№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Баляслаў Лесьмян

Чорны казёл (Czarny kozioł)

Пераклад з польскай Ганна Янкута


Пераклад падрыхтаваны ў межах стыпендыяльнай праграмы міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча “Gaude Polonia”.

Tłumaczenie zostało zrealizowane w ramach Programu Stypendialnego Ministra Kultury i Dziedzictwa Narodowego Rzeczypospolitej Polskiej “Gaude Polonia”.

Адвячоркам Валеры Кепас пачціва дастаў падараваны дачкой суддзі нязручна тонкі аловак і на кавалку шэрай паперы, у якую была завернутая толькі што з’едзеная каўбаса, накрэсліў у п’яным бляску мігатлівай лучыны ўласныя імя і прозвішча: Валеры Кепас.

Выраз ён крэсліў марудна і з цяжкасцю, але кожную асобную літару — з нечаканай і незразумелай для сябе самога хуткасцю, нібыта баючыся, што яна выслізне з-пад алоўка, перш чым ён паспее раз і назаўсёды прышпіліць яе затупленым ужо трохі вастрыём да паперы.

А ўсё таму, што ён адчуваў: калі сам выраз збіраецца паступова і клапотна, то асобныя літары, весела блытаючыся і ў вачах, і ў памяці, з’яўляюцца альбо адразу, альбо ніколі.

Даводзілася іх высочваць, а значыць, ладзіць засаду, каб у патрэбны момант урэшце знянацку на іх напасці.

Аднаго дня дачка суддзі, якая кагадзе скончыла школу ў горадзе і вярнулася ў бацькоўскі дом, прыгледзела падчас шпацыру незнаёмага яшчэ ёй Кепаса і з першага ж погляду ўбачыла, што тут можна разгарнуць працу на грамадскую карысць.

— Хай бярэцца за работу! — са шляхетным абурэннем у голасе сувора прамовіла яна і павяла плячыма, раздражнёная неабходнасцю сузіраць такога невука. — Ніякай шкоды ад гэтага не будзе.

І праўда — ніякай шкоды Кепасу ад гэтага не было. Сам не ведаючы, як і калі, ён мімаволі авалодаў навукай пісаць і чытаць і ў якасці ўзнагароды за пільнасць і кемнасць атрымаў ад дачкі суддзі доўгі і надта тонкі аловак, які ў душы часта параўноўваў з палявой былінкай і які хаваў на дне адзінага куфра так, што кожны дзень мусіў той куфар у пошуках алоўка ператрэсваць.

Накрэсліўшы свае імя і прозвішча і прачытаўшы іх уголас — “Валеры Кепас”, — ён падзівіўся самому сабе на паперцы і выйшаў з хаты.

Яму хацелася расчытаць у небе заўтрашняе надвор’е.

Неба было такое бясхмарнае, што на ім выступілі зоры, кожная з якіх спяшалася па-свойму пакрасавацца перад вачыма.

Кепас спадылба зірнуў на суседнюю хату, у якой жыў упарты і дзіклівы Томаш Грыз.

З хаты Грыза ён перавёў позірк на адзіны ва ўсёй вёсцы ліхтар, які тырчаў насупраць яго ўласнай халупы і вяртаў звечарэламу лісцю суседняй бярозы зялёны колер, надаючы яму залатое адценне і нейкі бляшаны выгляд. Празрыстая крона бярозы бачная была не горш за бакавы алтар, калі там кароткімі агеньчыкамі пачынаюць мігцець першыя свечкі.

Магчыма, дачка суддзі, працуючы на карысць грамадства, прымусіла бацьку набыць і ўсталяваць гэты ліхтар менавіта тут, у досыць бязлюдным месцы, побач з хатай Кепаса, несвядома жадаючы такім чынам адзначыць сваю першую грамадскую перамогу над цёмнай сялянскай душою.

Кепас не раз цвяліў Грыза ліхтаром, які нібыта зрабіўся яго, Кепасавай, уласнасцю, а Грыз, хай сабе і нехаця, прызнаваў яго, відаць, натуральнай маёмасцю Кепаса.

Зрэшты, і іншыя сяляне з вёскі называлі ліхтар не іначай як Кепасавым і, вызначаючы месца, казалі: “Каля Кепасавага ліхтара” альбо “Справа ад Кепасавага ліхтара”.

Калі ўжо іншай карысці з яго не было, дык хай будзе хоць такая.

Гэтым ліхтаром Кепас калоў вочы Грызу зусім не без прычыны: месяц таму ён хацеў ажаніцца з адзінай Грызавай дачкой, але той рашуча адмовіў і выправіў дачушку ў горад на заробкі.

— І чаму гэта ты прыбраў, як непатрэбнае смецце, у мяне з-пад носа сваю дачку? — пытаў Кепас і цёр нос.

— Хацелася, — упарта адказваў Грыз.

— І чаму ты не аддаў яе мне, замест таго каб гнаць у горад, нібы дурную авечку на матыліцу? — з выклікам у голасе казаў Кепас і крывіў рот, перадражніваючы калі не самога Грыза, то яго душу, якая ў вачах Кепаса выглядала ў гэты момант менавіта так.

— Не хацелася, — каротка і безнадзейна адказваў Грыз.

Акурат учора Кепас сустрэў Грыза на кірмашы. Той гладзіў па хрыбце толькі што купленага казла. Грыз быў задуменны, а казёл — чорны.

— Казла купіў? — спытаў Кепас, пагардліва ўсміхаючыся, бо як толькі ён кідаў вокам на Грыза, то адразу на ўсялякі выпадак напускаў на сябе пагардлівы выгляд.

— Купіў, — буркатнуў Грыз.

— Колькі заплаціў? — распытваў далей зацікаўлены Кепас.

Грыз адказаў, колькі.

Кепас, які загадзя падрыхтаваў запас смеху, выбухнуў так, каб Грыз ад рогату гэткае сілы адчуў сябе дурнем.

Сілу Кепас разлічыў правільна.

Грыз уважліва прыслухаўся да смеху і адчуў сябе дурнем.

— Я яго купіў, але ахвотна перапрадам, бо ён мне ўжо непатрэбны.

— Перапрадай мне! — усклікнуў Кепас і адным вокам яму падміргнуў.

Грыз у тое вока зірнуў, але прамаўчаў, на ўсялякі выпадак марудзячы з адказам.

— Пашкадаваў мне дачкі, дык хаця б казла не пашкадуй! — пачаў угаворваць Кепас і лагодна ўдарыў казла нагой у бруха.

Казёл ажывіўся і паглядзеў у адваротны бок.

— Не перапрадам! — раптам вырашыў Грыз.

— Чаму? — спытаў Кепас, удаючы шкадаванне.

— Не хочацца, — упёрся Грыз.

— Але ты сам толькі што хацеў, — нагадаў Кепас і паказаў пальцам на казла як на сведку.

— Толькі што хацеў, а цяпер не хачу! — адказаў Грыз.

— А я ўжо быў падумаў, што вярнуся дадому з казлом, — прамовіў Кепас. — Цяпер вось і не ведаю... Дык што? Вярнуся я дадому з казлом ці не?

Грыз не адказаў, а маўкліва рушыў дадому з казлом.

Усё гэта цяпер з пагардай згадваў Кепас, пазіраючы спадылба на хату Грыза.

У змроку рэзка выдзяляліся яе белыя сцены, што былі нібыта з палатна, а таму трохі моршчыліся і збіраліся ў складкі. А часам увогуле знікалі з вачэй, каб пасля адбудавацца наноў і вынырнуць з глыбіні саду, які галінаста цямнеў густымі пасадкамі на фоне неба і здаваўся бліжэйшым то да неба, то да хаты.

І ад саду, і ад хаты веяла незвычайнай цішай, адгароджанай ад рэшты начнога маўчання плятнём так, што іх ужо здаля можна было адрозніваць і слухаць паасобку.

І ў тую самую хвіліну, калі Кепас самым злосным сваім прыжмурам вывучаў хату, дзверы яе раптам расчыніліся, выскрыпваючы ў свет, ужо ўзяты начной стынню, цяпло змрочнага нутра.

З хаты выйшаў Грыз і тут жа спыніўся.

“Неяк дзіўна ён спыніўся, — падумалася асцярожнаму Кепасу. — Не так, як заўсёды, не так, як звычайна. Ён нібы проста робіць выгляд, што спыніўся, каб добрым людзям галовы затлуміць”.

А Грыз тым часам зрушыў з месца і скіраваўся да ліхтара.

Ліхтар кідаў на зямлю залацістае кола і ўвесь час тузаў яго ў розныя бакі, быццам стрэсваючы пыл.

Трава ў гэтым месцы зелянела нібы ўдзень, а адзіны самотны рамонак здаваўся неверагодным волатам дзякуючы разбуяламу ценю, што бясконца цягнуўся ад сцябліны па траве, быццам думаючы пра іншую, нікому не вядомую расліну, якая сягае самых нябёсаў.

Грыз ішоў да ліхтара павольным і ўдавана нядбайным крокам.

“І хада ў яго нейкая не такая, — разважаў недаверлівы Кепас. — Ніколі ён так не хадзіў і нагамі так ніколі не перабіраў. Чорт яго ведае, што там у яго цяпер за ногі. Можа, свае, а можа, і не свае. Ад яго ўсяго можна чакаць: чалавек ён пануры і незразумелы. Часцей за ўсё маўчыць, а хто ведае, што ён можа сказаць, калі маўчаць перастане? Відаць, як сказаў бы што, дык валасы на галаве дыбарам сталі б”.

Кепас абачліва перажагнаўся і зрок напружыў.

Грыз ішоў у ранейшым кірунку і акурат набліжаўся да ліхтара.

Але як толькі ён апынуўся ў залацістым коле, Кепас аберуч схапіўся за галаву.

Бо здарылася вось што: Грыз без аніякай зразумелай прычыны знік з яго вачэй! Ані знаку, ані следу ён наўмысля па сабе не пакінуў. А на месцы Грыза з’явіўся чорны казёл, нечаканы і непрадбачаны яго намеснік.

“Вось які ён прыдумаў сабе на ноч занятак! — залямантаваў у думках дарэшты абураны Кепас. — Мала яму таго, што на гора сабе і іншым нарадзіўся Грызам! Хочацца яму яшчэ час ад часу дзеля пякельнай забавы перакінуцца ў казла!.. Рабіў перада мной выгляд, што купіў казла на кірмашы, а насамрэч, відаць, атрымаў яго дзеля нягодных справаў проста з рук д’ябла… А можа, гэта быў нават не казёл, а сам ён у двух аднолькава нікчэмных абліччах!.. Як жа добра, што я казла не перакупіў! Пагляджу зараз, што гэты казёл будзе пад ліхтаром вырабляць!”

Казёл памарудзіў пад ліхтаром зусім трошкі — роўна столькі, колькі Грыз затрымаўся перад тым ля хаты, — і, пакінуўшы залацістае кола, рушыў да хаты Грыза.

Ішоў ён павольным і ўдавана нядбайным крокам, неахайна круцячы задам і цягнучы па зямлі доўгую поўсць, нібы патрапаную спадніцу.

Як толькі ён дайшоў да хаты, дарэшты ашалелы ад здзіўлення Кепас бязладна залопаў у паветры рукамі, быццам вятрак. Казёл, якога нібыта акуратна здзьмула з твару зямлі, знік, а на яго месцы тут жа з’явіўся Грыз, гэтым разам як намеснік чорнага казла.

Пастаяўшы трошкі — роўна столькі ж, колькі казёл перад гэтым затрымаўся каля ліхтара, — і махнуўшы рукой, ён увайшоў у хату і замкнуў за сабой дзверы.

“Вось дык разумнік! — са злавеснай радасцю ў душы падумаў Кепас. — Родную дачку выгнаў у горад, каб не перашкаджала тваім д’ябальскім штучкам! Цяпер я хаця б ведаю, хто побач жыве! Не ведаю толькі, хто ў тваёй хаце галоўны і хто за ўсё адказвае. Ты, ці казёл, ці вы разам? Хто з вас гаспадарыць, а хто служыць? Думаеш, твой начны шпацыр у дзвюх асобах сыдзе табе з рук? Думаеш, ніхто цябе не бачыў? От жа цікава, як ты цяпер зірнеш мне ў вочы, калі я спытаю, што гэта там на маіх вачах дзеялася!”

І Кепас пераможным крокам рушыў да хаты Грыза.

Там панавалі цемра і ціша.

І толькі ў глыбіні саду сам з сабой барукаўся ледзь улоўны для вуха навярэджаны шолах — нібыта ў прыцемку прычальваў да невядомага берага самотны човен.

Кепас прыціснуўся тварам да шыбы і рукой прыкрыў вочы ад пабочнага святла, каб бесперашкодна ўліць свой позірк усярэдзіну хаты.

У хаце было цёмна, а таму нічога, апроч сцяны, што бялела насупраць, Кепас высачыць не мог.

“Прыкідваецца, што спіць! — падумаў Кепас. — Толькі-толькі вярнуўся дадому, а ўжо нібыта і заснуць паспеў! Хоча мне сваім сном вочы адвесці! А я і не паддамся!”

І Кепас ударыў па шыбе кулаком.

Шыба задрыжала, нібы ў ліхаманцы, і магутна зазвінела.

Але ніхто ў хаце на гэты звон не адгукнуўся.

“Усё яшчэ прыкідваецца! — нецярпліва падумаў Кепас. — А што яму цяпер засталося — толькі прыкідвацца і прыкідвацца. Але прыкідванне яму я з усіх сіл буду ўскладняць!”

І ён яшчэ мацней ударыў кулаком у шыбу. У той самы момант, таксама ледзь не ўдарыўшыся ў шыбу, унутры намаляваўся бясформенны і памяты твар Грыза, што, як закалец, прыліп да акна.

Твар гэты нічога не казаў, нібыта яго шчыльнага прыліпання да шыбы было і так больш чым дастаткова. Кепас задаволена адзначыў на ім запытальны выраз усхваляванай трывогі, але вырашыў казытлівую справу ўначы не чапляць і перанесці адказ на пытанне, якое прачытаў на твары з перакошаным ад прыціскання да шыбы носам, да раніцы.

— Я табе заўтра скажу, што збіраўся сказаць! — пракрычаў Кепас і махнуў рукой, паказваючы, што размова на сёння скончаная.

Твар абурана адляпіўся ад акна і са злосцю знік у цемры.

“Ён здагадваецца, што я ўсё ведаю! — сказаў сам сабе Кепас і вярнуўся дадому.

На самым світанні нястомны Кепас падпільноўваў Грыза ля яго хаты.

Хутка Грыз выйшаў і зірнуў на сваё акно, быццам правяраючы, ці на месцы. Кепас таксама зірнуў на акно.

— Ну і чаго ты хацеў? — прамармытаў Грыз.

— А ты нібы і не ведаеш, чаго я хацеў, — адказаў Кепас, падміргваючы яму адным вокам.

Грыз прамаўчаў, усім сваім выглядам паказваючы, што адказу ад Кепаса ён чакае толькі дзеля таго, каб ад яго адчапіліся.

— Ну кажы: ведаеш ці не? — з націскам спытаў Кепас і руку падняў — маўляў, старгаваліся.

— Не мянці мне тут абы-што, а гавары наўпрост, — адказаў Грыз і, вуснамі падчапіўшы вус, нібы сена з кармушкі, добра яго пакамечыў, перш чым выпусціць на волю.

— І чым гэта ты начамі займаешся? Га? — спытаў Кепас і галавой, на шыі расхістанай, яму прыгразіў.

— Гляджу ў акно, хто гэта мне выгруквае кулаком у шыбу, — адказаў Грыз і паказаў Кепасу кулак.

— А я вось гляджу, як ты ператвараешся ў чорнага казла і наўслеп заляцаешся касматым задам да зорак! —абурана сказаў Кепас і сплюнуў на лопух, які аказаўся ў тую хвіліну пад нагамі.

— Дурань! — прамовіў Грыз і сплюнуў на той самы лопух амаль адначасова з Кепасам.

— Не дурань, а проста вочы на твары маю! — запярэчыў Кепас, дзіравячы абцасам апляваны лопух. — Будзеш адмаўляць, што сёння ноччу выходзіў з хаты?

— Маю права выходзіць з хаты калі захачу, — зазначыў Грыз і кіўком паказаў на хату.

— Будзеш, значыць, адмаўляць, што не толькі выходзіў з хаты, але і трошкі пры ёй стаяў? — прамовіў Кепас і паморшчыў левую шчаку, падняўшы адначасова брыво.

— Гэтага я таксама не адмаўляю, — адказаў, развеерыўшы рукі, Грыз. — Хто з хаты выходзіць, той заўсёды пры ёй трошкі пастаіць.

— А трохі пастаяўшы, хіба не пайшоў ты да майго ліхтара? — з’едлівым распевам спытаў Кепас, высоўваючы наперад ніжнюю сківіцу.

— Гэтага ўжо не памятаю, — адказаў Грыз і ледзь заўважна адвярнуў галаву.

— А можа, не памятаеш і таго, як ля майго ліхтара ператварыўся ў чорнага казла? — пераможна закрычаў Кепас і ўзяўся ў бокі.

— Дурань! — паўтарыў Грыз. — Ты, відаць, убачыў мяне з казлом і ў сваёй дурной галаве, дзе блытаецца ўсё, што туды трапіць, нас пераблытаў. Нешта казёл ніяк не можа прызвычаіцца да новага месца, і мне ўжо некалькі разоў давялося вяртаць яго дадому. У тваёй галаве штосьці звіхнулася — вось і ўсе справы. Байкі твае я чую не першы дзень і ніколі не прымаю іх ані да ўвагі, ані блізка да сэрца. Ты ж расказваў мне, як падпільнаваў нашага вікарыя, калі той у самым цэнтры месяца то здымаў, то тут жа надзяваў плашч. Гэта прытым, што месяц вісеў сабе ў небе, а вікарый гуляў сабе па зямлі. А ты гэтага вікарыя да месяца, як сёння мяне да казла, і прышыў. Не мог, значыцца, вікарый іншага месца сабе знайсці, каб надзяваць і здымаць плашч, давялося яму, значыцца, на самы месяц цягнуцца, каб там разам з плашчом заняцца тым, што ты яму прыпісваеш? І мала было яму месяца, дык ён выбраў яшчэ і самы цэнтр?

— Дык гэта ж не я, а сам ён прыгледзеў цэнтр, не ўпадабаўшы ўскрайкаў, — апраўдваўся Кепас, спіхваючы на вікарыя ўсю адказнасць за выбар месца.

— Дурань! — зноў паўтарыў Грыз. — А потым ты мне расказваў, як жонка суддзі, ператварыўшыся ў чорную квактуху, дзюбай стукала ў тваю шыбу, угаворваючы неадкладна дазволіць ёй знесці ў тваёй хаце яйка.

— І я ж дазволіў! — ускрыкнуў Кепас, падняўшы палец і лічачы свой дазвол найлепшым доказам таго, што і ўсе астатнія акалічнасці здарэння — праўдзівыя і неаспрэчныя.

— Дурань! — вымавіў Грыз. — Твая хата была гэтак жа патрэбная ёй для яйка, як табе гэтае яйка для дурной гісторыйкі. А калі цябе прыперлі да сцяны, ты сцвярджаў яшчэ, што яйка было не белае, а чорнае.

— Гэта ўжо яе справы, а не мае, чаму яна знесла чорнае яйка замест белага, — хуценька адказаў Кепас, спіхваючы гэтым разам на жонку суддзі ўсю адказнасць за выбар колеру.

— Дурань! — прыкрыкнуў на яго Грыз і, заўважыўшы ў вачах Кепаса пэўнае пярэчанне, усім целам бяссільна скалануўся.

Кепас махнуў рукой.

— А я што ведаю, тое і ведаю, — спакойна адказаў ён з падазроным, як здалося Грызу, пачуццём выкананага абавязку.

— Што ты ведаеш? — спытаў Грыз.

— А тое і ведаю, што ты з д’яблам хаўрусуеш! — ускрыкнуў Кепас і ткнуў пальцам ледзь не ў самыя вочы Грыза, вырачаныя ад абурэння.

— Ты не кідай мне ў твар абразы, бо як трэсну ў морду! — рэзка кінуў Грыз і, павярнуўшыся, зайшоў назад у хату.

“От жа, братка, пачакай! — падумаў Кепас, пагражаючы кулаком адсутнаму ўжо Грызу. — Хай толькі надыдзе ноч, а там я і праверу, хто з нас мае рацыю. Вось закіпіць у табе тваё чартоўскае жаданне, ты не вытрымаеш — і паводле вашай з д’яблам дамовы знову здзейсніш свае калматае ператварэнне!”

Спусцілася цемра, і ў той жа час, што і мінулай ночы, Грыз паказаўся з хаты.

“Не вытрымаў!” — затаіўшы дыханне, падумаў Кепас.

Грыз трошкі пастаяў, а потым скіраваўся да ліхтара.

І толькі ён да ліхтара дайшоў, як адразу з вачэй Кепаса і знік. На яго месцы з’явіўся чорны казёл.

Кепас тут жа накінуў яму на шыю падрыхтаваную загадзя вяроўку і прывязаў яго да ліхтара. Казёл злёгку схіліў галаву набок і застыў.

“Казёл мой, а значыць, і ён таксама мой. Цікава, што ён цяпер будзе рабіць? — падумаў Кепас, адорваючы казла позіркам, якім звычайна ўганароўваў Грыза. Толькі ён так падумаў, як з хаты паказаўся Грыз.

“Каб цябе халера! — вылаяўся ў думках Кепас. — Яго прывязалі да ліхтара, а ён у гэты момант выходзіць з хаты! А можа, гэта не ён, а хтосьці трэці?”

І тут яго ахапіў лёгкі страх.

— Хто там? — закрычаў ён, пазіраючы на Грыза, які ўжо набліжаўся.

— Ты што, хіба сляпы і не бачыш? — рэзка адказаў Грыз. — Зноў збег казёл са двара.

— А ты быццам і не ведаеш, што з тваім казлом робіцца? — падазрона пацікавіўся Кепас.

— А што з ім робіцца? — спытаў Грыз.

— Я прывязаў яго да ліхтара, — з хітрай усмешкай адказаў Кепас. — У цябе там на шыі слядоў не засталося?

— Дурань! — абарваў яго Грыз і адвязаў казла.

— А я што кажу, тое і кажу! — з націскам прамовіў Кепас.

— Што ты кажаш? — спытаў Грыз.

— А тое і кажу, што ты з д’яблам хаўрусуеш! — ускрыкнуў Кепас і штурхануў казла каленам.

— Ты не тыкай мне ў твар абразы, бо як трэсну ў морду! — пагрозліва нагадаў яму Грыз і, ціснучыся да казліных бакоў, вярнуўся разам з ім дадому.

Кепас праводзіў іх маўклівым, але самым пагардлівым на свеце позіркам.

Наступнае ночы ўсё паўтарылася.

У гадзіну, добра вядомую Кепасу, Грыз, як і раней, выйшаў з хаты.

А выйшаўшы, трохі пастаяў, а пасля марудным крокам скіраваўся да ліхтара. І як толькі да яго наблізіўся, тут жа, згодна са сваёй завядзёнкай, знік з вачэй Кепаса, саступіўшы месца казлу, што, як і раней, узяўся невядома скуль.

Кепас рашучым крокам падышоў да казла і настойліва зірнуў яму ў вочы.

— Томаш? — шматзначна спытаў ён з націскам.

— Чаго табе? — на здзіўленне Кепаса (зрэшты, невялікае) спытаў казёл.

— Значыць, ты ведаеш, што Томаш — тваё імя? — пераможна закрычаў Кепас, нібыта на гарачым казла заспеўшы.

— Ведаю і адмаўляць гэтага не буду, — выразна адгукнуўся казёл. — Ніколі невядома, якія істоты прыходзяць на свет у чалавечай абалонцы. Кожны па-свойму карыстаецца ёй дзеля сваіх мэтаў. Вядома хіба адно: яшчэ нікому не выпала дазнацца, дзеля чаго яна служыць напраўду. Адсюль столькі памылак, адсюль заўсёднае скідванне ў цемру абалонкі — начэпленай свабодна, самазванна ці ўвогуле навыварат, — якое звычайна называюць смерцю, што падаецца досыць недарэчным, быццам не чалавек апранаху, а апранаха шукае і не можа знайсці патрэбнага чалавека. Часта здараецца так, што беззаконна прыўлашчаная апранаха нецярплівіцца: не на тым чалавеку яна пачынае моршчыцца, і гэта называюць старасцю, што таксама падаецца дзівацкім, быццам не заказчык майстра, а майстар папракае заказчыка за кепскі крой. Не ведаю, можна пазбегнуць такога скідвання ў цемру і такой нецярплівасці чалавечай абалонкі на тым, хто яе начапіў, ці яны — непазбежная неабходнасць, але ведаю, што аднойчы ў такой абалонцы ў свет і яго непагадзь прыйшоў сам Бог, і я сумняюся, каб згаданая апранаха, якая старанна вышуквала сабе чалавека, магла паслужыць больш годнай і правільнай мэце.

Сказаўшы гэта, чорны казёл павярнуўся да Кепаса задам і скіраваўся да Грызавай хаты.

Кепас паспяшаўся следам, у душы здзіўляючыся, што гэтым разам казёл выглядае і большым, і сур’ёзнейшым, і паважнейшым.

Але як толькі казёл наблізіўся да Грызавай хаты, то адразу ж, ні хвіліны не марудзячы, спрытна з вачэй Кепаса знік і замест пустэчы пакінуў на месцы знікнення Грыза.

Кепас да Грыза падышоў і настойліва зірнуў яму ў вочы.

— Упарты казёл, — шматзначна сказаў ён з націскам.

— Чаго ты хочаш? — спытаў Грыз.

— Значыць, ты ведаеш, што ўпарты казёл — тваё імя? — пераможна закрычаў Кепас, нібыта на гарачым Грыза заспеўшы.

— Ведаю і адмаўляць гэтага не буду, — выразна адгукнуўся Грыз. — Ніколі невядома, якія істоты прыходзяць на свет у чалавечай абалонцы. Хутчэй ты б адмаўляўся, калі б я цябе, напрыклад, аслом назваў, а я ж, калі б захацеў, мог бы ў табе нікога, апроч асла, і не бачыць.

— А чаму так не робіш? — зацікаўлена спытаў Кепас.

— Не хочацца! — упарта адрэзаў Грыз.

— Насуперак мне ці насуперак сабе? — дапытваўся Кепас.

— І табе, і сабе насуперак! — адказаў Грыз.

— А я што бачу, тое і бачу! — закрычаў Кепас і ўдарыў сабе ў грудзі кулаком.

— Што ты бачыш? — спытаў Грыз, скоса ўтаропіўшыся ў гэты кулак.

— А тое і бачу, што ты з д’яблам хаўрусуеш! — ускрыкнуў Кепас, шыю да Грыза выцягваючы і локці назад адводзячы.

— Прытрымай абразу, бо як трэсну ў морду! — адказаў Грыз і, павярнуўшыся да Кепаса задам, зайшоў у хату.

Наступнае ночы ўсё паўтарылася.

У гадзіну, якую Кепас лічыў прызначанай, Грыз паказаўся з хаты. Трохі пастаяў і скіраваўся да ліхтара.

Наблізіўшыся да яго, спрытна знік, вызваляючы апусцелае месца для паспешлівага з’яўлення казла.

Кепас чакаў менавіта гэтага імгнення і, адным скачком падляцеўшы да казла, яго пакрытую поўсцю спіну тут жа і асядлаў.

Кепас потым расказваў, што чорны казёл — як зверу не з гэтага свету і належыць — панёс яго ў далёкія палі і лясы, апісанне якіх нязмерна дзівіла слухачоў, бо моцна адрознівалася ад вядомых ім у наваколлі мясцінаў.

Так ці іначай, Кепас верхам на казле адолеў някепскі кавалак дарогі, цягнучыся нагамі па зямлі, а канцавінай уласнага хрыбта адчувальна калоцячыся аб хрыбет казла, што скакаў напрасткі.

І вось скакаў Кепас так зухавата ярамі, якіх падчас бегу не мог разгледзець, калі раптам прыкмеціў удалечыні Грыза, што ішоў насустрач, і, выбіты гэтым відовішчам з каляіны, асеў знянацку на зямлю і адчуў незвычайна вялікую пустэчу паміж каленямі, што вызвалілі казла ад тугой збруі.

Грыз своечасова раскрыжаваў рукі, перахапіў казла, скокі якога выдавалі поўную страту глуздоў, і моцнай рукой яго закілзаў.

Кепас з зямлі не падняўся, удала прыкідваючыся, што ён тут так, адпачыць прылёг.

Грыз з казлом наблізіліся да яго.

— Навошта мучыш маю худобу? — спытаў Грыз.

Кепас пачаў крэмзаць на пяску першую літару свайго прозвішча, але не скончыў.

— Навошта мучыш маю худобу? — паўтарыў Грыз гучней.

— Столькі я яе мучыў, колькі яна мяне вымучыла, — адказаў Кепас, цяжка сапучы.

— Хто табе дазволіў маім казлом карыстацца як верхавым? — крыўдаваў Грыз і падпіхваў казла пад самыя вочы Кепаса, каб паказаць яму, як выглядае жывёліна пасля такой язды.

Жывёліна выглядала жаласна.

— Рэч не ў шкуры казла, а ў тваёй уласнай шкуры, — хітра ўсміхаючыся, прамовіў Кепас. — Гэтая язда стаміла цябе самога, і казла ты мне пхаеш пад вочы дзеля іх адводу. Скуль жа мне ведаць, хто з вас чалавек, а хто — казёл?

— Дурань! — адказаў Грыз.

— А ты — злыдзень, бо скакаў пада мной ладна часу, а я на тваім карку ладны кавалак свету аб’ехаў! — пераможна ўсклікнуў Кепас.

— Дурань! — паўтарыў Грыз.

— А можа, я так тваю казліную шкуру пашарпаў і панішчыў, што табе цяпер нязручна ў яе ўплішчвацца… — не мог дабраць розуму Кепас.

— Дурань! — закрычаў Грыз, так напружыўшы шыю, нібыта хацеў выціснуць з яе ўсё магчымае.

Кепас на хвіліну замоўк.

— А я што думаю, тое і думаю, — адгукнуўся ён пасля хвіліннага маўчання і кінуў за спіну камячок размятай у пальцах зямлі.

— Што ты думаеш? — спытаў Грыз, голас загадзя сцішыўшы.

— А тое і думаю, што ты з д’яблам хаўрусуеш! — адказаў Кепас і рашуча падняўся з зямлі.

Грыз трэснуў яму ў морду.

— Калі паўторыш гэтую абразу яшчэ раз, трэсну ў морду, — сказаў ён, паціраючы далонь аб хрыбет казла.

— Ты ж ужо трэснуў, — з усёй непасрэднасцю заўважыў Кепас.

— Гэтым разам я трэснуў цябе дзеля постраху, наступным жа трэсну дзеля пакарання дзёрзкай тваёй пысы, — патлумачыў Грыз.

Пострах такога кшталту Кепаса не напужаў, а вось абяцанне наступнага пакарання непрыемна зачапіла за жывое.

— Я табе назаляць не буду, калі і ты не будзеш мне назаляць, — сказаў ён з нечаканай прыязнасцю.

— І як гэта я табе назаляю? — пацікавіўся Грыз.

— Столькі ты мне назаляў, колькі сцвярджаў пры мне, нібыта невядома, якія істоты прыходзяць на свет у чалавечай абалонцы. Ад гэтых словаў у маёй галаве ўсё перамяшалася, і блытаніна гэтая мучыць мяне болей, чым я паспеў замучыць твайго казла. Бо казёл мяне зразумеў, а я тых словаў зразумець ніяк не магу.

Грыз паабяцаў, што больш ніколі той думкі ў прысутнасці Кепаса не выкажа. І слова сваё стрымаў. Кепас таксама стрымаў сваё слова і з таго часу больш ніколі казла не сядлаў.

Пераклад з польскай – Ганна Янкута © 2012

Чытайце таксама

Сяргей Пясэцкі

Сяргей Пясэцкі

Польскамоўны пісьменнік, публіцыст, афіцэр выведкі

Наташа Герке

Наташа Герке

Польская аўтарка прозы і паэтка, майстарка кароткіх сюррэалістычных апавяданняў

Жан Жыраду

Жан Жыраду

Французскі празаік, драматург і дыпламат, знакаміты стылістычнай вытанчанасцю і паэтычнай фантазіяй

Агата Крысці

Агата Крысці

Ангельская аўтарка дэтэктыўнай прозы, яе творы — адны з самых выдаваных за ўсю гісторыю чалавецтва

649