№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Тэадор Крамер

У лёсавым краі

Вершы

У лёсавым краі

(Im Lößland)

 

Пад лістотай — камлі, пад палеткамі — грунт,

пад карэннем — парода і змрок.

Хіліць вецер кустоўе асенняй парой,

канюшыннае ржышча гніе пад гарой

і адвечнасці чуецца крок.

 

Стромкі кожны абрыў і глыбокі — ручай,

і зялёныя плямы наўзбоч.

І зямное нутро тут імкне дагары,

і ўзвышаюцца скалы, нібы ў гушчары

прараслі яны ў гэтую ноч.

 

Скамянелых малюскаў выносіць пад плуг

гэты мергельны, лёсавы край.

Пад хмызамі яловыя прэюць камлі,

вінаград узбягае па стромкай раллі,

і птушыны разносіцца грай.

 

пераклад з нямецкайГанна Янкута

 

 

 

Шчодрае лета

(Der reiche Sommer)

 

Двое з джутавай фабрыкі выбеглі ўдзень,

на гарачы прылеглі пясок,

асвятляў іх галовы пякучы прамень,

і свабодна вісеў паясок.

Толькі пыл у іх горлах стаяў, як камяк,

ён у лёгкіх трывала захрас,

і на вуснах крыві саладжавае смак

адчуваўся пад сонцам не раз.

 

І ў малочнік свой хлеб апускалі яны,

каб суняць у грудзях калаццё,

і да восені хрыплай выгоды адны

абяцала цяпло і жыццё.

Пахла мёдам п’янкім, і аблазіў загар,

і паветра было як з агню.

Пра далёкі свой дом, пра найлепшую з мар

гаварылі яны ўпершыню.

 

І квітнела ў іх словах штодня прыгажосць,

што дзівосна дарыла святло,

і чырвоных бягоній цвіло яшчэ досць,

і жыццё каляровым было.

Шчодрым быў цэлы свет: і пякучы прамень,

і пясок, і зялёны адхон.

Двое з джутавай фабрыкі выбеглі ўдзень

пад дакучлівы спеў верацён.

 

пераклад з нямецкайГанна Янкута

 

 

 

Яшчэ нічога не зрабілі мне...

(Die Wahrheit ist, man hat mir nichts getan...)

 

Яшчэ нічога не зрабілі мне.

З газетамі даўно я не сябрую,

і маці з дому не вядуць старую.

Яшчэ нічога не зрабілі мне.

 

Я з мясніком сваруся аб цане,

калі плачу, ён дзякуе нясмела.

Адно з чаго жыву, незразумела.

Яшчэ нічога не зрабілі мне.

 

Лаўлю трамвай, і вуліца ў акне,

дзе, як раней, хаджу неасцярожна,

не ведаючы, нельга так ці можна...

Яшчэ нічога не зрабілі мне.

 

Цяпер ніхто мяне не адамкне.

Зачыненыя іншыя краіны.

Я задыхнуцца тут даўно павінны.

Яшчэ нічога не зрабілі мне.

 

13 ліпеня 1938

 

пераклад з нямецкайГанна Янкута

 

 

 

Будзе марна стукацца малочнік...

(Morgen wird umsonst der Milchmann klopfen...)

 

Заўтра ўранні зазірне малочнік

грошы ўзяць — і сыдзе ён ні з чым.

Будзе марна стукацца малочнік,

заўтра знойдзе ганак ён пустым.

 

Заўтра ўдзень карчмар віно з Шапрона

ўбачыць некранутым на акне,

і напоўніць ён бакал зялёны —

іншае віно падасць не мне.

 

Заўтра ўночы гляне кот праз шыбу,

ўзлезшы на карніз каторы раз,

заўтра ўночы гляне кот праз шыбу

і знутры ўдыхне салодкі газ.

 

пераклад з нямецкайКацярына Маціеўская

 

 

 

Рэквіем аднаму фашысту

(Requiem für einen Faschisten)

 

                              Памяці Ёзэфа Вайнхебера*

 

Ты быў найлепшы з іх — і ты загінуў,

і вусціш абуджае смерць твая.

Абодва мы схадзілі ўсцяж краіну,

ты радаваўся небу так, як я.

Я ведаю, што быў табе далёкі

сэнс іхных словаў — як і іх выццё

і пустазвонства гэтага вытокі, —

што больш за ўсё ты шанаваў жыццё.

 

Марш у нікуды. Ты нічый, ніякі

на шляху да нябыту й пустаты...

Ты ж не пайшоў бы, каб пазнаў іх знакі?..

Вось дзень суда настаў, і мёртвы ты.

Я, сябра, сам цябе забіў бы, можа:

цярпенне ў нас, да жалю, не ў цане,

каб іншых ратаваць ад бездарожжа.

Віна за смерць тваю ляжыць на мне.

 

Успамінаю пра цябе я сёння,

запісваючы гэтыя радкі...

Пяе цвыркун, гусцее шлейф сутоння,

плыве ў акно чаромхі пах п’янкі.

Нам нельга забываць ні тога бою,

ані здабыткаў нашых, ані страт.

Ў імя жыцця, любімага табою,

я плачу па табе, мой бедны брат.

 

пераклад з нямецкайКацярына Маціеўская

_________________________________

 

Каментар

 

Ёзэф Вайнхебер (1892—1945) — аўстрыйскі паэт і празаік. У 1931—1933 і з 1944 г. быў сябрам Нацысцкай партыі. Скончыў жыццё самагубствам 8 красавіка 1945, пасля ўваходу ў Аўстрыю савецкіх войскаў. Неўзабаве пасля ягонай смерці свае паэтычныя рэквіемы, прысвечаныя яму, напісалі двое этнічных габрэяў — найбуйнейшы нямецкамоўны паэт Румыніі Альфрэд Маргул-Шпэрбер (“Зорка ў віне”) і Тэадор Крамер (“Рэквіем аднаму фашысту”). Выступаючы аднойчы з прамовай, Вайнхебер заўважыў, што “лепш за ўсё цяпер па-нямецку піша ўсходнееўрапейскі габрэй Маргул-Шпэрбер”. Магчыма, дзякуючы і гэтаму таксама паэта не кранулі да канца вайны. Вайнхебер уважаецца за аднаго з найбуйнейшых аўстрыйскіх лірыкаў ХХ ст. Сярод яго ўважлівых чытачоў і прыхільнікаў, апроч названых паэтаў, можна згадаць Ўістана Х’ю Одэна, які таксама прысвяціў яму верш.

 

Упершыню надрукавана ў часопісе “ARCHE” “Аўстрыя: Ад імперыі да нацыі”, №9 (108), 2011.

Пераклад з нямецкай – Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская © 2011

Чытайце таксама

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Ўільям Батлер Ейтс

Ўільям Батлер Ейтс

Ірландскі англамоўны пісьменнік, паэт, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Чэслаў Мілаш

Чэслаў Мілаш

Польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, юрыст і дыпламат

579