№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Наталля Вішнеўская

Неба таемна глядзіць мнагавокае

Вершы

Ціха навокала...

 

Ціха навокала. Ночка вясновая,

Нібы дзяўчына да хлопца вясёлага,

Нікне да шэрых грудзей камяніц,

Туліцца ў бляску вясёлым зарніц.

 

Вецер сарваўшыся ймкнецца маланкай,

Стукне у вокны, у шыльды буяна,

Быццам юнак развясёлы вальсуе,

З ліпай кудлатай гуляе-жартуе.

 

Неба таемна глядзіць мнагавокае,

Зоры мігцяць, мітусяцца высока так...

Рынецца з неба адна з іх, другая,

Глянуць іскрыста — і ў цемры знікаюць...

Красавік 1925 г.

 

 

Ноч

 

Не шапоча над рэчкай чарот

Ў лёгкім подыху кволых дрымот…

Хвалі сіняй ракі

Спавілі берагі —

Спяць…

 

Явар стан пахіліў над ракой,

Ледзь ваду закрануў галіной,

У вясковай красе,

Ў брыльянцістай расе

Задрамаў…

 

Месяц вынырнуў з хмар залатых,

Зазірнуў у люстэрка вады,

Заблукаў у кустох,

Ў маладзенькіх лістох

Загуляў…

 

Раптам ветрык узняўся наўсцяж,

Зашасцеў у карунках лісця,

Кроплі ясныя рос —

Дыяментавых слёз

Паскідаў…

 

Зашумеў ціха, ціха лазняк,

І дубняк свой голас узняў,

Усё сціхла ізноў…

Сон над чорнай зямлёй

Панаваў…

[1926]

 

 

Завіхрылі

 

Завіхрылі, завіхрылі

Віхры ў полі, ў чыстым полі,

Завіхрылі ў чыстым полі,

На разложыстым прыволлі,

 

Зацягнуўшы сінь нябёсаў,

Неба ў хмары убралося,

Неба ў хмары убралося,

Шэрым смуткам завілося.

 

Верхалістыя бярозы

Паскідалі долу слёзы,

Паскідалі долу слёзы —

Буйна іскрыстыя росы.

 

І, абтрэсшы ўбор зялёны,

Завіліся ў чырвань скроні,

Завіліся ў чырвань скроні,

Паабтрэсшы ўбор зялёны.

 

На балоце ў шэрай далі

Рассыпаліся каралі,

Рассыпаліся каралі

Журавін у мшыстай далі.

 

Журавы у неба белі

Ў край далёкі адляцелі,

Ў край далёкі адляцелі

Журавы ў імглістай белі.

 

Веюць віхры ў чыстым полі,

Ў чыстым полі на прыволлі,
Веюць віхры на прыволлі,

Апавіўшы смуткам поле.

1926

 

 

* * *

 

Бліскучы ўсход зары пунсовай,

Крывёй набракшы небасхіл...

У ледзяных, сцюдзёных сковах

Гадзіннік восем адзваніў.

 

Палегла прозалаць на дахі,

Зазалаціўся ўсцяж прасцяг,

На вежы ў сіні, па-над гмахамі

Затрапятаў чырвоны сцяг.

 

Пунсовы ўсход... Ружовых фарбаў

Не апавіў фабрычны дым,

І сыпле жменяй рання чары

Дзень срэбразвонкі... будзіць ўздым.

 

Іду... Куды — сама не знаю...

Вось проста хочацца ісці,

Бо ціха, ціха пачынае

Зор наквець яркая цвісці.

 

На свежых шчоках сок вішнёвы,

Мацней пульсуе ў жылах кроў,

І кожнай постаці знаёмай-незнаёмай

Так хочацца гукнуць вясёлае “здароў”.

 

Стазвонны брук, суровасць гмахаў, —

Хоць я й люблю нямы прастор,

палёў аснежныя размахі, —

Ўсё ж ёсць ў каменнях хараство.

 

Люблю разгульных вуліц радасць,

Адвечны гул, нямоўчны звон,

Дзе столькі сіл спрадвеку прагна

Жыццю імкнуцца наўздагон.

 

Вятры калышуцца... Усход палае.

На вежы час угрунь бяжыць...

А я іду... паклонам рань вітаю...

І хочацца бязмежна адчуваць і жыць!

16-ХІІ-26 г.

 

 

Ты сказаў...

 

Ты сказаў мне — роўна ў дзесяць

Да цябе прыду, —

Хай жа ветры апавесцяць

Лёгкую хаду.

 

Хай жа ветры нагадаюць

Твой далёкі крок...

Я з надзеяй і з адчаем

Выйду за парог.

 

Пагляджу на пуцявіну:

Шлях стары далёк.

Так трывожна б’юць гадзіны...

Паланее зрок...

 

Вее даль... палын і мята

Ды сівы туман...

Прашумі мне вецер, братка,

Любае імя!..

 

Выйду, гляну... ў хмарах месяц,

Навакол імгла...

Ты сказаў мне — роўна ў дзесяць,

А чаму ж няма?..

Лістапад 1927 г.

Падрыхтаваў да друку Віктар Жыбуль.

 

Чытайце таксама

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

Ігар Паглазаў

Ігар Паглазаў

Беларускі паэт. Пайшоў з жыцця ў 13 гадоў

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

Леў Стахоўскі

Леў Стахоўскі

Нарадзіўся ў 1911 годзе ў сям’і Міколы Стахоўскага (1879–1948), грамадска-палітычнага дзеяча і лекара

1299