A R C H E - S K A R Y N A № 2(7)–2000
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 2(7)-2000

Кшыштаф Чыжэўскі

Босьнія становіцца нашаю,
пакуль ёй баліць

Roger Cohen. Hearts Grown Brutal: Sagas of Sarajevo.
— New York. 1995.


КШЫШТАФ ЧЫЖЭЎСКІ
польскі культурны дзеяч, падарожнік па Сярэдняй Эўропе. Галоўны рэдактар часопіса Krasnogruda, што выдаецца ў Сэйнах і, паводле апошняй інфармацыі, увайшоў у пачэсны сьпіс 40 найважнейшых польскіх культурніцкіх часопісаў, якім гарантаваная сталая падтрымка Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Вялікі сябар Беларусі. Апошняя ягоная публікацыя на беларускай мове — „Косаўскія варыяцыі“ (ARCHE—Панславізм). Эсэ „Босьнія становіцца нашай...“ перададзенае ў рэдакцыю аўтарам.
 
Аб’ектыўнасьць у Босьніі ня можа быць нэўтральнасьцю,
і галава — у Босьніі — нічога ня значыць бяз сэрца.
Роджэр Коэн

1.

Я чытаю кнігу Роджэра Коэна „Жорсткасьць, што ўзрасла ў сэрцах: сагі Сараева“ ў аўстрыйскім Грацы, у старой вежы з гадзіньнікам: краявід зь яе працягнуўся далёка, аж да мяжы з Вугоршчынай ды Славеніяй. Ніжэй, на Закштрасэ 18, знаходзіцца будынак, які называлі раней домам Конрада ды ў якім 13 сакавіка 1863 году зьявіўся на сьвет Франц-Фэрдынанд, нашчадак трону Габсбургаў. Тут зараз музэй, у якім выстаўленыя фотакарткі з эрцгерцагавага жыцьця. 28 чэрвеня 1914 году — забойства ў Сараеве. У натоўпе хапаюць сэрба Гаўрылу Прынцыпа. На наступны дзень целы Франца-Фэрдынанда і ягонае жонкі былі пакладзеныя для разьвітаньня ў адкрытыя труны ў пахавальнай капліцы Сараева. Затым пачалося іх падарожжа празь Сярэднюю Эўропу. Яны спускаюцца па рацэ Нэрэтве праз Мостар да Адрыятыкі, плывуць морам да Трыесту, затым кіруюць уздоўж Дунаю, да замку ў Артштэтэне, да Вены. Паўсюль натоўпы заплаканых людзей, а вось стары, зьнямоглы імпэратар Франц-Ёзаф у брычцы. Тымчасам — хваляваньні ў Сараеве. На антысэрбскай дэманстрацыі — найбольш мусульманаў. Фотаздымкі з працэсу над „Маладою Босьніяй“, арганізацыяй, да якой належалі Прынцып ды Нэдэлька Чабранавіч, хлапец, што кінуў бомбу: у іхных вачох — змоўніцтва, наканаваньне, упартасьць, выразная гатовасьць змагацца да сьмерці. Надпіс, высечаны на Косавым полі, чытаецца і на тварах гэтых хлапцоў: „Хай ніколі ня будзе дзяцей — ані сына, ані дачкі — у таго, хто сэрб альбо мае сэрбскія карані, ды не прыйшоў змагацца ў Косава. І няхай усё, што гадуе ён, не дае плоду. Хай ня будзе ён мець ані віна, ані пшаніцы. І няхай усё перавернецца ў пыл яшчэ да таго, як ён памрэ“.

Калі існавала Югаславія, мэмарыяльная дошка на мосьце Гаўрылы Прынцыпа, якую павесілі як напамін аб той падзеі, лічылася ўшанаваньнем гераізму. Сёньня малады сэрбскі нацыяналіст не зьяўляецца больш героем Сараева, і месца, на якім вісела тая дошка, шчэрыцца пустэчай. „Гісторыю тут ніколі не пакінуць у спакоі“, — піша Коэн. Дзень, калі забілі эрцгерцага, калі было разьдзьмутае вугольле першай сусьветнай вайны, — гэта дзень сьвяткаваньня ўгодкаў вялікае бітвы на Косавым полі.

28 чэрвеня 1989 году, стоячы перад мільённым натоўпам, які сабраўся ў месцы паразы, што сталася месцам славы, лідэр нацыі Мілошавіч казаў аб нацыі, „адной з тых нешматлікіх, што і ў паразе заставаліся непераможаныя“. Ужо тады было відавочна, што людзі, якія, паводле вызначэньня Коэна, „у самагубстве знайшлі вызваленьне“, былі гатовыя „пахаваць сябе пад абломкамі Югаславіі, каб толькі скінуць зь сябе нейкае ярмо, сапраўднае або ўяўнае — цяжка зразумець“.

 
Сярод лістоў і камэнтароў, напісаных у сувязі з забойствам у Сараеве, маю ўвагу прыцягнуў яшчэ адзін водгук, падпісаны адным маладым нацыяналістам — Мусаліні, і апублікаваны ў Popolo d’Italia 10 ліпеня 1915 году: Heil dem Revolver des Princip und der Bombe des Cabranovic!

Гісторыя паскорылася. З вышыні маёй вежы ў Грацы можна было стацца сьведкам некалькіх надзвычайных падзеяў. Я знайшоў старую паштоўку з выявай палёту „Цэпэліна“ ў нябёснай вышыні 1931 году. Гэта выглядае зусім нерэальным і нагадвае вобраз НЛА, якім яго ўяўляюць дзеці. Аднак зусім скора споўненыя жахам вочы зьвярнуліся да бясспрэчна рэальнае постаці. Захаваліся дакумэнтальныя стужкі, на якіх зьняты трыюмфальны марш Гітлера па Грацы пад авацыю жыхароў места. На паштоўцы з 1938 году — сьцягі са свастыкай, што зьвісаюць з маёй вежы, ды людзі, што бягуць усьлед за фюрэрам. Хто жыў у гэтай вежы да мяне?

Надыходзіць час абедаць. Пах, што так добра мне знаёмы з Босьніі, пах смажаніны з гароднінай. Гэта, відаць, мая суседка, спадарыня Сарыч, гатуе басьняцкую дагару. Ёй ды ейнаму мужу ўжо няма куды вяртацца. Грац стаўся іхным часовым прытулкам. Мой сябра з Сараева Джэвад Карагаджан таксама жыве тут са сваёй жонкай. Ён зьбіраецца назад. Я запытаўся, ці можна мне паехаць разам зь ім. „Ты ведаеш, — адказаў ён, — калісьці, пад час вайны, мне хацелася ўзяць туды розных людзей: штосьці сапраўднае адбывалася там, там яны былі патрэбныя, там было жыцьцё й барацьба. Сёньня я нікога не хачу браць з сабой у Сараева. Сёньня там горш, чым было ў вайну“. Я падумаў пра сынагогу, якую дашчэнту спалілі ў Крыштальную ноч. Хутка яна ўжо будзе адбудаваная зноў: нават у мірным Грацы тое, што ў сьляпой нянавісьці аддалі на зьнішчэньне, мусіць чакаць больш за шэсьцьдзесят год, каб зноў вярнуцца да жыцьця. Вечарэе. Праз вакно я назіраю за спадаром Сарычам, які выбраўся на шпацыр. Аб чым думае гэты заўжды ціхі басьніец, былы вязень канцлягеру? Люты 1999 году. Я бяруся чытаць „Жорсткасьць, што ўзрасла ў сэрцах“.
 

 
2.

Ці мае сэнс вяртацца ў Босьнію праз колькі год пасьля падпісаньня ў сьнежні 1995-га Дэйтанскай мірнай дамовы? Пасьля ўсяго, што мы бачылі на тэлеэкранах і чыталі ў газэтах — ці можна сказаць пра Босьнію штось новае? Мы адклалі яе ў шуфляду, „закрылі пытаньне“, хопіць. Жыцьцё ідзе далей, зьявіліся іншыя праблемы, больш надзённыя. Чаму Роджэр Коэн вяртаецца да Босьніі? Кніга таўстая. Яна нібы кажа: „Давайце распавядзем гісторыю яшчэ раз, ад пачатку“. Храналягічны адлік у прадмове пачынаецца ад 395 году — ад падзелу Рымскае Імпэрыі, калі па рацэ Дрыне пралегла мяжа паміж Усходам ды Захадам. Фактаў ды датаў становіцца значна болей пачынаючы з 1918 г.: утварэньне Каралеўства Сэрбаў, Харватаў і Славенцаў, якое ў 1929 годзе ператвараецца ў Югаславію. Тут, на думку Коэна, і хаваюцца карані драмы, тут, а не ў адвечных крывавых канфліктах, як даводзілі некаторыя заходнія палітыкі, прыкладам, амэрыканскі дзяржсакратар Уорэн Крыстафэр. Ён заяўляў у 1993 годзе: „Нянавісьць паміж усімі трыма групамі — басьнякамі, сэрбамі і харватамі — амаль не паддаецца ўяўленьню. Яна жахлівая, яе гісторыя вымяраецца стагодзьдзямі. Гэта сапраўдная праблема, што йдзе з самага пекла“. Не. Праблема існуе ў самой Югаславіі, у яе сямідзесяцітрохгадовай выкрыўленай гісторыі, што ад пачатку выклікала нацыянальную і рэлігійную варажнечу, праявы якое душыліся ўладаю, ці то каралеўска-дыктатарскаю, ці то камуністычнаю.

Такім чынам, „расказваць гісторыю ад пачатку“ паводле Коэна значыць расказваць яе з таго моманту, калі ўпершыню паўстала Югаславія. З таго моманту, як у 1991 годзе шуганула полымя вайны ў Харватыі, а пасьля ў Босьніі ў 1992 годзе, у храналёгіі пачынаецца нагрувашчваньне датаў. Ці ня кожны месяц вылучаны асобна. Мы мусім шчэ раз прайсьціся па ўсіх стадыях тых войнаў, яшчэ раз прыгадаць назовы тых мясьцінаў, на якія хацелася б хутчэй забыцца: Ясэнавац, Омарска, Срэбрэніцэ... Другая назва кнігі — „Сагі Сараева“ — сталася сымбалічнаю ад таго часу, як падзеі пачалі разгортвацца і ў Бялградзе, Косаве, Тузьле, Біхачы, Кніне, Загрэбе...

Ва ўсялякім разе, Коэн не зьбіраецца вяртаць нас у Босьнію часоў вайны дзеля таго, каб мы шчэ раз перажылі гісторыю. Гэтая кніга павяртае нас тварам да Босьніі сёньняшняе. Рана яшчэ не загаілася. Ня толькі таму, што ў Дэйтане не знайшлі канчатковага вырашэньня басьнійскае праблемы. Гэта была ня толькі вайна. У ейным люстэрку, як прыклад для заходняга сьвету, бачны адбітак сапраўднага стану рэчаў пры канцы ХХ стагодзьдзя. „Я хацеў сягнуць далей за самую вайну, — піша Коэн у сваёй прадмове, — бо адчуваў, што гэты дагэтуль трываючы басьнійскі боль не ў пралітай крыві, а недзе глыбей. Тыя твары, што працягвалі ўспыхваць у памяці, зьбітыя ды невідушчыя твары, былі адной суцэльнай ранай, якая сягала нібы ў нетры нашага стагодзьдзя“.

Коэн павяртае нас тварам да сёньняшняе Босьніі, не дае нам уцячы ад яе, нягледзячы на ўсе нашы спробы. Пасьля прачытаньня гэтае кнігі Босьнія ізноў становіцца нашаю — пакуль ёй баліць.
 

 
3.

Да вайны з Сараева да мора было зусім блізка, руку выцягнуць — тры гадзіны на машыне. Пад час вайны мора значна аддалілася. Падарваныя масты, аб’езды, што залежалі ад палажэньня лініі фронту, КПП.

Па дарогах езьдзіць вельмі цяжка. Некаторыя едуць на трактарах абрабляць зямлю, іншыя — у бронеаўтамабілях, несучы мір у месца, дзе яго не было ўжо ж надта доўгі час, за імі — трэція, што вядуць гандаль запасамі зброі ды амуніцыі. Грузавікі з гуманітарнай дапамогай, аўтобусы з зацемненым шклом, што вязуць чарговую групу замежных удзельнікаў перамоўнага працэсу, „Мэрсэдэс“ мясцовага мафіёзі і „хуткія дапамогі“ Чырвонага Крыжа... Тут вы сустрэнеце людзей, якія жывуць выключна з натуральнага абмену; нехта шукае сваю сям’ю, іншыя шукаюць новае жытло; тыя, што жывуць з вайны, і тыя, што празь яе паміраюць; нішчымныя, скалечаныя, параненыя, і палітычныя турысты з камэрамі; тыя, хто выстаўляе на паказ сваю нацыянальнасьць, і тыя, хто хацеў бы на яе забыцца. Вы прамінаеце руіны мусульманскіх, каталіцкіх і праваслаўных сьвятыняў, дашчэнту спаленыя будынкі, разьбітыя вокны, бальконы, на якіх ляжаць дровы на зіму, нацыянальныя сьцягі: басьнійскія, харвацкія й сэрбскія (вы ніколі ня ўбачыце, каб два розныя сьцягі луналі над адным і тым домам). І магілы, магілы паўсюль, сьвежыя, асьляпляльна белыя. Нейкая атупелая цішыня пануе па-над пылам й шумам, яна цісьне на цябе і рэжа вочы пустэчаю.

Басьняцка-харвацкі памежны пункт у Мэркавіцы, і раптам, літаральна ў пары соцень мэтраў далей — іншы сьвет: бесклапотная фэерыя сьвятла ў Спліце, порце на Адрыятыцы; вада, за якую там, за мяжой, ты можаш налажыць галавою, тут б’е з фантанаў. І спакойнае гарманічнае хараство Дыяклетыянавага палацу, абмыванага марскімі хвалямі, які бы абмінуў бег стагодзьдзяў; пары закаханых, пары паўсюль; крамы з файнымі таварамі і бестурботнасьць на тварах.

Кожны, хто прабыў колькі часу тады, у вайну, у Босьніі, а пасьля рушыў у Спліт, ня можа забыцца на тое сутыкненьне пекла і раю, цяжару й лёгкасьці, поцемкаў ды сьвятла, складанасьці й відавочнае простасьці, спакусы сьмерцю й спакусы жыцьцём. А пасьля ўсяго — пачуцьцёвае ўражаньне, што застаецца з табою да скону: ты адчуваеш пах свабоды. Так, свабода мае свой пах, свабода — гэта мора, па якім тужыць кожны ў Сараеве, Тузьле, Баня-Луцы, Мостары.

Крыху пасьля зьяўляецца адчуваньне, якое пасьпяхова мкнецца выціснуць папярэдняе, — адчуваньне таго, што ты ня можаш доўгі час бавіцца сярод гэтых уцехаў жыцьця, калі радасьць твая спалучаецца з пачуцьцём шызафрэнічнага, дзіўнага непакою. Дык што ж ёсьць рэальным? З кожнай прамінулаю хвіляю Босьнія, у якую мы былі акунуліся з галавою, пачынае аддаляцца ад нас, губляцца ў ірэальнасьці... Ці сапраўды адбылося ўсё тое, што адбылося? Усёабдымная, амаль фізычная прага дазволіць сабе спакусіцца прынадамі іншага сьвету, нават ня пахам, а ўсяго толькі простым выкладаньнем падзеяў у мас-мэдыях, лепшымі ўмовамі жыцьця, згодай у грамадзтве ды іншымі „аб’ектыўнымі рэаліямі“. Што можа збавіць нас ад гэнай спакусы і вярнуць да таго, што цёмнае, цяжкае і балючае?

У гэты момант ты зноў можаш убачыць твары людзей, зь якімі давялося сутыкнуцца ў Босьніі, і сэрцу твайму стане скрушна ад усьведамленьня таго, як самотна сябе пачуваюць тыя, хто застаўся там, ззаду. Няма нікога, хто б засьведчыў іхную праўду, іхную трагедыю, іхны нявыказаны жаль. Быўшы сярод іх, часам ты адчуваў, што больш за ўсё іх хвалюе не галаднеча, заняпад альбо жорсткасьць у абыходжаньні, а суцэльны недахоп разуменьня з боку іншых. Як можна замірыцца з думкай, што гэтая складаная, шматгалосая драма магла прывесьці да міжпляменнае бойні? Кінуць тых людзей альбо разам зь імі змагацца за справядлівасьць? І тут гаворка ідзе не аб справядлівасьці для аднаго з бакоў канфлікту, дзеля аднае дзяржавы, да чаго заклікаў адзін з аўстрыйскіх пісьменьнікаў, а аб справядлівасьці дзеля народу былое Югаславіі, усіх яе насельнікаў.
 

 
4.

„Маё стаўленьне да вайны сфармавалася пад уплывам сям’і“. Родтэр Коэн напісаў сагу аб югаслаўскіх сем’ях, нягоды і пакуты якіх найглыбей выяўляюць драму вайны, бо Югаславія не была толькі штучным утварэньнем, спраектаваным у калідорах улады. Супольнасьць людзей розных нацыянальнасьцяў насамрэч існавала ў жыцьці, культуры, мове і, самае галоўнае, у сем’ях, дзе ніхто не зважаў на нацыянальную адрознасьць. „Няма ніводнага харвата, які мог бы сказаць, што ён чысты харват, ні сэрба, які скажа, што ён чысты сэрб, няма такіх і сярод мусульманаў... Мы ўсе перамяшаліся“, — кажа Война Адамавіч, чый муж — славенец, дзед быў сэрбам, а бабуля — аўстрыячкаю. Гэта і было асновай трывалага перакананьня ў тым, што да кровапраліцьця ня дойдзе. Аблога або напад на любы горад у Босьніі прывялі б да забойства „сваіх людзей“. І вось — гарады былі абложаныя, зброя пачала страляць, і „свае людзі“ пачалі гінуць ад рук сваіх жа. Тэорыя Радавана Караджыча аб тым, што сэрбы ня могуць жыць разам з харватамі і мусульманамі гэтак жа, як вада ня можа зьмяшацца з алеем, аказалася мацнейшаю за жыцьцё. Сусьветная супольнасьць прыняла гэтую лёгкую для разуменьня лёгіку басьнійскіх сэрбаў і паспрыяла правядзеньню дакладных памежных лініяў у скрываўленых ды падзеленых на часткі гарадах і сем’ях. Што было намалявана на мапах, пачало ўрывацца ў жыцьцё, пакуль, як кажа Война, „урэшце межы не былі праведзеныя ў людзкіх галовах“. Мусульманскае кіраўніцтва ў Сараеве распачало кампанію супроць зьмяшаных шлюбаў, павесіўшы на іх таўро „збольшага нетрывалых шлюбаў“. Вайна ў Босьніі сталася „вайною асабістых здрадаў“, як назваў яе Коэн у адной з частак сваёй кнігі.

Сямейныя гісторыі, з такім літаратурным майстэрствам апісаныя ў „Жорсткасьці, што ўзрасла ў сэрцах“, сталіся мэтафараю шырэйшай зьявы, чым проста гісторыя нечага лёсу. Гісторыя пошукаў Сэадам Мэхмэдавічам свайго бацькі, якія дапамаглі яму вывучыць абставіны ўтварэньня югаслаўскае дзяржавы ды трагічных падзеяў другое сусьветнае вайны, — гэтае падарожжа сына да свайго ўласнага бацькі сымбалізуе прагу павяртаньня сваёй ідэнтычнасьці, прагу здабыцьця сталага даху ў тым сьвеце, сутнасьць якога — выкарчоўваньне. Яскравым прыкладам эўрапейскае маралі зьяўляецца прысутнасьць у Босьніі міжнародных сілаў, якія і вызначылі, паводле Коэна, лёс Бішэры Закавіч, чыя мусульманска-сэрбская сям’я жыве ў Сараеве ды Бялградзе. Пасьля таго, як яна згубіла сына, што змагаўся ў басьнійскім войску, Бішэра вырашыла выбірацца з абложанага Сараева. Улетку 1993 году заставаўся адзіны шлях для выхаду — празь незаняты сэрбамі аэрапорт. Пяцідзесяцісямігадовая жанчына выбралася на ўцёкі ўночы, разам зь сябрам ейнага сына, які згадзіўся дапамагчы ёй. Затым, калі з таго боку аэрапорту, што быў пад кантролем войскаў ААН, моцнае сьвятло пражэктараў высьвеціла дзьве постаці ўцекачоў, з боку, кантраляванага войскамі Караджыча, пачалося вельмі трапнае страляньне. Усё адпавядала вызначаным правілам: салдаты ААН, згодна з сваім „нэўтральным“ статусам, выконвалі рытуальны абавязак, тады як любое іншае дзеяньне — як тлумачыла ім кіраўніцтва — магло быць патрактаванае як парушэньне прынцыпу неўмяшальніцтва, як зрыў пагадненьня з Караджычам; сэрбскія салдаты, са свайго боку, выконвалі свой сьвяты абавязак абароны роднага краю, які пакутаваў ад праяваў ісламскага фундамэнталізму. „Калі Бішэра Закавіч павалілася, стаўшы гэткім чынам ці то ахвяраю, ці то аб’ектам гуманітарнае дапамогі, ААН прыйшла ёй на паратунак“. Пад’ехаў бронегрузавік і адвёз яе ў шпіталь. На наступны дзень ейны муж Асім ужо ня змог яе там адшукаць. „Запакаваную ў плястыкавы мех, яе даставілі ў морг без адзежы, безь пярсьцёнкаў і іншых каштоўнасьцяў, і нічога з гэтага ўжо не вярнулася. На мяху было напісана адно слова: НЕВЯДОМАЯ“.

Роджэр Коэн разглядае крывавую драму, што разыгралася ў самым сэрцы Эўропы, праз прызму асобы, асобнае сям’і. Гэта, аднак, ня значыць, што кніга гэная ёсьць прыватнай сямейнай сагай з апісаньнем чыіхсьці дробных драмаў, якія падаюцца мізэрнымі на невыразна акрэсьленым тле гісторыі. Коэн ня хоча цалкам аддаляць нас ад сьвету палітыкі, бо йнакш сьвет станецца ў нашых вачох незразумелым, бясколерным, ледзь не бесчалавечным. Усё наадварот: ён выкрывае гэты сьвет, каб выявіць агульны мэханізм югаслаўскае трагедыі. Прэзыдэнты заходніх дзяржаваў, лідэры сусьветных арганізацыяў, вайсковыя кіраўнікі, пасярэднікі, палітыкі, верхаводы супрацьлеглых бакоў — гэта ўсё жывыя dramatis personae кнігі.

Коэн, углядаючыся ў твары шматлікіх ахвяраў, імкнецца да бязьлітаснай праўды і не зважае на так званыя „аб’ектыўныя рэаліі“. Як кажуць басьнійцы: „Дрво нэ растэ с нэба“. Кожнае рашэньне альбо нерашучасьць, што спрычыніліся да лёсу людзей, названыя ў гэтай кнізе, кожная падзея знаходзіць свой выток. Колькі ж тут здрады, баязьлівасьці, крывадушнасьці, хцівасьці... Босьнія адкрывае нам вочы на тое, чым ёсьць сёньня Амэрыка з Эўропаю. Зусім не няўхільны лёс, не непадуладная людзям злая сіла вінная ў тым, што адбылося. Коэн паказвае, як шмат магло б зьмяніцца толькі дзякуючы сьмеласьці, людзкой годнасьці і рашучасьці асобных афіцэраў і пасярэднікаў, напрыклад, генэрала Філіпа Марыёна альбо Рычарда Голбрука. Але якраз яны былі альбо адкліканыя з пасадаў, альбо зьявіліся на сцэне надта ж позна.
 

 
5.

У кнігарнях Граца цяжка знайсьці кнігу аб Босьніі альбо аб былой Югаславіі. Лёгка знайсьці кнігу Пэтэра Гандке. Гэты альбом з фатаграфіямі Лісьль Понгар і тэкстамі Гандке, названы „Ein Wortland. Eine Reise durch Kдrnten, Slovenien, Friaul, Istrien und Dalmatien“1, выйшаў у мінулым годзе. Спакойны роздум над штодзённым жыцьцём, прыязная прырода, усё звычайнае, калі ня нуднае. Быццам нічога й ня здарылася. І сапраўды, дакладным вызначэньнем настрою гэтае кнігі было б: „Нічога не адбылося. Не хвалюйцеся, мае даражэнькія. Жывеце звычайна й ня слухайце тых, хто кажа аб гістарычнай трагедыі“.

Гандке зарабіў сабе славы, заявіўшы, што — для яго самога — Сярэдняя Эўропа „мае выключна мэтэаралягічную вартасьць“. Такім чынам, ён дыстанцыяваўся ад трагічнага кляйма, што ляжыць на гэтай частцы Эўропы. Гэта было ў 1987 годзе. Славенскі пісьменьнік Драга Янчар, увайшоўшы зь ім у асьцярожную палеміку, скіраваў увагу на той факт, што „надта добра пазіраць на аблокі, што плывуць у нябёсах, але някепска глядзець і пад ногі, прынамсі, пакуль у Сярэдняй Эўропе ёсьць мінныя палі, калючы дрот ды Бэрлінскі мур“. Янчар піша знакамітае эсэ пад назваю „Аўгсбург“. „Радыё як толькі не вычвараецца, каб запэўніць замежных турыстаў у тым, што Славенія — ціхая краіна, што вайны там зусім няма. Вайна выглядае хіба з тэлевізійнай скрыні, што стаіць у куце. З гэтае дзюркі ў сьвет, празь якую ў ваш пакой няспынна ўвальваюцца новыя трупы“. Ён таксама паехаў у Сараева, пасьля чаго напісаў свой ашаламляльны „Кароткі рэпартаж з гораду ў даўгой аблозе“. Гандке, зразумела, таксама вырашыў туды зьезьдзіць, з той адно розьніцай, што калі вайна ў Босьніі ўжо скончылася. У пачатку 1996-га ён надрукаваў свой рэпартаж, сваю „Справядлівасьць для Сэрбіі“. Гандке стаў героем. Сэрбскі нацыяналіст Міларад Павіч, які разам зь ім езьдзіў у Косава, піша: „...файна мець Пэтэра Гандке. Але Пэтэра Гандке могуць мець толькі вялікія нацыі“. Але пакінем пакуль гэты нацыяналістычны экскурс убаку. Што сапраўды займае Гандке, дык гэта імкненьне падставіць пад сумнеў басьнійскую трагедыю, якую мы назіралі па тэлевізіі, аб якой чыталі ды якую бачылі на свае вочы. Усё гэта нерэальнае, усё гэта — вынік змовы сусьветных мас-мэдыяў. Ці існуе іншая рэчаіснасьць? Пісьменьнік не дае адказу, пісьменьнік затушоўвае карціну, кажа, што сапраўды незразумела, хто каго атакаваў, задаецца пытаньнем, а што ж насамрэч адбывалася ў Дуброўніку, і ці могуць мусульмане, якія паходзяць ад сэрбаў, лічыцца сапраўднаю нацыяй? Адказ ня мае значэньня, галоўнае — гэта датушоўваньне, падмена рэальнасьці. Гэта эўрапейскія пілюлі для тых, магчыма, хто адчувае згрызоты сумленьня, ня могучы заставацца безуважным да трагедыі, якая адбываецца так блізка, што нельга проста заплюшчыць вочы ці затыкнуць вушы. „Не хвалюйцеся, мае даражэнькія, — нібы паўтарае нам „мэтэароляг“. — Калі ўсё такое незразумелае ды сумнеўнае, чаго ж непакоіцца ды спрабаваць у гэта ўлезьці? Не давайце веры журналістам, што намагаюцца зьнепакоіць вашае сумленьне, бо ўсё гэта толькі вынік сусьветнае змовы“.

Адзін з тае „арды журналістаў“, як кліча іх Гандке, — гэта Роджэр Коэн, карэспандэнт New York Times. Болей за пяцьдзясят ягоных калегаў былі забітыя пад час вайны ў былой Югаславіі. Коэн не дазваляе нам заставацца спакойнымі, ён ня згладжвае рэчаіснасьці, ён дае адказы на пытаньні. „Справядлівасьць для Сэрбіі“ імкнецца абысьці факты, „сягнуць у самыя глыбіні“ ды закляйміць барбарства „палітычнае літаратуры“. „Жорсткасьць, што ўзрасла ў сэрцах“ — рэалістычны, ангажаваны твор, у аснове якога ляжаць факты. Дастаткова прачытаць назвы абедзьвюх кніг, каб адчуць розьніцу.

Магчыма, Роджэр Коэн ня ўлез гэтак глыбака ў „духоўную сутнасьць рэчаў“, да якой заклікае Гандке; тым ня менш, ён, відавочна, дапяў да „самых нетраў нашага стагодзьдзя“. Зараз час зірнуць, як пад уплывам басьнійскага досьведу зьмяніўся заходні сьвет. „Гэта была ня толькі вайна, гэта была крывадушнасьць плюс крах маральных прынцыпаў“.

1 „Слова пра зямлю. Вандроўка паўз Карынтыю, Славенію, Фрыюль, Істрыю й Далмацыю“ (ням.)

 
6.

Прафэсар Марыя Тодарава, чытаючы лекцыі ў Інстытуце гісторыі штату Флёрыда, сутыкнулася са стэрэатыпам „балканізацыі“. У 1998 годзе яна выдала кнігу пад назваю „Балканскі адбітак“ — адну з найбольш цікавых працаў, прысьвечаных гэтай тэме. У інтэрвію зь Анджэем Маравецкім, дадзеным у Чарнагорыі (Tygodnik Powszechny, 13.09.1998), яна выяўляе аб’ектыўнасьць сваіх навуковых поглядаў і крытыкуе амэрыканскіх журналістаў ды мас-мэдыі за антысэрбскія настроі, за стварэньне стэрэатыпаў ды маніпуляваньне імі. Калі прафэсар Тодарава распавядае аб сэрбскай жанчыне, якая жыве ў Бостане й сябруе зь немцам, — гісторыю аб тым, як яны абое пачалі заўважаць, як недарэчна зьмяніліся адносіны да іх некаторых студэнтаў у сувязі з тым, што хтосьці абвясьціў іх нацыстамі, — тады мы ўсе сымпатызуем бязьвінным ахвярам стэрэатыпізацыі (хаця ці можна ўскласьці віну за гэты выпадак на мас-мэдыі?). Нашыя сумненьні, аднак, вырастаюць, калі прафэсар Тодарава сьцьвярджае, нібыта манера камэнтаваньня вайны ў былой Югаславіі амэрыканскімі мэдыямі залежала ад запатрабаваньняў грамадзтва, і кемлівасьць журналістаў дазваляла ім дакладна вызначаць, „куды вецер дзьме“. Гэта значыць, калі б „накірунак ветру“ быў іншы — а ён вызначаецца ў нейкім сьвецкім салёне групаю падазроных асобаў, якія рухаюць фігуркі на сусьветнай шахматнай дошцы, кіруючыся сваімі ўласнымі інтарэсамі, — тады, напрыклад, мы б маглі назіраць па тэлевізары за шматгадоваю аблогаю Бялграду, дый зусім ня з боку ісламскіх фундамэнталістаў, што прагнуць хрысьціянскае крыві. Хіба я перабольшваю? Але ж мэдыі могуць усё, асабліва такія адораныя людзі, як рэжысэр найпапулярнейшага „Шоў Трумэна“. Таму што стварыць геройскі вобраз Радавана Караджыча, які вядзе абараняльную бітву ад імя сваёй нацыі, якую мардуе ўзброенае да зубоў басьнійскае войска, зусім проста. У любым выпадку, як мяркуе прафэсар Тодарава, адлюстраваньне вайны ў амэрыканскіх мэдыях не было аб’ектыўным (чытай: было антысэрбскім). Гэта погляд гісторыка, які ўважлівым (чытай: аб’ектыўным) вокам глядзіць у тэлеэкран і бачыць там выяву закасьнелых адвечных стэрэатыпаў. „Я заўсёды лічыла, — кажа прафэсар Тодарава ў інтэрвію, — што да журналістыкі трэба ставіцца як да навуковай дзейнасьці“.

Якіх жа поглядаў прытрымліваюцца людзі па той бок экрану, тыя ж амэрыканцы, што ваявалі ў Сараеве? Джон Джордан (цытаваны Коэнам), паслухаўшы навіны CNN аб грамадзянскай вайне і тое, як ягоны прэзыдэнт выказвае задаволенасьць з нагоды паляпшэньня становішча ў Босьніі, што, маўляў, у 1994 годзе загінула людзей менш, чым у 1992, — пасьля такога „інфармацыйнага дазьняку“ гэты ваяка з Род-Айленду абурана выбухнуў: „Гэта ўсё падобна да жарту. Я табе скажу: у мяне там бы вочы раскрыліся, і я ўбачыў, на чым трымаецца Амэрыка... Гэта эўрапейскі горад, аперазаны бруднымі траншэямі ды людзьмі са зброяй у руках, якія штодня забіваюць дзяцей, і гэта нармальна... Гэта не грамадзянская вайна, гэта злачынства Мілошавіча“.

Але галоўнае ў высновах прафэсара Тодаравай датычыць ня мэдыяў. У рэшце рэшт, ніхто ня мае сумневу ў тым, што сродкі масавай інфармацыі патураюць стварэньню стэрэатыпаў, і я ўпэўнены ў тым, што, пашукаўшы антысэрбскіх настрояў сярод журналістаў, сапраўды знойдзеш далёка не адзіны выпадак значнага адыходжаньня ад чыста прафэсійнага падыходу. (Гандке, напрыклад, адцемлівае, што ахвяры-мусульмане паказваліся пярэднім плянам часьцей за ахвяраў-сэрбаў). Але важнейшым ёсьць крыху іншае. Надыходзіць канец дваццатага стагодзьдзя — гэта пэрыяд, калі навука ўжо ня так занятая глыбокім вывучэньнем аднае этнічнае групы і доказам яе першынства сярод іншых. Яшчэ для ранейшае генэрацыі навукоўцаў дыскусія наконт анты- альбо прасэрбскасьці нечага прыцягвала надзвычайную ўвагу. На думку сучаснага навукоўцы прафэсара Тодаравай, галоўная прычына спрэчкі палягае зусім ня ў гэтым. У сьвеце, найвялікшымі вартасьцямі якога прагалошваюцца аб’ектыўнасьць, нэўтральнасьць, тэорыя сьціраньня адлегласьцяў, шматбаковасьць ісьціны, адноснасьць каштоўнасьцяў, — у гэткім сьвеце ніхто ня чуе голасу, які заклікае павярнуцца да маральных прынцыпаў: у літаратуры гэта вызначаецца як заангажаванасьць, у журналістыцы — як перадузятасьць, а на мове вайны гэта азначае падзяленьне на вінаватых і бязьвінных.

Марыя Тодарава, якая вывучала праблему з розных бакоў, прачытаўшы не адну кнігу, аб’ектыўным вокам разглядаючы дзейнасьць мэдыяў, ведае адно: „Праўда ў тым, — кажа яна ў інтэрвію, — што няма „чорнага“ ці „белага“. Гэта і зьяўляецца крэдам навуковае бесстароннасьці, якая рэкамэндуецца для журналістаў.

Роджэр Коэн, які быў у Босьніі пад час вайны, які размаўляў з прадстаўнікамі ўсіх бакоў канфлікту, які стаўся сьведкам людзкое трагедыі па ўсе бакі лініі фронту, таксама ведае толькі адно: ёсьць белае і ёсьць чорнае. Болей за тое, ад пачатку вайны палітыкі — а зь іх падачы й некаторыя мас-мэдыі — зрабілі ўсё дзеля таго, каб перакруціць праўду аб існаваньні „белага“ і „чорнага“. Словы „праўда ў тым, што няма „белага“ й „чорнага“, становяцца найвялікшым стэрэатыпам, найвялікшым цяжарам для Босьніі, альбо, хутчэй, падзеі ў Босьніі выкрылі адзін з найбольш шырока распаўсюджаных і безыменных стэрэатыпаў канца нашага стагодзьдзя. Як экспэрт у гэтых пытаньнях, прафэсар Тодарава відавочна пагаджаецца з тым, што стэрэатыпы спрошчваюць, вызваляюць ад адказнасьці, робяць лягчэйшым жыцьцё тых, хто ўвекавечвае іх — і, у выпадку Босьніі, найвыразьнейшым азначэньнем гэткай сытуацыі было б: „Праўда ў тым, што няма ані „чорнага“, ані „белага“.

Улетку 1995 году, пасьля трохгадовае аблогі Сараева, адна жанчына адцягнула Роджэра Коэна ўбок і зірнула яму глыбака ў вочы. „Тут усё альбо чорнае, альбо белае, — сказала яна. — Так, ёсьць добрае і ёсьць злое. Злое — уверсе, на ўзгор’ях. Гэтак, калі ты кажаш, што ты журналіст і таму мусіш быць аб’ектыўным, і нешта напісанае табою можа ня быць добрым для нас, але добрым для тых злых людзей, я разумею цябе, але адначасова і ненавіджу. Так, я ненавіджу цябе. Кожны пытаецца аб тым, як нам тут жывецца. Яны пытаюцца ў нас. Што гэта такое — быць без электрычнасьці, бяз газу, без заробку, без жыцьця, урэшце? Што гэта значыць — стаяць у чарзе па ваду? Што гэта значыць — быць аб’ектам лябараторных дасьледаваньняў? Яны пытаюцца, пытаюцца, зноў пытаюцца. Але каб зразумець, вам, магчыма, трэба схадзіць на той бок. Там яны дадуць вам стрэльбу, вы зможаце выглянуць з-за будовы, уперыцца ў прыцэл і ўбачыць у ім чалавека. Тады вы зьведаеце, што гэта такое — быць паляўнічым. Вы націсьнеце на гачак, убачыце, як чалавек гэты падае, і тады вы зразумееце, што забілі яго. Гэта і ёсьць рэчаіснасьць. Рэчаіснасьць. І тады, магчыма, вам ня трэба будзе так шмат ведаць пра нас, вам нецікава будзе ведаць, ад каго мы там паходзім, чаму мы перайшлі ў іслам, ці ёсьць такая нацыя — мусульмане, ці існуе Босьнія, альбо хоць што-небудзь увогуле“.
 

 
7.

Размываньне адрознасьці паміж чорным і белым, атаесамленьне аб’ектыўнасьці зь бесстароннасьцю, недахоп адказнасьці і абыякавасьць да трагедыі — вось толькі некалькі сымптомаў нашага духоўнага стану, які Роджэр Коэн выводзіць з „самага нутра стагодзьдзя“. Босьнія сталася бязьлітасным выпрабаваньнем для палітыкі гуманітарнай дапамогі — апошняе, магчыма, духоўнае ілюзіі заходняга сьвету напрыканцы дваццатага стагодзьдзя. Гуманітарызм пачаў набіраць абароты ў Эўропе пасьля падзеньня Бэрлінскага муру. Канец халоднае вайны, падзеньне савецкае імпэрыі, стварэньне новых нацыянальных дзяржаваў — усё гэта прынесла з сабою пагрозу новых канфліктаў, якія ў большасьці выпадкаў былі толькі на час прыпыненыя за часамі камуністычнае дыктатуры. Адказам на гэтыя пагрозы мусіў быць гуманітарызм, які стаўся прыцягальным зь некалькіх прычынаў. Коэн: „...Бясспрэчна, штодзённая дастаўка ў сярэднім амаль тысячы тонаў харчовае дапамогі для 2,7 мільёнаў жыхароў Босьніі выратавала не адно жыцьцё. Гэта стварае ўражаньне, быццам робіцца нешта, каб пазьбегнуць рызыкі ўзброенага ўмяшальніцтва. Гэта файна пасавала да палітыкі „шматбаковасьці“ — яшчэ аднаго выдатнага мэханізму для зьніжэньня ступені рызыкі... Ахвярнасьць прыцягвае эмоцыі і засьціць розум. Як якая непагадзь, гэтая невычэрпная крыніца разгортваньня драмы сучаснасьці надта лёгка ўспрымаецца тэлегледачамі“.

Так „мэтэаралёгія“ ізноў уздымае голаў, гэтым часам не ў публікацыях пісьменьніка, што спрачаецца з фактамі, а ў дактрынах міжнароднае палітыкі. Гэтак, як і тады, калі назіраньні за аблокамі, што плылі ў небе, адцягвалі ўвагу ад балючае рэчаіснасьці, цяпер там „змагаюцца з голадам сярод пацярпелых замест таго, каб спыніць дзеяньні мясьнікоў“.

Тое, што здарылася ў Босьніі, у вачох сусьветных кіраўнікоў было не вайною, а „гуманітарнай катастрофай“, нават „стыхійным бедзтвам“, бо карані міжпляменнай варажнечы сягалі ажно „з самое геены вогненнае“. Гэтыя тэорыі прывялі да стварэньня „зонаў бясьпекі“ і да ўвядзеньня эмбарга на пастаўку зброі ў сытуацыі, калі адзін з бакоў быў узброены да зубоў, а ў другога не было амаль нічога. Маргарэт Тэтчар назвала краіны Эўрапейскага Саюзу „саўдзельнікамі бойні“. Гуманітарызм таксама мае свой „адваротны бок“, у нечым пераклікаючыся з патасам Косавага поля, дзе параза абарочваецца перамогаю, а напад — абаронаю. Напрыклад, у адзін і той жа час яны гавораць пра абаронцаў барбарскае Босьніі і пра нэўтральных супрацоўнікаў гуманітарнае місіі; аблога Сараева была не сапраўднай аблогай, а „стратэгічна абгрунтаваным абкружэньнем“ з боку сэрбаў і „тактычна невыгоднай дыспазыцыяй“ басьнійскага войска; афіцэры UNPROFOR (кантынгенту ААН. — Перакл.), гледзячы, як Сараева гіне пад агнём цяжкое артылерыі, звычайна казалі: „Мы ня можам кантраляваць сытуацыю, але мы назіраем за ёю“; рэкамэндацыя „прадухіленьня атак“ на прыкладзе „абароненых зонаў“ даводзілася перш як „адбіцьцё атакаў“, затым — як „гуманітарная дапамога“, а ў той самы час, калі армія генэрала Младзіча брала Срэбрэніцэ, з боку войскаў ААН не пачулася ніводнага стрэлу. Мала што зьмянілася з тых часоў, калі былы Генэральны сакратар ААН У Тан казаў, што ягоная арганізацыя — гэта „парасон, які складаецца, калі пачынаецца дождж“.

Роджэр Коэн сярод шматлікіх галасоў людзей, што былі шакаваныя выяўленым у Босьніі маральным заняпадам заходняе эліты, прыводзіць меркаваньне амэрыканскага дыплямата Чарльза Томаса: „Замежная палітыка — гэта як старая формула пацалунку: „Ідыёт, гэта ж так проста“. Мы павінны былі сказаць ім, калі вайна толькі пачалася: „Вы прыходзіце да згоды, вы спыняеце разбурэньне Сараева, альбо мы вас заб’ем“. Такое сьцьвярджэньне на пачатку вайны ў былой Югаславіі не магло зьляцець з вуснаў аніводнага дыплямата, палітыка альбо кіраўніка дзяржавы. Гэта было б цалкам відавочнай адмовай ад гуманітарысцкае рыторыкі і надта б ужо рэзала цывілізаваны слых, звыклы да выказваньняў у абарону правоў чалавека і чалавечых жыцьцяў. У 1995 годзе, пасьля буйнога паветранага налёту на войскі Караджыча і Младзіча, стала ясна, што толькі сілай можна спыніць злачынцаў і ўсталяваць мір. Пакуль тое — загінула 200 тысяч чалавек. Пытаньне аб тым, чаму спатрэбілася тры гады, каб спыніць гэтую бойню, чорнаю хмараю завісла над нашым сумленьнем.

Мірная дамова была падпісаная ў Дэйтане 14 сьнежня 1995 году. Калі Роджэр Коэн спытаўся ў Асіма, мужа тае жанчыны, якую застрэлілі ў аэрапорце, што ён адчувае, ягоны адказ гучаў прыкладна так: нічога. У тую зіму ў Сараеве не было радасьці. Дзіўнае заканчэньне вайны: вораг ня быў пераможаны, але й зло не перамагло. Я прыехаў у Сараева наступнай зімою, калі там перабываў Папа Ян Павал II. Папу ледзь ня зносіла ветрам на адкрытым стадыёне, пад несупынным сьнегападам. Ці пачуў хтосьці ягоныя словы: „Ністэ самі. Бог е са вама?“ (Вы не адныя. Бог з вамі). І вось ізноў зіма. Тут шукаюць работнікаў для адчысткі цэглы з даўным-даўно ўзарванага будынку гестапа. Цэгла тая паходзіць са спаленае сынагогі. У тым месцы, дзе калісьці была сынагога, зямлю ўжо разьвярнулі і паклалі фундамэнт. Джэвад паехаў на поўдзень. Я застаўся ў Грацы з Босьніяй.
 

Пераклаў з ангельскае
Міхась Шупенька
паводле тэксту, дасланага аўтарам

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

ARCHE-Skaryna 2(7)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 12-04-2000

TopList