Logo ARCHE

 Паталёгіі ў 4(5)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 4(5)-1999

гуманістыkа


Андрэй Екадумаў
Пад апекай сярэдняга брата


Андрэй Екадумаў — беларускі філёзаф, аўтар дысэртацыі «Сацыядынаміка сучаснай экасьвядомасьці й дыялёг культур». У ARCHE–«Вялікая айчынная вайна» выйшаў ягоны артыкул «Великая Отечественная: миф плюс история».

Сацыяльная сістэма заўсёды выпрацоўвае пэўны, адпаведны сабе тып персоны, нейкага „сярэдняга чалавека“, які на справе ніколі не сустракаецца, але ж — не сустракаецца ў чыстым выглядзе. Сярэдні чалавек, як нейкі культурны ўзор, складовы вобраз прадстаўніка пэўнага грамадства, нягледзячы на ўсе постмадэрнізмы і мультыкультуралізмы, існуе ў кожным з нас. Гэты пазбаўлены персоны, але ж неабходны дзеля існавання любой асобы агент сацыяльна-культурнага асяроддзя стабілізуе грамадства. Ён акрэслівае межы прынцыпова мажлівага для большасці гэтага самага грамадства; большасці, якая і існуе як большасць толькі таму, што ва ўсведамленні людзей жыве безасабовы чалавечы стандарт, які быў створаны соцыякультурнай сістэмай і які стварае гэтую сістэму.

Наяўна амаль што незаўважны, твор і вытворца звычаяў, саміх па сабе зразумелых, сярэдні чалавек культуры жыве, паводле Аўгуста Фрыдрыха фон Гаека, паміж розумам і інстынктам. Але ж абавязковая сувязь сярэдняга чалавека культуры са сваім соцыякультурным светам стварае магчымасць адсачыць яго праз сістэму, разам з якой ён існаваў і эвалюцыянаваў.

 

Сярэдні чалавек замест старэйшага брата

Хоць каму і грэе сэрца ўспамін пра Вялікае княства Літоўскае, але ж мы, сённяшнія, паходзім з часоў савецкіх. У Савецкім Саюзе існавала моцная ідэалогія, на падставе якой панавала своеасаблівая соцыякультурная граматыка. Іншымі словамі, над усімі культурнымі актамі была надбудавана культурная метамадэль — ідэальны ўзор, у адпаведнасці з якім ацэньвалася наяўнае грамадства і кожны чалавек у ім. Савецкая ідэалогія будавалася адначасова на супрацьлеглых ідэях казарменнага калектывізму і гуманізму і не мела дачынення да сапраўднай жыццёвай рэчаіснасці, аднак яна стварала нейкае поле ў культурнай прасторы, дзе Оруэлаў старэйшы брат меў магчымасць існаваць. Калектыўны старэйшы брат у вобразе татальнай партыі-дзяржавы ці персаналізаваны ў правадыры меў як быццам гістарычнае абгрунтаванне свайго вяршэнства і ўлады, свайго права сачыць за табой і ацэньваць цябе ў адпаведнасці з патрабаваннямі таталітарнай культурнай метамадэлі. Улада старэйшага брата была абгрунтавана ў марксісцка–ленінскім запавеце. Гэта была перш за ўсё ўлада ідэі, вучэння, якое слушнае і таму ўсемагутнае. Асабістая і амаль абсалютная ў межах чалавечых магчымасцяў улада Сталіна ці іншых таталітарных дыктатараў грунтавалася ў значнай ступені на падпарадкаванні іх чалавечай улады ўладзе бесцялесных, але ж вельмі ўплывовых на цялесны свет ідэй.

Улада ідэй з цягам часу і зменай пакаленняў, з выкрыццём неадэкватнасці камуністычнага светапогляду і росквітам дваядумства нарэшце сышла на нішто. У апошнім пункце гэтага аслаблення — выбух нацыяналістычных і дэмакратычных рухаў на тэрыторыі СССР і Ўсходняй Еўропы, распад Савецкага Саюзу і крах камуністычнай ідэалогіі. Добра загнілая яшчэ ў часы застою, камуністычная метанарацыя знікла, камуністычная мадэль соцыякультурнай арганізацыі страціла дадатак „мета“ і зрабілася мадэллю ў мазаічным мностве іншых жыццёвых граматык. Але ж шматлікія стылі і тэхналогіі існавання, звязаныя з гэтай мадэллю і некалі ёй падпарадкаваныя, не зніклі, бо, акрамя культурных граматык, адпаведна з правіламі якіх будуецца жыццё, трансляцыя культурных клішэ ажыццяўляецца праз мімесіс. Старэйшы брат, увасабленне камуністычнай граматыкі, быў дапоўнены сістэмай соцыякультурных прыярытэтаў у сферы арганізацыі бытавых паводзін, якія засвойваюцца без першапачатковага засваення нейкай сістэмы пісаных правілаў, дапоўненыя тым самым сярэднім чалавекам культуры, сярэднім братам, які судзіць цябе не зверху, а з таго самага ўзроўню, на якім ты знаходзішся.

Наш сярэдні чалавек–культурны ўзор фармаваўся пад націскам татальнай ідэалогіі, пад наглядам недасягальнага, на ўзроўні Бога, ідэальнага эсхаталагічнага правадыра-старэйшага брата, да якога сярэдняй сацыяльнай шрубкай ніколі не ўзняцца. Запаветы правадыра сярэдні чалавек можа толькі выконваць, прымаць, як запаветы і волю Госпада, але ж такая падпарадкаваная пазіцыя зусім не выключае пэўнай актыўнасці верніка, якая будзе накіравана на сцвярджэнне вышэйшай волі і праўды старэйшага брата, на вынішчэнне іншых воляў і праўдаў. І вось, нарэшце, наш старэйшы брат памёр, — але ж сярэдні брат жыве, і паміраць не збіраецца, наш сярэдні чалавек культуры таталітарнага грамадства. „Сярэдні брат назірае за табой!“ — вось лозунг сучаснасці.

Пазіцыя старэйшага брата як назіральніка-кантралёра духоўнага стану асобы такая: „Ці адпавядаюць твае думкі і паводзіны вышэйшаму над усімі закону, які адзін я дасканала ведаю і маю права тлумачыць?“ Пазіцыя сярэдняга ж брата: „А ці падобны ты да мяне, ці падобны да ўсіх, як я, правільных?“ Так, у першым разе, мы атрымаем забарону ўсіх партый, акрамя кіруючай, крымінальнае пераследаванне сэкс–меншасцяў і адміністрацыйна–крымінальныя санкцыі супраць несанкцыянаванай мастацкай і літаратурнай дзейнасці, у другім — жаданне стрыгчы ўсіх валасатых, выказванні ў духу „кожны мужык павінен“ і „павінен быць парадак“, упартую ўпэўненасць ва ўласным праве і здольнасці судзіць аб усім на свеце з адзіна правільнага пункту гледжання. Але ж сярэдні брат і чалавек–маса Артэгі–і–Гасэта не адно і тое ж, няхай яны і блізкія. Бо сярэдні брат можа панаваць і ў мысленні чалавека з эліты — той сярэдні чалавек культуры таталітарнага грамадства, сярэдні чалавек, што генетычна звязаны з сацыяльна-псіхалагічнымі матрыцамі, увасобленымі ў вобразе старэйшага брата.

 

Улада генеральнай лініі

Адным з найбольш стабільных міфаў постсавецкай Беларусі застаецца міф аб высокай адукаванасці беларускага насельніцтва. Гэты міф падтрымліваюць і прадстаўнікі афіцыйных структур, і значная частка апазіцыйна накіраваных інтэлектуалаў. У апошнім выпадку высокая адукаванасць насельніцтва як бы пацвярджае еўрапейскасць Беларусі. Між тым неяк выпадае з–пад увагі, што інтэлігенцыя класічнага, расейскага ці, няхай, расейска–беларускага ўзору вынішчана, а інтэлектуал заходняга ўзору за апошнія дзесяць гадоў проста не паспеў распладзіцца.

 

Сачы за сабой. Таталерантнасць

Мабыць, неўсвядомленая схільнасць да сацыяльнага механіцызму стварыла той тып нацыянальнага адраджэння, які мы назіралі на працягу постсавецкага часу і назіраем зараз. Новыя грамадска–палітычныя рухі, якія адхілілі ад улады камуністычную партыю ў краінах СНД і Балтыі, нібы выпісалі тутэйшым беларускім правадырам адраджэння беспрацэнтны гістарычны крэдыт — нібы перамога нацыяналістычнаму і дэмакратычнаму руху пасля зыходу са сцэны старэйшага камуністычнага брата гарантавана аўтаматычна, гарантавана самой гісторыяй. Сучасны стан беларускай культуры нават і без параўнання з краінамі Балтыі ці Польшчай сведчыць якраз аб супрацьлеглым. Канечне, заўсёды можна казаць, што „наш час яшчэ не надышоў“, але няма і ніякіх гарантый, што такі час надыдзе ўвогуле. Сярэдні брат, архетыповы персанаж беларускай ментальнасці, трымаўца генеральных ліній кантролю па сацыяльнай гарызанталі, стварыў, стварае і працягне ствараць сабе вертыкальнае дапаўненне — старэйшага брата.

 


br.gis.com.by

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Паталёгіі ў ARCHE 4(5)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 28-11-1999