№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Фрэнсіс Брэт Гарт

Скрадзены партсігар (The Stolen Cigar Case)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


Я застаў Хэмлака Джонса ў яго старым жытле на Брук-стрыт, дзе той задуменна сядзеў ля каміна. З нязмушанасцю даўняга сябра я адразу ж заваліўся на сваё любімае месца ля яго ног і пяшчотна пагладзіў яго чаравік. Зрабіў я гэта з дзвюх прычынаў: па-першае, так апушчаны і засяроджаны твар майго сябра быў лепш бачны, па-другое, хацелася неяк абазначыць сваю павагу да яго звышчалавечай праніклівасці. Але шукаючы нейкі таямнічы ключ, ён настолькі занурыўся ў развагі, што я падумаў: ён мяне не заўважае. І тут я памыліўся — зрэшты, як заўсёды, калі я спрабую спасцігнуць гэты магутны розум.

— Ідзе дождж, — адзначыў ён, не падымаючы галавы.

— Вы што, выходзілі? — тут жа спытаў я.

— Не, але я бачу, што ваш парасон мокры, а на вашым паліто кроплі вады.

Яго пільнасць мяне ўразіла. Трохі памаўчаўшы, ён бестурботна, нібы закрываючы пытанне, дадаў:

— І яшчэ я чую, як дождж барабаніць у акно. Прыслухайцеся.

Прыслухаўшыся, я з цяжкасцю паверыў сваім вушам, але ў шыбы і праўда мякка грукалі кроплі! Адразу відаць: гэтага чалавека не падманеш!

— Чым вы апошнім часам заняты? — спытаў я, мяняючы тэму. — Якая новая справа, закрытая Скотланд-Ярдам як неспасцігальная, займае цяпер ваш гіганцкі інтэлект?

Ён трошкі адсунуў нагу і відавочна вагаўся, ці вяртаць яе на ранейшае месца. Потым стомлена адказаў:

— Адны дробязі, нічога вартага ўвагі. Зазіраў прынц Купалі, раіўся адносна знікнення некалькіх рубінаў з Крамля. Пуцібадскі раджа, абезгаловіўшы, прычым дарэмна, усю ахову, быў вымушаны шукаць маёй дапамогі ў пошуках каштоўнага мяча. Вялікая герцагіня Прэцэль-Браўгцвігская прагне даведацца, дзе яе муж правёў ноч на 14 лютага, а мінулым вечарам, — тут ён крыху панізіў голас, — адзін з жыхароў гэтага дома, якога я сустрэў на лесвіцы, хацеў ведаць, чаго яму так доўга не адчынялі.

Я не мог стрымаць усмешкі, але тут убачыў, што яго загадкавыя бровы насупіліся.

— Прашу не забываць, — халодна сказаў ён, — што менавіта дзякуючы такім банальным на першы погляд рэчам я здолеў разабрацца са справай “Чаму Пол Ферал забіў сваю жонку” [1], а таксама “Што здарылася з Джонсам” [2]!

Я тут жа праглынуў язык. Ён хвілінку счакаў, а затым нечакана вярнуўся да сваёй звычайнай бязлітасна-аналітычнай манеры:

— Калі я сказаў, што гэта адны дробязі, то меў на ўвазе, што яны падаюцца такімі ў параўнанні з маёй цяперашняй справай. Было здзейсненае злачынства, і яно, як ні дзіўна, скіраванае супраць мяне. Вы скалануліся, — адзначыў ён, — вы дзівіцеся, хто мог на такое адважыцца. Дзіўлюся і я, і тым не менш злачынства здзейсненае. Мяне абрабавалі.

— Абрабавалі вас?! Вас, Хэмлака Джонса, Пагрозу Злодзеяў? — ледзь не задыхаючыся ад здзіўлення, я ўскочыў і сутаргава схапіўся за край стала.

— Але, мяне. Слухайце. Нікому іншаму я б у гэтым не прызнаўся. Але вам, які сачыў за маімі поспехамі і які ведае мае метады, вам, перад якім я часткова прыўзняў покрыва, што хавае мае планы ад вачэй простых смяротных, вам, які цягам доўгіх гадоў з жарсцю выслухоўваў мае развагі, глыбока захапляўся маімі суджэннямі і высновамі, падпарадкоўваўся кожнаму майму слову і кіўку, зрабіўся маім рабом, поўзаў ля маіх ног, закінуў сваю практыку, за выключэннем некалькіх непрыбытковых пацыентаў, колькасць якіх хутка скарачаецца і якім вы, засяроджаны на маіх праблемах, часам прапісваеце стрыхнін замест хініну і мыш’як замест ангельскай солі, вам, які ахвяраваў дзеля мяне ўсім і ўсімі — вам і толькі вам даверу я сваю таямніцу!

Я ўскочыў і горача яго абняў, аднак ён ужо так заглыбіўся ў думкі, што механічна пацягнуўся да гадзіннікавага ланцужка, быццам хацеў зверыць час.

— Сядайце, — сказаў ён. — Хочаце цыгару?

— Я больш не куру цыгараў, — адказаў я.

— Чаму? — пацікавіўся ён.

Я завагаўся і, відаць, пачырванеў. Праўду кажучы, я кінуў іх курыць, бо праз скарачэнне практыкі не мог дазволіць сабе такой раскошы. Хапала толькі на люльку.

— Люлька мне больш падабаецца, — адказаў я са смехам. — Але раскажыце пра злачынства. Што ў вас скралі?

Ён падняўся, засунуўшы пальцы за фалды фрака, стаў ля каміна і хвілінку задуменна глядзеў на мяне зверху ўніз.

— Памятаеце партсігар, падораны мне турэцкім паслом за тое, што я пазнаў збеглую фаварытку вялікага візіра ў пятай дзяўчыне з хору тэатра “Бадзёрасць”? Знік менавіта ён. Я маю на ўвазе партсігар. Ён быў увесь інкруставаны дыяментамі.

— І самы вялікі з іх быў фальшывы, — прыгадаў я.

— Ах, — сказаў ён, задумліва ўсміхнуўшыся, — вы ведаеце?

— Вы самі казалі. Помню, я тады палічыў гэта чарговым доказам вашай надзвычайнай праніклівасці. Божа мой, вы што, назаўсёды страцілі яго?

Ён хвілінку памаўчаў.

— Не, яго скралі, гэта праўда, але я вярну яго. Сам вярну! Калі адзін з прадстаўнікоў вашай прафесіі, мой сябра, моцна захворвае, ён не лечыцца сам, а запрашае калегу. У нас усё іначай. За сваю справу я вазьмуся сам.

— Ды хто зможа ўзяцца за яе лепш? — пагадзіўся я з энтузіязмам. — Думаю, партсігар ужо амаль знойдзены.

— Пазней я нагадаю вам гэтыя словы, — весела сказаў ён. — А цяпер я хачу прадэманстраваць вам свой давер і, нягледзячы на рашэнне заняцца справай самастойна, выслухаць вашыя парады.

Тут ён дастаў з кішэні нататнік і са змрочнай усмешкай узяўся за аловак.

Я не мог паверыць сваім вачам і вушам. Ён, вялікі Хэмлак Джонс, просіць парады ў такога нікчэмнага чалавека, як я! Я пачціва пацалаваў яго руку і радасна пачаў:

— Перш за ўсё я даў бы аб’яву, абяцаючы ўзнагароду. Я расклеіў бы абвесткі ў пабах і кандытарскіх. Пасля наведаўся б да ліхвяроў і паведаміў у паліцыю. Распытаў бы слуг. Старанна абшукаў бы дом і кішэні. Я маю на ўвазе, — са смехам дадаў я, — вашыя ўласныя кішэні.

Ён змрочна занатаваў мае парады.

— Магчыма, — дадаў я, — усё гэта вы ўжо зрабілі.

— Магчыма, — загадкава адказаў ён, паклаў нататнік назад у кішэню, падняўся і працягнуў. — А цяпер, мой дарагі сябра, прабачце, я ненадоўга знікну. А пакуль адчувайце сябе як дома. Можа, што-небудзь з гэтага, — тут ён паказаў на забітыя самымі рознымі рэчамі паліцы, — вас зацікавіць і дапаможа прабавіць час. Люлькі і тытунь у тым куце.

Кіўнуўшы мне з усё тым жа невытлумачальным выразам твару, ён пакінуў пакой. Я даўно прызвычаіўся да яго метадаў, а таму не палічыў такі сыход бесцырымонным, упэўнены, што ён выправіўся на пошукі ключа да разгадкі, якую нечакана падказаў яму ягоны нястомны мозг.

Пакінуты самому сабе, я прабегся вачыма па паліцах. Там стаяла мноства маленькіх слоікаў з сумесямі зямлістага колеру — цэтлікі сведчылі, што гэта “Смецце з Ходнікаў і Дарог” галоўных вуліц і прыгарадаў Лондана, прызначанае “для вызначэння слядоў”. Было шмат іншых слоікаў з цэтлікамі “Ворс з Сядзенняў Омнібусаў і Аўтамабіляў”, “Абрыўкі Какосавых і Іншых Нітак з Дыванкоў у Грамадскіх Месцах”, “Недакуркі і Недапалкі з Падлогі тэатра “Палас”, шэраг А, месцы ад 1 да 50”. Паўсюль стаялі сведчанні цудоўнай сістэмнасці і праніклівасці гэтага чалавека.

Заняты такім чынам, я пачуў раптам лёгкае парыпванне дзвярэй. Калі незнаёмец увайшоў, я азірнуўся. Гэта быў грубага выгляду чалавек у зношаным паліто і яшчэ больш сумнеўным шаліку, які хаваў шыю і ніжнюю частку твару. Моцна ўстрывожаны такім уварваннем, я рэзка павярнуўся да яго. Незнаёмец невыразна буркатліва выбачыўся, патлумачыўшы, што ён пераблытаў пакой, і, шоргаючы нагамі, выйшаў. Я кінуўся за ім на лесвічную пляцоўку і ўбачыў, як ён спусціўся па лесвіцы і знік. Мой мозг быў заняты думкамі пра абрабаванага сябра, а таму гэты выпадак зрабіў на мяне моцнае ўражанне. Я ведаў пра звычку Джонса імкліва вылятаць з пакоя, калі яго захоплівала новая ідэя, і здаралася, што калі яго магутны інтэлект і выбітны геній праніклівасці канцэнтраваліся на адной праблеме, мой сябар зусім забываў пра бяспеку сваёй маёмасці і пагарджаў звычайнымі мерамі засцярогі, напрыклад, не замыкаў шуфлядаў. Я праверыў адну ці дзве і зразумеў, што маю рацыю, хаця з нейкай прычыны выцягнуць адну з іх да канца не змог. Ручка гэтай шуфляды была слізкая, нібыта хтосьці адчыняў яе бруднымі рукамі. Ведаючы пра маніякальную ахайнасць Хэмлака, я вырашыў паведаміць яму пра новую акалічнасць, але, на жаль, забыў пра яе да таго, як… — але не буду забягаць наперад.

Яго адсутнасць надзіва зацягнулася. Урэшце я сеў ля каміна і амаль заснуў, супакоены цяплом і дажджом, што барабаніў у вокны. Мне, відаць, штосьці снілася, бо праз дрымоту я невыразна адчуў, як нечыя рукі асцярожна шнараць па маіх кішэнях — сон, безумоўна, натхнёны гісторыяй пра злачынства. Калі я цалкам прыйшоў у сябе, то ўбачыў Хэмлака Джонса, які сядзеў з іншага боку каміна і засяроджана глядзеў у агонь.

— Вам так утульна спалася, што я не наважыўся вас пабудзіць, — з усмешкай сказаў ён.

Я працёр вочы.

— Ну што, ёсць навіны? Як вашыя поспехі?

— Лепш, чым я чакаў, — адказаў ён і, выцягваючы нататнік, дадаў. — І шмат у чым дзякуючы вам.

Глыбока задаволены, я чакаў працягу. Але марна: варта было згадаць, што ў такім стане Хэмлак Джонс — сама стрыманасць. Я расказаў пра дзіўнага наведніка, але ён толькі рассмяяўся.

Пазней, калі я сабраўся сыходзіць, ён гулліва зірнуў на мяне і сказаў:

— Калі б вы былі жанатым чалавекам, я параіў бы вам спачатку пачысціць рукавы і толькі потым ісці дадому. Вам на рукаво наліпла некалькі кароткіх валаскоў, відаць, ад коцікавага футра. Вы, відаць, моцна абдымалі кагосьці ў такім футры!

— Тут вы памыліліся! — пераможна сказаў я. — Гэта, як вы можаце заўважыць, мае валасы. Я сёння стрыгся ў цырульніка і, відаць, высунуў з-пад накідкі руку.

Ён злёгку нахмурыўся, але ўсё ж цёпла абняў мяне на развітанне — рэдкі выпадак для такога ледзянога чалавека. Ён нават падаў мне паліто і патузаў, а потым прыгладзіў клапаны маіх кішэняў. Асабліва старанна ён дапамог мне праціснуць руку ў рукаво і прайшоўся ўмелымі пальцамі ад проймы да закаўраша.

— Заходзьце яшчэ! — сказаў ён, ляпаючы мяне па спіне.

— У любы час, — радасна падхапіў я. — Мне трэба толькі двойчы ў дзень па дзесяць хвілінаў на тое, каб згрызці ў сваім кабінеце сухарык, і чатыры гадзіны на сон. Астатні мой час, як вы ведаеце, цалкам належыць вам.

— Я ведаю, — адказаў ён з неспасцігальнай усмешкай.

Тым не менш, калі я наступным разам зазірнуў да сябра, кватэра была пустой. Аднаго дня я сустрэў яго ля свайго дома. Ён быў у адным з улюбёных вобразаў, апрануты ў сіні фрак з доўгімі фалдамі, у паласатых баваўняных нагавіцах, з вялікім адкладным каўняром, белым капелюшом на галаве і пафарбаваным у чорны колер тварам. У руках ён трымаў бубен. Для іншых людзей ён быў выдатна замаскаваны, але я ведаў гэты касцюм і таму згодна з нашай даўняй дамовай абмінуў сябра, не звяртаючы на яго ўвагі і спадзеючыся на пазнейшае тлумачэнне. Іншым разам, наведваючы з медыцынскімі мэтамі жонку аднаго карчмара ў Іст-Эндзе, я ўбачыў сябра ў вобразе збяднелага рамесніка, які зазіраў у акно суседняга ламбарда. Я ўзрадаваўся, што ён і праўда трымаецца маёй парады, і ад шчасця нават насмеліўся яму падміргнуць. Ён рассеяна падміргнуў мне ў адказ.

Праз два дні я атрымаў цыдулку, у якой ён прызначаў мне сустрэчу вечарам у яго кватэры. Але сустрэча гэтая, на жаль, зрабілася самай незабыўнай і сумнай у маім жыцці, маёй апошняй сустрэчай з Хэмлакам Джонсам! Паспрабую апісаць яе як мага спакайней, хаця ад згадак пра яе сэрца амаль выскоквае з грудзей.

Калі я зайшоў, ён стаяў ля каміна з такім выразам твару, які я бачыў дагэтуль усяго раз ці два — з выразам, які я магу патлумачыць абсалютнай канцэнтрацыяй яго індуктыўных і дэдуктыўных здольнасцяў і які пазбаўлены ўсіх чалавечых пачуццяў, любой далікатнасці і спагады. Гэта быў проста ледзяны алгебраічны сімвал! Ён увесь падабраўся так, што адзенне свабодна вісела на яго фігуры, а галава настолькі паменшылася ад разумовага ціску, што капялюш схаваў лоб і трымаўся літаральна на адтапыраных вушах.

Калі я ўвайшоў, ён замкнуў дзверы, зачыніў вокны і нават заставіў крэслам камін. Пакуль я з усёпаглынальнай цікавасцю сачыў за гэтымі надзвычайнымі засцярогамі, ён раптоўна выхапіў рэвальвер і, прыставіўшы яго да маёй скроні, ціхім ледзяным тонам сказаў:

— Аддавайце партсігар!

Нягледзячы на збянтэжанасць, я адказаў адразу ж, шчыра і не задумваючыся:

— У мяне яго няма.

Ён горка ўсміхнуўся і апусціў рэвальвер.

— Гэтага я і чакаў! Але зараз я ўжыву нешта больш моцнае, забойчае, бязлітаснае і пераканаўчае, чым гэтая звычайная смертаносная зброя — я ўжыву страшэнна індуктыўныя і дэдуктыўныя доказы вашай віны! — з гэтымі словамі ён дастаў з кішэні скрутак паперы і нататнік.

— Няма сумневу, — ледзь не задыхнуўся я, — што вы жартуеце! Не можаце ж вы і праўда хоць на хвіліну паверыць…

— Маўчаць! Сядзьце!

Я падпарадкаваўся.

— Вы самі сябе выдалі, — бязлітасна сказаў ён. — Выдалі падчас майго расследавання, метады якога вы добра ведаеце, перад якім схіляеце галаву, якое ўражвае вас шмат гадоў! Вернемся ў той момант, калі вы ўпершыню ўбачылі мой партсігар. Вы сказалі тады наступнае, — тут ён зазірнуў у свае нататкі; голас гучаў халодна і размерана. — “Якая прыгажосць! Вось бы мне такі!” Гэта быў ваш першы крок да злачынства — і першы доказ. Відавочна, ад думкі “Вось бы мне такі!” вы перайшлі да “У мяне такі будзе!”, а потым і да “Як бы такі здабыць?” Маўчаць! Але мае метады патрабуюць неадольнай цягі да злачынства, вашага ганебнага захаплення гэтай бязглуздзіцай тут недастаткова. Вы курыце цыгары.

— Але я казаў вам, — выбухнуў я, — што кінуў курыць цыгары!

— Дурань! — халодна прамовіў ён. — Гэта вашая другая памылка. Безумоўна, вы казалі! Хіба гэтая падрыхтаваная загадзя і няпрошаная фраза — не найлепшы спосаб адвесці ад сябе падазрэнне? Але як я адзначыў раней, нават гэтай вартай жалю спробы схаваць канцы ў ваду недастаткова. Трэба было знайсці ваш неадольны рухальны матыў, які падштурхнуў бы такога чалавека, як вы. І я адшукаў гэты, відаць, наймацнейшы з чалавечых імпульсаў — Каханне, як вы яго называеце, — і горка дадаў: — Прынамсі, называлі той ноччу. Вы прынеслі на сваім рукаве самыя пераканаўчыя доказы.

— Але… — я ледзь не крычаў.

— Маўчаць! — прагрымеў ён. — Я ведаю, што вы скажаце. Вы скажаце, што нават калі вы абдымалі нейкую маладую асобу ў коцікавым футры, гэта зусім не звязана з крадзяжом? Дазвольце тады адзначыць, што коцікавае футра выдае якасць і характар вашай фатальнай прыхільнасці! Вы аддалі за яе свой гонар — скрадзены партсігар дапамог вам набыць само гэтае коцікавае футра! Маўчаць! Дакладна вызначыўшы ваш матыў, я вярнуўся да самога злачынства. Звычайныя людзі з гэтага і пачалі б, паспрабаваўшы вызначыць месцазнаходжанне страчанай рэчы. Але гэта не мой метад.

Сіла яго думкі была такой неадольнай, што, нават ведаючы пра сваю невінаватасць, я прагна аблізнуўся, чакаючы яркай гісторыі раскрыцця майго злачынства.

— Вы ўчынілі крадзеж тым вечарам, калі я паказаў вам партсігар і пасля легкадумна закінуў яго ў гэтую шуфляду. Вы сядзелі ў тым фатэлі, і я падняўся дастаць штосьці з вунь той паліцы. У той жа момант вы ўзялі здабычу, нават не ўстаючы. Маўчаць! Памятаеце, як іншым вечарам я падаў вам паліто? Тады я асабліва старанна дапамог вам з рукавом. У гэты час я паспеў памераць вашую руку ад пляча да закаўраша рулеткай. Пазнейшы візіт да вашага краўца пацвердзіў мае дадзеныя. Выявілася, што даўжыня вашай рукі ЦАЛКАМ АДПАВЯДАЕ АДЛЕГЛАСЦІ ПАМІЖ ФАТЭЛЕМ І ШУФЛЯДАЙ!

Я быў агаломшаны.

— Астатнія дэталі толькі падмацавалі маю выснову. Я зноў заспеў вас, калі вы шнарылі ў маёй шуфлядзе. Не здзіўляйцеся. Незнаёмцам з шалікам, што выпадкова зайшоў у пакой, быў я! Больш за тое, перад сыходам я намазаў ручку шуфляды мылам. Калі я на развітанне паціснуў вам руку, яна была ў мыле. Калі вы спалі, я на ўсялякі выпадак мякка абмацаў вашыя кішэні. Калі вы сыходзілі, абняў вас — хацеў праверыць, ці не схавалі вы пад адзеннем партсігар ці штосьці яшчэ. Гэта ўмацавала маю ўпэўненасць, што вы пазбавіліся каштоўнасці, выкарыстаўшы яе з апісанай трохі раней мэтай. Я ўсё яшчэ верыў у вашую здольнасць раскаяцца і прызнаць віну, а таму двойчы паказваў, што бяру ваш след: першы раз у касцюме вандроўнага негра-музыкі, другі раз у вобразе рамесніка, што зазірае ў ламбард, куды вы здалі сваю здабычу.

— Але калі б вы спыталі ў ліхвяра, — ускрыкнуў я, — вы зразумелі б, як несправядліва…

— Дурань! — сыкнуў ён. — Шукаць ліхвяроў — вашая парада. Няўжо вы думаеце, што я паслухаюся вашай парады, парады злодзея? Яны, наадварот, паказалі, чаго рабіць не варта.

— Мяркую, вы нават не абшукалі сваю шуфляду, — горка адзначыў я.

— Не, — спакойна сказаў ён.

Тут я ўпершыню па-сапраўднаму абурыўся. Я падскочыў да найбліжэйшай шуфляды і рэзка яе выцягнуў. Як і раней, яна высоўвалася не да канца. Трохі з ёй пакорпаўшыся, я зразумеў, што мне перашкаджае нейкі прадмет, што захрас у шуфлядзе і цяпер трымае яе. Я засунуў туды руку і выцягнуў перашкоду. Гэта быў згублены партсігар! Радасна ўсклікнуўшы, я павярнуўся да сябра.

Але ўбачыўшы яго твар, я разгубіўся. У яго крытычным, пранізлівым поглядзе з’явілася пагарда.

— Я памыліўся, — марудна сказаў ён. — Я не ўлічыў вашую слабасць і баязлівасць. Я занадта добра думаў пра вас нават як пра злачынцу! Але цяпер я разумею, навошта вы той ноччу палезлі ў шуфляду. Нейкім неспасцігальным чынам, магчыма, дзякуючы іншаму крадзяжу, вы забралі партсігар у ліхвяра і як пабіты сабака, бязвольна, няўклюдна вярнулі мне каштоўнасць. Вы думалі падмануць мяне, Хэмлака Джонса! Больш за тое, вы хацелі знішчыць маю рэпутацыю. Ідзіце! Я даю вам свабоду. Я не буду клікаць трох паліцэйскіх, што чакаюць у суседнім пакоі, — але прэч з маіх вачэй назаўсёды!

Агаломшаны і скамянелы, я не мог зрушыцца з месца, а таму ён цвёрда ўзяў мяне за вуха, вывеў у вітальню і зачыніў дзверы. Потым адчыніў іх зноў, роўна настолькі, каб выкінуць мой капялюш, паліто, парасон і галёшы, і зачыніў іх перада мной назаўсёды.

Больш я ніколі яго не бачыў. Мушу прызнацца, што з гэтага часу справы мае пайшлі ўгару, я вярнуў многіх былых пацыентаў, а некаторым з іх нават вярнуў здароўе. Я разбагацеў. Разжыўся экіпажам і домам у Вэст-Эндзе. Але я часта задумваюся, згадваючы пра надзвычайную праніклівасць і здагадлівасць гэтага чалавека: можа, у нейкім несвядомым стане я і праўда скраў яго партсігар?

______________________________________________________________

 

Каментар


1. “Чаму Пол Ферал забіў сваю жонку” (Why Paul Ferroll Killed His Wife) — кніга ангельскай пісьменніцы Караліны Клайв (Caroline Clive, 1801—1872).


2. “Што здарылася з Джонсам” (What Happened to Jones) — фарс у трох дзеях ангельска-амерыканскага драматурга і рэжысёра Джорджа Хоўэлса Бродхэрста (George Howells Broadhurst, 1866—1952).

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2012

Чытайце таксама

Італа Звева

Італа Звева

Італьянскі пісьменнік габрэйскага паходжання.

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Ангольскі партугальскамоўны пісьменнік, журналіст, выдавец

Роналд Нокс

Роналд Нокс

Ангельскі рэлігійны дзеяч і пісьменнік, аўтар дэтэктываў

Вірджынія Вулф

Вірджынія Вулф

Ангельская раманістка і эсэістка, адна з самых яркіх фігураў ангельскага мадэрнізму XX ст.

512