№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Лена Элтанг

святлейшы ад грэцкай натуры

Вершы

Пераклад з рускай Андрэй Хадановіч

* * *

(так тихо здесь, что слышен крик зимы…)


так ціха тут, што чуеш крык зімы,
які раней бы значыў што заўгодна:
ці то салют на ўскраіне трохкротны,
ці то цягнік, удалечы нямы,
наблізіўся – і мост грыміць разбіты,
ці то з травой і люлькай неўпрыкмет
на сходы выйшаў босым і, заспеты,
скрабе замок і плача твой сусед,
ці то гадзіннік запаволіў крок,
нібыта час не йдзе – стаіць на стрэме,
ці то сусед б’е крэсівам аб крэмень,
не маючы адвагі ў хісткі змрок
эрэбавы хаду сваю паскорыць,
ідзе вайной мышыная гурма,
паркетная маснічына сама
з сабою пра мінулае гаворыць,
ты чуеш, шэба? вось такія штукі
выкідвае нам неба – ай да мы,
нам па адным здае свае дамы
чатырохногі і чатырохрукі
гарачы звер, што зведаў крык зімы



* * *

(смелость душит как смех)


смеласць займае дых
уваходзь рассунуўшы вусце
ў чаратох пакінуўшы тых
хто казаў што не пусціць
што ты быццам няродны са мной
быццам юдэй у прытворы
адчуваеш цвёрдае дно?
тут пачынаецца мора
без мітусні
што тут? helianthus annus? ціс? півоня? – зірні
рэўнасць клітыю робіць сланечнікам
насенне ёлупаў з наканечнікам
не! гэта ціс поўны згубы
чырванагубы
ох не трэба хай лепш півоня
як дар
як самотны слон на цэйлоне
сам сабе паміраючы гаспадар
чырвоная кветка шалёная сведка забаў
як твой рот што зранку спакусіць
па такую хадзілі ўначы покуль дзяцел спаў
калі пліній не хлусіць



concha de jabón

(concha de jabón)


махнемся на абмылачак жыцця
ў той ваннай між люстэркаў запацелых
калі ў брэтані ў пастцы пачуцця
мы змрочных д’яблаў абуджалі ў целах

з абмылачкам мне ўтульней у пятлі
зашморгнутай вакол пакорнай шыі
з ім удваіх засвою ўсе чужыя
гатэлі й душы на чужой зямлі

жывым табе не выбрацца з вады
такую пену крон зрабіў чырвонай
каб каліпіга трызніла ягонай
сухою боскай лютасцю заўжды

падлі вады падлейшай пагатоў
мне ўсё раса я ўсё прыму на веру
і выслугу ключоў са звязкаю гадоў
і катафракт што сыдзе на кіферу



* * *

(пчёлы ваш хозяин умер! я стучу по улью палкой)


пчолы, гаспадар памёр ваш! кіем стукаю ў іх вулей
марнатраўнік і прапойца ён мантачыў свой даход
заставайцеся са мною на правах дзяцей зязюлі

толькі чур мяне не джаліць і дзяліць са мною мёд

не – гудзе ў адказ мне вулей – мы жытло сваё зачынім
месца гіблае пакінем вербалозы й скразнякі
залатым чарнёным роем згінем заўтра ў небе сінім

ты ж у нас як на далоні нам з табою не з рукі

ты ні ўдар ні пацалунак дзе твой дом? дзе твой кірунак?
вось і б’юць цябе мідзяне персы гоняць у рабы
ты не здолееш любіць нас мы зусім не падарунак

нас не кожны можа песціць ведаць можа не любы

горкі смак тваёй грачыхі нудны водар канюшыны
за васковаю пячаткай плач вільготнае пяргі
скажам маці: заўтра рушым у паўночныя краіны

падстрыгай свае паляны палівай свае лугі



* * *

(в халате из лунного света на кухню идешь за вином)


у месяца промні адзета на кухню ідзеш па віно
на кухні знаходзіш паэта што прагна глядзіць у акно
ён высушыў рэчышча ніла святога калі ты спала
пакуль на стале ёсць чарніла паэт не ўстае з-за стала

ён ціхенька крэсліў таблічку замест гаспадыню раздзець
паэт не ўваходзіць у звычку а ходзіць на месяц глядзець
святлейшы ад грэцкай натуры ў дакор непазбежнаму дню
стаіць на манер дыяскура ў прасціны хаваючы ню

вясна – кажуць мудрыя – лена а ты толькі пішаш і п’еш
гарачка бруіцца па венах і вершы за плыняй відзеж
па вільні па вільні па вільні па віннай вадзе і зямлі
бы ў віленскай гэтай плавільні ты выплавіш дні што сплылі

чытай – кажуць мудрыя – лена а горад у светлай тузе
пад дахамі плешча сіена і дахі ў блакітнай смузе
і цепліцца кадмій лімонны ледзь-ледзь праступіўшы ў вачах
і човен з няголеным богам амонам выносяць жрацы на плячах

Пераклад з рускай – Андрэй Хадановіч


© Лена Элтанг, 2010

Пераклад з рускай – Андрэй Хадановіч © 2010

Чытайце таксама

Хорхе Луіс Борхес

Хорхе Луіс Борхес

Аргентынскі празаік, паэт і публіцыст. У 1920-я гады зрабіўся адным з заснавальнікаў авангардызму ў гішпанамоўнай лацінаамерыканскай паэзіі.

Мішэль Луё

Мішэль Луё

Французскі пісьменнік

Амбраз Бірс

Амбраз Бірс

Амерыканскі пісьменнік і журналіст, выбітны публіцыст-сатырык свайго часу.

Франк Варжак

Франк Варжак

Французскі пісьменнік.

684