№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Серж Гензбур

Тысяча дробязяў

Песні

Пераклад з французскай Андрэй Хадановіч

Анахраніст

(L'Aquoiboniste)

 

Ён анахраніст,
раздзяўбай і пафігіст,
кажа ўсім: “А на храна?
На храна?”
Ён анахраніст,
недарэчны гітарыст
без струны. “А на храна
вам струна?”

Ён анахраніст,
аптымальны песіміст,
бо мазгоў у пацана
да храна.
Ён анахраніст,
ні халеры не рабліст,
бо рабоце — грош цана,
на храна?

Ён анахраніст,
у кожнай бочцы банны ліст,
чорт у рэбрах, хоць відна
сівізна.
І анахраніст
з малалеткай танчыць твіст,
кружыць голаў дапазна
ім вясна.

Ён анахраніст,
праваслаўны атэіст,
прычасціўся, бо віна —
пі да дна!
Ён анахраніст,
бо не трэба акуліст,
каб убачыць, што лайна
да храна!

Ён анахраніст,
пальцы ў рот, вясёлы свіст,
а сур’ёзнаму — вайна!
На храна?
Так, ён анахраніст,
бо і лёс наш — гумарыст:
тут жывеш, а там — труна,
на храна?

Ён анахраніст,
усе любяць, бо артыст,
а каторая адна —
ні храна!
Але анахраніст
піша верш ёй, нібы ліст,
а любы, хто не яна, —
пойдзе на…

Каталажка

(Les oubliettes)


Раз паэт патлаты загрымеў за краты,
і без вас, дзяўчаты, ён сумуе тут:
запяе ціхутка, і заплача ў смутку,
можа, прастытутка, можа, прастытут.

Не стрымаўшы енку, напужаў паненку:
хтось яму ў засценку даў не той напой,
і такая сіла ў сэрцы забрадзіла,
што паэт-мудзіла стаў самім сабой.

Хліпкі з маладосці — скура, хрэн ды косці,
ён чакае ў госці дзевак і кабет,
кожнай Дульсінеі кажа ахінею,
і не чырванее, грэбаны паэт!

Цяжка жыць паэту, ён шукаў Джульету,
а трапляў на гэту… тоўстую Марго.
Як кішэнны злодзей, лез у царства плоці,
і заўжды знаходзіў скарбаў — ого-го!

З раніцы ў вязніцы лепшае прысніцца,
прылятай, сястрыца, птушкай залатой:
будзем снедаць, пташкі, без аўсянай кашкі,
хлебам з каталажкі, горкаю вадой.

Скаргаю дарэмнай з камеры турэмнай,
гэтай песняй стрэмнай не паможаш тут,
ды пяе ціхутка, і рыдае ў смутку,
можа, прастытутка, можа, прастытут.

Старая каналья

(Vieille canaille)


Калі ты нарэшце памрэш,
старая каналья?
Калі ўсім на радасць памрэш,
старая каналья?
Паслухай, здохні хутчэй —
і дыхаць стане лягчэй!
Калі табе ўжо капут,
стары вярблюд?

Я сам прывёў цябе ў дом,
старая каналья.
А ты ў ім зладзіў садом,
старая каналья.
Спаліў мае дываны,
мае абгадзіў штаны
і ў ложку валяешся тут,
стары вярблюд!

Я жонку знаёміў з табой,
старая каналья.
Сам жонку знаёміў з табой,
старая каналья.
Ты вока паклаў на яе,
шаптаў ёй жарты свае
і лапаў, цягнучы ў кут,
стары вярблюд.

Ты з ёй дабіўся свайго,
старая каналья.
Аёй, дабіўся свайго,
старая каналья.
Яна: “Які ён вялізны!”
А ты парваў шмат бялізны
й газету з курсам валют,
стары вярблюд!

І тут я выцягваю ствол,
старая каналья.
Я свой выцягваю ствол,
старая каналья.
Сабе скамандую “плі!”,
і ты — купа мяса, калі
ў цябе разраджу рэвальвер,
стары хер!

Цябе пакладуць у труну,
старая каналья.
А я тым часам гульну,
старая каналья.
Змяшаю віно і каньяк,
бо сёння іначай ніяк,
бо здох-такі — здарыўся цуд! —
стары вярблюд.

Эліза

(Élisa)


Эліза, Эліза,
Эліза, мой анёл красы
Эліза, Эліза,
Эліза, гладзь мне валасы
Будзь паляўнічым трошку,
Да першае крыві:
Знойдзеш вошку —
Хуценька злаві!

Эліза, Эліза,
Эліза, мой чароўны май
Эліза, Эліза,
Эліза, хоць адну спаймай
Што ведае аб часе
Блудніца-маладосць?
У запасе
Год пятнаццаць ёсць

Эліза, Эліза,
Эліза, на мараль начхай
Эліза, Эліза,
Нас двое ў свеце — і няхай
Я сорак год адзначу
А ты сямнаццаць год
Я не бачу
Ў гэтым перашкод

Эліза, Эліза,
Эліза, мой анёл красы
Эліза, Эліза,
Эліза, гладзь мне валасы
Палюеш проста ў ложку
Да першае крыві:
Знойдзеш вошку —
Хуценька злаві!

Бумеранг

(Comme un boomerang)


Сэрца вечарам і ранкам
Разрываецца ў грудзях
Хто каханне бумерангам
Кінуў — атрымай працяг
Шчасце быць тваім каханкам
Збудавана на касцях

Тонкіх пальчыкаў фалангам
Я прайграў у пух і прах
Пусціш вусціш бумерангам
Вернецца як бумеранг
І ні грэкам ні варагам
Не адолець гэты страх

Сэрца вечарам і ранкам
Разрываецца ў грудзях
Хто каханне бумерангам
Кінуў — атрымай працяг
Пажыві яшчэ з каханкам
Мёртвы дома ты ў гасцях

Свет згарнуўся абаранкам
Ты сышла і з’ехаў дах
Сон вярнуўся бумерангам
І тваёй парфумай пах
І не супакоіць транкам
Смаку жарсці на губах

Сэрца вечарам і ранкам
Разрываецца ў грудзях
Хто каханне бумерангам
Кінуў — атрымай працяг
Хто цяпер тваім каханкам
Танчыць на маіх касцях?

Капітан не выйшаў рангам
Ды выходзіш на прасцяг
Хай каханне бумерангам
Верне ў порт усіх бадзяг
Бо такім як ты засранкам
Прасціна як чорны сцяг

Сэрца вечарам і ранкам
Разрываецца ў грудзях
Хто каханне бумерангам
Кінуў — будзе мець працяг
Атрымай фашыст каханку
Той хто выжыў скажа “дзяк!”

Памяць разлілася Гангам
Цела звар’яцелы птах
Шле флэшбэкі бумерангам
Тая што мне трэба нах-
Іліць у апошнім танга
Пад раялем у кустах

Сэрца вечарам і ранкам
Разрываецца ў грудзях
Хто каханне бумерангам
Кінуў — атрымай працяг
Шчасце быць тваім каханкам
Збудавана на касцях

Тапеліца

(La Noyée)


Ты плывеш туды, дзе згадкі
паміраюць пакрысе.
Я лячу ва ўсе лапаткі
за табой па беразе.
Ты плывеш туды, дзе сонца
патанае між лілей.
Я губляю сілы ў гонцы,
толькі ты — усё далей.

То трымаешся паверхні,
то затоішся на дне,
то чакаеш, ці паверне
гэта плыня да мяне;
то хаваеш твар у хвалі,
каб разлука і ручай
ад мяне навек схавалі
слёзы, сорам і адчай.

Хто ты? Рыба? Шлюпка? Шлюшка,
поўная чужой вады?
Што ж я, верны, вечны служка,
за табой паўсюль, заўжды?
Памяць сохне ў паняверцы,
слёзы сохнуць на шчацэ.
Тонуць разам нашы сэрцы,
кожнае ў сваёй рацэ.

Я прыйшоў сказаць табе…

(Je suis venu te dire…)


Я прыйшоў сказаць табе, што досць:
Я сыходжу, я даўно сышоў…
Дрэннай рыфмай плача маладосць
На матыў вэрленаўскіх дажджоў.
Ты рыдаеш пра ўсё, што было,
Гэта боль — ці сам Поль б’ецца кроплямі ў шкло?
Біты посуд не клей.
Ключы на стале.
Ўсё магло быць далей
У нас, але

Я прыйшоў сказаць табе, што досць:
Я сыходжу, я даўно сышоў…
Дрэннай рыфмай плача маладосць
На матыў вэрленаўскіх дажджоў.
Ты шкадуеш пра ўсё, што было,
Гэта боль — то дазволь біцца кроплям аб шкло.
Біты посуд не клей.
Ключы на стале.
Ўсё магло быць далей,
Але
Сталей…

Я прыйшоў сказаць табе, што досць…

Песня Прэвэра

(La chanson de Prevert)


Я так хачу, каб ты згадала слова
з песні, што любіла адмыслова,
якую помніш і цяпер:
мелодыя — Касма, а верш — Прэвэр.
Хай песняй аб асеннім лісці
на нервах памяць будзе граць:
каханне, мёртвае калісьці,
не перастане паміраць.

Слухаю штось іншае з тугі я —
і жыву ў суцэльнай летаргіі,
ніякай рады тут няма:
верш — Прэвэр, мелодыя — Касма.
Бо памяць песняю пра лісце
у нашых сэрцах будзе граць:
каханне, мёртвае калісьці,
не перастане паміраць.

Усё цячэ, як пад халодным душам,
мінаюць жарсці з раўнадушшам,
мінаюць восень і зіма,
што ж ніяк не скончыцца Касма?
Хай памяць песняю пра лісце
у сэрцы больш не будзе граць:
каханне, мёртвае калісьці,
ў нас перастане паміраць!

Тысяча дробязяў

(Ces petits riens)


Цяжэй за ўсё
мы забываем дробязі,
бо тысяча драбніцаў —
вельмі шмат.
Нам памяць піша
дробязі, як пропісі,
сама сабе настаўніца
і кат.

Не думаю пра вас,
лічу драбніцаю,
глытае дробязь
сэрца-аўтамат.
Між намі засталося
таямніцаю
ўспамінаў гэтак мала,
што зашмат.

Забыць пра непатрэбнае
і дробнае:
між намі адбылося
так няшмат.
Па дробязях
падробім непадробнае…
А вочы —
як апошні кампрамат.

Смяемся напаказ
з любое дробязі,
пусціць слязу —
ну, гэта ўжо наўрад…
Шукаю ў вашым сэрцы
сонца пробліскі,
а ў сэрцы драбяза,
і той няшмат.

Хто бачыў вас,
той вечна будзе дробязным,
бо кожная драбніца —
шах і мат…
Хто вас пакінуў,
не сябруе з розумам,
а хто застаўся,
той зусім вар’ят.

Музыка з Явы

(La Javanaise)


Нібы
святло,
што раньш было,
да мяне,
цячэ
ўва мне,
хоць вам і не
да мяне, —

з мроі ці з явы,
танец пад музыку з Явы:
я, вы, ён —
шанец ці сон? шансон.

Каму
ў жыцці
кахаць вас ці
вабіць вас?
А я
здаўна
хварэю на —
мабыць, вас.

З мроі ці з явы,
танец пад музыку з Явы:
я, вы, ён —
шанец ці сон? шансон.

Здалося мне,
што не
міне
красавік.
Я быў
дзіцё,
лічыў,
жыццё —
чарнавік.

З мроі ці з явы,
танец пад музыку з Явы:
я, вы, ён —
шанец ці сон? шансон.

Вось так,
жыві
пасля
любві
на зямлі:
зрабі
ключы
і спі
ўначы…
Вы змаглі.

З мроі ці з явы,
танец пад музыку з Явы:
я, вы, ён…
Покуль гучыць шансон.



пераклад з французскай Андрэй Хадановіч

Пераклад з французскай – Андрэй Хадановіч © 2013

Чытайце таксама

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Ўільям Батлер Ейтс

Ўільям Батлер Ейтс

Ірландскі англамоўны пісьменнік, паэт, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Чэслаў Мілаш

Чэслаў Мілаш

Польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, юрыст і дыпламат

1861