№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Эрнэст Доўсан

П'еро на хвіліну (Драматычная фантазія ў адным акце)

Урывак

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута
Дзейныя асобы:
Панна Поўні
П’еро
 
Месца дзеяння:
 
Паляна ў Малым Трыяноне. У цэнтры — дарычны храм, прыступкі якога спускаюцца са сцэны. Злева — маленькі Купідон на п’едэстале. Змярканне.
 
(Уваходзіць П’еро з поўным ахапкам лілеяў і маленькім кошыкам. Спыняецца, прыглядаючыся да храма і статуі)
 
П’еро
 
Я мэты дасягнуў! Ляжыць паляна,
Як абяцалі: йшоў я паслухмяна!
Казалі: ключ — лілеі — адшукай,
Дзе змрочным ценем ахінецца гай
І дзе дубы губляюцца у хмарах,
Дзе, як дыван, фіялкі на імшарах,
Дзе сцежка скончыцца. Забыўшы жаль,
За спінаю пакіну я Версаль.
Струмень лілеяў, белы і зялёны,
Вядзе — збіраю іх я, утрапёны.
За кветкамі да храма я дайшоў,
Да гэтых нетраў, дзе жыве Любоў!
 
(Кладзе кветкі ля ног статуі Купідона, нясмела падымаецца на першую прыступку храма і спыняецца)
 
Як страшна! Тут ані душы жывое.
Дзе святары і дзе дзяўчына-мроя?
Аракул, мудры воляю нябёс,
Які б сэнс словаў да мяне данёс?
 
(З храма пачынае гучаць вельмі пяшчотны спеў лютні. П’еро падаецца назад: ён выглядае надзвычай здзіўленым; пасля вяртаецца на авансцэну і стаіць, схіліўшыся, захоплены і ўважлівы, пакуль музыка не сціхае. На яго твары з’яўляецца выраз разгубленасці і нецярпення)
 
Няўжо?! Няўжо?! У гэтых гуках раю,
Амаль памерлы, зноў я ажываю.
І спазнаю я цягам тых мінут:
Чаму П’еро я і чаму я тут?
 
(Безуважліва падымае з зямлі лілею і паўтарае)
 
Чаму П’еро я, што шукаю тут?
Я жаху нацярпеўся тут нямала,
Ніколі ноч з П’еро не сябравала,
Не знаў раней самоты і жуды,
Пакінуў дом — і шлях забыў туды.
Загад у скрутку дадзены яскрава:
Чытаць далей, як стане месяц справа.
 
(Дастае з-за пазухі манускрыпт і чытае)
 
“Хто не кахаў, таго кране любоў,
А хто кахаў, той пакахае зноў”.
Я — не кахаў! І што завуць каханнем?
Ды зоймемся далей сваім пасланнем.
 
(Чытае.)
 
“Як хочаш стрэць Каханне ў гэту ноч,
З яго паляны ні на крок не збоч.
Лілеі, ключ свой белы і зялёны,
Кладзі ля ног пяшчотных Купідона”.
Усё зрабіў я, цуд не абміне.
Што ж, Купідоне, барані мяне!
Напісана тут штось яшчэ без ладу.
 
(Імгненне вагаецца, пасля адкідвае скрутак)
 
Пергамент, прэч! Я ўчуў тваю параду!
 
(Трывожна глядзіць на свой цень, пасля азіраецца навокал, радасна заўважае свой кошык, дастае адтуль пляшку з віном, налівае шклянку і выпівае)
 
Дык будзьма, mon Ami! Бо заадно
Са мной найлепшы сябра мой — віно.
У шклянцы крышталёва-бурштыновай
Зноў бурбалкі ў гульні, заўсёды новай.
Мяркую я, прыгод начных працяг
Не адгукнецца гэтак у грудзях.
 
(Азіраецца на статую і скаланаецца)
 
Прабач, мой бог! Жартоўным быў замах.
 
(Напаўняе віном яшчэ адну шклянку і вылівае яе перад статуяй)
 
Дар прымі, о Купідон,
Што я склаў ля ног тваіх.
Трапіць хай П’еро ў палон
Дзіўных мрояў — вось ён сціх
І заснуў ля ног тваіх.
Хай пяшчота гоніць сон!
Хай пяшчота гоніць сон!
 
(Пакуль П’еро збірае папараць і лісце, каб зладзіць ляжанку ля прыступак, што вядуць да Храма Кахання, ціха гучыць музыка і пачынае паступова цямнець. Памаліўшыся, П’еро кладзецца спаць. Глыбокая ноч)
 
Больш музыкі, што з далечы ліецца!
Яна — бы рэха жальбаў майго сэрца.
Навошта сум мяне апанаваў,
Калі раней любіў я шум забаў?
На матылькоў я ў песні ладжу ловы,
Ды матылёк і сам я напалову,
За іх дваіх дурнейшы — я ж адзін.
Эх! Горкі мне жыцця самотны чын.
Мне птушкі шмат расказвалі, ды вушы
Пачулі толькі спеў пра еднасць душаў:
І гукі лесу, й ветрыку павеў —
Папраўдзе тайныя абдымкі дрэў.
І кожны ў чарадзейным гэтым краі
Адвеку спадарожніка шукае.
Галлё да ружы апусціў бружмель,
І да фіялкі цягне лісце хмель.
Лілеі маюць пару, глог, кусты,
Адзін П’еро з самотаю на “ты”.
Больш музыкі! Як гукаў гэтых рэха
Трапляе ў сэрца, што чакае ўцехаў.
Стаміўся я, сплывае ў далячынь
Мінулых баляў, маскарадаў плынь.
Прыходзь жа, сон! Я мару так шалёна
Дазнацца пра любоў у Купідона.
 
(Засынае. Яркае ззянне, белае і халоднае, ліецца з храма на твар П’еро; гукі лютні тым часам робяцца гучнейшымі. Неўзабаве з храма выходзіць Панна Поўні, спускаецца па прыступках і спыняецца ля заснулага)
 
Панна
 
Хто гэты смяротны,
Дзе ўзяў ён ключы
У свет бессмяротны?
Спеў ціхі, гучы.
Шукае самотны
Каханне ўначы.
Прыўкрасны смяротны,
Яму па плячы
Наш свет бессмяротны,
Каханне ўначы.
Ратуйся, самотны,
Удачу сачы.
 
(Схіляецца над П’еро, які пачынае варушыцца ў сне)
 
П’еро (шэпча)
 
Адкрый мне, Купідоне, сэнс тых слоў:
“Хто не кахаў, таго кране любоў”.
 
Панна
 
Дурны хлапчук! Але ўначы ці зрання
Які П’еро пазбег наканавання?
Мо папярэдзіць? Хай бяжыць хутчэй
Ад чар паляны і яе начэй
Шукаць свой шлях, не марачы аб цудзе,
Інакш навечна страчаны ён будзе.
Не, хай прабавіць некалькі гадзін
У таварыстве птушак і раслін.
Якія вусны, вабныя звыш меры,
Бы вусны сына боскае Венеры!
А вочы, ціха змружаныя сном, —
Лілеі, што заснулі пад лістом.
Ўсё ж папярэджу. Ды ўначы ці зрання
Які П’еро пазбег наканавання?
Атожылкам якой былой пары
З’явіўся ён, цнатлівы, пры двары?
Як апякае розум ведай новай,
І Купідон яго будзіць гатовы.
Дачка Дыёны! Каб пазбавіць сну,
Я тыя вусны вуснамі крану.
 
(Нахіляецца і цалуе П’еро, пасля хаваецца ў цені)
 
П’еро
 
Вястун нябёсаў! Пакажыся з цені!
Ці зноў прыйдзі, калі ты летуценне!
Што за святло, куды вядзе мой шлях?
Навошта сплю пад зорамі ў хмызах?
 
(Марудна падымаецца на ногі)
 
А, прыгадаў! Прыйшоў я на змярканні
У гай Венеры, каб сустрэць
 
Панна (выступаючы з ценю, але ўсё яшчэ хаваючы твар)
 
Каханне!
 
П’еро (у захапленні падаючы да яе ног)
 
Няўжо я рызыкнуў — і стрэў Каханне?!
 
Панна
 
Гарэза, не! Каб не было бяды,
Бяжы — і уратуешся тады.
 
П’еро
 
Адсюль мяне дарога не пакліча,
Пакуль не ўбачу я твайго аблічча.
Нібыта вэлюм, з твару скінь свой цень,
Хай апячэ твае красы агмень.
Багіня ці наяда! На змярканні
Смяротнай будзь, вучы мяне каханню.
 
Панна (адкрываючы твар)
 
Што ж, дурань, атрымаеш, што прасіў,
Глядзі, каб выстаяць хапіла сіл.
 
П’еро
 
Я страціў сэрца, ды знайшоў дарогу.
 
Панна
 
Ты ў скрутку прачытаў перасцярогу?
 
(Падымае пергамент)
 
П’еро
 
Чытаў, калі сюды йшоў напрасткі,
Ды прапусціў складаныя радкі.
 
Панна
 
Бядак! Ты не спазнаў навукі сутнасць:
Замала ведаў горш, чым іх адсутнасць.
Калі б ты прачытаў... Ну, слухай, бот,
Што ты чытаць сабе не даў турбот:
 
(Чытае)
 
“У Трыяноне ў пастку ноч вядзе,
Як пацалуе поўня — быць бядзе:
Тым, хто трапляе ў гэтую мясціну,
Дае жыццё, ды толькі на гадзіну”.
 
П’еро (бесклапотна смеючыся)
 
Пакліч мяне ў чароўную краіну —
Усё жыццё аддам я за гадзіну!
 
Панна
 
Прымі ж свой лёс, уцехі не азмроч,
Тваёй я буду толькі ў гэту ноч.
Зайграйце нам, паўночныя віёлы,
Змяніце ўсё — і ў сэрцы, і наўкола!
Напоўніцца хай ведай незямной,
Хай зробіцца П’еро самім сабой.
Зайграйце, німфы! Ружы і лілеі!
Хай музыка, нібы віно, сагрэе!
Што ён убачыць, сеўшы на кілім,
Калі пачну я танчыць перад ім?
Глядзі й забудзь усе свае турботы,
І радасці, і цень чужой пяшчоты.
Няхай чаруе кожны рух і крок,
Тваю душу ўплятае ў мой вянок.
Больш музыкі! Уцехі час чаканай:
Самой Любові быць тваёй каханай.
 
(Напаўлежачы, П’еро назірае за танцам. Скончыўшы танчыць, панна вабіць яго, і П’еро, падняўшыся, падыходзіць да яе, нібыта ў сне)
 
П’еро
 
Хто, о царыца, гэты склаў матыў?
 
Панна
 
Ў гарах аркадскіх Пан яго стварыў.
 
П’еро
 
Я чуў яго калісь у іншым краі,
Не знаў тады я, што цябе спаткаю.
Забыў я ўсё — сваё імя і род,
Усё, што знаў, апроч тваіх вабнот.
Мне выдыхні імя, сон, таямніца,
Я буду на яго заўжды маліцца.
Знайшоў цябе я тут, дрыяда, хутка.
Скажы мне, хто ты? Кветка-незабудка?
 
Панна
 
Не траць хвілін на марныя пытанні —
Любоў памрэ адразу па світанні.
 
П’еро
 
І праўда: што за справа да імён,
Да прыгажосці трапіў я ў палон.
На мне свае жаданні грай: я — ліра.
 
Панна
 
Для кожнага я — твар яго куміра.
 
П’еро
 
Я не П’еро ўжо, а Венеры птах...
Спачыць бы мне ў кахання на грудзях...
 
Панна
 
Што хочаш ты цяпер ад Панны Поўні?
Да пеўняў я любую мару споўню.
 
П’еро
 
Хачу, каб калясніца несла нас;
Абвіў яе бяздомных зорак пас,
І матылькі, запрэжаны як коні,
Нясуць нас у завоблачныя гоні.
Са світаю музыкаў і дзяўчат
Мінем нябесны луг, нябесны сад,
І разам, не губляючы хвілінаў,
Мы паляцім ад сонечных мясцінаў,
Апусцімся на месяцавы пляц,
Дзе твой з апалаў трон, дзе твой палац,
І на тваіх грудзях...
 
Панна
 
Якая прага!
Маё ты абяцанне помніш блага,
Бо столькі выдумаў начных прыгод,
Што тут не ноч патрэбная, а год.
Успомніш мо прасцейшы свой лятунак?
 
П’еро
 
Нахабна папрасіць твой пацалунак?
 
Панна
 
Нахабна? Не. Ды асцярожны будзь:
Адвага й дзёрзкасць да бяды вядуць.
Цалуе месяц — квет стаіць пахілы.
Ты пацалункаў не баішся, мілы?
 
П’еро
 
Хто пазбягае ў Лівіі пустэч
І ад аазіса збягае прэч?
 
Панна
 
Ды пальмы, што ў пустэльні часам бачым, —
Міраж, узніклы над пяском гарачым.
 
П’еро
 
Нічога не магу я зразумець,
Ды веды ўсе хачу адразу мець.
 
Панна
 
Упэўнены?
 
П’еро
 
Хай хоць вядуць да згубы!
 
(Панна нахіляецца да яго і цалуе ў вусны. П’еро рэзка адхістваецца, Панна пачынае звонка смяяцца)
 
Панна
 
Чаму збляднеў ты, поўні сябра любы?..
 
Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2017

Чытайце таксама

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Ўільям Батлер Ейтс

Ўільям Батлер Ейтс

Ірландскі англамоўны пісьменнік, паэт, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Чэслаў Мілаш

Чэслаў Мілаш

Польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, юрыст і дыпламат

917