Лоўрэнс Уэсклер |
Жыццё і смерць
|
ЛОЎРЭНС УЭСКЛЕР Я вячэраў з Фрэдам К’юні ў ягоны апошні вечар у Нью-Ёрк-Сіці. Была сярэдзіна тыдня і сярэдзіна сакавіка 1995 году. Як потым высветлілася, вячэраў ён у той дзень не з адным мною. Праз некалькі месяцаў на памінальнай сустрэчы ў Вашынгтоне прысутныя нібыта спаборнічалі ў пошуку самай трапнай характарыстыкі К’юні: нехта называў яго добрым анёлам, нехта — постімперскім, посткаланіяльным Лоўрэнсам Аравійскім, нехта — гаспадаром над Катастрофамі. На той сустрэчы я спаткаў яшчэ прынамсі двух ці трох чалавек, што з ім у той дзень павячэралі. Успамінаючы, мы ўзнаўлялі ў галаве маршрут ягонага пераезду з аднога такога абеду на другі перад чарговай паездкай у далёкі свет — ці, дакладней, у самы, самы далёкі свет. Бо праз некалькі тыдняў яго забілі ў Чачэніі. Ён быў вялікім чалавекам з вялікімі жаданнямі. „Чалавечыска-гара“, як апісаў яго на памінках Арыя Нэер, кіраўнік сорасаўскага Інстытуту Адкрытага Грамадства, па чыёй просьбе К’юні распачаў сваю місію дапамогі ў Сараеве, што стала ўжо легендарнай1. „Ён здаваўся вялізны, — казаў Нэер, — але не таму, што быў чалавек гучны (ён быў ціхі), не таму, што быў грубы (ён быў вельмі культурны), але дзеля розуму і адданасці, якімі ён проста свяціўся“. |
К’юні тады толькі-толькі вярнуўся са сваёй першай паездкі ў Чачэнію. Ён вывучаў сітуацыю там на замову Інстытуту Адкрытага Грамадства, і, як толькі размова зайшла пра гэтую апошнюю ягоную выправу, ён, здаецца, цалкам перамяніўся. „Чачэнія — самае жудаснае месца, якое я калі-кольвек бачыў“, — адназначна заявіў ён. Калі ўлічыць, што ён прайшоў праз Біяфру, Бангладэш, Шры-Ланку, Гватэмалу, Камбоджу, Самалі, Курдыстан і Сараева, дык гэтыя словы сапраўды нешта значылі. Ён распавядаў пра жахлівую разню, неверагодную жорсткасць гвалту, яго сляпы характар. К’юні толькі што падрыхтаваў беспараўнаны па сваёй цвярозасці аналіз сітуацыі — выбітны прыклад халоднага, пераканаўчага, па-майстэрску празрыстага стылю, якім ён славіўся. Але ў той вечар К’юні распавядаў пра ўражанні з апошняй паездкі хутчэй сцішана, амаль узрушана, ці не без унутранага трымцення. Ён апісваў тры лініі расійскага акружэння вакол чачэнскай сталіцы, Грознага. Вышэйшае расійскае камандаванне пагнала на штурм цэнтру Грознага тысячы зялёных салдатаў, зашуганых падлеткаў без аніякай падрыхтоўкі, без адпаведнай вывучкі. Не маючы ніякага ўяўлення пра тое, што трэба рабіць, яны сталі лёгкімі цэлямі для загартаваных абаронцаў гораду, байцоў-партызанаў з чачэнскіх вызваленчых сіл. Расійцы панікавалі, палілі ў роспачы па ўсім, што рухаецца. Другое кола акружэння, за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад Грознага, складалася з малодшых і сярэдніх афіцэраў. Сведамыя агіднасці сваёй місіі, яны нічога не маглі зрабіць. Яшчэ ў некалькіх дзесятках кіламетраў далей стаяла трэцяе кола: элітныя ўдарныя войскі, рэзервы вышэйшага камандавання. Гэтыя ўжо лавілі не столькі чачэнскіх партызанаў, колькі тых сваіх суайчыннікаў, каму заманулася дэзертаваць. І праз гэтае патройнае кальцо — распавядаў мне К’юні ў той вечар — праточваўся няспынны паток згорбленых старэнькіх бабушек, расійскіх маці й бабуляў, што папрыязджалі выцягваць сваіх хлапчукоў з гэтага пекла дахаты. Салдаты ўдарных падраздзяленняў разгублена назіраюць за гэтым — а што яны яшчэ могуць рабіць? Далібог, не будуць жа яны страляць у сухенькіх расійскіх бабулек! К’юні распавёў мне, як ён неяк прысутнічаў на нарадзе сярэдняга афіцэрскага складу ў адным з расійскіх аддзелаў у другім эшалоне аблогі і раптам у пакой уварвалася нейкая старая, уся ў чорным, падбегла да свайго сына-лейтэнанта, схапіла яго за вуха і проста пацягнула на двор. Пры гэтым яна ўвесь час крычала. „Ну, і сорамна, мабыць, было ж афіцэрам за свайго калегу“, — вырвалася ў мяне. „Магчыма, ім усім карцела, каб і іхныя мамкі прыехалі ды забралі іх“, — заўважыў К’юні. Яму ўдалося пабываць там скрозь, а аднойчы нават схітрыўся ў суправаджэнні
групы чачэнскіх партызанаў аб’ехаць каналізацыйныя трубы й калектары ў
цэнтры Грознага, каб ацаніць патрэбы зляканых, стэрарызаваных жыхароў гораду,
што хаваліся там. Любы, хто чуў ягоныя вусцішныя расповеды пра барыкады
і бамбёжкі, засады і блокпасты, любы б сказаў: „Я ўпэўнены, ён ніколі туды
больш не паедзе“. Але не быў бы то К’юні, каб ён не завершыў сваю жахлівую
гісторыю бесклапотным: „Ну, трэ будзе туды яшчэ раз падскочыць“. Яму было
толькі пяцьдзесят.
|
Неадступнае і пакутна няяснае пытанне пра тое, што менавіта адбывалася з Фрэдам К’юні на працягу наступных тыдняў, — галоўная і ці не адзіная тэма падрабязнай і інтрыгоўнай кнігі Скота Андэрсана „Чалавек, які спрабаваў выратаваць свет“, што нядаўна выйшла. У працы Андэрсана, якая мае падзагаловак „Небяспечнае жыццё і таямнічае знікненне Фрэда К’юні“, гаворка ідзе ў асноўным пра знікненне. Незвычайнае, творчае жыццё ўплішчанае ў сотню з гакам змястоўных, але непазбежна сціслых старонак на пачатку кнігі. Гэта зразумелая стратэгія. Андэрсан — ветэран вайсковай журналістыкі, суаўтар (разам са сваім братам Джонам Лі Андэрсанам) праслаўленых War Zones, а пазней аўтар Triage — раману пра ваеннага фатографа, што перажыў кантузію, твору, які летась так ускалыхнуў чытацкую аўдыторыю. Праз месяц пасля знікнення К’юні New York Times Magazine даручыў Андэрсану расследаваць тое, што адбылося. Пабачыўшы, на якую рызыку ішоў К’юні, вяртаючыся ў Чачэнію, адважваючыся паўтарыць тое, чаго ніхто ў цвярозым розуме не рабіў бы й разу, Андэрсан хвіліну вагаецца, разважае („Ці быў такі момант у Фрэда К’юні? Такі момант, калі ён урэшце пабачыў, з якой небяспекай ён сутыкаецца, але не здолеў гэта прызнаць? Тое крытычнае імгненне, калі ён не знайшоў у сабе мужнасці сказаць: гэта немагчыма, мусова адступіцца“?), а потым адкідае ўсе свае трывогі і ідзе далей. Сярод самых моцных старонак кнігі тыя, дзе ён апавядае пра выключную
бесчалавечнасць чачэнскай бойні, здраднасць нетрывалых сяброўстваў і поўную
няяснасць матываў амаль усіх удзельнікаў гульні. Але шалёная прысутнасць
аўтара крыху збівае чытацкую ўвагу ўбок, ці, дакладней, заблытвае галоўнае
пытанне кнігі: што ў жыцці Фрэда К’юні вяло яго да гібелі? Паколькі аўтар
нібыта імкнецца дакладна ісці па слядах К’юні, то й мы не перастаем задаваць
сабе пытанне: што магло рухаць Фрэдам К’юні?
Калі чытаеш перанасычаны падрабязнасцямі расповед Андэрсана, у пэўныя
моманты кніга пачынае здавацца кашмарным сном, у якім няправільныя ніці
разгадкі змяняюць адна адну, і ўсё цяжэй сачыць за імі2.
Апроч таго, стратэгія канцэнтрацыі ўвагі на тым, што магло здарыцца з Фрэдам К’юні ў Чачэніі, небеззаганная, бо найхутчэй мы гэтага так ніколі й не даведаемся. Як адзначае раней сам Андэрсан: „Сярод усіх сур’ёзных памылак, якія можна зрабіць у адносінах да гэтага месца (Чачэніі), найпершая — гэта меркаванне, што яго можна з нечым параўноўваць, што там ёсць нейкая логіка“. Андэрсан піша, што „магчыма, самая смяртэльная“ памылка, якую можна зрабіць у дачыненні да Чачэніі і якую зрабіў Фрэд К’юні, „гэта думаць, што Чачэнію можна нейкім чынам уратаваць“. Андэрсан трапляе ў пастку сваёй уласнай версіі „Выратавання салдата Раяна“ — у пастку слабенькага спадзявання на тое, што, хоць К’юні ўжо сапраўды не ўратуеш, але яшчэ можна дакладна зразумець, што з ім папраўдзе здарылася. Памкненні зразумелыя і нават пахвальныя, але не больш за тое. Бо, як адзначае сам Андэрсан на пачатку, у дадзеным выпадку яны не маюць шанцаў на поспех. І ўсё ж такі Андэрсан даволі пераканаўча апісвае матывы, што рухалі Фрэдам К’юні. Ягоныя амбіцыі як спецыяліста па бедствах, асабліва па барацьбе з наступствамі рукатворных катастроф (напрыклад, войнаў), на працягу апошніх пяці год рабіліся ўсё больш маштабныя. Калі быць дакладным, то некаторыя схемы, якія ён меўся ажыццяўляць па вяртанні ў Чачэнію пры канцы сакавіка 1995 году, ужо былі паспяхова выпрабаваныя ім раней. Ён хацеў арганізаваць дастаўку ў Грозны набораў інструментаў, якія б дазволілі рэшце гараджанаў самастойна аднаўляць пашкоджанае жытло. Ён хацеў арганізаваць спецыяльную радыёстанцыю, каб з яе дапамогай прасцей было адшукваць людзей, якія зніклі. Але сітуацыя была такая, што гэтых звычайных гуманітарных мераў ужо было замала. За той апошняй вячэрай у Нью-Ёрку ён распавёў мне, як пазнаёміўся з кіраўніком суседняй Інгушэціі, вайскоўцам. К’юні ён здаўся добрым чалавекам. У апошнія дні існавання савецкай імперыі той кіраваў адной з вышэйшых вайсковых вучэльняў, і такім чынам выйшла, што сярод ягоных вучняў былі як сярэднія афіцэры чачэнцы, так і расійцы. (Дзякуючы пасярэдніцтву генерала Аўшава камандзіры сярэдняга звяна рэгулярна дамаўляліся пра спыненне агню, але іхныя дамовы пра перамір’е гэтаксама рэгулярна зрываліся ў выніку жорсткіх паветраных атак, загады на якія аддавалі з Масквы.) К’юні дакладна не казаў, але я думаю, што ён меў планы паспрабаваць па вяртанні стаць пасярэднікам пры ўсебаковым вырашэнні гэтага канфлікту, ці, прынамсі, дабіцца такога спынення агню, пры якім можна было б эвакуяваць усё мірнае насельніцтва, што заставалася ў Грозным. Апавяданне Андэрсана ў цэлым пацвярджае маю здагадку. На жаль, вярнуўшыся ў Чачэнію, К’юні трапляе пад удвая мацнейшы агонь
падазрэнняў і контрпадазрэнняў, чым гэта нават было ў ягоны першы прыезд
пару месяцаў раней (гэтыя падазрэнні ў яго асабістым выпадку ўзраслі пасля
ягонага артыкулу ў New York Review of Books, дзе вельмі жорстка
ацэньвалася роля Масквы ў гэтай трагедыі — артыкул з’явіўся якраз перад
другім ад’ездам).
Андэрсан аналізуе магчымыя матывацыі ўсіх шматлікіх удзельнікаў трагедыі — перакладчыка К’юні, ягонага кіроўцы-чачэнца і двух расійскіх дактароў, што суправаджалі іх у апошняй паездцы (з пяці чалавек выжыў толькі кіроўца). Ён апісвае паводзіны калег К’юні з ягоных штабоў у Інгушэціі і Маскве, а таксама калег у Нью-Ёрку; шматлікіх чачэнскіх палявых камандзіраў і звычайных баевікоў, што часта смяротна варагавалі са сваімі начальнікамі; камандзіраў расійскай арміі і высокіх чыноў расійскай спецслужбы ФСБ і іхных падначаленых. Прычым у поле ягонага зроку трапляюць не толькі асабістыя мэты кожнага з іх, але і тыя падазрэнні, якія гэтыя людзі мелі наконт мэтаў іншых людзей (пытанне, ці сапраўды нехта быў ці мог быць шпіёнам нават і блізка не мае таго значэння проці пытання, ці ён альбо яна маглі ўспрымацца астатнімі як шпіёны). Андэрсан заўважае, што К’юні, са свайго боку, на працягу ўсёй сваёй кар’еры сістэматычна разбураў кожнае раней распаўсюджанае ўстойлівае ўяўленне пра сябе, што стварылася на папярэднім адрэзку жыцця. Аўтар бярэ сцвярджэнне, што К’юні забілі расійцы, і паслядоўна даводзіць, што гэта зрабілі не яны, а чачэнцы, а пасля робіць адваротнае. Урэшце Андэрсан усё ж прыходзіць да высновы, што пераважаюць доказы таго, што ўсё ж людзьмі, якія расстралялі К’юні і ягоную групу, былі чачэнцы — прынамсі, адна з іх „адмарожаных“ груповак — але гэтая выснова фармулюецца толькі пасля жорсткага кола расследаванняў. Хоць галоўным пытаннем застаецца „як“ і „чаму“. Андэрсан разглядае таксама версію, на якой урэшце спынілася сям’я К’юні. Згодна з ёй, другой місіі К’юні ў Чачэніі папярэднічала шырокая кампанія дэзінфармацыі, разгорнутая расійскімі спецслужбамі, якая мела на мэце пераканаць чачэнскае кіраўніцтва ў тым, што нязграбны замежнік — насамрэч антычачэнскі агент. Але Андэрсан лічыць, што гэтай версіі бракуе доказаў3. Ён прыходзіць да высновы, што К’юні і ягоная група былі забітыя па непасрэдным загадзе чачэнскага лідэра Джахара Дудаева. Але нашто Дудаеву трэ было забіваць чалавека, які адкрыта спрабаваў дапамагчы чачэнцам? Андэрсан адзначае, што К’юні разам са сваёй групай з невядомых прычынаў затрымаўся ў стратэгічна важным селішчы Бамут, дзе некалі месцілася савецкая ракетная база. (Магчыма, проста таму, што гэтая вёска была радзімай кіроўцы К’юні, а можа К’юні хацеў патрапіць туды, каб праверыць некаторыя дзіўныя гісторыі, што хадзілі пра гэтае месца.) У любым разе, Дудаеў гуляў на тым, што падтрымліваў цьмяныя чуткі пра тое, што ў яго недзе ёсць нейкая яшчэ савецкая атамная сыравіна. Андэрсан выказвае здагадку, што чачэнскі лідэр, безумоўна, не мог дазволіць, каб К’юні выехаў з Чачэніі або маючы пацверджанне гэтага факту, або доказы таго, што Дудаеў блефуе. Таму чачэнскі лідэр загадвае забіць К’юні 14 красавіка ў маленькай вёсцы Стары Ачхой каля Бамуту. (Сам Дудаеў загіне праз год, калі расійская ракета, выпушчаная з самалёта, накрые ягоны бункер, з якога ён гаварыў па тэлефоне.) Апошняя версія Андэрсана здаецца імавернай, хоць сам ён, падобна, не
вельмі ўпэўнены ў ёй. А мне падаецца, што тыя самыя факты вельмі добра
складаюцца такім чынам, які пацвярджае версію сям’і К’юні. У любым разе,
сам Андэрсан тут вельмі дэталёва паказвае, што ў Чачэніі немагчыма нічога
даведацца напэўна.
|
Працу Андэрсана можна з поўным правам лічыць выніковай справаздачай
па пытанні „знікнення К’юні“. На жаль, кніга пра „з’яўленне К’юні“ застаецца
ненапісаная4.
А што да жыцця, якое вёў К’юні, рызыкаў, на якія ён ішоў, і таго, наколькі яны павялічыліся, калі ён перанёс сваю ўвагу з прыродных катастроф на рукатворны „крытычны комплекс“, вайну, і паколькі гэтыя надзвычайныя сітуацыі станавіліся ўсё больш і больш некіраваныя і небяспечныя, пазбаўленыя ранейшых стрымак эпохі халоднай вайны, то сапраўды славутай нітцы ўдачы К’юні судзілася калісьці абарвацца. Пытанне „як“ з гадамі можа стаць усё менш і менш важным, асабліва калі ўзяць пад увагу погляды К’юні і тое, што ён рабіў, каб як мага паўней ажыццявіць свае прынцыпы. Таямніцай застаецца пытанне пра тое, што рухала ім у жыцці. На памінальнай цырымоніі ў Вашынгтоне іншы стары калега К’юні, ангелец Марк Браўн, які цяпер працуе ў „Сусветным Банку, што Фрэд лічыў жудасным рэнегацтвам“, як ён сябе прадставіў, згадаў, як аднойчы вечарам шмат гадоў таму, на рысавым полі на мяжы Таіланду і Камбоджы ён і К’юні спрабавалі вырашыць, што рабіць з сотнямі тысячаў камбаджыйскіх уцекачоў, якія кінуліся ў тамтэйшыя лагеры. „Мы сядзелі каля вогнішча, — успамінаў Браўн, — і я спытаўся Фрэда, як ён прыйшоў у гэтую справу. Ён глыбока ўздыхнуў, а потым распавёў, як аднойчы, некалі даўно, працаваў інжынерам. У ягоныя функцыі ўваходзіла кантраляваць работу брыгады з пяцідзесяці мексіканцаў, якія працавалі пры вялізнай машыне-асфальтаўкладчыку на будоўлі таго, што некалі стане Dallas-Fort Worth Airport. Было пад трэцюю ночы, цёмна, хоць на воўка ўзлезь. І вось ён паварочваецца, а на асфальце засталося толькі сорак дзевяць мексіканцаў. А асфальтаўкладчык катаецца далей. „Мігель, — раву я, каб перакрычаць гул, — Мігель!“ І ніхто мне ўжо не адказвае. „Гэта ж капіталізм, — распавядаў ён мне, — і мы проста працягвалі працаваць — такое было правіла, што нам нельга было спыняцца. На раніцу я звольніўся і вырашыў прысвяціць рэшту жыцця дабрачыннасці“. Пасля гісторыі, якую паведаў Браўн, хвіліну ўсе разгублена маўчалі, а потым усе, хто быў там, разрагаталіся. Але, Фрэд быў такі. Дакапацца да сапраўдных каранёў паклікання К’юні крыху складаней, і
ягоная няспынная самаміфалагізацыя тут нам толькі замінае. Усе гэтыя тэхаскія
байкі былі важнай часткай ягонай натуры, хоць часта здавалася, што і байкі,
і выхваленні — проста тактычны прыём: рэпутацыя чалавека, здольнага рабіць
немагчымае, паўсюль ляцела папярод яго і моцна дапамагала цярэбіць шлях
праз усе магчымыя бюракратычныя сітуацыі, у якіх ён часта пачуваўся як
чужынец, бо, па сутнасці, быў фрылансерам-адзіночнікам. У мяне часта складалася
ўражанне, што гэтыя байкі яму патрэбныя таксама, каб падтрымаць самога
сябе — каб валодаць сабой у часта безнадзейных і страшэнна неспрыяльных
умовах. Яму мусова было верыць у гэтыя гісторыі, і, больш за тое, ён прымушаў
іншых людзей, часам нават тых, хто гэтыя падзеі бачыў на свае вочы, паверыць
у сваю версію гісторыі.
Адно з найбольшых дасягненняў Андэрсана — у тым, што ён здолеў аддзяліць многія з выдумак К’юні ад не менш фантастычных фактаў. Для пачатку: К’юні нарадзіўся не ў Тэхасе — ён родам з Канэктыкуту, а ў Тэхас пераехаў яшчэ дзіцем разам з бацькамі. У маладосці ён быў тыповым амерыканскім кансерватарам (рэспубліканцам, прыхільнікам Галдуотэра) і меў юнацкую цягу да лётнай справы (а пазней нават яшчэ больш моцную цягу да планерызму). З малых гадоў ён адчайна прагнуў стаць пілотам авіяцыі флоту. Насамрэч, як распавядае Андэрсан, тое, што яму не ўдалася дасягнуць гэтай мэты, стала, магчыма, вызначальнай падзеяй ягонага юнацтва. Сам К’юні казаў, што ягоныя беды пачаліся, калі ён схітрыўся вылецець з марскога Reserve Officers’ Training Corps у тэхаскім сельскагаспадарча-тэхнічным коледжы і з самога коледжу таксама з-за нейкай дурноты (нешта, звязанае з пажарам у студэнцкім інтэрнаце. Паводле ягоных словаў, яго выкінулі не таму, што ён быў вінаваты ў пажары, а таму, што адмовіўся даказаць на вінаватых). Потым, распавядаў К’юні, ён, пераходзячы вуліцу, папаў пад таксі, што ехала са страшэннай хуткасцю. У выніку яму раструшчыла нагу ў некалькіх месцах і ён стаў непрыдатны да вайсковай службы. Андэрсан жа сцвярджае, што цягнік К’юні па дарозе да станцыі-афіцэрства ўзброеных сілаў ЗША сышоў з рэек з-за акадэмічнай непаспяховасці, а менавіта (што здаецца іроніяй лёсу, калі ўзяць пад увагу далейшае жыццё К’юні) з-за трывалай няздольнасці выканаць патрабаванні курсу замежнай мовы. Тое, што К’юні не ўдалося стаць пілотам марской авіяцыі, мучыла яго ў сярэдзіне. Невымоўны сорам запёк яшчэ мацней, калі ягоныя калегі-кадэты і лепшыя сябры праз пару гадоў сапраўды сталі пілотамі, адправіліся ў В’етнам і пачалі адзін за адным гінуць у баях. Што ён рабіў, не падзяліўшы іхнага лёсу? Як ён увогуле збіраўся дасягнуць свайго? Пасля выключэння з першага коледжу ён паступіў у іншы тэхаскі коледж, „А&І“ у Кінгсвіле, дзе падпаў пад уплыў вельмі моцнай асабістасці свайго выкладчыка паліталогіі, які змусіў яго пабачыць свет такім, якім ён ёсць насамрэч, — у прыватнасці, адкрыў яму вочы на становішча нелегальных імігрантаў, работнікаў-мексіканцаў, што працавалі ў раёне Кінгсвілю. Тое, што раней прыцягвала К’юні, цяпер стала яго жахаць. Гэта змяніла ягонае жыццё і прывяло яго ў палітыку. Яго захапіла вучоба. Студэнцкія гады скончыліся атрыманнем дыплому ў галіне горадабудаўніцтва ва універсітэце Х’юстану. (На гэтыя ж гады прыпаў кароткі і адзіны ў ягоным жыцці шлюб. У яго нарадзіўся сын; пасля разводу К’юні ўзяў на сябе апеку над ім, хаця ў выніку аказаўся не вельмі добрым бацькам, і хлопчыка выхоўвалі збольшага дзед з бабаю.) Некалькі гадоў ён рабіў амаль тыповую для маладога архітэктара кар’еру, працуючы над праектам гіганцкага аэрапорту Dallas-Fort Worth. Але думкі ў яго ў галаве наўрад ці былі тыповыя: пры канцы лета 1969 году ён вырашае адправіцца ў заходнеафрыканскую краіну Бэнін рыхтаваць пляцоўкі для паветранага моста дапамогі насельніцтву Біяфры. Андэрсан выявіў, што, нягледзячы на знакамітую гісторыю пра катастрофу самалёта, па ўсёй верагоднасці К’юні ніколі не пілатаваў самалётаў з гуманітарнымі грузамі ў Заходняй Афрыцы, хоць на працягу некалькіх месяцаў працаваў, арганізуючы гэты паветраны мост. Яшчэ праз год К’юні наведаў Бангладэш, дзе аказвалі дапамогу ў ліквідацыі наступстваў аднаго з самых бязлітасных цыклонаў у гісторыі краіны. Там ён сапраўды многа лётаў. У гэтым і іншых незлічоных падарожжах К’юні паступова назбіраў уласны
арыгінальны досвед і прыйшоў да справядліва крытычнай ацэнкі традыцыйных
падыходаў да дапамогі ў ліквідацыі наступстваў катастроф. У 1971 годзе
ён заснаваў Intertect Relief and Reconstruction Corporation са штаб-кватэрай
у Даласе. Асноўным заказчыкам ягонай арганізацыі была ААН. „Мне падабалася
назва IRRC, гладкая і чыста тэхнічная, — сказаў ён аднойчы ў інтэрв’ю The
Wall Street Journal. — Не якая-небудзь „Выратуем сялян...“ Гэта было
камерцыйнае прадпрыемства, хаця на нечым падобным наўрад ці заробіш вялікія
грошы. У гэты час К’юні прыйшоў да высновы, што большасць дзяржаўных, недзяржаўных
і міжнародных інстытуцый слухаюцца толькі тых парадаў, за якія яны плоцяць.
|
„Катастрофы прыносяць людзям пакуты“, — так праз многа год пачне ён сваю навуковую працу „Катастрофы і развіццё“, адну з найбольш значных кніг апошняга часу на тэму ліквідацыі наступстваў катастроф5. „Яны раняць і забіваюць. Яны вядуць да стрэсаў і псіхічных траўмаў. Яны разбураюць дамы і прадпрыемствы, становяцца прычынай эканамічных цяжкасцяў і згалення многіх людзей. Найбольш церпяць ад катастроф беднякі“. Аднак другі параграф пачынаецца словамі: „Тыя, хто выжыў пад час прыроднай катастрофы, могуць сутыкнуцца з іншай трагедыяй“. Гэта трагедыя ліквідацыі наступстваў трагедыі — такой ліквідацыі, якая яна звычайна практыкуецца. Неразважныя наступствы гэтага „бедства“ К’юні неаднаразова назіраў і выкрываў. Напрыклад, ён асуджаў памкненне дастаўляць харчаванне ў раёны, дзе толькі што адбылася катастрофа, бо відавочна, што такая дапамога можа выклікаць банкруцтва фермерскіх гаспадарак у раёне трагедыі. Ён звяртаў увагу на рамантычную схільнасць накіроўваць у такія раёны дактароў і медыкаменты, а не, скажам, банальных інжынераў з камплектамі трубаў, каб пачаць аднаўляць каналізацыйныя сеткі, што прадухіліла б непазбежныя ўспышкі халеры. Ён жахаўся, бачачы недарэчную ежу — вэнджаныя вустрыцы альбо поўныя мяхі распушчальнага бульбянога пюрэ невядомага паходжання і невядомага ўжытку, якое мясцовыя жанчыны часам без задняй думкі выкарыстоўвалі замест пральнага парашку. Кароткачасовая інтэнсіўная дапамога часта прыводзіла да інфантылізацыі пацярпелага насельніцтва, у той час як на ягоныя сапраўдныя патрэбы ніхто не зважаў. А потым зацікаўленасць у далейшай дапамозе раптам знікала, між тым пад гэты момант мясцовая эканоміка была ўжо падарваная і залежная ў большай ступені, чым у тым выпадку, калі б ніякай дапамогі не аказвалася. Але К’юні непакоілі і палохалі не проста недарэчнасці традыцыйнай мадэлі
ліквідацыі наступстваў катастрофы, а самая філасофія. Па сутнасці — і гэта
было проста рэвалюцыйнай тэорыяй — ён разглядаў катастрофы як удалыя магчымасці,
як шанец на перамены ў грамадстве, і асабліва шанец, дадзены найбольш бяспраўным
членам гэтага грамадства, знайсці ў сабе новы патэнцыял дзейнасці і новыя
здольнасці. Ён хацеў распрацаваць метады дапамогі, якія б спрыялі рэалізацыі
такіх
магчымасцяў, а не перашкаджалі б ёй, ставячы людзей у перыяд пасля катастрофы
ў становішча, калі яны то перасычаюцца, то галадуюць. Ён стаў спецыялістам
у вынаходніцтве новых спосабаў аказання гуманітарнай дапамогі.
Гэта не заўжды давалася лёгка. У 1976 годзе пасля разбуральнага землятрусу ў Гватэмале К’юні адразу прыбыў на месца, апярэдзіўшы некалькі грузавых самалётаў з падоранымі краіне коўдрамі. Такую дапамогу паслалі ў краіну, палова экспарту якой складалася з ваўняных коўдраў! Ён хутка зразумеў, што Гватэмала патрабавала неадкладнага аднаўлення дарог, каб непацярпелыя раёны краіны маглі распачаць дапамогу пацярпелым (такім чынам паляпшаючы агульны эканамічны стан усяго рэгіёну). Але для аднаўленчых працаў трэ было наняць і навучыць як мага больш мясцовых (і на той момант беспрацоўных) работнікаў. У Гватэмале землятрусы здараліся часта, і краіна патрабавала напрацоўкі ўласнага досведу пераадоленьня іх наступстваў, які б прыдаваўся пасля шчэ доўгі час. Гватэмала таксама мела патрэбу ў праектах танных дамоў, лёгкае будоўлі і максімальна сейсмастойкіх. К’юні і ягоныя тамтэйшыя памочнікі распрацавалі праекты такіх дамоў, якія лёгка можна было дэмантаваць і транспартаваць у аддаленыя вёскі. Спачатку здавалася, што ягоная праграма мела вялізны поспех. Аднак бадай што яна была занадта ўдалая, бо прывяла да з’яўлення цэлага новага пакалення мясцовых лідэраў, прыхільнікаў самадастатковасці і самачыннасці; лідэраў, што потым пачалі пагражаць істэблішменту краіны, які, у сваю чаргу, адрэагаваў падрыхтоўкай батальёнаў смерці для барацьбы з канкурэнтамі. Далейшая бойня стала для К’юні жахлівай навукай і халодным душам. У сваіх далейшых аперацыях ён ужо ўлічваў і палітычную сітуацыю, і магчымае супрацьдзеянне магутных апанентаў. Геній К’юні быў здольны схапіць спецыфічныя, складаныя мясцовыя асаблівасці
любой новай сітуацыі. Напрыклад, ён ненавідзеў невядома кім прыдуманую
сеткавую мадэль большасці палатачных лагераў для ўцекачоў. Яму падабалася
больш чалавечая структура: круглыя лагеры, якія б па форме нагадвалі вёскі.
Ён валодаў масай практычных ведаў у галінах будаўніцтва, гідраўлікі і медыцыны,
ён разбіраўся таксама ў асаблівасцях розных тыпаў транспартных сродкаў,
ён ведаў, як размесціць сховішча прадуктаў так, каб туды не праніклі ніякія
даўганосікі, ён проста выпраменьваў досьвед. І пры ўсім гэтым фантастычная,
амаль нялюдская вынаходлівасць. Аднойчы яму ўдалося спыніць голад, які
пагражаў адному з рэгіёнаў Эфіопіі, маніпулюючы курсамі абмену валют на
рынку гораду, што знаходзіўся за пару соцень кіламетраў ад галоднага краю.
На пачатку дзевяностых, калі К’юні ўсё больш засяроджваўся на непрыродных катастрофах, у прыватнасці, войнах, яго напаткаў, безумоўна, самы значны трыюмф і самая вялікая няўдача. Спачатку трыюмф, пасля няўдача. Пры канцы зімы 1991 году, пасля вайны ў Персідскім заліве і курдскага паўстання, што выбухнула пасля яе (да якога падштурхоўваў і якое пасля нібыта выпадкова прадказаў Захад), сотні тысяч курдаў у страху пакінулі свае вёскі, шукаючы паратунку ад наступаючых войскаў Садама Хусэйна ў цяжкадаступных горах на поўначы Іраку — менавіта там магла адбыцца самая буйная гуманітарная катастрофа стагоддзя. Пазней спецыяльныя амерыканскія сілы былі накіраваныя ў гэтыя горы для стабілізацыі сітуацыі, але, як хутка зразумеў К’юні, прыбыўшы туды (па кантракце з Дзяржаўным дэпартаментам ЗША), наўрад ці ў тых гарах можна было нешта зрабіць з той простай прычыны, што там, наверсе, няма вады. На той момант сотні курдаў ужо памёрлі ад неспрыяльных кліматычных умоваў, тысячам пагражалі хваробы. К’юні хутка распрацаваў дзёрзкі план бяспечнага вяртання амаль паўмільёну людзей у свае вёскі, што й было рэалізавана ўсяго за два месяцы. Усё, што ён мусіў дзеля гэтага зрабіць, — гэта стаць неафіцыйным камандзірам амерыканскіх ваенных аддзелаў і ажыццявіць серыю абсалютна несанкцыянаваных маланкавых захопаў тэрыторыі. На кожным этапе рэалізацыі свайго плану яму прыходзілася гіпнатызаваць Садамавы войскі ці то проста пустымі пагрозамі, ці то абсалютна гіпатэтычнай перспектывай прыбыцця падмогі. Гэты план, здавалася, працаваў, іракскія войскі каціліся назад, напалоханыя тактычным блефам К’юні, а ў Вашынгтоне панавала разгубленасць. „Дзе вы цяпер ёсць?“ — крычаў па спадарожнікавым тэлефоне ўяўны кіраўнік К’юні з Дзяржаўнага дэпартаменту. „У Дахуку“, — адказваў К’юні, нічтожэ сумняшэся. „Але Рада Нацыянальнай Бяспекі вырашыла, што мы не будзем накіроўваць войскі так далёка ў глыбіню тэрыторыі Ірака“, — раз’юшана пратэставаў дэпартаменцкі чыноўнік. „Мы толькі што, — адказваў К’юні, — прынялі стратэгічнае рашэнне наступаць. Вашынгтон у хуткім часе яго ўхваліць“. І неўзабаве, калі паўмільёну курдаў сапраўды вярнулася ў свае хаты на працягу двух месяцаў, Вашынгтон сапраўды ўхваліў гэтае рашэнне. Натхнёны гэтым трыюмфам, К’юні адправіўся ў зморанае голадам Самалі. Там фактычна ўся дазвання гуманітарная дапамога раскрадалася бандамі ўзброеных да зубоў марадзёраў яшчэ на дарозе ў сховішчы, з якіх яе мелі размяркоўваць. Вярнуўшыся ў Вашынгтон, К’юні яшчэ раз выступіў за жорстка спланаванае і дакладна разлічанае ваеннае ўмяшанне. З увагі на ягоны на той момант поспех у Курдыстане, пра які ўжо хадзілі цэлыя легенды, яму далі выказаць сваю пазіцыю ў адміністрацыі прэзідэнта Буша. Канечне, ягоны голас быў ці не наймацнейшы сярод тых, што выступалі за амерыканскае ўмяшанне, але К’юні дабіваўся зусім не такога ўмяшання, якое адбылося на самой справе. К’юні перасцерагаў і ЗША, і ААН, каб тыя ні ў якім разе не спрабавалі арганізоўваць базы ў буйных гарадах. Лёс гарадоў няхай вырашаюць камандзіры варагуючых самалійскіх груповак. Базы гуманітарнай дапамогі трэба размесціць у правінцыі; тады зоны міру і парадку стануць разрастацца вакол іх, як толькі самалійцы пачнуць штодня наведваць гуманітарныя цэнтры і ўключацца ў абмен таварамі. Тыя, хто прымаў рашэнні, пабралі пад ногі парады і засцярогі К’юні. Штурм самалійскай сталіцы Магадыша глядзеўся нашмат больш тэлегенічна, чым лагеры ў глухой бязлюднай пустэльні. Вынікі аказаліся катастрафічныя, акурат такія, як К’юні і прадказваў. Але з правалам гуманітарнай місіі ў Самалі свет стаў баяцца распачынаць любыя іншыя гуманітарныя інтэрвенцыі ў іншых рэгіёнах свету. Не маючы магчымасці даць рады ў Самалі, К’юні ляціць у Боснію (у гэты раз на запрашэнне Джорджа Сораса, які выдзяліў 50 мільёнаў даляраў на арганізацыю дапамогі абложанай баснійскай сталіцы). Нейкім чынам здарылася так, што сітуацыя ў Сараеве зрабіла на К’юні глыбейшае ўздзеянне, чым любы з ягоных ранейшых досведаў, — прынамсі, так ён часта сцвярджаў. Там у ягоным жыцці з’явілася жанчына, хаця пасля ў яго будуць іншыя жанчыны. Ён прасякнуўся пакутамі больш касмапалітычных, проці іхных суседзяў, баснійцаў-мусульманаў (больш за два гады ён дзяліў з імі нягоды). І ён проста шалеў ад злосці, што свет аказаўся такі палахлівы перад абліччам жудасцяў, чынёных на Балканах. К’юні прыказваў: „Калі б у 1939 годзе існавала ААН, мы б цяпер усе гаварылі па-нямецку“. Аднойчы К’юні сказаў мне: „Гэтае правіла дзейснае для любой катастрофы буйнога маштабу: калі ты здолееш вылучыць тую частку бедства, якую разумееш, значыць, урэшце ты, як правіла, пачнеш разумець усю сістэму“. Гэта значыць, калі ты зможаш паспяхова вырашыць нейкую малую частку праблем, якія спарадзіла катастрофа, значыць, потым ты зможаш паспяхова выратаваць усю сітуацыю. У Сараеве К’юні хутка скмеціў, што сербскія снайперы рэгулярна абстрэльваюць жыхароў, калі тыя выходзяць з дамоў па ежу, дровы, ваду. У адказ ён увесь час кантрабандай завозіў насенне, каб гараджане маглі вырошчваць гародніну проста ў дварах ці кватэрах. Ён завёз 24 кіламетры пластыкавых труб, каб можна было падлучыцца да магістральнага газапроваду, што праходзіў праз горад (а потым ішоў у Бялград, значыць, яго не павінны былі адрубіць). Такім чынам ён забяспечыў цяпло і агонь для дзесяткаў тысячаў людзей. Апошняя і самая смелая задумка К’юні — завоз зробленай на заказ сістэмы ачысткі вады даўжынёю дзве сотні ярдаў, сканструяванай у Тэхасе, а потым прывезенай у выглядзе модульных сегментаў самалётамі С-130 і схаванай у старым дарожным тунелі. Гэта быў стрыжань бліскучага плану наладжвання водазабеспячэння дамоў у большай частцы гораду. Апошні праект сутыкнуўся з упартым супрацьдзеяннем з самага нечаканага боку: працівіліся карумпаваныя элементы ў самім баснійскім мусульманскім урадзе, ненажэрныя камандзіры, што мелі сваю выгаду з продажу вады. Апроч таго, былі й чыноўнікі, якім надта не хацелася ахвяраваць відавочным прапагандысцкім эфектам таго, што кожны дзень камеры замежных журналістаў буйным планам фіксавалі, як мірных жыхароў забіваюць у той момант, калі яны так кранальна бягуць да грамадскіх калодзежаў. Не адзін месяц К’юні дабіваўся магчымасці адкрыць кран. Нарэшце яму дазволілі, і тое, што ягоная сістэма сапраўды была для гораду збавеннаю, прызналі праз год, калі сербы зрабілі апошнюю і самую жорсткую спробу задушыць Сараева. Але, як адзначае Андэрсан: „Бяздушная пасіўнасць баснійскага ўраду — „ахвяраў“ — паставіла пад сумненне адно з самых важных для К’юні ўяўленняў пра гуманнасць, якое вяло яго і якім ён кіраваўся на працягу ўсяго свайго жыцця: а менавіта ідэю, што людзі добрыя па сваёй прыродзе“. У сярэдзіне дзевяностых стваралася ўражанне, што К’юні згубіў духоўную
раўнавагу. Андэрсан прыводзіць словы, якімі асцярожна характарызуе К’юні
яго сараеўская сяброўка: „Звышскладаны чалавек, якім рухалі адначасова
спагада і ўласная неспатоленая прага прызнання“, а таксама дзёрзкасць,
якая была, як яна сказала, „своеасаблівай хваробай“. Яму здавалася, што
тое, што ён робіць — не дае эфекту, і гэта ўсё больш мучыла яго, ён пакутаваў
ад сваёй няздольнасці пераканаць Вашынгтон у неабходнасці больш прынцыпова
рэагаваць на гуманітарныя катастрофы. Андэрсану К’юні тых апошніх месяцаў
бачыцца чалавекам, прагненні якога не здзейсніліся і які гатовы адважыцца
на новую мэту — вельмі няясную місію ў Чачэніі, у гэтым самым жахлівым
месцы ў свеце.
Ягоная смерць была сама па сабе невымернай трагедыяй. Ён жа літаральна
ратаваў дзесяткі, а можа і сотні тысячаў жыццяў. За чатыры гады, што прайшлі
пасля ягонай смерці, тысячы людзей заўчасна загінулі з-за таго, што яго
болей няма, што ён больш не можа дапамагчы. Часта можна пачуць, што, каб
ён быў жывы, усё было б па-іншаму ў лагерах уцекачоў на межах Косава, Усходняга
Тымору ці Анголы. Сёння К’юні было б пяцьдзесят пяць год. Ён быў неабходным,
незаменным чалавекам не толькі дзеля поспеху сваіх бліскучых гуманітарных
акцый. Зараз увесь гуманітарны рух у крызісе, сутнасць якога К’юні нібыта
прадчуў задоўга да таго, як гэтае самае ўсвядомілі астатнія. Гэтаксама
ён адчуваў і сутнасць многіх іншых рэчаў. І трудную няпэўнасць „бесстаронняга“
ўмяшання ў канфлікт, падчас якога адзін бок яўна катуе другі; і часта супярэчлівыя
мэты ваенных і гуманітарных місій, і маніпуляванне шчырама клопатам з дапамогай
прапагандысцкімх махінацыяў. Цяпер, калі мы спрабуем пераадолець гэтыя
складаныя крызісы, магчыма, самая вялікая нашая страта заключаецца ў тым,
што рабіць мы гэта вымушаныя без дапамогі ўласцівага К’юні яснага, выключна
арыгінальнага разумення таго, як можна дапамагаць людзям у бядзе, і таксама
таго, што многія спосабы дапамогі ім зусім не прыносяць карысці.
Пераклала з амерыканскай Аляксандра Андрыеўская
паводле The New York Review of Books. 1 Я й пазнаёміўся з К’юні, апісваючы ягоныя подзвігі ў Сараеве ў сваім артыкуле „Talk of the Town“ у часопісе The New Yorker.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail
рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |