№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Роберт Рос

Обры Бёрдслі: Погляд у мінулае (Aubrey Beardsley: A retrospect)

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


Людзі сярэдняга ўзросту і сярэдняга дастатку, што з прыхільнасцю ставяцца да сярэднявечнай культуры, дагэтуль лічаць, што аб’ект адлюстравання з’яўляецца значнай часткай карціны ці эскіза. Я належу да гэтага кола людзей. Аб’ект не абавязкова мусіць быць літаратурным персанажам ці гістарычнай асобай. Пасля таго, як вы на наймаднейшым мастакоўскім жаргоне абмяркуеце кампазіцыю карціны, ацэніце адценні і адценіце ацэнкі, менавіта асноўная тэма твора станецца асновай вашага меркавання пра яго, абудзіць жаданне ці, наадварот, нежаданне ім завалодаць. Я дапускаю, што мастак здольны прыхарошыць непрывабнае і змусіць вас прыняць гэта. У адваротным выпадку ў пытаннях мастацтва вы мусіце быць прыхільнікамі галандскага жывапісу і лічыць Рэмбранта і ўсю галандскую школу (якая дала свету майстроў з найвышэйшым валоданнем тэхнікай) лепшымі мастакамі, чым Тыцыян, і мець большую прыхільнасць да Гейнсбара [1], чым да Дэга, да няўклюднага Ўістлера [2], чым да значна больш дасканалага Эдуара Манэ. Калісьці даўно французскія крытыкі вынайшлі эстэтычны прынцып, каб прыхаваць тую беднасць уяўлення, што часам праглядаецца ў іх дасканала выкананых палотнах, і прынцып гэты быў з усім імпэтам прыняты асобнымі ангельцамі, сярод якіх ёсць і мастакі, і пісьменнікі. Да таго ж, калі мастак непрыхавана цікавіцца нейкай забароненай тэмай, канонікі ад ангельскага мастацтва пачынаюць сыпаць пагрозамі, крытыкі забываюць пра свае французскія прынцыпы, стары Роберт Адам [3], які сядзіць у кожным з нас, заяўляе пра свае правы, і мы кідаемся шукаць фігавыя лісткі.

Да гэтых разважанняў мяне прывёў успамін пра Обры Бёрдслі і пра рэакцыю на яго творы – не ангельскага грамадства, а кола сучаснай духоўнай і інтэлектуальнай эліты. Ён быў надта захоплены агоніяй нараджэння мастацтва, і праз пэўную збыткоўнасць свавольства яго ніша ў храме славы пазбавілася бляску. “Жаданне эпатаваць le bourgeois, – зазначае Артур Сайманз [4], – было цалкам натуральным”. Не магу з ім пагадзіцца – прынамсі, калі гаворка ідзе пра мастака. Сёння многія працы Бёрдслі выдаюць eblouissement [5] правінцыяла, што ўпершыню трапіў на Манмартр, – слабасць, якую ён раздзяліў з некаторымі сваімі сучаснікамі. Пра гэта варта памятаць падчас усхваленняў вялікага мастака за манеру, у якой ён ніколі не пісаў, калі раптам вы прымеце параду бессмяротнай нікчэмнасці і пазбавіцеся апошніх крупінак сумлення.

“Мне больш хацелася б быць сябрам Акадэміі, чым мастаком, – сказаў мне аднойчы Обры Бёрдслі. – Каб зрабіць кагосьці сябрам Акадэміі, патрэбныя трыццаць дзевяць чалавек [6] – і ўсяго адзін, каб зрабіць мастаком”. У гэтым жарце хаваецца ўся яго слабасць і ўся яго сіла. Аўтарытэтныя сябры (у тыя дні гэта было модным) казалі яму пра “Маці-Прыроду”. “Да чортавай маці прыроду!” – бурна пярэчыў Обры Бёрдслі і завешваў гардзіны, і працаваў пры газавай лямпе ў самыя сонечныя дні. Але ён быў сапраўдным ангельцам, які са сваёй аранжарэі задае перцу ангельскай публіцы. Жыхар кантыненту не мог бы выдумаць яго арабескі. Хіба што гратэскі Гераніма Босха маглі б скласці прыемную кампанію многім выдумкам Бёрдслі. Ён здзекліва смяяўся нават у сваіх маленькіх дзіўных пейзажах, дзе вычварныя мысы скіроўваюцца ў мора, а кветкі яго аповесці “Венера і Тангёйзер” хіхікаюць у траве.

Нарыс пра Обры Бёрдслі, надрукаваны Артурам Сайманзам у 1897 годзе, заўсёды лічыўся самым добразычлівым і інтраспектыўным аповедам пра творы гэтага незвычайнага мастака. Гэты нарыс быў перавыдадзены спадарамі Дэнтамі [7] з дадатковым ілюстрацыямі. Тыя, хто вітаў гэтае выданне як самую натхнёную крытыку ад заўжды натхнёнага крытыка, расстрояцца, дазнаўшыся, што восем з гэтых ілюстрацыяў належаць найгоршаму перыяду творчасці Бёрдслі. Дыспепсія “Келмскот-прэс” [8], якая пацягнулася за перасычэннем Бёрн-Джонса [9] і якая ёсць паталогіяй стылю. Такое выданне – гэта выступ абвінаваўцы, а не красамоўныя словы абароны. Апроч гэтага, я не веру, што ілюстрацыі падабаюцца Артуру Сайманзу больш, чым мне, бо ў самім нарысе ён ні разу іх не згадвае. Ілюстрацыяў да “Саламеі”, а таксама твораў “Le Debris d’un Poete” [10], “Прычэсванне”, “Трэцяя балада Шапэна” было б цалкам дастаткова. У такім выпадку выданне атрымалася б меншым па аб’ёме, аднак значна лепш адлюстроўвала б геніяльнасць Бёрдслі і густ Артура Сайманза.

Рана ці позна кожны сказаў пра Бёрдслі што-небудзь выбітнае. “Ён нарадзіўся Пакам [11] і памёр П’еро”, – зазначыў Мак-Кол [12] у сваёй выключнай манеры, з якой ён ставіць для нашчадкаў таўро на творы мастацтва ці самім мастаку, што не прыйшліся яму да густу. “Фра Анжэліка [13] ад сатанізму”, – напісаў Роджэр Фрай [14] пра выставу эскізаў. Здаецца, Артуру Сайманзу не засталося сказаць ужо нічога новага. І хаця яго крытычны матэрыял значна папярэднічае ўсім гэтым досціпам, ён наўрад ці застаецца такім жа свежым, якім быў дванацаць гадоў таму. Думаю, гэты нарыс заўсёды будзе чытацца як нешта выпадковае.

Прадмова да выдання была перапрацаваная, і я жадаў бы перапрацаваць яе яшчэ болей. Чаму пакінутае без увагі імя Леанарда Смітэрза [15] (якога Сайманз сціпла называе выдаўцом), тым часам як дакладна згаданыя астатнія Мантэкі і Капулеці? Калі ніхто не мог выдаваць працы Бёрдслі, Смітэрз узяў на сябе першы ўдар. Не магу дакладна сказаць, ці ўзяў на сябе “Савой” другі ўдар, але менавіта ён даў мастаку яшчэ адну магчымасць, а Артуру Сайманзу – нагоду для хваласпеву. Да таго ж, Леанард Смітэрз – адзін з самых цудоўных і легкадумных выдаўцоў, якіх я ведаў. Усе мы з цеплынёй узгадваем маленькую крамку з яе прынаднымі паліцамі ў Каралеўскай галерэі, выданні з абмежаваным – 5 000 асобнікаў – накладам, асцярожных і рэдкіх пакупнікоў, верхні пакой, куды праз глуха зачыненае акно ледзь трапляў шум рэспектабельнай Бонд-стрыт, – і добразычлівага ўласніка. У апошнія гады дзевятнаццатага стагоддзя яго сілуэт пракружыўся (мая метафара спісаная з практыкаванняў Тэрпсіхоры ці каледонцаў) на мастацкім гарызонце, у выніку чаго ў нас з’явіўся “Савой”. Апроч гэтага, чаму Артур Сайманз так педантычна забывае дату звальнення Бёрдслі з часопіса “Жоўтая кніга”? Гэта адбылося ў красавіку 1895 году, так, 10 красавіка [16]. Тады шэраг паэтаў і празаікаў шантажавалі Лэйна [17] і пагражалі, што забяруць з часопіса свае публікацыі, калі нехта Бёрдслі не знікне з выдавецтва “Бодлі Хэд”. Я рады, што маю магчымасць не толькі аддаць даніну мужнасці майму памерламу сябру Смітэрзу, але і абараніць яшчэ аднаго майго добрага сябра, Джона Лэйна, ад недарэчных папрокаў, ахвярай якіх ён доўгі час быў. Нельга было чакаць, што ён адмовіцца ад дарагой яму справы дзеля непапулярнага творцы. Малюнкі Бёрдслі цалкам памылкова пачалі ўспрымацца як графічныя і спачувальныя адлюстраванні дэкадэнцкіх тэндэнцый у ангельскай літаратуры. Калі паміж імі і была сувязь, то такая ж, як паміж Ювеналам і Рымскай імперыяй. Яшчэ ніколі з’едлівая сатыра не была такой відавочнай. Нягледзячы на тое, што Бёрдслі насуперак самому сабе быў захоплены выключным пераасэнсаваннем Ўайлдам тэмы Саламеі, ён ніколі не забываў пра сваю нянавісць да гэтага аўтара. Саламея перажыла іншую крытыку і іншыя карыкатуры. Аднойчы Джон Лэйн сказаў амерыканскаму журналісту, што пачынаючы з 1 красавіка паэзія ўвогуле перастала прадавацца. Паэты несвядома здзейснілі самагубства, і “Жоўтая кніга” знікла ў водары святасці.

Рэкамендуючы ўважліва засяродзіцца на некалькіх лістах, якія Бёрдслі напісаў неназванаму сябру і якія былі колькі гадоў таму надрукаваныя, Артур Сайманз піша: “У іх мы адчуем яго сапраўднага”. Дазволю сабе ў гэтым усумніцца. Я сумняюся не ў шчырым стаўленні Бёрдслі да абранай ім рэлігіі, а ў шчырасці выяўлення гэтага стаўлення ў лістах. Прынамсі я лічу іх крывадушнымі. Гэтыя лісты ў многіх з нас пакідаюць непрыемнае ўражанне, прынамсі, ад іх адрасата. Хочацца ведаць, ці атрымаў гэты пабожны адрасат разам з панегірыкам св. Альфонса Лігуоры [18] і Афры Бэн [19] таксама і копію “Лісістраты”. Фесцэнінскі [20] нораў часта цесна звязаны з рэлігійнасцю. Гэта можна напэўна сказаць у выпадку Бёрдслі, але я лічу, што іншы, мацнейшы бок яго характару варта, дзеля справядлівай ацэнкі яго генія, падкрэсліваць – так, як яго падкрэслівае Артур Сайманз. Калі б мы ведалі, што неабачлівы і неназваны адрасат быў аўтарам шэрагу псеўданавуковых ці парнаграфічных працаў, што выходзілі ў Парыжы, мы з большай верагоднасцю маглі б давесці нязначнасць гэтых лістоў. Значна больш цікавыя лісты, напісаныя Джозэфу Пэнэлу [21], які паўпрываў на Бёрдслі найбольш разумным чынам, альбо да маці ці сястры мастака.

“У Арке, – піша Артур Сайманз, – адбылася мая адзіная сур’ёзная, амаль урачыстая размова з Бёрдслі”. Наўрад ці можна паверыць, што любая іншая размова паміж гэтымі двума не была сур’ёзнай – бо Сайманз падыходзіў да Бёрдслі так, як падыходзіў бы да Джона Баньяна [22] ці Фамы Аквінскага. Бо літаратура, мастацтва і жыццё для гэтага абаяльнага пісьменніка – свайго роду схаластычны рух, пілігрымка. У параўнанні з ім Ўолтэр Пэйтэр [23], яго папярэднік, выглядае амаль бестурботным аматарам шпацыраў па Кірмашы Пыхлівасці.


[1] Томас Гейнсбара (1727–1788) – ангельскі мастак, графік, партрэтыст і пейзажыст.
[2] Джэймс Эбат Макніл Ўістлер (1834–1903) – англа-амерыканскі мастак, майстра партрэта, а таксама афорта і літаграфіі. Адзін з папярэднікаў імпрэсіянізму і сімвалізму.
[3] Роберт Адам (1728–1792) – ангельскі архітэктар шатландскага паходжання, асноўны прадстаўнік ангельскага неакласіцызму. Выкарыстоўваў строгія класічныя формы.
[4] Артур Сайманз (1865–1945) – ангельскі паэт і крытык. Напісаў артыкул “Обры Бёрдслі”.
[5] Асляпленне (фр.)
[6] Каралеўская Акадэмія мастацтваў абавязкова мусіла налічваць 40 сябраў.
[7] Маецца на ўвазе выдавецтва “J.M. Dent & Co”, заснавальнікам якога быў Джозэф Мэлабі Дэнт (1849–1926).
[8] “Келмскот-прэс” – прыватнае кнігавыдавецтва, заснаванае паэтам і мастаком-прэрафаэлітам Ўільямам Морысам, якое паўплывала на адраджэнне высакаякаснага кнігадруку.
[9] Эдвард Колі Бёрн-Джонс (1833–1898) – ангельскі мастак, блізкі да прэрафаэлітаў, найбольш знакаміты сваімі вітражамі.
[10] Даслоўна: “Рэшткі паэта” (фр.)
[11] Пак – персанаж камедыі Ўільяма Шэкспіра “Сон у летнюю ноч”, эльф, служка караля Аберона і каралевы Тытаніі.
[12] Магчыма, маецца на ўвазе Дугалд Сатэрланд Мак-Кол (1859–1948) – ангельскі мастак, літаратурны крытык і пісьменнік.
[13] Фра Беата Анжэліка (1400–1455) – італьянскі мастак эпохі Адраджэння, дамініканскі манах.
[14] Роджэр Фрай (1866–1943) – ангельскі мастак і мастацкі крытык, належаў да суполкі “Блумсберы”. Менавіта ён у 1910 годзе прапанаваў тэрмін “постімпрэсіянізм”.
[15] Леанард Смітэрз (1861–1907) – лонданскі выдавец, імя якога звязваюць з дэкадэнцкім рухам. Блізкі сябар Обры Бёрдслі, разам з ім, а таксама Артурам Сайманзам заснаваў часопіс “Савой”.
[16] У красавіку 1895 году праходзіў суд над Оскарам Ўайлдам.
[17] Джон Лэйн (1854–1925) – лонданскі выдавец, адзін з сузаснавальнікаў выдавецтва “Бодлі Хэд”, выдаваў часопіс “Жоўтая кніга”. Яго пляменнік, Алан Лэйн, заснаваў выдавецтва “Penguin Books”.
[18] Св. Альфонса Лігуоры (1696–1787) – каталіцкі епіскап, тэолаг, заснавальнік Кангрэгацыі Святога Збаўцы.
[19] Афра Бэн (1640–1689) – ангельская раманістка і драматург, адзін з найбуйнейшых пісьменнікаў эпохі Рэстаўрацыі.
[20] Ад лац. “fescenninus”, “versus Fescennini”, фесцэнінскія вершы ці песні, – род народных сатырычных песняў досыць вольнага характару.
[21] Джозэф Пэнэл (1857–1926) – амерыканскі мастак і пісьменнік, сябар Джэймса Ўістлера.
[22] Джон Баньян (1628–1688) – ангельскі пісьменнік, пратэстанцкі прапаведнік, найбольш знакаміты дзякуючы твору “Шлях пілігрыма” (1678).
[23] Ўолтэр Пэйтэр (1839–1894) – ангельскі эсэіст і мастацтвазнаўца, галоўны ідэолаг эстэтызму.

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2010

Чытайце таксама

Ян Руар Лейквол

Ян Руар Лейквол

Нарвежскі пісьменнік.

Эльфрыдэ Елінэк

Эльфрыдэ Елінэк

Аўстрыйская пісьменніца, паэтка, эсэістка, драматург, літаратурны крытык. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2004).

Арцюр Рэмбо

Арцюр Рэмбо

Французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

631