№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Элізабэт Бішап

...пакуль не стала ўсё вясёлкаю, вясёлкаю, вясёлкай

Вершы

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева
Рыба
(The Fish)
 
Я злавіла вялізнага шчупака
і трымала яго каля лодкі,
напалову ў вадзе, мой кручок
засеў глыбока ў куце яго рота.
Ён не біўся.
Не адбіваўся зусім.
Ён вісеў буркліваю тушай,
змарнелы, й паважны,
й нягеглы. То тут, то там
бурая скура звісала шматкамі,
як старадаўнія шпалеры,
і іх цёмна-бурыя ўзоры
былі як шпалеры:
сілуэты бы раскрытыя ружы,
запэцканыя і сцёртыя часам.
Яго абляпілі ракавінкі,
файныя разеткі вапны,
на ім кішэлі
белыя марскія вошы,
а знізу звісалі два ці тры
скуматы зялёных водарасцей.
Пакуль яго жабры ўдыхалі
жудасны кісларод —
страшэнныя жабры,
свежыя й налітыя крывёй,
здольныя раніць глыбока —
я думала пра грубае белае мяса,
складзенае, як пёркі,
пра косткі вялікія і малыя,
яркую чырвань і чарнату
яго бліскучых вантробаў
і ружовы плавальны пухір —
буйную півоню.
Я глядзела ў ягоныя вочы,
нашмат большыя за мае,
але менш глыбокія, пажоўклыя,
яго райкі пад матавым
пакрыццём станіёлю
праглядвалі праз старыя
падрапаныя акуляры жэлатыну.
Яны зварухнуліся, але
не глянулі ў адказ.
— Больш падобна, як рэч
паварочваюць да святла.
Я дзівілася яго панураму твару,
будове ягонай сківіцы,
а потым пабачыла,
што з яго ніжняй губы —
калі яе можна назваць губой —
грознай, мокрай, зброепадобнай,
вісяць пяць старых кавалкаў лёскі,
ці чатыры і драцяны павадок
з яшчэ прымацаванай вяртлюгай,
з усімі пяццю вялізнымі кручкамі,
надзейна ўрослымі ў яго рот.
Зялёная лёска, абтрапаная на канцы,
ім парваным, дзве мацнейшыя лёскі,
і цудоўная чорная ніць,
яшчэ завітая ад націску й напругі,
яна парвалася, даўшы яму ўцячы.
Нібы медалі са стужкамі,
затузанымі і мігатлівымі,
пяцівалосая барада мудрасці
цягнулася з яго збалелай сківіцы.
Я глядзела й глядзела,
пакуль перамога не напоўніла      
малую найманую лодку
ад лужыны на яе дне,
дзе аліва распускалася вясёлкай
вакол іржавага матора,
да іржава-аранжавага каўша,
патрэсканых на сонцы банак,
уключын з іхнымі гужамі,
планшыраў — пакуль не стала ўсё
вясёлкаю, вясёлкаю, вясёлкай!
І я адпусціла рыбу.
 
 
 
Ля рыбацкіх хацін
(At the Fishhouses)
 
Хоць гэта й халодны вечар,
ля адной з рыбацкіх хацін
сядзіць стары і вяжа сетку,
яго сетка, амаль нябачная ў сутонні,
цёмна-пурпуровая,
а яго човен пацёрты й адпаліраваны.
Паветра так моцна пахне траской,
што нос пачынае цячы і вочы — слязіцца.
У пяці рыбацкіх хацін стромка-вострыя дахі
і вузкія з планкамі сходні, прыхіленыя
да клецяў у франтонах,
каб тачкі пастаянна штурхаць то ўверх, то ўніз.
Наўкола срэбра: грузная паверхня мора —
што паволі брыняе, нібы рвецца праз край, —
цьмяная, але срэбра банак,
пастак для амараў, мачтаў, раскіданых
між дзікіх зубчастых скалаў,
выразна святлопразрыстае,
як і малыя старыя будовы, на чыіх
звернутых да берага сценах расце смарагдавы мох.
Вялізныя кадзі для рыбы запоўненыя знутры
слаямі прыгожай селядцовай лускі,
і тачкі, падобна ж аблепленыя
замасленымі пералівістымі звёнамі кальчугаў
ды дробнымі пералівістымі мухамі, што поўзаюць па іх.
Уверсе, на невялікім схіле за хацінамі,
у рэдкаватых і яркіх пырсках травы
стаіць стары драўляны кабестан,
патрэсканы, з парай даўгіх выбеленых ручак
і з тужлівымі плямамі, як ад засохлай крыві,
там, дзе іржа ўелася ў жалеза.
Стары прымае ад мяне Lucky Strike.
Ён быў сябрам майго дзядулі.
Мы гаворым пра змяншэнне насельніцтва,
пра траску й селядцы,
пакуль ён чакае прыезду селядцовай лодкі.
На яго камізэльцы й вялікім пальцы — бліскаўкі.
Ён саскрабаў луску, найпершую прыгажосць,
з незлічоных рыб чорным старым нажом,
лязо якога амаль сцерлася дазвання.
А ніжэй, ля краю вады, у тым месцы,
дзе пакідаюць лодкі, уздоўж доўгага трапа,
што спускаецца да вады, тонкія срэбныя
ствалы дрэў гарызантальна ўлегліся
на шэрыя камяні, ніжэй і ніжэй,
праз інтэрвалы ў чатыры ці пяць футаў.
 
Халодная, цёмная, глыбокая і абсалютна чыстая,
стыхія невыносная для смяротных,
для рыбаў, для цюленяў… І аднаго цюленя
ў прыватнасці я назірала тут штовечар.
Ён звяртаў на мяне ўвагу. Ён цікавіўся музыкай;
вернік, як і я, у поўнае паглыбленне,
а таму я пела для яго баптысцкія гімны.
А яшчэ пела “Цвярдыня наша — вечны Бог”.
Ён выпростваўся ў вадзе і сачыў за мною
няспынна, злёгку хітаючы галавою.
Затым ён знікаў, затым раптам з’яўляўся
амаль там жа, схамянуўшыся крыху,
быццам гэта было насуперак яго перакананням.
Халодная, цёмная, глыбокая і абсалютна чыстая,
чыстая шэрая ледзяная вада… За нашымі спінамі
велічныя, высокія ўздымаюцца хвоі.
Сіняватыя, самі згадкі пра ўласны цень,
мільён іх, калядных дрэваў, стаіць
у чаканні Калядаў. Вада, падаецца, замерла
па-над акруглымі шэрымі і шыза-шэрымі камянямі,
я бачыла яго зноў і зноў, усё тое ж мора, тое ж,
злёгку няўважна калышацца па-над камянямі,
халодна-свабоднае па-над камянямі,
над камянямі і пасля над сусветам.
Калі апусціш у яго руку,
запясце тут жа ахопіць боль,
косткі ад болю зойдуцца і далонь загарыцца,
быццам вада — гэта ператварэнне агню,
што жывіцца камянямі і гарыць полымем цёмна-шэрым.
Калі ты яго пакаштуеш, смак будзе спачатку горкі,
затым салёны, затым ён проста абпаліць язык.
І менавіта такою мы ўяўляем веду:
цёмнай, салёнай, чыстай, рухлівай, цалкам вольнай,
выцягнутай з халоднага цвёрдага рота
сусвету, узятай ад камяністых грудзей
назаўжды, цякучай і выцягнутай, і таму што
нашая веда мае гісторыю, цякучай і ўцеклай.
 
 
 
Запраўка
(Filling Station)
 
О, ну тут і брудна!
— на маленькай запраўцы,
прасякнутай, прапітанай маслам              
да брыдкай, суцэльна
чорнай напаўпразрыстасці.
Асцярожней з запалкай!
 
Бацька адзеты ў брудны,
прапітаны маслам касцюм,
што ўпіваецца яму ў падпахі,
і колькі прыткіх ды дзёрзкіх
тлушчавых сыноў на падхваце
(гэта запраўка — сямейны бізнэс),
усе ў брудзе амаль дашчэнту.
 
Яны хіба жывуць на запраўцы?
Тут за помпамі цэментная
веранда, а на ёй набор
прадушанай і насычанай
тлушчам лазовай мэблі;
на лазовай канапе
брудны сабачка, утульна.
 
Некалькі коміксаў — вось
адзіны намёк на колер,
на пэўны колер — ляжаць
на вялікай бляклай сурвэтцы,
што прыгожыць столік
(з набору), паблізу
вялікай калматай бягоніі.
 
Навошта чужародная расліна?
Навошта столік?
Навошта, ну навошта сурвэтка?
(У вышытыя, падаецца, процягам,
стакроткі, цяжкая ад вязаных
кручком шарых карунак.)
 
Нехта ж вышываў сурвэтку.
Нехта ж паліваў вадою ці, можа,
маслам расліну. Нехта ж
паставіў у шэраг бляшанкі,
каб яны мякка казалі:          
ESSO... SO... SO... SO —
знерваваным машынам.
Нехта ж любіць нас усіх.
Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2017

Чытайце таксама

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

Ігар Паглазаў

Ігар Паглазаў

Беларускі паэт. Пайшоў з жыцця ў 13 гадоў

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

Леў Стахоўскі

Леў Стахоўскі

Нарадзіўся ў 1911 годзе ў сям’і Міколы Стахоўскага (1879–1948), грамадска-палітычнага дзеяча і лекара

817