№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Чарлз Кослі

Прывіды Мілерз-Энда

Вершы

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута

Прывіды Мілерз-Энда

(Miller's End)

 

Ў Мілерз-Эндзе мы жывем

Тыдні тры ці нават болей.

Кожны дзень у тры нуль сем

Крочыць здань у сад праз поле.

 

Вэлюмам схаваўшы твар,

Прывід у адзежах змрочных

Выплывае, як кашмар

Нашых бачанняў паўночных.

 

Вось да плоту здань ідзе,

Веснічкі мінае морак —

А слядоў няма нідзе:

Чысты бераг, сад, пагорак.

 

“Што за прывід тут такі? —

Мы спыталі. — Што за ліха?”

А садоўнік ля ракі

Душыцца ад смеху ціха.

 

“Гэта ж прывід, хоць забі!”

“Не, — сказаў садоўнік Білі, —

Гэта місіс Ўікербі:

Ёй праз вас да крамы — міля”.

 

Заўтра ў гэты самы час

Мы чакалі ў садзе госцю:

“Як мы рады бачыць вас!

Толькі вы... збялелі штосьці...”

 

Спалатнелы твар яе

Сведчыць пра спалох яскрава:

“Хто пра шпацыры мае

Вам паведаміў ласкава?”

 

“Біл, садоўнік”. — “Божа мой!

Мабыць, вам сказаць забылі —

Тут мінулаю зімой

Патануў няшчасны Білі!”

 

Лорд Лаўлэйс

(Lord Lovelace)

 

З вайны вярнуўся лорд Лаўлэйс —

Увесь у шнарах вой.

І сонца зледзянелы шчыт

Вісеў над галавой.

 

Зламаўся меч, сатлеў штандар,

Ды быў нязломны муж,

І плашч, скрываўлены ў баях,

Хаваў яго ад сцюж.

 

Змяніўся ён, стаміўся ён,

Не сумаваў, аднак,

А штось салоўкам напяваў

І выступаў як грак.

 

“Чакае любая Элен —

Прыспешу я хаду

І з ёй у замку радавым

Я зноў спакой знайду.

 

І верны мой слуга Жэан

Падасць нам хлеб з віном,

З паходняю праводзіць нас

Да ложка перад сном”.

 

Аднак, прыехаўшы дамоў,

Руіны ён знайшоў,

Засыпаў старажытны мур

Былы смярдзючы роў.

 

І лорда не сустрэў ніхто

Ля выбітых варот.

Наўкола попелам чарнеў

Спустошаны феод.

 

Блукаў ён доўга між руін,

А потым уздыхнуў

І ціха паскакаў назад,

На новую вайну.

 

Не знаў ён літасці з тых пор,

Нябёсам слаў праклён

Любы герой і дэзерцір,

Калі з’яўляўся ён.

 

Праўдзівы гэты мой расказ,

Я вас не ўвёў у зман,

Бо жонку зваць маю Элен

І зваць мяне Жэан.

 

Вялебны Сэбайн Бэрынг-Гулд

(The Reverend Sabine Baring-Gould)

 

Вялебны пастар Бэрынг-Гулд,

У дзень Каляд святы

Адну дзяўчынку запытаў:

“Чыя дачушка ты?”

 

Сямейнік пастар — хоць куды:

Не палічыць дзяцей!

Ды хто ёсць хто — тае бяды! —

Згадаць усё цяжэй.

 

Забыўшыся на свята ўміг,

Усхліпнула дзіцятка.

“Чыя-чыя (глыбокі ўздых)...

Твая дачушка, татка!”

 

Каментар

 

Сэбайн Бэрынг-Гулд (1834—1924) — ангельскі англіканскі святар, агіёграф, празаік і навуковец, бібліяграфія якога склала больш за 1240 публікацыяў. А таму не дзіўна, што час ад часу ён мог пераблытаць ці не пазнаць кагосьці са сваіх 15 дзяцей.

 

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2015

Чытайце таксама

Францішак Карпінскі

Францішак Карпінскі

Польскі паэт, адзін з пачынальнікаў польскага сентыменталізму.

Ян Чачот

Ян Чачот

Паэт-рамантык, філамат, фалькларыст, этнограф і драматург, сябра Адама Міцкевіча

Ханс Крысціян Андэрсэн

Ханс Крысціян Андэрсэн

Дацкі пісьменнік, аўтар сусветна вядомых казак для дзяцей і дарослых

Вальжына Морт

Вальжына Морт

Беларуская паэтка і перакладчыца. Піша на ангельскай і беларускай

579