№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Обры Бёрдслі

Венера і Тангёйзэр (Under Hill)

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


Рамантычная навэла

Гісторыя Венеры і Тангёйзэра [1], у якой праўдзіва апісваюцца норавы двара Венеры, багіні і распусніцы, пад знакамітай Хёрсэльбэрг [2], і якая апавядае пра прыгоды Тангёйзэра ў гэтай мясціне, яго пакаянне, яго падарожжа ў Рым і вяртанне да ўзгорка кахання. Напісана Обры Бёрдслі.

Найшаноўнейшаму і найпабожнейшаму князю Джуліё Польда Пэцолi [3], кардыналу святой каталіцкай царквы, намінальнаму біскупу царквы св. Марыі ў Трастэвэры [4], арцыбіскупу Остыі і Велетры [5], нунцыю найсвяцейшага стальца ў Нікарагуа [6] і Патагоніі [7], бацьку бедных, рэфарматару царкоўнага парадку, прыкладу вучонасці, мудрасці і святасці ў жыцці з належнай павагай прысвячаецца гэтая кніга яго пакорным слугой, які апісвае і малюе марны свет і які стварыў гэту кнігу, – Обры Бёрдслі

Найшаноўнейшаму і найпабожнейшаму князю Джуліё Польда Пэцолі

Найшаноўнейшы князь!

Не ведаю, чаму традыцыя прысвячэння твораў апынулася занядбанай, – з прычыны пыхлівасці аўтараў ці стрыманасці іх апекуноў. Аднак традыцыя гэтая так мне падабаецца і так мяне вабіць, што я насмеліўся паспрабаваць свае сілы ў гэтым сціплым мастацтве і з усёй урачыстасцю пакласці сваю першую кнігу да Вашых ног. Мушу прызнацца, я вельмі баяўся, каб мяне не прыцягнулі да суду за нахабства, з якім я выбраў такое высакароднае імя, як Вашае, і паставіў яго ў пачатку гэтае гісторыі. Адылі спадзяюся, што такое абвінавачанне лёгка абміне мяне – бо калі я і вінаваты, то толькі ў цалкам натуральным гонары за тое, што выпадак дазволіў мне скіраваць маленькую лайбачку майго розуму пад Вашую абарону.

Аднак хаця я і магу апраўдаць сябе, мне ўсё адно давядзецца папрасіць прабачэння – бо як я насмельваюся прапаноўваць Вам кнігу, у якой ідзе размова пра такую фантастычную і нікчэмную рэч, як Каханне? Я ведаю, што меркаваннем большасці людзей амурныя справы залічаныя ў ганебныя і смешныя; насамрэч варта прызнаць, што Каханне выклікала на тварах больш румянцу, чым што б ні было яшчэ, а каханкі – гэта вечная прычына для смеху. Апроч гэтага, у кнізе падымаюцца тэмы больш значныя, чым простая венерыя, бо тут апісваецца вялікае раскаянне галоўнага героя, а ў асобных частках закранаюцца царкоўныя пытанні, і таму я не страчваю надзеі, што Ваша Правялебнасць прабачыць мне гісторыю пра Узгорак Венеры, экстравагантнасць якой тлумачыцца маім маладым узростам.

Яшчэ я мушу вымольваць Вашае дараванне за тое, што прысвячэнне напісанае не на лаціне, аднак праз свае сціплыя веды ў галіне лацінскага стылю я не рызыкую выходзіць далёка за межы свае роднае мовы. Дзеля ўсіх скарбаў свету не дазволіў бы я варварскім гукам грубых дзікунскіх словаў абразіць Вашыя далікатныя паўднёвыя вушы – аднак мне здаецца, няма такіх грубых моваў, якія не мог бы адшліфаваць вытанчаны творца, а такіх нямала было на гэтых землях цягам мінулых стагоддзяў; яны прывялі нашую мову да найвышэйшай дасканаласці. На жаль, цяперашнім часам нашыя пёры паламаныя неадукаванымі пісьменнікамі і нявыхаванымі крытыкамі, што вядзе хутчэй да разбурэння, чым да стварэння, хутчэй да спусташэння, чым да гадавання. Аднак якая карысць ліць слёзы над даўно мінулым?

Аднак я мушу гаварыць не пра свае недахопы, а пра Вашыя вялікія вартасці, бо інакш буду няўважлівым да тых абавязкаў, якія сам паставіў перад сабой, прысвяціўшы твор Вам. Я мушу быць вестуном Вашых высакародных цнотаў (хаця ўвесь свет ведае пра іх), Вашага густу і Вашае дасціпнасці, Вашага клопату пра літаратуру і сапраўднай цікавасці да мастацтва.

Хаця не выклікае сумневаў тое, што кожны чалавек дастаткова разумны, каб вынесці сваё меркаванне на тую ці іншую тэму, а шмат хто – яшчэ і дастаткова нахабны, каб яго надрукаваць (апошняе ў асноўным датычыць крытыкаў), я заўсёды лічыў, што крытычнае майстэрства сустракаецца значна радзей, чым майстэрства вынаходніцкае. І менавіта майстэрствам крытыка Ваша Правялебнасць валодае ў такой высокай ступені, што любое Вашае ўхваленне ці асуджэнне ёсць абсалютна беспамылковым, а Вашыя выказванні – такія ж непагрэшныя, як вялікія геніі ці прыгожыя жанчыны. Крытыка – самы прыемны занятак для Вашага розуму, які, як мне вядома, знаходзіць асалоду ў самых праніклівых думках і самых тонкіх нюансах, і які хутчэй разважлівы, чым дзейны. Шкада, што ў такога ідэальнага Мецэната няма свайго Гарацыя [8], каб падтрымаць яго, няма “Георгікаў” [9], каб прыняць іх; функцыя і абавязак апекуна і крытыка несумненна будуць недаацэненыя ў нашае стагоддзе дробных людзей і дробных твораў. У былыя часы для вялікіх князёў і дзяржаўных людзей не было нічога зневажальнага ў тым, каб адорваць сваёй прыязнасцю і добразычлівасцю паэтаў, бо такім чынам яны атрымлівалі не менш, чым давалі. Ці не ўзяў з годнасцю князь Фест пад сваю абарону шэдэўр Юліяна, і ці не была “Энеіда” [10] цудоўным паднашэннем цэзару [11]?

Веданне без ацэнкі – нішто, аднак я не здольны вызначыць, у чым Вашая найвышэйшая вартасць – у Вашай любові да мастацтва ці ў Вашым веданні яго. Што ж дзіўнага тады ў маім жаданні дагадзіць Вам і здабыць Вашую падтрымку? Вы цудоўна ведаеце, як я ўдзячны за Вашую былую да мяне прыхільнасць, Вашую бясконцую дабрыню і шчодрасць, што значна пераўзышлі мае сціплыя заслугі і нязначныя дасягненні, якія, здавалася, не вартыя аніякага ўхвалення. На жаль, мой цяперашні дарунак такі ж сціплы, аднак калі пасля таго, як Вы прагледзіце першыя старонкі кнігі (напрыклад, седзячы вечарам на сваёй тэрасе), Вы палічыце яе вартай хоць якога месца ў Вашай шыкоўнай бібліятэцы, веданне таго, што мая кніга захоўваецца ў Вас, будзе дастатковай узнагародай за маю працу і прынясе мне шчасце, што зробіцца вянцом той асалоды, з якой гэтая невялікая кніга пісалася.

Пакорны і рахманы слуга Вашае Правялебнасці,

Обры Бёрдслі.


Частка 1

Пра тое, як кавалер Тангёйзэр пранік ва Узгорак Венеры

Сышоўшы з каня, кавалер Тангёйзэр на імгненне нерашуча затрымаўся ля змрочнай брамы Венусбергу, злёгку ўсхваляваны тым, што дзённае падарожжа самым бязлітасным чынам знішчыла ўсю элегантнасць, якая каштавала яму немалой працы. Пальцы кавалера, тонкія і зграбныя, нібы пальцы маркізы дзю Дэфан на палатне кісці Кармантэля [12], нервова круцілі залатыя пасмы – валасы Тангёйзэра падалі на плечы, быццам добра завіты парык, – і блукалі па бездакорным адзенні, утаймоўваючы бунт гальштука і манжэтак.

Надышоў час змяркання, калі стомленая зямля апранае накідку з туманоў і ценяў, калі ў зачараваных лясах чуюцца лёгкія крокі і тонкія галаскі эльфаў, калі нават паветра можа злёгку ап’яніць – бо нават дэндзі, седзячы перад сваімі туалетнымі столікамі, гэтым часам пачынаюць крышачку марыць.

Удалы момант, каб крыху пабыць у выгнанні, падумаў Тангёйзэр.

Наўкола яго сонна хваляваліся дзіўныя кветкі і, ацяжэлыя ад водару, разлівалі духмяны пах. Гэтыя змрочныя безназоўныя зёлкі нельга знайсці нават у Менцэліюса [13]. Вялізныя начныя матылькі з такімі шыкоўна расквечанымі крыламі, нібыта яны карміліся габеленамі і каралеўскім аксамітам, спалі на калонах па абодва бакі ад уваходу, аднак вочы іх заставаліся адкрытымі і гарэлі, узрываючыся сеткамі венаў. Калоны былі з нейкага светлага каменю і ўздымаліся, нібы гімны асалодзе, бо з верху да нізу кожная з іх была ўпрыгожаная выразанымі фігуркамі каханкаў, якія дэманстравалі адмысловую вынаходлівасць і дасведчанасць, здольную выклікаць такое глыбокае зацікаўленне, што Тангёйзэр не на адну хвіліну затрымаўся, разглядаючы іх. Выявы на калонах пераўзыходзілі ўсе карціны, сюжэты для якіх японцы пазычалі ў сваіх maisons vertes [14], усе карціны ў прахалодных ванных пакоях кардынала Ля Мота, і разбівалі ўшчэнт нават надзвычайныя ілюстрацыі да “Дзіцячых казак” Джонса.

– Нішто сабе брама, – прашаптаў кавалер, папраўляючы пас.

Як толькі ён сказаў гэта, ціхі спеў даляцеў да яго з-пад узгорка – ціхая музыка, такая ж незвычайная і далёкая, як марскія легенды, якія можна пачуць, прыклаўшы вуха да ракавіны.

– Як я разумею, вячэрня Венеры, – сказаў Тангёйзэр і злёгку ўзяў некалькі сугучных акордаў на сваёй маленькай лютні. Мелодыя мякка пераадолела зачараваны ўваход і паплыла, абвінаючы вытанчаныя калоны, пакуль матылькоў не ахапіла жарсць і яны не пачалі зграбна рухацца ўва сне. Адзін з іх, абуджаны больш рэзкай мелодыяй з лютні кавалера, паляцеў у пячору. Тангёйзэр зразумеў, што гэта намёк.

– Бывайце! – усклікнуў ён, скіроўваючыся да пячоры, і, убачыўшы халоднае кола прыўкраснай і чароўнай поўні, што толькі-толькі пачала з’яўляцца ў небе, дадаў: – Да сустрэчы, Мадонна! – у яго голасе адчулася нотка сентыментальнасці.

– Някепска было б яшчэ раз перад уваходам зірнуць у люстэрка, – уздыхнуў ён. – Аднак яна ж багіня, а таму, безумоўна, ужо нацешылася дасканаласцю, і яе погляд не абразіць дасканаласць з лёгкім арэолам незавершанасці.

Дзікая ружа зачапіла карункавы каўнер, і ў першым парыве гневу ён хацеў груба адкінуць яе, сурова пакараўшы такім чынам нахабную кветку. Аднак праз імгненне раздражнёнасць знікла – у дзёрзкім нападзе тонкіх пялёсткаў было нешта цудоўна-недарэчнае. Тангёйзэр адмяніў пакаранне і пакляўся, што ружа застанецца там, дзе яна вісела, і будзе яго своеасаблівым пропускам з верхняга свету ў ніжні.

– Надзвычайнасць і дзёрзкасць учынку, – сказаў ён, – цалкам яе выбачае. І, здымаючы кутасік са сваёй тросці, ён увайшоў у цьмяны калідор, які вёў углыб таямнічага ўзгорка – увайшоў з чароўнай самаўпэўненасцю і нязменнай ветлівасцю Дона Хуана.


Частка 2

Пра тое, як Венера прычэсвалася і рыхтавалася да вячэры

Перад туалетным столікам, што ззяў, нібыта алтар Notre Dame des Victoires [15], сядзела Венера ў танюткім пеньюары колеру геліятропу. Цырульнік Касмэ займаўся яе надушанай chevelure [16] і маленькімі срэбнымі шчыпчыкамі, сагрэтымі ласкавым полымем, падкручваў лёгкія, як дыханне, дзівосныя пасмы, што аблямоўвалі яе лоб і віліся лазой вакол яе шыі. Тры яе ўлюбёнкі, Папэлярд, Бланшмэна і Ларэйн, стаялі тут жа з парфумай і пудрай у адмысловых флаконах і крохкіх скрыначках, з парцалянавымі скляначкамі, поўнымі цудоўнай касметыкі, якую вырабляе Шатліна для гэтых шчок і вуснаў, крыху пабляклых ад тугі выгнання. Тры яе ўлюбёнцы, Клод, Клэр і Сарацын, пажадліва гледзячы на яе, стаялі наўкола з падстаўкамі, веерамі і сурвэткамі. Мнагамур трымаў паднос з пантофлікамі, Мінета – некалькі параў тонкіх пальчатак, Папліньер – валадарка строяў – мела напагатове жоўтую з жоўтым сукенку. Замбеліна несла каштоўнасці, Фларызэль – кветкі, Амадур – скрынку з разнастайнымі шпількамі, а Вадыюс – банбаньерку са слодычамі. Галубы Венеры, што заўсёды жылі тут, шпацыравалі па пакоі, аздобленым шыкоўнымі палотнамі Жана Батыста Дара [17], а некалькі карузлікаў і іншых неверагодных істотаў сядзелі па кутах і паказвалі адно аднаму языкі, шчыпаліся і па-рознаму выдурняліся. Зрэдку Венера дарыла ім усмешкі.

Пакуль апрананне ішло сваёй хадою, Прыяпея, тоўстая манікюрніца і fardeuse [18], увайшла ў пакой і апусцілася на крэсла ля туалетнага століка, па-сяброўску ківаючы Венеры. На ёй была сукенка з белага муару з залатымі карункамі і аксамітным каўнерам колеру штучнае кінавары. Валасы яе, схопленыя над вушамі стужкамі, пераходзілі на патыліцы ў вялізны шыньён, а шыракаполы капялюш, аздоблены брыжамі з ружовага мусліну, квітнеў чырвонымі ружамі.

Голас Прыяпеі быў поўны жарсці і палкасці; яна страшна жэстыкулявала, дзіўна паводзіла плячыма, перарывіста дыхала, ад чаго яе карсаж надзвычай моцна моршчыўся. У яе былі былі вялікія асалавелыя вочы, нос, бы ў папугая, рот, што ўвесь час рухаўся, тоўстыя друзлыя шчокі, скура, уся ў зморшчынах, і некалькі падбароддзяў, якія насядалі адно на адно. Яна была мудрай асобай, і таму Венера любіла яе больш за каго іншага сярод сваіх служак і прыдумляла ёй сотні пяшчотных мянушак накшталт Любая Рапуха, Міленькі Попка, Малінавачка, Даражэнькі Роцік, Асялок [19], Мятная Цукерачка, Цацачка, Пабягушка, Сэрцайка, Распуснічка, місіс Мускул, Маленькая Зласліўка, Саладзенькі Лычык, Капрызуля, Амулецік і Туз.

Размова паміж Прыяпеяй і яе спадарыняй належала да тых выключных размоваў, якія адбываюцца паміж старымі сябрамі, калі абсалютнае ўзаемаразуменне вяртае ўрыўкавым фразам іх поўнае значэнне, а самаму тонкаму намёку надае вычарпальнасць. Безумоўна, крыху пагаварылі пра новага госця, Тангёйзэра. Венера яго яшчэ не бачыла, а таму задавала шмат пытанняў, якія тонка закраналі самую сутнасць.

Прыяпея расказала пра яго прыезд, пра яго зацікаўленасць садам і спакойнае задавальненне ўсім, што ён там пабачыў, пра яго раптоўнае каханне да зграбнай дзяўчыны на першай тэрасе, пра натоўп спадніцаў, што сабраліся вакол і закідвалі яго ружамі, пра тую далікатнасць, з якой ён абараняў сябе маскаю, і пра тое, як ён незвычайна пакланіўся выяве бога ўсіх садоў, пацалаваўшы яе з пабожнасцю пілігрыма. У дадзены момант Тангёйзэр быў у купальні і рабіў там фурор.

Справаздача і прычэсванне скончыліся адначасова.

– Касмэ, – сказала Венера, – вы былі надзвычай чароўны і мілы. Сёння вы проста пераўзышлі самога сябе!

– Спадарыня лёсціць мне, – адказаў ёй стары як свет прыяцель і па-дзявочаму захіхікаў пад сваёй чорнай атласнай маскай. – Божа мой, уладарка! Часам мне здаеццца, што я поўны няздара, але мушу прызнацца, сёння я нават пачаў сабой ганарыцца.

Мне было б балюча расказваць вам пра тое, як быў нафарбаваны твар Венеры; абмяжуюся тым, што скажу – нават гэтая сумная частка працы была выкананая дзівосна, шчыра і без аніякай спробы каго-небудзь падмануць.

Венера скінула пеньюар і стала перад люстэркам, уся ў трапяткіх карунках і фальбонках. Абрыс яе шыі і плеч быў дасканала акрэслены, а маленькія дзёрзкія грудзі ўзбуджалі і чаравалі прынадамі, якія ніколі нельга зразумець цалкам і якія не могуць даць найвышэйшай, гранічнай асалоды. Рукі Венеры былі невыразнага, але вытанчанага складу, а ногі – па-боску доўгія: дваццаць два дзюймы ад сцягна да калена і дваццаць два – ад калена да пяткі, як і належыць нагам багіні.

Мне хацелася б пагаварыць пра яе падрабязней, бо абагульненні падчас апісання зусім недарэчныя. Аднак баюся, што вымушанае маўчанне пакіне на карціне столькі белых плямаў, што лепей нават не пачынаць, чым пасля пакідаць недаробленым.

Гледзячы на сваю мілую дзяўчынку, Прыяпея зрабілася зусім сентыментальнай і сто разоў пацалавала яе рукі.

– Мілы Язычок, паводзь сябе прыстойна, – сказала Венера і загадала Мнагамуру падаць пантофлікі.

Паднос быў увесь застаўлены самымі шыкоўнымі і неверагоднымі пантофлікамі, такімі, што нават Клюні перад імі ператварылася б у поўнае нішто. Тут былі чаравічкі з шэрай, чорнай і карычневай замшы, белага ядвабу і ружовага атласу, аксаміту і тафты, чаравічкі колеру марской хвалі з вішнёвым кветам, чырвоныя чаравічкі з галінкамі вярбы, шэрыя чаравічкі з яркакрылымі птушкамі. Тут былі абцасы з золата, срэбра і слановае косці, спражкі з каштоўных камянёў у форме таямнічых магічных знакаў, стужкі, завязаныя і закручаныя ў самыя разнастайныя банты, гузікі, прыгожыя да такой ступені, што зашпількі паміралі ад жадання абхапіць іх, падноскі з тонкае скуры, надушаныя а-ля Марэшаль, і падкладкі з мяккіх тканінаў, што пахлі ліпеньскімі кветкамі. Але Венера не знайшла нічога на свой густ і загадала прынесці пару ношаных туфлікаў з крывава-чырвонага саф’яну, аздобленых пярлінамі, – яны цудоўна пасавалі да белых ядвабных панчохаў.

Калі паднос выносілі, жартаўлівы Фларызэль, як заўсёды, сцягнуў адзін пантофлік, насунуў яго на свой чэлес і зрабіў некалькі адпаведных рухаў. Гэта было адно з яго маленькіх дзівацтваў. Тым часам падышла з сукенкай Папліньер.

– Я не буду сёння апранаць сукенкі, – сказала Венера і нацягнула пальчаткі.

Калі апрананне падыходзіла да канца, усе галубы сабраліся ля яе ног, жадаючы дакрануцца да іх, а карузлікі запляскалі ў далоні і засвісцелі, засунуўшы пальцы ў рот. Ніколі яшчэ Венера не была такой бліскучай і такой чароўнай. Спірыдыён адарваўся ў куце ад свае гульні ў спеліканы і задрыжаў. Клод і Клэр, бледныя ад асалоды, лашчылі яе пяшчотнымі рукамі, моршчылі яе панчохі нервовымі вуснамі і тут жа разгладжвалі іх тонкімі пальцамі, а Сарацын адцягнуў яе падвязкі, пацалаваў іх унутраны бок і вярнуў на месца, прыціскаючыся вуснамі да яе сцёгнаў. Магу вас упэўніць, карузлікі тым часам вельмі асмялелі. Была амаль бойка. Яны ілюстравалі старонкі 72 і 73 слоўніка Дэльво [20].

У самым разгары Пранцмунгель абвясціў, што на пятай тэрасе гатовая вячэра.

– Ах! – ускрыкнула Венера. – Я паміраю ад голаду!


Каментары:

1. Тангёйзэр (ням. Tannhauser, Tanhuser) – мінезінгер ХІІІ ст., вобраз якога прысутнічае ў нямецкіх народных легендах, звязаных з гарой Хёрсэльберг і з “Вартбургскай вайной” – спаборніцтвам паэтаў (нягледзячы на тое, што Тангёйзэр, хутчэй за ўсё, не мог удзельнічаць у гэтым спаборніцтве, бо ў час яго правядзення быў яшчэ дзіцем).
Сюжэт ленегды наступны. Ідучы ў Вартбург на спаборніцтва паэтаў, Тангёйзэр сустрэў багіню Венеру, якая завабіла яго да сябе ў грот. Там Тангёйзэр правёў сем гадоў, пасля чаго адправіўся ў Рым, каб выкупіць свае грахі і выратаваць душу. Папа Урбан, аднак, адмовіўся адпусціць яму грахі, сказаўшы, што хутчэй на яго папскім жазле зазелянеюць атожылкі, чым Бог прабачыць такога грэшніка. Аднак калі Тангёйзэр вярнуўся да Венеры на Хёрсэльберг, папскае жазло зазелянела, і папа загадаў знайсці грэшніка, але зрабіць гэта аказалася немагчымым – Тангёйзэр вымушаны быў застацца на Хёрсэльбергу да Страшнага Суду.
Крыніцай гэтай легенды магла паслужыць біяграфія Тангёйзэра – аматара віна і прыгожых жанчын. Апроч гэтага, ён быў прыхільнікам імператара Фрыдрыха Вялікага, разам з якім удзельнічаў у крыжовым паходзе 1228 г.; цалкам верагодна, што мінезінгер мог сутыкнуцца з Папам Урбанам IV (займаў рымскі сталец у 1264–1268 гг.), з якім увесь час сварыўся імператар.
Песні (Leiche) Тангёйзэра, надрукаваныя ў зборніку Гагена Minnesinger, поўныя радасці жыцця, апісанняў вясновых баляванняў і гісторыі кахання, аднак некаторыя з іх прасякнутыя рэлігійным пачуццём. Апрацоўкі ж легенды пра самога Тангёйзэра пачалі з’яўляцца ў XV – XV стст., прычым легенда пра Тангёйзэра і Венеру з’явілася раней, чым легенда пра “Вартсбургскую вайну”. Сюжэт пра Тангёйзэра неаднаразова выкарыстоўваўся пісьменнікамі: Г. фон Заксенгаймам (паэма), Г. Гайнэ (верш), Л. Цікам (паэма), Ё. Фон Айхендорфам (навэла “Мармуровая статуя”), Э. Т. А. Гофманам (апавяданне “Спаборніцтва спевакоў”), Навалісам, Франклем (эпапея “Тангёйзэр”), Мангольдам (лібрэта да оперы “Тангёйзэр” Дулера), Гайбелем і інш.; Тангёйзэр у гэтых творах часта атаясамліваецца з легендарным мінезінгерам Генрыхам фон Офтэрдынгенам. Самы знакаміты твор, прысвечаны Тангёйзэру, – опера Р. Вагнэра “Тангёйзэр, альбо Спаборніцтва спевакоў у Вартбургу”, скончаная ў 1845 г. У гэтай оперы галоўным супернікам Тангёйзэра робіцца Вольфрам фон Эшэнбах, адзін з самых знакамітых нямецкіх сярэднявечных паэтаў.

2. Хёрсэльберг (ням. Horselberge; у рускім перакладзе – Герзельберг) – гара ў Германіі, непадалёк ад горада Вартбурга; назва яе перакладаецца як “непатухлы вогненны прысак”. Паводле легенды, у гроце на гэтай гары жыла багіня Хольда – увасабленне зімы. У часы Срэднявечча Хольду пачалі атаясамліваць з Венерай, і гара атрымала другую назву – Венусберг, то бок гара Венеры. Цікава тое, што багіня Хольда ў старажытных легендах ставілася на чале “дзікага палявання”, якое выходзіла ноччу з гары, а раніцай ізноў хавалася.
Таямнічы арэол вакол гары Хёрсэльберг тлумачыўся тым, што ў яе нетрах білі падземныя крыніцы, і мясцовыя жыхары ў іх шуме чулі то стогны грэшнікаў, то пякельную музыку.

3. Джуліё Польда Пэцолi – асоба, выдуманая О. Бёрдслі. Цікава тое, што ў Мілане ёсць знакаміты музей Джан-Джакома Польдзі-Пэцолі, які сабраў у сваім доме вялізную калекцыю сярэднявечнай зброі, рыцарскіх латаў, жывапісных палотнаў XIV – XIX стст., італьянскай класіцыстычнай сульптуры і рэнесанснай мэблі, персідскіх дываноў, фламандскіх габеленаў, венецыянскага шкла, антычнай керамікі; інтэр’еры яго дома былі выкананыя ў самых розных стылях. З 1881 г. калекцыя стала даступнай для публікі. Партрэт самога Дж. Польдзі-Пэцолі быў намаляваны італьянскім мастаком-рамантыкам Аецам Франчэска ў 1851 г.

4. Царква св. Марыі ў Трастэверы. Трастэвер – раён у Рыме, дзе знаходзіцца адна з самых старых у горадзе цэркваў – старажытная яе частка датуецца 340 г. н. э. Магчыма, гэта першая царква, прысвечаная св. Марыі (хаця афіцыйна такі статус належыць царкве св. Марыі Маджорэ, што таксама знаходзіцца ў Рыме).

5. Остыя і Велетры – рымская акруга; у часы старажытнарымскай імперыі Остыя была самастойным горадам, галоўным портам Рыма; у часы Сярэднявечча і Адраджэння многія антычныя будынкі Остыі былі разабраныя і вывезеныя. Цікава тое, што да ХІ ст. святары прыхадскіх цэркваў, у тым ліку царквы ў Остыі і Велетры, лічыліся ніжэйшымі за біскупаў; толькі пасля ХІ ст. яны атрымалі кардынальскі сан.

6. Нікарагуа – краіна ў Цэнтральнай Амерыцы.

7. Патагонія – частка Паўднёвай Амерыкі, размешчаная на поўдзень ад ракі Каларада ў Аргентыне і ракі Бія-Бія ў Чылі.

8. Гарацый (поўнае імя Квінт Гарацый Флак, 65 г. да. н. э. – 8 г. да н. э.) – паэт “залатога стагоддзя” рымскай літаратуры. Гай Цыльній Мецэнат – рымскі дзяржаўны дзеяч і апякун мастацтваў. Падарыў Гарацыю маёнтак у Сабінскіх гарах на рацэ Тыбур. Таксама ён дапамог Вергілію (поўнае імя Публій Вергілій Марон, 70 г. да н. э. – 19 г. да н. э.) вярнуць адабраны маёнтак, пра што згадваецца ў “Георгіках”.

9. “Георгікі” – другая, пасля “Буколік”, паэма Вергілія.

10. “Энеіда” – няскончаная эпічная паэма Вергілія, у якой расказваецца гісторыя Энея, які пакінуў Трою і заснаваў Рым, пачаўшы дынастыю, з якой паходзіў імператар Аўгуст. Менавіта ён папрасіў Вергілія заняцца распрацоўкай сюжэта пра Энея, мяркуючы такім чынам абараніць свае дынастычныя інтарэсы.

11. Цэзар – тытул рымскага імператара, які паходзіць ад імені Юлія Цэзара. У афіцыйным найменні імператара ён звычайна ставіўся на другім месцы пасля тытулу “імператар”. У позняй імперыі званне цэзара абазначала статус малодшага імператара, што знаходзіўся пры старэйшым, якога называлі аўгуст і якога ён пасля мог замяніць.

12. Кармантэль (сапр. імя Луі Карожы, 1717–1806) – французскі паэт, драматург, мастак і архітэктар. Знакаміты найперш як стваральнік парка Мансо ў Парыжы.

13. Менцэліюс (Mentzelius, лац. варыянт імені Christian Mentzel, 1622–1701) – нямецкі батанік, аўтар працы Index Nominum Plantarum Multilinguis (Universalis), 1682 г. У яго гонар названы род раслін менцэлія (Mentzelia).

14. Maisons vertes – дамы цярпімасці (фр.)

15. Notre Dame des Victoires – Божая Маці перамогаў (фр.)

16. Сhevelure – валасы (фр.)

17. Жан Батыст Дара – прыдуманы Бёрдслі мастак, тройчы згадваецца ў аповесці.

18. Fardeuse – румянніца, тая, хто накладае румяны (фр.)

19. Асялок – блазан з камедыі Ўільяма Шэкспіра “Як вам гэта спадабаецца”.

20. Альфрэд Дэльво (1825–1867) – французскі журналіст і пісьменнік, складальнік шэрагу слоўнікаў, сярод іх – “Сучасны эратычны слоўнік” (1864) і “Слоўнік жарганізмаў: параўнанне парыжскіх арго” (1866).

© Ганна Янкута, пераклад, каментар, 2010

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2013

Чытайце таксама

Томас Стэрнз Эліят

Томас Стэрнз Эліят

Амерыканска-ангельскі паэт, драматург і літаратурны крытык, прадстаўнік мадэрнізму ў паэзіі. Лічыцца адным з найвялікшых паэтаў XX ст.

Ігнацы Карповіч

Ігнацы Карповіч

Польскі празаік, перакладчык з ангельскай, гішпанскай і амхарскай моваў, падарожнік

Анджэй Стасюк

Анджэй Стасюк

Польскі празаік, паэт, драматург.

Яна Бэнява

Яна Бэнява

Славацкая паэтка і аўтарка прозы. Жыве ў Браціславе

606