнага пэрсаналу на чале з складальніцамі Валянцінай Хайрулаўнай Балвановіч і Валянцінай Яўгенаўнай Кудзінай і кола аўтараў, якое ўтвараюць (падаем у аўтэнтычным „разнабойным“ напісаньні) Н.Е.Болсун, Янка Саламевіч, А.Вячорка, Аляксей Ненадавец, А.І.Аўдзеева, Лідзія Фарботка, Эдуард Самусенка, Т.У.Лапкоўская, Алена Васілевіч, Н.Г.Сакалоўская, Алег Фомчанка, Андрэй Болатаў, В.С.Цітоў, Т.В.Кекелева, Людміла Трэпет, Л.Л.Кароткая, У.Юрэвіч. Гэтыя аўтары ў масе сваёй пішуць пераважна на тэмы літаратуры, гісторыі, права, і толькі Эдуард Самусенка расказвае пра сабак, кажаноў і грыбы. Каб зрабіць каляндар больш рэспэктабэльным і прэзэнтатыўным альбо каб стварыць уражаньне большай разнастайнасьці ў творчым калектыве, некаторыя аўтары, збольшага з акадэмічнага інстытуту літаратуразнаўства і выдавецтва „Беларуская Энцыкляпэдыя“, пішуць ужо які год пад квяцістымі псэўданімамі Я.Ацоўклы, Я.Волат, А.Валошка, Яніслаў Салам-бей, Я.Асіна, Я.Гарчыца (такому пісаць бы пра кулінарыю), Н.І.Матэматык, Я.Бярозкін, Ян Самадзейнік, Б.Янчук, А.Альбатрос, Я.Уніят, Я.Школьнік, Я.Бабура, Б.Анатолеў. Гэткія мянюшкі таксама належыцца ўспрымаць выходзячы з памянёнай рустыкальна-нацыянальна-рамантычнай парадыгмы — кожны больш-менш абазнаны ў беларускай літаратурнай традыцыі чалавек згодзіцца, што шэраг пералічаных псэўданімаў існаваў ужо раней, а мянюшка Волат страчалася нам на старонках беларускай калябарацыйнай прэсы ў другую сусьветную вайну. Што ж, такі аўтарскі выбар. Будова календара наўпрост прадвызначана дадзеным творчым калектывам. Нагадаем для тых, хто ня ведае, што „Родны край“ складаецца з трох тэкстава-тэматычных блёкаў — найвялікшы зь іх становяць ананімныя перадрукі з расейскіх навукова-папулярных часопісаў і нейкіх іншых крыніцаў у рубрыках накшталт „Гэта цікава“, „Каляндар агародніка“, „Каляндар садавода“, „Ваша здароўе“, „Кулінарныя рэцэпты“, „Народная медыцына“, „Пакаёвыя расліны“, „Жывы куток у доме“, „Абарані сябе сам“. Паказальна, што калі раней напрыканцы артыкульчыка ў гэткім блёку стаяла пазначэньне таго, адкуль ён быў узяты, напрыклад, паведамлялася, што тэкст падрыхтаваны паводле часопіса „Химия и жизнь“ альбо „Наука и техника“, то цяпер гэтага ня робіцца немавед зь якой прычыны, ці то каб чытача ня мучыць лішняй інфармацыяй, ці то наша інтэграцыя з Расеяй зайшла так далёка. У другім тэкстава-тэматычным блёку зьмяшчаюцца зацемкі названага вышэй аўтарскага кола. Трэці блёк ахоплівае перадрукі вядомых твораў вядомых пісьменьнікаў (толькі адзін раз, здаецца, рэдакцыя календара пайшла на экспэрымэнт і апублікавала графаманскі верш пра родную мову і гістарычныя сымбалі народу якогась свайго дапісчыка ў рубрыцы „Творчасць нашых чытачоў“), прычым зусім няясна, паводле якіх крытэраў адбываецца адбор. Напэўна, і няма тут ніякіх крытэраў, а ўсё вырашае імя. Імёны Васіля Зуёнка, Ніла Гілевіча, Міколы Федзюковіча, Генадзя Бураўкіна, Сяргея Дзяргая, Максіма Багдановіча, Уладзімера Караткевіча, Раісы Баравіковай, Максіма Танка, Леаніда Галубовіча і фігуруюць у гэтым блёку, прыносячы жывым ганарары, а памерлым — несьмяротнасьць. |
Пачнем з таго, што для складальнікаў існуюць наступныя „асноўныя фазы Месяца: маладзік, першая квадра, поўня, апошняя квадра“. Цьверджаньне гэтае абсурднае па вызначэньні, бо ўяўляе сабой тэрміналягічны нонсэнс: зьмяшэньне беларускіх народных назваў (маладзік, поўня, сход, ветах (вятох) фазаў Месяца зь іх больш кніжным пазначэньнем (першая, другая, трэцяя, чацьвертая квадра). Дзікасьць гэтая ўпарта тыражуецца на працягу ўсёй гісторыі календара фактычна на кожнай ягонай старонцы. З году ў год пры падачы астранамічных зьвестак таксама тыражуецца няўцямнае словазлучэньне „ранішняя зара“ („абедзве планеты з’яўляюцца ў промнях ранішняй зары“) — літаральны пераклад расейскага „утренняя заря“, тымчасам як па-беларуску адвеку было, ёсьць і будзе „заранка“. Ня менш сумна справа стаіць зь беларускім іменьнікам. Таварышам складальнікам цяжка даецца беларуская мова, і таму каляндар ператвараецца ў суцэльны рэбус. Так, у лістку ад 20 верасьня апавядаецца пра Плацыда Янкоўскага, а ўжо 5 кастрычніка сярод мяніньнікаў пазначаны Пляцыд (тут і далей вылучана мною; назвы падаюцца ў арыгінальным напісаньні. — Аўт.). Лісток ад 21 верасьня гаворыць пра каталіцкія мяніны Матэвуша і Мацея (а можа, гэта адно і тое ж імя ў розных фанэтычных формах?). Складальніцкая нядбайнасьць асабліва выразна праяўляецца на „каталіцкай“ частцы іменьніка — тут Шыман (бел. Сымон, што, мабыць, па памылцы, і засьведчана ў лістку ад 18 лютага; у „праваслаўнай“ частцы іменьніка ёсьць нейкі дзіўны Сіман) суседнічае зь Сцяпанам (чаму ўжо ня з Стэфанам?), Іаанна (бел. Яніна, зірні лісток ад 24 мая, 21 жніўня etc.) з Галенай (лісток ад 22 мая), Геленай (лісток ад 13 жніўня) і нарэшце Аленай (падаецца ў каталіцкай частцы іменьніка ў лістку ад 2 сакавіка), Юдзіта (адсюль недалёка да Юдзіфі) з Руфінай (у лістку ад 7 красавіка гэта чамусьці мужчынскае імя), Эдуард (кат. Эдвард) зь Ежы (бел. кат. Юры), Лявон (ці ня лепш ужо Леан, таварышы?) з Катарынай. У межах адной і той жа тэкставай прасторы суіснуюць Нікіфар і Нічыпар, Піліп і Філіп, Крыстына і Хрысціна, Беніямін і Веньямін. Слова Ежы для складальнікаў календара — нескланяльны назоўнік, а вось імя Бруна, чамусьці, скланяецца так, як у польскай мове, у Р.скл. маем Брунона (лісток ад 17 мая; зрэшты, мы гатовы паверыць, што, на думку складальнікаў, існуе каталіцкае хрышчонае імя Брунон). Для іх праваслаўнаму Іосіфу адпавядае каталіцкі Юзаф (тут складальнікам трэба аддаць належнае, праведзена гэтая ўстаноўка пасьлядоўна), а гаротны беларускі Язэп узумеў прабіцца ў каляндар толькі аднаго разу, у якасьці казачнага пэрсанажа ў „бываліцы“ Лідзіі Фарботкі „Ножкі“ (гл. лісток ад 5 красавіка). Нават з канчаткамі ў каталіцкіх імёнах аўтарам цяжка вызначыцца, не гаворачы ўжо пра перадачу грэцкай „тэты“: побач зь Мяфодзіем (больш лягічна было б, прызнацца, падаць форму Мятод) стаіць Цэзар, Банафац, Апалінар (нулёвы канчатак). Паўсюль прысутны Амяллян так і ня здолеў дамагчыся, каб вытворнае імя па бацьку загучэла як Амяллянавіч. Не, нашто жарсьці разводзіць, у лістку ад 23 лістапада маем Дзмітрыя Емельянавіча. Пасьля такога лексычная неўнармаванасьць „Роднага краю“ ўспрымаецца чымсь натуральным, каб не сказаць заканамерным. Пагатоў, што для гэтага існуе выдатная база — акадэмічны інстытут мовазнаўства ўсю сваю працяглую, па беларускіх мерках, гісторыю толькі тым і займаецца, што разбурае ўсякую сыстэмнасьць у беларускай мове, дашчэнту выпальваючы рэшткі Богам ёй дадзенай самабытнасьці (іншымі словамі, замест таго, каб культываваць культуру мовы, ён прызначаны ажыцьцяўляць каляніяльны кантроль над мовай). Хочаш пісаць карандаш, пішы карандаш. Хочаш пісаць апасна, пішы апасна. А наш аўтарскі калектыў інакш ужо ня тое што ня хоча — ня можа пісаць, бо, праўдападобна, думкі-згадкі пра беларускую мову ў яго зьяўляюцца ў стамляльных перапынках паміж вязаньнем на працоўным месцы і расьпіцьцём танізуючых напіткаў там жа. Таму мы абстрагуемся ад таго, як можна пісаць згодна з устаноўкамі нашых афіцыйных моўных аўтарытэтаў (а гэтага так дужа ў календары, тут і „фруктовы чай“, і „хітруга“, і „лаханка“, і „бугаркі“, і „мяшочкі“, і „болт“, і „састаў“, і „попусту“, і „кафейная гушча“, і „сметанковае масла“, і „цвятная капуста“, і „варка і смажэнне“, і „ачагі паражэння“, і „няўступчывы“, і „няўжыўчывы“, і „грэчаскі“, і шмат-шмат іншага), і зьвернемся да таго, як нават у адпаведнасьці зь іхнымі рэкамэндацыямі пісаць нельга. Балазе, што і такіх прыкладаў тут густа. „А сталешніцу пажадана да іх не прыбіваць...“ (лісток ад 27 жніўня) — па-беларуску будзе стальніца. „Супраць раздражнення прымяняйце „Лунную санату“ Бетховена...“ (12 лістапада) — па-беларуску будзе „Месячная саната“. „Кіслую капусту перабраць, вялікія кавалкі змяльчыць“ (19 лютага) — па-беларуску здрабніць, патаўчы. „1 сталовая лыжка семя заліваецца 1 стаканам гарачай вады...“ (20 кастрычніка) — па-наску будзе шклянка (пара б ужо запомніць!). „З гэтай задачай выдатна справяцца чорны перац, мускатны арэх, гваздзіка...“ (17 студзеня) — па-беларуску будзе гвазьдзік (мужчынскі род). „Пасля мыцця напоўніце ракавіну гарачай вадой з дабаўленнем 3-4 лыжак хлоркі...“ (23 сакавіка) — нават паводле „наркомаўскай“ кадыфікацыі будзе хлёрка. „Медыцынскія банкі... Каб паставіць банкі, патрэбна пэўнае ўменне“ (28 кастрычніка) — па-наску будзе банькі. |
Стыхія цьмянасьці і блытаніны навальваецца на чытача ад самага пачатку календара. Вот, напрыклад, трапляеш на лісток ад 4 студзеня і чытаеш зацемку аўтарства Н.Е.Болсун пра палымяную рэвалюцыянэрку XIX ст. Марыю Ўладзіміраўну Багушэвіч, якая нарадзілася ў вёсцы Цацэрка Слуцкага павету і мела „партыйную мянушку Венера“. Разгортваеш пасьля першы том „Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі“ і бачыш артыкул пра тую ж самую асобу, напісаны В.М.Чарапіцам1. І аказваецца, што Марыя Багушэвіч нарадзілася ў вёсцы Цапэрка, а мянюшка ейная была Вянеда. Або іншая праява. У лістку ад 3 лістапада Янка Саламевіч вядзе аповед пра польскага рэвалюцыянэра XIX стагодзьдзя Зыгмунта Глогера, які нарадзіўся ў вёсцы Камёнка Ломжынскага павету і скончыў Кракаўскі ўнівэрсытэт. Тымчасам Генадзь Каханоўскі ў „Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі“2 сьцьвярджае троху іншае: Зыгмунт Глогер прыйшоў на сьвет у вёсцы КамЕнка Падляская і ўнівэрсытэт скончыў ня Кракаўскі, а Варшаўскі. Згодна з інфармацыяй, пададзенай у календары ў лістку ад 21 чэрвеня, беларускі мастак Браніслаў Залескі нарадзіўся ў 1820 годзе ў мястэчку Вызна на Случчыне. Тымчасам „Энцыкляпэдыя літаратуры і мастацтва Беларусі“ настроена на іншы лад, а наймя, што гэты самы мастак нарадзіўся ў 1819 годзе і ў вёсцы Рачкавічы3. Каму верыць, да каго апэляваць? У сваім насьледаваньні расейскім першаўзорам аўтары календара заходзяць так далёка, што губляецца тонкая, але відавочная грань паміж рацыянальным і ірацыянальным, камічным і трагічным, велічным і мізэрным. Давайце разам учытаемся ў лісток ад 20 лютага: „само слова „абцас“ утварылася ад турэцкага „кахблук“, якое ў сваю чаргу пайшло ад арабскага „каб“ — пятка“. Што гэта, сэнсацыйны пераварот у этымалягічнай ведзе або скандальны ляпсус, які тлумачыцца мэханічным пераносам расейскіх рэаліяў на беларускі грунт? Зразумела, другое, і толькі застаецца ціха дзівавацца, куды глядзелі рэдактары, карэктары, а таксама тэхнічныя работнікі. |
Гаворачы на пачатку пра фэномэн календара, мы забыліся прамовіць яшчэ адну вельмі важную рэч. Нездарма людцы кажуць, што існуе каляндарны год. Каляндарны год у найменшых драбніцах прадвызначаецца календаром. Больш за тое, у мове атрымалі паўнапраўнае грамадзянства паняцьці палітычнага календара, культурнага календара, календара падзеяў, спартовага календара, рэлігійнага („праваслаўнага“) календара, аграрнага („агародніка і садавода“) календара, краязнаўчага календара. Каляндар „Родны край“ арыентуе нас на будучыню, якая ёсьць люстраным адбіткам мінуўшчыны — нездаровай, бяззорнай і мешкаватай, пазбаўленай далёкасяжных арыенціраў і нутраной працягласьці, будучыні, у якой плюсы будуць пераблытаныя зь мінусамі, а людзі — зь іхнымі ценямі. У дасканаласьці авалодаць майстэрствам пачынаць з нуля і канчаць нулём беларускай інтэлігенцыі дапамагае адмысловая этыка. Не, гаворка зусім ня йдзе пра прыстасавальніцтва ці прыслужніцтва. Яна тычыцца таго, як трэба быць. А каб ня страціць давер і захоўваць магчымасьці службовага росту ў нашай дзяржаве, якую язык не павернецца назваць нацыянальнай дзяржавай беларусаў, мусова выконваць пэўныя „залатыя“ правілы. Правіла першае можна сфармуляваць так: рэгулярна глядзець беларускае тэлебачаньне і слухаць беларускае радыё, у палітыку не мяшацца, г.зн. быць дастаткова цікаўным, каб праглядаць ці праслухоўваць выпускі навінаў, але рабіць з гэтага адзіны правільны вывад, што „ўсё роўна падмануць“. Правіла другое: не рабіць штучных адрозьненьняў паміж Беларусяй і сумежнымі дзяржавамі СНД, „бо мы былі, ёсьць і будзем разам“. Правіла трэцяе: беларускую мову ўжываць толькі за рабочым сталом, і рабіць у ёй як мага больш памылак/непасьлядоўнасьцяў, бо „інакш людзі не зразумеюць“. Правіла чацьвертае: паважаць тое, што ёсьць, заўсёды трымацца напагатове і праяўляць пільнасьць, каб нэўтралізаваць варожыя вылазкі. Правіла пятае: займаць увогуле прынцыповую пазыцыю, але закрываць вочы на асобныя недахопы і пралікі. Правіла шостае: абярняся наракаць на быт, але не праяўляць поўнага расчараваньня ў жыцьці. Правіла сёмае: выступаць за адзінства і калектывізм, і справядліва сумлявацца ў эфэктыўнасьці дзейнасьці паасобку. І, нарэшце, правіла восьмае: не дэманстраваць, у выпадку наяўнасьці, сваю перавагу — ня важна, якую — над асобамі „кіруючага саставу“, пастаянна пацьвярджаць сваю прафнепрыгоднасьць альбо абмежаваную прафпрыгоднасьць, ствараючы тым самым надзейны працоўны мікраклімат у калектыве, а саму працоўную дзейнасьць ператвараючы ў эратычна афарбаваную гульню. Гэтая абмежаваная прафпрыгоднасьць стаецца сапраўдным крыжам крыжаваць Беларусь — ілжэвыкладчыкі зь дзяржаўных і недзяржаўных унівэрсытэтаў у нас суседнічаюць з ілжэпісьменьнікамі з „Бум-бам-літу“ і з ілжэпалітыкамі з народнага фронту, ілжэнавукоўцы з Акадэміі навук — з ілжэдактарамі з платных і бясплатных паліклінік, а нядбайныя будаўнікі і мэталюргі — з фальшывымі прарокамі. А ў абсягу рэчаў, матэрыяльных і нематэрыяльных субстанцыяў — ілжэкалендары без мэталёвых „мацакоў“, каб хоць да сьцяны іх прычапіць, з ілжэвойскам, ілжэнародная гаспадарка — з ілжэсыстэмай ілжэнароднай асьветы, ілжэўсенароднае волевыяўленьне — з ілжэнацыянальнай сымболікай. Над усім гэтым высіцца постаць першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, ілжэпрэзыдэнта par excellence, свойскага ў дошку. Апошняе пытаньне, якое патрабуе неадкладнага адказу, будзе гучаць так: што такое „Родны край“ для складальнікаў календара? Назоў календара больш як двухсэнсоўны. Згодна з афіцыйным моўным стандартам ці, хутчэй, этыкетам4, слова „край“ мае тры значэньні: „1. Канечная лінія, якая абмяжоўвае якую-н. паверхню, а таксама частку паверхні, што прылягае да гэтай лініі; 2. Вобласьць, мясцовасьць, што вылучаюцца па якой-н. характэрнай прыкмеце; 3. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР“. Дзеля таго што трэцяе „афіцыйнае“ значэньне слова „край“ адразу адпадае зь ведамых усім прычынаў, нам даводзіцца канстатаваць, што пад „родным краем“ тут маецца на ўвазе ўзьмежны ўскраек вялікай паверхні-прасторы, які выклікае нейкія асабіста матываваныя перажываньні і эмоцыі ў пэўнай групы асобаў. Як правіла, так зразуметы „родны край“ адпавядае клясычнаму вобразу „малой радзімы“, ён ляжыць наводшыбе вялікай айчыны, падданымі якой і ўяўляюць сябе міжвольныя яго сымпатыкі. „Край“ як „малая радзіма“ адчуваецца сэрцам, і таму асацыюецца зь нечым хірлявым і няўстойлівым, залежным ад нечай прыхамаці. Айчына ж, „вялікая радзіма“, гэта стабільнасьць і грунтоўнасьць, працягласьць і ўдзячнасьць, свайго роду ахоўная грамата, тэрмін дзеяньня якой бясконцы. „Родны край“ з складальнікамі календара ў нас, відаць, аднолькавы, а вось „айчыны“ ў нас, безумоўна, розныя. На гэта наводзіць наступны пасаж (гл. лісток ад 6 сьнежня): „І.І.Ходзька з’яўляўся ганаровым членам Рускага геаграфічнага таварыства і Французскага альпійскага клуба, членам-карэспандэнтам Парыжскага геаграфічнага таварыства, адстойваў інтарэсы айчыннай навукі на Міжнародным геаграфічным кангрэсе ў Парыжы ў 1875 годзе. Яго імя насілі дзве прэміі, устаноўленыя Каўказскім аддзелам Рускага геаграфічнага таварыства за лепшыя работы па апісанні Каўказа“. Кожны ўбачыць у гэтым выказваньні тое, што захоча. Мы спасьцерагаем у ім амаль усьвядомленую шызафрэнію — жыць у незалежнай дзяржаве, мець і адчуваць зь ёй тонкую эмацыйную сувязь, але перажываць яе як частку вялікшай прасторы, шукаючы і знаходзячы ў апошняй прыкметы „айчыны“. Акурат у такім „Родным краі“ жывуць і працуюць тыя, для каго прызначаны
каляндар, — людзі аграрнага цыклю. Тут мы сустрэнем самотных садаводаў
і летуценных пчалаводаў, нашаму позірку адкрыюцца асобы з вышэйшай адукацыяй,
агароднікі па натуры, перад намі зьявяцца людзі з прафэсарскімі пасадамі,
грыбнікі ў душы, пачуюцца глухія ўпэўненыя крокі вясковых астраномаў, кулінараў
і аграномаў. Адным словам, тых, хто і садзіць, і гародчык палівае, есьці
варыць і сьвіньням дае, лекцыі чытае і градкі акучвае, карчы карчуе і нябёсныя
сьветлы назірае, а сьвету ўсё ‘дна ня бачыць.
1 Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 1. Менск, 1993. С.275. З набору паштовак „Беларускія прыказкі і прымаўкі“, 1981. Сайт „Гісторыя беларускага жыдоўства“, першы адмысловы сайт па гісторыі жыдоў Беларусі, робіцца Аляксандрам Фрыдманам (студэнт БДУ, гісторык, выкладчык у беларускім аддзяленьні Адкрытага ўнівэрсытэту Iзраілю) і яго братам Віталем (web-дызайнэр). Сваю місію яны бачаць у адраджэньні й захаваньні памяці пра „перакрэсьленую цывілізацыю" літоўска-беларускіх жыдоў. Таму і ўзялі сабе за дэвіз словы выдатнага жыдоўскага гісторыка пачатку XX ст. Сямёна Дубнава, родам з Амсьціславу: „У мінуўшчыне жыдоўскага народу захоўваюцца дзіўныя гаючыя сілы для стомленай жыдоўскай душы…“ Бадай, культурна-асьветніцкія мэты чымсьці абмяжоўваюць далягляды сайту, але ён усё адно ўражвае. У расійскамоўнай вэрсii ёсць таксама матэрыялы на беларускай мове. Тут мы маем наступныя разьдзелы: „Яны нарадзiлiся ў Беларусi“, „Адметныя жыдоўскiя гiсторыкi“, „Лёсы“, „Галерэя“, „Галакост: памятайце пра гэта“, „Гарады“, „Дынастыi“, „Паэзiя“, „Бяз рэтушы“, „Рознае“, „Мае работы“, „Публiкацыi“, „Сiянiзм“, "Праекты“, „Гiсторыя Беларусi“, „Сусьветная гiсторыя“. На сайце ствараецца энцыкляпэдыя штэтлаў, г.зн. „мястэчак“. Цікавая, але пакуль небагатая: „Бабруйск“, „Лунінец“, „Лёс вёскі Эрштэрмай“, „Возера Князь (Жыд)“, „Менск жыдоўскі“, „Пінск жыдоўскі“. Зьмест англамоўнай часткі дапаўняе расійскамоўную. Тут знаходзяцца збольшага вытрымкі з энцыкляпэдый. Каб англамоўнаму наведніку было лягчэй арыентавацца ў беларускім топасе, для яго створаны спэцыяльны разьдзел Belarusian maps. Wasil
Bykau Выдадзеная беластоцкімі беларусамі польскамоўная эдыцыя славутай „Сьцяны“ Васіля Быкава не зьяўляецца люстраным адбіткам беларускага арыгіналу. У ёй, з зразумелых прычынаў, апушчана быкаўская прадмова і колькі другарадных апавяданьняў. Польскамоўную „Sciane“ рыхтаваў да друку і выдаў як прыватны выдавец Аляксандар Максімюк. Пераклалі ж кнігу на польскую мову незраўнаныя Ян Максімюк і Чэслаў Сэнюх. Рэдактарскую працу ажыцьцявіла супрацоўніца „Litеratury na swiecie“ Яанна Рахань, а вокладку спраектаваў менскі мастак Міхал Анемпадыстаў. Выданьне было фінансава падтрыманае „Цэнтрам Грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь“, „Камітэтам Навуковых Дасьледаваньняў“ і „Беларускім Саюзам у Рэспубліцы Польшчы“. Маральную падтрымку выданьню аказала Катадра беларускай культуры Беластоцкага ўнівэрсытэту. У
Менску кнігу можна купіць у сядзібе БНФ (вул.Варвашэні, 8) А.М.Булыка „Слоўнік іншамоўных слоў“ Аляксандра Булыкі, выдадзены ў 1999 годзе выдавецтвам „Беларуская Энцыкляпэдыя“, па сутнасьці зьяўляецца пашыраным і пераробленым варыянтам той самай кнігі, якая ўпершыню пабачыла сьвет у 1993 у выдавецтве „Народная Асьвета“. Абыймо працы, зьдзейсьненае аўтарам за нейкія 6 год, уражвае: калі „Слоўнік іншамоўных слоў“ узору 1993 зьмяшчаў 5600 чужаземных словаў, то яго пазьнейшы двухтомны аналяг дае тлумачэньне і этымалягічную даведку ўжо 25000 лексэмам, якія былі пазычаныя з блізкіх і далёкіх моваў у беларускую. Выданьне мае дыхтоўную цьвёрдую вокладку і будзе цікавае і карыснае ўсім, каго займае пытаньне паходжаньня беларускай лексыкі. Яго традыцыйная загана, як і загана пераважнай бальшыні працаў прадстаўнікоў каляніяльнай школы беларускага мовазнаўства, накшталт Булыкі, мае мэтадалягічную прыроду і палягае ў канфармісцкім атаесамленьні пазычаньняў у расейскую мову з пазычаньнямі ў беларускую мову, з аднаго боку, і падвядзеньні супольных лексычных рэсурсаў польскай і беларускай моваў пад польскі моўны грунт, з другога. „Слоўнік
іншамоўных слоў“ прадаецца ў цэнтральных кнігарнях Менску,
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail
рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |