№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Джон Кітс

Аркадскіх гор даўно мінулы час

Оды

Пераклад Ганна Янкута


Ода Меланхоліі

(Ode on Melancholy)

Не выціскай атруты з аканіту,
Да Леты не ідзі ў аблудным сне,
Хай Празерпіна прывідам з нябыту
Твайго ілба ніколі не кране;
І з ягад ціса не рабі ружанцаў,
Псіхеі не дазволь прыняць аблічча
Начнога матылька, не запрашай
Саву дзяліць з табой журботу танцаў,
Бо ценяў млява цень тады пакліча,
Каб затапіць бяссоннем твой адчай.

Але калі слязьмі набракнуць хмары
І меланхолія залье палі,
Каб напаіць сасмяглыя абшары
І даць спатолю стомленай зямлі,
Тады сумуй з вясёлкаю на моры,
З раскошаю прыўкраснае півоні
І з ружаю — самотніцай начэй,
Калі ж твая ўладарка не ў гуморы,
Вазьмі яе пяшчотныя далоні
І пі нагбом тугу з яе вачэй.

Жыве яна з Красой, чый век кароткі,
І з Радасцю, што хутка адцвіла,
І з Асалодай, чый нектар салодкі
Атрутай робіць майская пчала.
Так, у святарнай залі храма ўцехаў
Спяваюць Меланхоліі харалы,
І толькі той узыдзе на амбон,
Хто зведаў шчасце, стомлены і сталы,
Бо ён адчуе горыч яе смеху
І трапіць назаўжды ў яе палон.

Ода грэцкай вазе

(Ode on a Grecian Urn)

Спакоем гадаваная адвеку,
Цнатлівая нявеста цішыні,
Лясны гісторык, лепш за чалавека
Раскажаш казку пра былыя дні.
Якіх легенд хаваеш ты спляценні?
Пра лёс багоў? Смяротных лёс пракляты?
Аркадскіх гор даўно мінулы час?
Што гэта за пужлівыя дзяўчаты?
Шалёныя змаганні, целы, цені?
Што за кімвалы, флейты, юр, экстаз?

Чуваць салодкіх гукаў пералівы,
Ды тыя, што не чутны, — саладзей.
Таму гучыце, ціхія матывы,
Для радаснай душы — не для вушэй.
Прыўкрасны хлопчык, назаўжды пяшчота,
І вечна зелянець галінам дрэў,
Не спраўдзіцца юначае жаданне;
Аднак не варта вечнасці маркота —
Ты не спазнаеш шчасця і не звяне
Краса каханай, як не змоўкне спеў.

Шчаслівыя, шчаслівыя галіны!
Адвечны ўбор — няхай ідуць гады;
І ты, спявак Тэмпейскае даліны,
Бо песня твая новая заўжды;
Шчаслівае, шчаслівае каханне!
Шчаслівы дух, нягодамі не скуты,
І кроў кіпіць — без болю і клапот;
А жарсць людская, нібы снег, растане
І знікне, пакідаючы пакуты,
Гарачы лоб і перасохлы рот.

Хто тыя, што выходзяць у дарогу?
Свае дары на чый нясуць алтар?
Ахвяраю якому будзе богу
Цялушка ў кветках, раскажы, святар!
І што за горад ля ракі ці мора
Альбо ў гарах муры гасцінных вежаў
Пакінуў люд святарным ранкам тым?
Ніхто не прыйдзе, гораду на гора,
Каб падзяліцца навіною свежай
І расказаць, чаму стаіць пустым.

Атычны вобраз! Пояс мармуровы
Цябе абвіў — са стомленых мужчын,
Дзяўчат, галінаў: набажэнствы, ловы!
Твая хвалюе форма без прычын,
Нібыта вечнасць, пастараль спакою!
Калі мы сыдзем, то сярод нашчадкаў
Ты застанешся, ім у горы ззяць,
Ты ім раскажаш, сябра і загадка:
Краса ёсць праўдай, праўда ёсць красою —
Усё, што знаў ты і што мусіш знаць.

Ода да восені

(To Autumn)

Пара дажджоў і спелага ўраджаю
Сталее разам з сонцам пакрысе
І з ім, найлепшым сябрам, разважае,
Як вінаград павесіць на страсе,
Як яблыкамі ў садзе гнуць галіны,
Плады напоўніць сокам да краёў,
Як наліваць арэх, бранёй адзеты,
Салодкасцю, як выпусціць наноў
Бутоны, каб падумаў рой пчаліны:
Схаваны ў сотах цёплыя часіны
І больш ніколі не загіне Лета.

І хто цябе хоць зрэдку не прыкмеціў
Сярод твае раскошы і красы?
Сядзіш ты, бесклапотная, ля клецяў,
І вецер ледзь кранае валасы;
Альбо на ніве, напалову зжатай,
Ты спіш у маках, серп дае спакой
Тваім палеткам з кветак мешанінай,
Ці праз ручай хадою зухаватай
Ідзеш з калоссем — ношаю цяжкой,
Ці пільна сочыш, як цячэ ракой
З давільні сідр, — гадзіна за гадзінай.

Дзе песні, што гучаць парой вясновай?
Пра іх не думай — маеш свой матыў,
Калі аблокаў стужкаю пунсовай
Памерлы дзень над пожнямі застыў;
Тады гудзе звон жальбаў камарыных
То ўверсе над вярбой, то ля вады —
Гуляе вецер жамярой у плёсах;
Ягняты гучна блеюць у далінах;
Пяе цвыркун на розныя лады,
Малінаўкамі поўняцца сады,
І ластаўкі шчабечуць у нябёсах.

 

пераклад з ангельскай — Ганна Янкута



© Ганна Янкута, пераклад, 2010

Пераклад – Ганна Янкута © 2013

Чытайце таксама

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Ўільям Батлер Ейтс

Ўільям Батлер Ейтс

Ірландскі англамоўны пісьменнік, паэт, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Чэслаў Мілаш

Чэслаў Мілаш

Польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, юрыст і дыпламат

928