Людміла Рублеўская |
Дапісацца
|
ЛЮДМІЛА РУБЛЕЎСКАЯ Агульны рэверанс чытачу 1999 год, апошні перад прыходам таямнічага „міленіюму“ (слоўца ўплішчылася ў нашу мову з хуткасцю інфернальнага паразіта), не стаўся мяжою якаснага пераходу беларускай літаратуры ў іншы стан. Магія лічбаў не можа каталізаваць ні культурнае, ні тым больш эканамічнае жыццё. Выпілі ў навагоднюю ноч шампанскага, спалілі пару бенгальскіх агнёў, павесяліліся і ляглі спаць. Каб у наступны панядзелак ісці да працоўных месцаў у прыватных альбо дзяржаўных установах, у тым ліку ў рэдакцыі і выдавецтвы. Наконт апошніх можна адзначыць тую тэндэнцыю, што недзяржаўных выданняў крыху паболела, а дзяржаўных паменела. Здзіўляцца такой акалічнасці не даводзіцца. Палітыка дзяржавы цалкам дазваляе пад лозунгам эканоміі народных сродкаў зачыняць „нудотныя“ ды „клопатныя“ выданні, а тыя, што засталіся, трымаць у стане прыжывалы, які баіцца раззлаваць літасцівага гаспадара, абы захаваць фінансаванне. Кола беларускамоўных пісьменнікаў старэйшага пакалення шчыльна абступае спансараваныя дзяржавай літаратурныя выданні, вызначаючы іх узровень сваімі творамі, маладыя ладзяць уласныя незалежныя выданні, чый узровень няроўны, а самаацэнка аўтараў часамі завышаная. Падобнае ж адбываецца і ў правінцыі — тамтэйшыя літаратары выдаюць і выдаюцца, бадай, больш актыўна, чым у Менску. Іншая справа, што выданні гэтыя ў рукі сталічных „экспертаў“ трапляюць рэдка, і пра гэта можна напісаць асобны артыкул. Жанр „агляду“ прадвызначае адстароненасць погляду і максімальную аб’ектыўнасць.
Я тут засяроджваюся на коле літаратурна-мастацкіх выданняў, пакідаючы па-за
ўвагай тыя публікацыі, дзе хаця і ёсць літаратурна-мастацкія старонкі,
але асноўны накірунак якіх — публіцыстыка, навука, рэлігія, гісторыя і
г.д. Не аналізую я расійскамоўных выданняў — найперш „Нёману“, дзе беларускія
аўтары перакладаюць звычайна тое самае, што ўжо друкавалася ў беларускамоўных
выданнях у арыгінале. Мае ўражанні пасля знаёмства з беларускімі літаратурнымі
і культурніцкімі часапісамі размеркаваліся наступным чынам.
|
Ужо стала традыцыяй, што самыя „пошукавыя“ творы найчасцей з усіх дзяржаўных выданняў друкуе „літаратурна-культуралагічны“ часопіс „Крыніца“. У мінулым годзе гэты часопіс перажыў змену галоўнага рэдактара (замест Уладзімера Някляева, што эміграваў у Польшчу, прыйшла паэтка Галіна Булыка, дачка мовазнаўцы з Акадэміі Навук), матэрыяльныя цяжкасці, з-за якіх парушылася рэгулярнасць выхаду і з’явіліся падвойныя нумары. „Крыніца“ ўсё ж надрукавала аповесць свайго сталага аўтара Юр’я Станкевіча „Бесапатам“ (№6). Яе чытач трапляе ў апакаліпсічны свет, у якім пазнаецца сучасная Беларусь. Сярод іншых тэкстаў трэба адзначыць паэтычнае апавяданне Міколы Купрэева „Палеская элегія“ (№7—8). У №4—5 „Крыніца“ друкуе вершы Алеся Разанава, якія ён называе „Пункцірамі“, і перакладзеныя Лявонам Баршчэўскім „Пакуты маладога Вэртэра“ Гётэ. У гэтым жа нумары ў рубрыцы „Яно“, куды „крынічане“ змяшчаюць звычайна тое, што або не паддаецца літаратуразнаўчай класіфікацыі, або выходзіць за межы звыклай эстэтыкі — „жорсткія рамансы“ Віктара Шніпа з цыклу „Блатныя песні нашага двара“, тэксты, якія ацэньваюцца неадназначна, але безумоўна выклікаюць цікавасць. №9 знаёміць чытача з постаццю Алега Бембеля, паэта, музыкі, адраджэнца, які пасля бурна пражытай часткі жыцця пайшоў у Жыровіцкі манастыр паслушнікам і насуперак меркаванням скептыкаў не пакідае схімы ўжо каторы год. У іншых нумарах Вінцэсь Мудроў зноў выступіў у жанры беларускай антыўтопіі, а Міхась Баярын — алюзійнай паэзіі: ён дае рэцэпт, „як стварыць Гамера“. Міхась Баярын — амаль міфічная фігура ў найноўшай беларускай літаратуры: яго некаторыя лічаць геніем, але назвы твораў генія ніхто не ў стане нават узгадаць, не тое каб цытаваць. Што пошукі новых форм у беларускай літаратуры далёка не скончаныя, сведчыць незвычайны твор двух аўтараў, Ірыны Шаўляковай і Віктара Праўдзіна, паралельны тэкст „Мудалогія на мяжы тысячагоддзя“. Нягледзячы на прыкладзеную да тэксту „Інструкцыю“ па ягоным вывучэнні, толькі падрыхтаваны чытач можа агораць „фундаментальны раздзел ...гуманітарных ведаў, які даследуе прыроду, сацыяльныя функцыі, эвалюцыю аднаго з чалавечых тыпаў, а таксама вынікі гэтай эвалюцыі“ (так тлумачаць тэрмін „Мудалогія“ аўтары даследавання). Рэзанансу на „Мудалогію“ няма перш за ўсё таму, што ў айчыннай крытыкі проста адсутнічае адпаведны інструментар для аналізу тэкстаў падобнага кшталту. (Гэта тычыцца і тэкстаў вышэйзгаданага Міхася Баярына.) Фармат „Крыніцы“ зменшыўся амаль удвая (пры захаванні шэра-чорна-белай
вокладкі), што стала перашкаджаць звыклай вёрстцы рубрыкаў. Наклад пад
канец году складаў 700 асобнікаў. Індывідуальная падпіска ўпала да 260.
|
„Крыніцу“ вінавацяць у элітарнасці, такія ж абвінавачванні гучаць і на адрас „Нашай Нівы“. Планка патрабаванняў тут застаецца высокай, а па-другое, гэта газета — не столькі літаратурнае, колькі публіцыстычнае выданне, і аўтараў мусіць яднаць не столькі адзінадумства, колькі светапоглядная тоеснасць. І чытач у газеты адпаведны. Хаця ў „Нашай Ніве“ даецца слова ўсім на старонках часта аблітаратураных „Прыватных абвестак“, паэтычных „Варштатаў“ (а раней і ўвогуле анархічных „Грамафону“-графаману і празаічнага „Эпікону“-эпігону), і там вельмі па-беларуску друкуюцца асобы ад сівога франтавіка Пятра Прыходзькі да маладафронтаўца Аляксея Шыдлоўскага, але літаратурны твар газэты вызначаюць : Сяргей Дубавец, Уладзімер Арлоў, Андрэй Дынько, Марыя Роўда, Наталка Бабіна, Віктар Шніп, Валерка Булгакаў, Сяргей Харэўскі, Зміцер Бартосік, Анатоль Прасаловіч, Андрэй Скурко, Сяргей Балахонаў ды яшчэ пара чалавек. Зразумела, немагчыма ўявіць „Нашу Ніву“ без нататак Адама Глёбуса, эгацэнтрычных і віртуозных — ад абурэння і да захаплення, без Славаміра Адамовіча. У адрозненне ад халоднай адстароненасці Глёбуса, антыэстэтыка Славаміра Адамовіча гранічна эмацыйная, нават агрэсіўная і плоцкая. Але такія матэрыялы і робяць поспех выданню. Знайшоўся чытач і на „Сабачыя гісторыі“ Віктара Шніпа. Сабака і Граждан, героі „Сабачых гісторый“, лёгка і ахвотна расцягваюцца на цытаты. Арганічна ўключаюцца ў кантэкст газеты прыпавесці Васіля Быкава з алюзіяй на сучасныя падзеі. Пісьменнік, якога амаль аднагалосна прызнаюць літаратурным сімвалам Беларусі, які дасягнуў вяршыні ў ваеннай прозе, у асэнсаванні лёсу свайго пакалення, спрабуе перадумаць сённяшняе жыццё. Але Быкаў ужо перастаў быць чалавекам ваеннага пакалення, і маральныя законы, паводле якіх ён жыве цяпер, моцна адрозніваюцца ад тых, па якіх жылі дваццаць, пяцьдзесят гадоў таму. Не дзіўна, што сапраўднага абмеркавання гэтых твораў не адбылося — і не адбудзецца. Выказванне крытычных заўваг у адрас Быкава ўспрымаецца як кашчунства. Хоць, зрэшты, вось паслухаць беларускае радыё і тэлебачанне — дык у панядзелак перадавалі, што Быкаў зманіў, што ў яго ў кватэры холадна, пазванілі ў кватэру, а там 22 градусы цяпла. Наклад „Нашай Нівы“ за год вырас з 2830 да 3760 асобнікаў, газета перайшла
з штодвухтыднёвага на штотыднёвы выхад. Цана вагалася ў межах 8—10 цэнтаў
за асобнік (12 старонак фармату А3).
|
Часопіс „Полымя“ таксама друкаваў летась творы Васіля Быкава. У першым нумары — аповесць „Ваўчыная яма“, якая раней друкавалася па частках у „Нашай Ніве“. Чарнобыльская зона, яе насельнікі — бамжы, дэзерціры, наркаманы, крайняя дэградацыя чалавека, які шукае ратавання ў бездані атручанай прыроды... Гэтая аповесць выклікае асацыяцыі не з ваеннай прозай ці трылерам, а са старонкамі раманаў расійскіх пісьменнікаў Андрэя Платонава і Віктара Астаф’ева. Новыя апавяданні Быкава друкаваліся ў №5. У №2 Аляксей Дудараў надрукаваў драматычную паэму „Чорная панна Нясвіжу“. У свой час на старонках гэтага ж выдання пабачыла свет драматычная паэма Раісы Баравіковай, напісаная на тым жа гістарычным матэрыяле — „Барбара Радзівіл“, паводле якой пастаўлены спектакль на былой „Вольнай сцэне“ — у Беларускім тэатры-лабараторыі сучаснай драматургіі. Цыкл вершаў Рыгора Барадуліна „Псальмы Давідавы“, навеяныя біблейскімі радкамі, друкуюцца ў двух нумарах — трэцім і адзінаццатым. У №6—7 — раман Вольгі Іпатавай „Залатая жрыца Ашвінаў“, чарговы ўдалы прыгодніцка-гістарычны раман на беларускую тэматыку. Падзеі з летапіснай Беларусі пераносяцца ў Візантыю, гістарычныя рэаліі ахутваюцца эзатэрыкай. Вольга Іпатава вымалёўвае ідэалізаваны тып гераіні, даўно выпрацаваны ў сусветнай прыгодніцкай літаратуры, але практычна новы для нашай. Старажытнай гісторыяй Беларусі натхніўся і Генрых Далідовіч, аўтар раману „Кліч роднага звону“ (№9—10), напісанага ў лепшых рэалістычных традыцыях. За год „Полымя“ „згарэла“ на 60 старонак — з 288 да 224 малафарматных,
зменшыўся і наклад: ад 4381 асобнікаў першага нумару да 3760 у дванаццатым.
Выгляд часопіса застаецца ўжо шмат гадоў нязменны, як і эстэтычныя прынцыпы
выдаўцоў, арыентаваныя на класіку беларускай літаратуры. Ілюстрацый фактычна
няма.
|
Часопіс „Маладосць“ адрозніваецца ад часопіса „Полымя“ большай колькасцю аўтараў, сярод якіх сустракаюцца і маладыя. У №5—6 надрукавана аповесць Івана Шамякіна „Слаўся, Марыя!“. Твор незвычайны — пісьменнік прысвяціў яго памяці жонкі, Марыі Філатаўны, якая нядаўна памёрла. Іван Шамякін расказвае пра свой боль і каханне, якое вытрывала выпрабаванне 58 гадамі сямейнага жыцця. Рыгор Барадулін друкуе „Шчымлівыя рамансы“ (№10), Вячаслаў Адамчык — фрагменты новай кніжкі „Чорны адбітак на белай сцяне“(№12), Уладзімер Дамашэвіч — аповесць „Лішняе дзіця, або Амплітуда жаданняў“. Для „цэласнасці палітры“ пералічым вершы Генадзя Бураўкіна, Васіля Зуёнка, Галіны Каржанеўскай, Максіма Лужаніна, Казіміра Камейшы, Валянціна Лукшы, Міколы Мятліцкага, меладраму Георгія Марчука, прозу Янкі Сіпакова. Тут жа друкуюцца і стаўпы Бум-Бам-Літу. У кантэксце часопіса „Маладосць“ заўважаеш, што вершы тых паэтаў, што дэкларуюць сябе авангардыстамі, у сутнасці сваёй традыцыйныя. Застаецца дадаць да карціны пару штрыхоў — містычную аповесць Анатоля Казлова „Дзеці ночы — служкі зла“(№3) і апавяданне Адама Глёбуса „Прымусь сябе жыць у Лагойску“ (№11). Сярод літаратурных часопісаў „Маладосць“ вылучаецца наяўнасцю „мастацкай
часткі“ — твораў беларускіх мастакоў традыцыйнага накірунку. Успрыняццю
ілюстрацый перашкаджае кепская якасць паперы. Наклад №1 за 1999 год — 2545
асобнікаў, №12 —1865. Каштуе „Маладосць“, як і „Полымя“, і „Крыніца“ —
у межах 15—20 цэнтаў за асобнік.
Бібліятэчка часопіса „Маладосць“ Не будзе поўным аповед пра часопіс „Маладосць“ без увагі да ягонай „Бібліятэчкі“,
некалі запаветнай мары аматараў „абкніжыцца“ ды „ўсаюзіцца“. У прынцыпе,
гэтую функцыю „Бібліятэчка“ выконвае і сёння, але дзікі рынак падсёк філантрапічныя
памкненні яе заснавальнікаў. Выдацца без спонсараў магчыма, але цяжка.
Летась у „Бібліятэчцы“ выйшлі кнігі паэзіі Анатоля Кудласевіча, Юрася Жалезкі,
Андрэя Мазька, Івана Пракарыны, Сцяпана Сяргея і Ніны Чарнейкі, проза прадстаўлена
гучнымі імёнамі Валянціны Куксы, Таісы Супрановіч, Георга Сысоя і Міхася
Хамца. З усяго вышэйпералічанага я гартала толькі зборнік Кудласевіча,
так што перапрашаю, шаноўны чытачу, што не магу распавесці пра змест і
мастацкі ўзровень выдадзенага падрабязней. Ды ці патрэбна табе гэта? Дадам,
што апошнім у спісе значыцца зборнік пад інтрыгоўным падзагалоўкам „Зборнік
інтэлектуальнай паэзіі“. Аўтары — Толь В. і Віталь Псеўданім.
|
І ў коле аўтараў „ЛіМу“ — Васіль Быкаў. Яго апавяданне „На панадворку“ пра беднага бяскрыўднага пенсіянера, якога загрыз сабака „новых беларусаў“, згодна з падзагалоўкам, мусіць асацыявацца з норавамі ў айчынным літаратарскім асяродку. Іншыя жанры літаратуры прадстаўленыя на старонках газеты досыць багата — усемагчымымі нататкамі, разважаннямі, занатоўкамі, мастацкімі і не надта. Леанід Галубовіч друкаваў свае „Зацемкі“. Ён жа паспрабаваў пашырыць рамкі абранага жанру матэрыялам „У пошуках страчанага часу з Мантэнем“, дзе часткова пераказвае, часткова інтэрпрэтуе Мантэневы „Досведы“ (на што адзін са старэйшых пісьменнікаў з’едліва заўважыў, што лічыць за лепшае ўжываць Мантэня, не перажаванага Галубовічам). Друкаваліся апавяданні Галіны Багданавай, Раісы Баравіковай, Веры Лойкі і Марыі Вайцяшонак — добрая традыцыйная проза. Прэмію за 1999 год за творы празаічнага жанру „ЛіМ“ прысудзіў апавяданню Івана Пташнікава пад мілай сэрцу назвай „Пагоня“. Праўда, у апавяданні ваўкі даганяюць лася. Друкаваўся ў „ЛіМе“ Ўладзімер Арлоў (урывак з раману „Муж спадарыні Дамінікі“), Леанід Дранько-Майсюк працягваў асвойваць Еўропу. На гэты раз ён паэтычна асэнсаваў Ірландыю, у выніку чаго з’явілася аднайменная паэма. Зразумела, паэма перш за ўсё пра айчынныя рэаліі — аналогія паміж ірландскім і беларускім крытычным становішчам нацыянальнай мовы відавочная. Паэзія ў штотыднёвіку прадстаўлена была штотыднёва — і нават цэлы адмысловы нумар быў адведзены пад яе, які называўся „Дзень паэзіі“, у памяць бясследна зніклай кніжкі-гадавіка. Вядома, нумар складаўся з прыхаванай мэтай вызваліць ад гурбаў вершаў лімаўскія шуфляды. Узгадваюцца „Апокрыфы ХХ стагоддзя“ Галіны Булыкі, вершы Сяргея Верацілы, Міколы Купрэева, Алеся Чобата. Новыя творы Анатоля Сыса пакідаюць моцнае і дваістае ўражанне іскраў былога агню на тле попелу былых спадзеваў. У „ЛіМе“ былі надрукаваны і два ўрыўкі з раманаў на адну тэму — Слуцкага паўстання. Іх аўтары — слынны малады празаік Андрэй Федарэнка і Алесь Пашкевіч, да гэтага вядомы як паэт. Ёсць інтрыга — непрадугледжаная канкурэнцыя аўтараў, якіх ёсць магчымасць параўноўваць. „ЛіМ“ выходзіў штотыднёва, хаця ў мэтах эканоміі сродкаў некалькі нумароў
было прапушчана. Наклад выдання захоўваўся нязменны — каля 3300 паасобнікаў.
Цана — 5—10 цэнтаў за нумар (16 старонак фармату А3).
|
Біяграфія часопіса творчай моладзі Беларусі хаця й нядоўгая, але бурлівая. Часопіс быў створаны Алесем Масарэнкам на базе літаб’яднання „Крыніца“ пры „Чырвонай змене“ пачатку 90-х гадоў. Але час ішоў, і ад часопіса запатрабавалі змяніць імідж і перадалі расійскамоўнай забаўляльнай газеце „Переходный возраст“, што пад эгідай Дзяржаўнага Камітэту па справах моладзі. Часопіс рэфармаваўся, утварылася новае кола аўтараў і чытачоў, але ягонае становішча па-ранейшаму няпэўнае. За год у ім былі змешчаны апавяданні Андрэя Федарэнкі, Галіны Багданавай, Альгерда Бахарэвіча, вершы Ўсевалада Гарачкі, Маргарыты Фабрыкант (якую называлі адкрыццём году), Віктара Слінко і іншых. Часопіс таксама знаёміў з сучаснымі менскімі контра- і субкультурнымі асяродкамі. Да сярэдзіны году наклад часопісу, які набыў новы імідж, уздымаўся,
індывідуальная падпіска дасягнула амаль 1500 асобнікаў. Але пад канец году
кошт часопісу нечакана падняўся ад 12 цэнтаў за нумар да 25. У выніку на
сёння „Першацвет“, хоць і захаваў наклад у 1500 асобнікаў, мае складанасці
з падпіскай. Часопіс багата ілюстраваны.
„АRCHE“ Бедная інтэлігенцыя не заўжды наважваецца купляць часопіс па рыначнай цане, а па льготнай яго не прадаюць. А шкада: паслядоўнае развянчанне міфалагічнага статку святарных кароваў масавай свядомасці магло б выклікаць дзе-чыё і абурэнне. На сёння выйшлі нумары „Парнаграфія“, „Постмадэрнізм“, „Вялікая айчынная вайна“, „Кабеты“, „Паталогіі грамадзтва“ і „Панславізм: думка і злачынствы“. За год часопіс надрукаваў адборныя пераклады (Інгеборг Бахман у перакладзе Васіля Сёмухі, Жорж Батай у перакладзе Міколы Шакеля, Ірвін Уэлш у перакладзе Аляксея Знаткевіча, Кадарэ, Борхес, Букоўскі, Эка, Гандке, Кіш, Джонг, Сонтаг, Мілаш, Грабал), адкрыў шэраг новых беларускіх імёнаў у літаратуры — Еву Вежнавец, Анатоля Прасаловіча, Прафэсара Каркарана, Міхася Шупеньку, Богу. Часопіс можна папракнуць у эклектыцы, мешаніне літаратуры і нелітаратуры, арыгіналаў і перакладаў, імёнаў і псеўданімаў, у „ненароднасці“ (Анатоль Вярцінскі) і „разліку на сярэдні клас“ (Ігар Бабкоў). Але ў АRСНЕ ёсць і будзе свой чытач, і гэты чытач — не горшая частка нашага грамадства. Дзякуючы мастацкаму рэдактару выдання Уладзімеру Адамчыку і фотаздымкам
Алены Адамчык часопіс вылучаецца яркімі вокладкамі. Наклад — 800 асобнікаў.
Цана — 0,8—1,1 даляра.
|
Гартаючы гэты альманах, заснаваны Таварыствам Вольных Літаратараў, мімаволі канстатуеш, што хвароба сучаснай літаратурнай беларускай прасторы — раздрабненне пры агульнай беднасці. „Калосьсе“ пры сталічнай прапісцы мела б куды большы розгалас, якога і заслугоўвае. А так наклад абмяжоўваецца магічнай лічбай 299, якая, згодна з заканадаўствам нашай блаславёнай краіны, дазваляе выдаўцам не рэгістраваць свайго дзецішча ў адпаведных органах. Дынаміка выхаду „Калосьсяў“ вылучаецца творчай непрадказальнасцю. У 1999 годзе выйшлі два нумары „Калосьсяў“, шосты і сёмы, прычым на шостым пазначаны 1998 год. Для экзотыкі можна дадаць, што, паводле выходных звестак, часопіс надрукаваны ў Сімферопалі. У №6 друкуецца містычнае (з вычварэнствам) апавяданне Сержука Мінскевіча „Саламяная кветка“, нізкі вершаў Віктара Шніпа „Няпэўнае жыццё“, Анатоля Брусевіча — „За дзень да смерці“. Лаўрэн Юрага — адно з адкрыццяў літаратурнага году, піша ён у традыцыйным стылі — у апавяданні „Віленская карчма“ таксама звяртаецца да гатычнай фэнтэзі. Вінцэсь Мудроў прапануе чарговую антыўтопію „Іду на таран!“, у якой паветраны шарык карантышак з Кветкавага гораду зносіць на Беларусь, Ігар Сідарук — „абсурд“ пад назвай „Бабусечкі“. „Сучасныя апавяданні“ Сяргея Астраўца прасякнутыя адраджэнскай настальгіяй. Асаблівы настрой часопісу надае тэма смерці. І не толькі ў творах. На старонках нумара прадстаўлены дзве постаці зусім маладых творцаў, якія нядаўна памёрлі — Алега Прусава і Андрэя Пяткевіча. Незвычайную вытанчанасць і трагізм надаюць нумару малюнкі Алега Прусава, таленавітага мастака, тут жа ўпершыню друкуюцца яго апавяданні, тэма якіх — смерць. У №7 — вершы Ігара Сідарука „Канец эпохі“, фантасмагорыя Сяргея Кавалёва „Стомлены д’ябал“, „раманец“ Вітаўта Чаропкі „Поўны керкешоз“ поўны алюзіяў і чорнага гумару. Часопіс прадаецца на прэзентацыях і ў незалежных кнігарнях за 0,5—0,8
даляра.
„Nihil“ Часопіс „Nihil“ — надзея „нефармальных літаратараў“. На чале ягонай
рэдакцыі стаіць Міхась Баярын. Сімвалізуючы знаходжанне па той бок рэчаіснасці,
імёны аўтараў напісаныя дагары нагамі. Падбор аўтараў традыцыйны — сусветна
вядомыя імёны кшталту Віславы Шымборскай побач з тымі ж імёнамі беларускіх
авангардыстаў, задзейнічаных і ў іншых аналагічных выданнях — Юрасём Барысевічам,
Альгердам Бахарэвічам, Галляшом Сіном, а таксама Андрэем Хадановічам.
|
Міхась Скобла. „Дзярэчынскі дыярыуш“. У кнізе — яркія эсэ пра роднае мястэчка аўтара, напісаныя з гумарам і лірызмам. Ну, а паколькі сродкі дазвалялі, аўтар дадаў да эсэ свае крытычныя артыкулы ды рэцэнзіі. Вячаслаў Адамчык. „Развітальная аповесць“. У зборнік увайшлі аповесць, апавяданні, дзённікі. Добрая традыцыйная проза, а таксама варыянт айчыннай нон-фікшн. Вольга Паўлава. „Шклоўскія страсці“. Выдадзеная ў Маскве, у выдавецтве „Паліном“ — відавочна таму, што айчынныя выдавецтвы не захацелі „звязвацца“ з тэкстам, які апавядае пра прыватнае жыццё першай асобы дзяржавы, хаця насамрэч гэта проста шчырая гісторыя жаночага захаплення і расчаравання, расказаная аўтаркай, зямлячкай і ўдзельніцай перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі. Андрэй Федарэнка. „Шчарбаты талер“. Кніга ў займальнай форме апавядае школьнікам пра гісторыю Беларусі, нязмушана прышчапляючы адраджэнскія пагляды на мінулае і рэчаіснасць. Кніжка выйшла ў выдавецтве „Юнацтва“, у серыі „Школьная бібліятэка“. Як сцвярджае аўтар, некаторыя месцы кнігі, што тычыліся беларускай нацыянальнай сімволікі, былі выразаныя цэнзурай. Выдадзены пераклад на беларускую мову „Дзядоў“ Адама Міцкевіча. Перакладчык — Серж Мінскевіч. Ягоны пераклад паэмы Міцкевіча на беларускую мову — першы. Праўда, твор выдадзены ў Польшчы і беларускаму пакупніку, а таксама крытыку недаступны, таму абмяжуюся канстатацыяй сапраўды прыемнага для беларускай культуры факту. Максім Лужанін. „Наўздагон за падвойнікам“. Аповесць патрыярха беларускай літаратуры, чыё дзевяностагоддзе мы не так даўно святкавалі. Займальна-псіхалагічна-гістарычны сюжэт з алюзіямі на рэальныя падзеі. Славамір Адамовіч. „Плавільшчыкі расы“. Зборнік паэзіі, горача вітаны незалежнай прэсай і замоўчваны афіцыйнай крытыкай. Чытачы мімаволі шукаюць у вершах Славаміра прамых згадак пра рэальныя гучныя падзеі, а там — паэзія. Адной з актуальных тэм леташніх дыскусій было месца націску ў слове „раса“ з назову зборніка. Адам Глёбус. „Postscriptum. Кантамінацыі“. Як значыцца ў анатацыі, „у сваёй адзінаццатай кнізе аўтар сабраў афарызмы, цытаты з камэнтарам, грэгерыі і максымы. Зборнік кантамінацыяў — плён дзесяцігадовай працы.“ Чытачу многае са зборніка вядомае па публікацыях у „Нашай Ніве“. Аляксандр Лукашук. „У фіялетавай ночы вугал крыла. Дакумэнтальная проза“. Калаж з цытатаў звычайных беларускіх газетаў савецкага перыяду стварае застрашліва-фатальны фон для апавядання „пра фізіялёгію і норавы савецкай сыстэмы“. Досвед будзе надзвычай актуальны для нашай прышласці. Кніжкі Адамовіча, Адама Глёбуса і Лукашука выйшлі ў Вільні, у серыі „Вострая Брама“, заснаванай газетай „Наша Ніва“. Кішэнны фармат, прывабныя вокладкі. Пятро Васючэнка, Антоні Вырвіч. „Прыгоды аднаго губашлёпа. Аповеды
пра Валентага“. Аўтары распавядаюць пра прыгоды студэнта Валентыя Круткоўскага,
родам з Заходняй Беларусі. Сумны гумар савецкай рэчаіснасці. Брашура выйшла
з дапамогай газеты „Частный детектив“ накладам 1000 асобнікаў.
Леанід Маракоў З’яваю 1999 году можна назваць публікацыі па гісторыі беларускай літаратуры
20—30-х гадоў Леаніда Маракова, пляменніка рэпрэсаванага ў тыя гады паэта
Валер’я Маракова. Аўтар уварваўся ў айчынны літаратурны працэс з практычным
імпэтам праўдзівага бізнесоўца, якім насамрэч і з’яўляўся да нядаўняга
часу. Пакуль не аддаў беларускай літаратуры ўвесь свой энтузіязм. Вартая
асобнага аповеду ў іншым жанры гісторыя таго, як гэтае ўвасабленне „новага
беларуса“ з тэхнічнай адукацыяй і залатым ланцугом на шыі прыжывалася ў
рафінаваным коле гуманітараў. Якімі толькі эпітэтамі не ўзнагароджвала
яго бедная, але гордая літаратарска-навуковая эліта! Маракоў даказаў, што
можна зрабіць у літаратуры многа, не будучы прафесіяналам, але маючы настойлівасць
і грошы. Стосы рэдкіх дакументаў, мноства раней невядомых фактаў, дзесяткі
публікацый за пару гадоў. У выдавецтве „Беларускі кнігазбор“ надрукаваная
кніжка Леаніда Маракова „Валерый Маракоў. Лёс. Хроніка. Кантэкст“,
у „ЛіМе“ — спісы загубленых беларускіх пісьменнікаў. Тамсама — першыя апавяданні
самога Леаніда Маракова, сюжэты для якіх узятыя з тых жа дакументаў 20—30-х
гадоў, у якіх аўтар адчувае сябе, відаць, не менш вольна, чым у сённяшніх
рэаліях. Мастацкія крытэрыі, стылістыка і прыёмы запазычаныя аўтарам усё
з тых жа дваццатых, што выклікае замілаванне гэткім рэанімаваным рэтра.
Апошнім часам Леанід Маракоў спрабуе яшчэ і рыфмаваць на манер селькораў
20-х, бо шчыра лічыць „простую і ясную“ паэзію тае пары вяршыняй паэзіі
ўвогуле, а няхітрыя дзядзькавы метафары — невымернымі азарэннямі.
|
Сярод эсэістыкі, прысвечанай гісторыі Беларусі — „Конец Горлага“ Рыгора
Клімовіча, былога вязня савецкіх канцлагераў, пра паўстанне вязняў у Гарлагу.
„Жыцьцё пад агнём“ Лявона Юрэвіча малюе партрэт беларускага ваеначальніка
і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі. Унікальны гістарычны часопісны праект
90-х, ажыццёўлены Генадзем Сагановічам, „Беларускі гістарычны агляд“, выдаў,
апроч сваіх чарговых нумароў, успаміны Францішка Кушаля „Спробы стварэньня
беларускага войска“. „Бывай, Яршоўка“ Платона Крэня ўводзіць у пантэон
беларускіх рэпрэсаваных пісьменнікаў новую асобу. Адбылося гэта дзякуючы
ягонай дачцэ, журналістцы Ірыне Крэнь. Платон Крэнь прайшоў праз грамадзянскую
вайну, ваенны лагер на Галіпалійскім паўвостраве і ГУЛАГ. Жыццёваму шляху
і прысвечаныя ягоныя ўспаміны. Друкуюцца тут таксама вершы Платона Крэня,
тое, што захавалася ад творчай спадчыны паэта, якога пры жыцці ні ў свеце,
ні ў сям’і як паэта не трактавалі. Прадмову да кнігі, што цікава, напісаў
Васіль Быкаў.
Полацкае ляда Выдавецкая суполка „Полацкае ляда“ выпусціла зборнік аповедаў Вінцэся
Мудрова „Зімовыя сны“, зборнікі вершаў Алеся Аркуша „Выбранае“ і Юр’я Гуменюка
„Рытуал“. Як сцвярджае Алесь Аркуш, Юры Гумянюк „стаў заснавальнікам мастацкай
плыні беларускага анархізму“, маючы на ўвазе пэўную непрадказальнасць ягонай
паэзіі.
Беласточчына На Беласточчыне выйшаў другі нумар часопіса „Тэрмапілы“, выдання, якое ўзначальвае паэт і навуковец Ян Чыквін. Сярод мастацкіх твораў, змешчаных у часопісе — апавяданне Анатоля Кудраўца „Бацька“, замалёўкі-ўспаміны са ссыльнага жыцця Масея Сяднёва, вершы Васіля Зуёнка, п’еса Сакрата Яновіча „Арышт“, галоўны герой якой — Браніслаў Тарашкевіч (п’еса пазбаўленая жалобнасці і песімізму, наадварот, іскрыцца гумарам), вершы Леаніда Дранька-Майсюка, эсэ Альбіны Сямёнавай. Як і ўсе беларускія выданні, што выдаюцца на Беласточчыне, часопіс дыхтоўны, прыгожы, на добрай паперы. Выйшаў на Беласточчыне і зборнік „Вяртанне да сваіх“, у якім сабраны
творы Станіслава Грынкевіча, Франука Грышкевіча ды Уладыслава Казлоўшчыка
— трох паэтаў родам з Беласточчыны, якія трапілі пад колы савецкай рэпрэсіўнай
машыны. З’явіўся і новы зборнік паэзіі Надзеі Артымовіч „Адплывае спакойнае
неба“ з прадмовамі Яўгена Мірановіча і Алеся Разанава. Кнігі, выдаваныя
беларусамі Польшчы, вылучаюцца густоўным афармленнем і якасным друкам.
Гэта ж можна сказаць пра пераклады Яна Чыквіна з польскай лірыкі ХХ ст.
„Лісце срэбнай таполі“. Лісцікі з тае таполі сашчыкваліся хаатычна, але
вянок стагоддзя атрымаўся класічны: Баляслаў Лесьмян, Леапольд Стаф, Юльян
Тувім, Чэслаў Мілаш, Віслава Шымборска і многія імёны, беларускаму чытачу
незнаёмыя. У серыі бібліятэкі Беларускага літаратурнага выдання „Белавежа“
выйшла дваццаць шостая кніга — „Запісы веку“ Сакрата Яновіча з пасляслоўем
менскае літаратуразнаўцы Галіны Тычкі.
Піншчына літаратурная З рэгіянальных зборнікаў тыпу „тут усе, хто тут пісаў і піша“, да Менску
дайшла „Піншчына літаратурная“. На прыкладзе гэтага выдання можна схарактарызаваць
і іншыя, якія, вядома ж, выходзяць амаль у кожным рэгіёне. Напачатку стаіць
традыцыйны краязнаўчы артыкул, пасля ўперамежку — вершы і проза праўдзівых
класікаў і відавочных дылетантаў, маладых і старых, на расійскай і беларускай
мовах. Тэксты падабраныя таксама па краязнаўчай тэматыцы. Падобныя зборнікі
заўсёды знаходзяць свайго чытача — сярод знаёмых і ў сваім рэгіёне — і
ўяўляюць вялікую цікавасць (для іх жа).
На свабодзе Напачатку 1999-га ў „ЛіМе“ быў змешчаны „навагодні прагноз“ магілёўскага аўтара Васіля Аўраменкі на год, які пачаўся. Аўтар прадказаў наступнае: „Большасць чытачоў „Навінаў“ застанецца на „Свабодзе“, і амаль усе чытачы „Народнай волі“ — таксама“. Што ж, прагноз спраўдзіўся. Пажадаем сабе таго самага й на наступны год. У цэлым жа можна сказаць, што дзяржаўныя беларускамоўныя выданні перажываюць
перыяд стагнацыі. Прыкра не тое, што падае наклад, а што змяншаецца колькасць
індывідуальных падпісчыкаў. Значыць, тыя, хто раней выпісваў беларускія
выданні, сёння або расчараваўся ў іх, або не мае магчымасці падпісацца.
У сённяшняй сітуацыі бессэнсоўна заклікаць пісьменнікаў „пісаць лепш“ ці
спадзявацца, што камусьці з авангардыстаў удасца так эпатаваць публіку,
што адродзіцца мода на літаратуру. Літаратура так цесна звязаная з нацыянальным
пытаннем, што пры ўсёй бравадзе асобных літаратараў нявырашанасць апошняга
не можа не ўплываць на пісьменства.
ІІ зьезд ТБМ. Фота з архіву газэты „Наша слова“. Уладзімір Някляеў на сьвяце паэзіі ў Жупранах.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail
рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |