№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Фёдар Свароўскі

Свята ў глыбокім космасе

Вершы

Пераклад з рускай Андрэй Хадановіч

Дарога ў Талін

 

у карцары ў Крастах

былі вялізныя шчыліны

а на дварэ — мінус 30

шчыліны спрабавалі затыкаць хлебам

 

разам са мной

сядзеў чачэнец Ідрысаў

каб не замерзнуць

мы спалі ў абдымку

 

ён сядзеў за забойства

яго падзельнік не проста забіў чалавека

не буду нават казаць

што ён з ім зрабіў

 

але пра гэта я дазнаўся пазней

а ў карцары я казаў Ідрысаву:

пайшлі можа ў Талін?

і мы пачыналі свой шлях

 

так мы з Ідрысавым хадзілі ў Талін

300 кіламетраў пешкі

паўз нас праплывалі палі, хутары, каровы

надыходзіла лета, рабілася цяплей

 

бязлюдная асфальтаваная дарога

у мроіве калыхаюцца дзве постаці

знакамітыя пешыя вандроўнікі —

я ды Ідрысаў

жаўрукі спявалі над нашымі галовамі

 

я не медык, не п’ю, не захоўваю забароненую літаратуру

Ідрысаў скончыў інстытут, паступіў у аспірантуру

нікога пакуль не забіў

проста двое сяброў у адпачынку, маладыя

 

на нагах — добры, трывалы абутак

нікуды не спяшаемся, начуем у стагах, слухаем, як у глыбіні

рухаюцца мышы

 

і аднойчы мне сніцца сон:

 

мы з Ідрысавым ходзім ад сцяны да сцяны

у карцары

каб сагрэцца

 

на дварэ — мінус 30

шчыліны даводзіцца затыкаць хлебам

 

мы

у горадзе на Няве

у паўночнай сталіцы краіны

у Паўночнай нашай Пальміры

 

у 1984-м годзе

у турме

у Крастах

 

 

Тады ў цямрэчы кіназала
яна нічога не сказала

 

двое васьмікласнікаў

і васьмікласніца

сядзяць на заднім шэрагу

падчас агульнашкольнага

абавязковага прагляду

патрыятычнага фільма

 

Лёня ўзбуджаны

ён практычна не ведае

што рабіць з Наташай

яе прысутнасць на суседнім крэсле

робіць са школьніка вар’ята

ягоныя рухі спантанныя

 

ён кранае Наташу за нагу

трохі вышэй за модны італійскі абутак

яна смяецца падкурчвае ногі

патрабуе каб аднакласнік зараз жа перастаў

яе шэпт захлынаецца

у адчайных крыках з экрана

 

(там катуюць выведніка на явачнай кватэры

дзесьці ў Шварцвальдзе ў нетрах Баварыі

катуюць маўклівага савецкага артыста

нейкім газам два супрацоўнікі

заходненямецкай выведкі

два фашысты)

 

а ў гэты час Наташа хоча каб Пеця

што сядзіць злева проста павярнуўся

хай кране за нагу

а лепей хай пакладзе руку на плячо

але Пеця глядзіць на экран уважліва

пыхліва не рэагуе на гукі побач

 

праблема ў тым што пра Наташу ў школе

ужо даўно ідзе кепская слава

кожны чуў што яна ўжо зведала

боль і радасць расстанняў

спазнала й круцейшае шчасце

выкручвання рук на перапынку

 

праблема ў тым што Анішчанка Наташа

занадта прыгожая для восьмага класа

бо ёй ужо шаснаццаць з паловай

а ўсім яшчэ чатырнаццаць або пятнаццаць

яна з Харкава прыехала ў Маскву

а там пайшла вучыцца ў школу ў восем гадоў

а тут яе давялося адправіць класам ніжэй

 

але каханне калі яно прыходзіць

усё вяртае на месцы і як бы ўвесь посуд

усе разбітыя вазы вяртаюцца зноў

на піяніна на стол на паліцы буфета

і забываюцца ўсе студэнты з інстытута дружбы народаў

імя Патрыса Лумумбы

 

і забываюцца ўсе гэтыя брыдкія сцэны

слёзы ў кватэрах і на прыпынках

усе гэтыя бессэнсоўныя дзеянні і цыгарэты ў памадзе

ўсе гэтыя рукі ногі ўся гэтая ў фарцоўшчыкаў купля-продаж

ўсе гэтыя прынцы й князі ў леапардавых шкурах

забываюцца ўсе гэтыя

 

вось у цямрэчы рупліва ўхіляючыся ад Леаніда

побач з Пецем

у гарманальнай душнай цямрэчы

набітага вучнямі кіназала

цвіце сарамлівая кветка нявіннасці

кветка ейнай душы практычна букет

нейкіх таемных дрыготкіх і бескарыслівых абяцанняў

 

(а ў гэты час былыя фашысты

якія знайшлі прытулак

у Паўднёвай Амерыцы

працягваюць бесчалавечныя эксперыменты

над старымі і дзецьмі

і чалавецтва павінна спыніць іх)

 

праз два гады Наташа пабралася шлюбам

з прапаршчыкам ракетных войскаў

добры хлопец украінец

жывуць на базе балістычных ракетаў

у сухім стэпе ў далёкім Казахстане

 

казалі

што ўсё нармальна

 

і быццам

чацвёра дзяцей

 

 

Свята ў глыбокім космасе

 

адна з серыяў трэцеразраднага серыялу

пра вайну з іншапланетнікамі

была прысвечаная Калядам

 

група касмічных дэсантнікаў

пасля бою была выкінута

з раёна Проксімы Цэнтаўра

 

радыё працуе толькі на прыём

паліва на два дні палёту

генератар таксама заглух

 

тэмпература патроху падае

час: GMT 0.18

Раство

 

камандзір аддзела Лара Сіманэк

заўсёды суворая

але тут дарыць кожнаму байцу прэзенты

 

раптам паўз іх пралятаюць

варожыя знішчальнікі

але чамусьці іх не заўважаюць

 

прымач выпадкова ловіць дзіўную тэлеперадачу

з базы перадаюць самадзейнасць

вясёлыя песні ў выкананні кіраўніцтва

 

раптам прымач выдае чэргі

азбукі Морзэ

прычым з грубымі граматычнымі памылкамі

 

нехта (яўна негуманоід)

паведамляе: напірэймы траікторыі вашыго сутна

следуэ лідзіная кометта

 

і далей: колі вы окажіціса ў такі час у такіх вось

кордынатах то трапіця ў ейное гровітацыйное поле

і на хвосце кометты зможыця добраццо до базы

 

адзін з байцоў выходзіць у адкрыты космас

і рызыкуючы жыццём уручную разварочвае няспраўны

паваротны механізм галоўнага рухавіка

 

камета набліжаецца

на 56 секунд яны ўключаюць рухавік

і робяцца спадарожнікам каметы

 

праз 26 гадзін пошукавы канвой

заўважае іх на фоне ледзянога зіхоткага шару

усе ўратаваныя

 

на базе свята

але камандзір заклапочаны пытаннем

хто ж паслаў той сігнал?

 

але ён ніколі не дазнáецца

што гэта быў пілот

аднаго з варожых знішчальнікаў

 

вывучаючы культуру праціўніка

пілот даведаўся пра пашыраны між зямлянаў светапогляд

і пра надыход свята

 

з невядомых яму дагэтуль пачуццяў

ён падказаў дэсантнікам

як яны могуць уратавацца

 

такім чынам чуугскі афіцэр

жорсткі варожы пілот

на імя Мааарніісз Глааргорыіі

 

нечакана для ворагаў

камандзіраў і самога сябе

адсвяткаваў Каляды

 

пераклад з рускай — Андрэй Хадановіч

 

© Фёдор Сваровский, 2013

Пераклад з рускай – Андрэй Хадановіч © 2013

Чытайце таксама

Алена Стэпаненка

Алена Стэпаненка

Украінская паэтка, перакладчыца.

Роберт Фэргюсан

Роберт Фэргюсан

Шатландскі паэт Роберт Фэргюсан нарадзіўся 5 верасня 1750 году ў сям’і Ўільяма Фэргюсана, бухгалтара банка брытанскай ільняной кампаніі ў Эдынбургу, і яго жонкі Маргарэт і быў адным з трох іх дзяцей, што засталіся ў жывых

Джэймс Дуглас Морысан

Джэймс Дуглас Морысан

Амерыканскі паэт, эсэіст, аўтар песняў, вакаліст гурта The Doors

Яна Бэнява

Яна Бэнява

Славацкая паэтка і аўтарка прозы. Жыве ў Браціславе

956