№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Рышард Крыніцкі

Дакрануцца да самай сутнасці...

Вершы

Пераклад з польскай Андрэй Хадановіч

Салодкія, нявінныя

(Słodkie, niewinne)


Салодкія, нявінныя словы,
салодкія, пяшчотныя сказы,
з салодкіх, лагодна
закругленых косак
сочыцца чысты

яд.



Кан’юнктура

(Koniunktura)


Найлепей прадаецца андэграўнд.
Мала каго цікавяць нататкі з падполля.



Не пашкодзіць

(Nie szkodzi)


Розныя людзі цытуюць Норвіда.
Норвіду гэта ўжо
не пашкодзіць.



Колькі з нас

(Ilu z nas)


Колькі з нас ты ўжо забіла, колькі валіш з ног,
паэзія. Новыя пакаленні б’юцца за званне
выклятых паэтаў.



Нічога не здарылася

(Nic się nie stało)


Сляды ад двух разбітых яек
на сцяне і падлозе.
“Што здарылася?” — наіўна пытаю
ў кітайца, наглядчыка гэтай залі.

“Нічога не здарылася, —
з ветлівай усмешкай адказвае ён. —

Гэта мастацтва”.

(Музей сучаснага мастацтва, Франкфурт-на-Майне)



Мастацкі музей у Будапешце

(Muzeum Sztuk Pięknych w Budapeszcie)


Як ты сюды трапіла,
бедная мумія егіпецкай дамы,
выстаўленая на чужы агляд?
Тут цяпер тваё тагасвецце.
Я на хвіліну раблюся ягонай часткай,
пакуль гляджу на цябе.

Іншага, як дагэтуль, няма.
І невядома,
ці будзе.



Мой бедны сыне

(Mój biedny synu)


Мой бедны сыне, прабач сваёй маці,
мой бедны сыне, прабач, што цябе нарадзіла,
я больш не буду.



Вазьмі мяне

(Weź mnie)


Вазьмі мяне ў свой сон.
Няхай я ў ім застануся.
Няхай буду ў ім кружыць,
пакуль не растану

пад тваімі павекамі.



Амаль усё

(Prawie wszystko)


Ідзе дваццатае стагоддзе,
іду ў ложак з газетай,
пад рукой ляжаць акуляры,
таблеткі і гадзіннік:
не ведаю, ці засну,
не ведаю, ці прачнуся.

Гэта ўсё.



Здавалася

(Wydawało się)


А ўжо здавалася, што ўся Польшча
набярэ ў рот вады
і будзе зноў ад мора да мора.

1976



Віхура

(Wir)


— Дзякую, што прыйшоў. Я быў
хворы, баяўся
слоў і людзей. Ужо…

— У мяне мала часу. Сябры
з чыстца прасілі цябе папярэдзіць. Заўтра
не начуй дома. Ізноў…

У два бакі ірвецца
віхура світанку
і сну.



Не прагні за нас памерці

(Nie chciej za nas umierać)


Не прагні за нас памерці,
не прагні за нас жыць:

жыві з намі.



Якога няма

(Którego nie ma)


Бойся Бога,
якога няма

у тваім сэрцы.



Не магу дапамагчы

(Nie mogę ci pomóc)


Упарты начны матылёк, я не магу табе
дапамагчы, магу толькі вымкнуць святло.



Дакрануцца

(Dotknąć)


“Дакрануцца да самой сутнасці”.
Я ўжо калісьці сніў,
што дакранаюся да самой сутнасці.
Навобмацак, з сярэдзіны,

унутры каменя.



* * *

(Ślepe? Gluche? Nieme?..)


Сляпое? Глухое? Нямое?
Незразумелае:

Ёсць. Баліць.



Амаль хайку

(Prawie haiku)


нізка кружыць нябачны крумкач
бачыце яго?

Ганс Арп

Клінапіс крумкача на снезе:
— Я яшчэ не вымер.
Ты, што гэта чытаеш,

таксама.



Можа

(Może)


“Калі ты памрэш, ты будзеш…”

Каб не памылковы званок з іншага кантыненту,
што абудзіў мяне сярод ночы,
я, можа, дазнаўся б

нарэшце.

23 снежня 2002



Каты

(Koty)


“Каты атрымаліся ў Госпада”, —
любіць паўтараць Віслава Шымборска.
Часам дадае: “Толькі”.
Часам: “Болей за ўсё”.



* * *

(W tym roku...)


У гэтым годзе
я не прынёс пладоў

толькі лісце
што не дае ценю

баюся, Рабі

баюся, Госпадзе

што мяне пракляне галодны

змучаны
бясконцай дарогай
у Ерусалім

1986



Так

(Tak, jestem)


Ужо шмат дзён
хаджу туды і сюды
па туманным Кракаве
і ўсё ніяк не вярнуся
з майго ружова-пяшчанага,
з майго ружова-каменнага
Ерусаліму.

Усё яшчэ вяртаюся
пад Сцяну Плачу.
Усё яшчэ блукаю
ў цесным лабірынце
Крыжовага Шляху,

часам
у прасвеце над галавой
бачу месяц,

усё тую самую поўню.

Усё яшчэ блукаю
ля пачатку.

— Ці вы габрэй? —
пытаецца ў мяне стары хасід,
пэўна, маладзейшы ад мяне.

— Так, я паэт, —
хацеў бы я адказаць хоць раз,

але толькі ўсміхаюся
і кажу яму:

Shalom, achi!

[XI 2006]



Перакладзена паводле: Ryszard Krynicki. Wiersze wybrane. Kraków: Wydawnictwo a5, 2009.

пераклад з польскайАндрэй Хадановіч

 

© Ryszard Krynicki, 2011

Пераклад з польскай – Андрэй Хадановіч © 2011

Чытайце таксама

Дзіна Кампана

Дзіна Кампана

Італьянскі паэт

Сяргій Жадан

Сяргій Жадан

Культавы ўкраінскі паэт, эсэіст, перакладчык, арганізатар літаратурных фестываляў

Іда Хегазі Хёер

Іда Хегазі Хёер

Нарвежская пісьменніца.

Жанна Луіза Отэрдаль

Жанна Луіза Отэрдаль

Шведская пісьменніца, была выкладчыкам і актывісткай руху квакераў

1433