№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Мая Сарышвілі

Жорсткі адказ

Вершы



* * *

(დაძველებული პარკეტის სუნი)


Пах старога паркету. Аскепак
Аранжавага шкла ля самых вачэй.
Хапаюся за думку аб прасторы,
Дзе паважна пагойдваюцца цяжкія карэты
І слімакам сніцца шум дажджу.
А тут няма чым дыхаць,
Быццам малекулы кіслароду
Паштучна загарнулі ў паперу.



* * *

(კუზიანო, კუზიანო)


Гарбун, гарбун

Я растаўкла сухія крылцы матылёў
Нацерла імі падпахі

Там цесна
Б’ецца ў цемры дзюба тэрмометра
Няма на што глядзець і няма чаго бачыць
Але разам з крылцамі ўцерлася
Вестка пра шлях

Дзюба сціскае таблічку
На ёй накрэслены
Жоўтыя літары малітваў

Срэбра
Імчыцца ўверх па дзюбе, выліваецца
Са шкла, з пасцелі, з дому, з берагоў…

Цсс… не бойся, квазімода, не дрыжы
Яшчэ не многа снегу на тваім пагорку
Яшчэ чарада не ўцякае ад сцюжы



* * *

(ასე არ გამოვა -)


Нічога не атрымаецца –
Нават калі ты вывернеш лес,
Нідзе ніводнага кораня.
Падобны да страшнага сну
Неўкарэнены свет.
Гарады, пакладзеныя на асфальт.
Скамянелыя моры.
Куды хіснецца зямля,
Туды і саслізгваюць –
Быццам вялізныя брытвы,
Слізгаюць без перашкодаў…
А мы так упарта,
Адну за адной,
Выцягваем з целаў
Старыя жылы жыцця,
Што хутка ўжо нават
Пчолы не змогуць джаліць
Расстаўленых на раялях
Парцалянавых нашых дзяцей.



* * *

(გესმის ქოშინი?)


Чуеш задышлівы подых?
Гэта служанка ў маім пакоі, старая
Ноч, што не можа болей сачыць
За рэчамі. Нават прывіды,
Якіх яна з цяжкасцю гадавала,
У твар ёй смяюцца й няма на іх рады.
Фіранкі не могуць стрымаць
Святла, што падае з вокнаў –
На вострых неонавых промнях
Нанізаны сон, зіхатлівыя шыльды
Высмоктваюць кроў са словаў, і мне шкада
Літар – нямых палонніц, пашыхтаваных,
Выстаўленых у вітрыне крычаць да раніцы.
Шклянка з малаком у чорнай ваце.
Усё, што не б’ецца, нават мой тэлефонны
Нататнік, бы крохкая рэч, загорнуты ў чорную вату,
З якой, у дурным алфавітным парадку,
Выдуманыя сябры прывітальна махаюць рукой.



* * *

(ახლა ქარიშხალმა სხვაგვარად გადააწყო შეშლილები.)


Што па-вар’яцку змяшалася ў гэтай віхуры,
Я шыхтавала па-новаму. Па краях
Дзяцей расставіла рыфмамі,
І рушыла дэманстрацыя,
Як вершы вар’ятаў. Толькі мая
Усмешка, быццам пашкоджанае крыло,
Валочыцца ўнізе нялоўка –
Ні прыбярэш, ні схаваеш,
І ўсе яе топчуць нагамі
Ў шматлюдным натоўпе,
А з неба валіцца зліва.
Зірнула ўгору, а кроплі –
Маленькія мегафоны,
І я за кожнай бягу,
І ў кожную вершы чытаю.
Ніводнай не прапусціла,
Вар’ятка! Помню, як лезла
На хісткую сцэну, у поўнай залі.
Як у дзяцінстве, калі памірала мама,
У страху залезла на стол,
Каб Бог
Чуў лепей маю малітву.



Жорсткі адказ

(სასტიკი პასუხი)


Вы мне казалі, што з чатырох
Я павінна была пакінуць не больш за дваіх,
А я не магла абраць – каго менавіта…
Тым часам яны падрасталі,
Рабіліся моцнымі,
Так што забіць іх стала няпроста.
Быў бы ў мяне адзін –
Усе чатыры разы цалавала б яго,
І ніхто б яму не сказаў, што астатніх
Я прыкончыла дзеля гэтых трох пацалункаў.
Але я, дурніца, не выскрабла іх,
Не прапалола стэрыльнай матыкай,
Не вырвала, быццам гланды,
Так што прабачце.
Думала, нават калі я паслухаю вас,
Мой жывот усё роўна надзьмецца грудочкам –
Так і хадзіла б усё жыццё, носячы столькі,
Колькі дзяцей я забіла, – вечных,
Жахлівых магільных капцоў
На сваім жываце.
Вы мне казалі, што з чатырох
Я павінна была пакінуць не больш за дваіх,
А я не магла абраць – каго менавіта,
Тым часам яны падрасталі, краналі
Пальчыкамі мой твар, вымаўлялі
Першыя словы…

Пераклад з грузінскайАндрэй Хадановіч



© Мая Сарышвілі, 2010

Пераклад – Андрэй Хадановіч © 2010

Чытайце таксама

Дзіна Кампана

Дзіна Кампана

Італьянскі паэт

Сяргій Жадан

Сяргій Жадан

Культавы ўкраінскі паэт, эсэіст, перакладчык, арганізатар літаратурных фестываляў

Іда Хегазі Хёер

Іда Хегазі Хёер

Нарвежская пісьменніца.

Жанна Луіза Отэрдаль

Жанна Луіза Отэрдаль

Шведская пісьменніца, была выкладчыкам і актывісткай руху квакераў

586